Уладзімер Дубоўка

беларускі пісьменьнік, перакладнік і мовазнавец

Уладзі́мер Мікала́евіч Дубо́ўка (15 ліпеня 1901, в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губэрня (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць) — 20 сакавіка 1976, Масква) — беларускі паэт, празаік, мовазнавец, перакладнік, літаратурны крытык.

Уладзімер Дубоўка
лац. Uładzimier Duboŭka
Уладзімер Дубоўка, 1920-я
Уладзімер Дубоўка, 1920-я
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Ганна Аршыца; У.Гайдукевіч; У.Гайдуковіч; Ул.Гайдуковіч; Уладзімір Гайдуковіч; Б-сь Дубоўка; Бладысь Дубоўка; Уладзік Павадыр; Тупяец; В.Туянец; У.Д-ка; У.Д-на
Нарадзіўся 2 (15) ліпеня 1901
в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губэрня (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць)
Памёр 20 сакавіка 1976(1976-03-20) (74 гады)
Масква
Пахаваны
Жонка Марыя Пятроўна Кляўс
Дзеці Альгерд Дубоўка (1928—1941)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, мовазнавец, перакладнік, крытык
Гады творчасьці 1) 1921—1930; 2) 1958—1976
Мова беларуская мова
Дэбют «Сонца Беларусі» // Савецкая Беларусь, 28 траўня 1921
Прэміі Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1962)
Подпіс
Творы на сайце Knihi.com
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дубоўка.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1905—1912 вучыўся ў Манькавіцкай пачатковай школе. У 1912 паступіў у Мядзельскую вучэльню. У кастрычніку 1914 паступіў у Нова-Вялейскую настаўніцкую сэмінарыю, якая ў сувязі з вайной была пераведзеная ў Невель. У лютым 1918 завяршыў сэмінарскую вучобу і пераехаў у Маскву, куды яшчэ ў 1915 перабралася яго сям’я. Па заканчэньні ў 1918 годзе Нова-Вялейскай настаўніцкай сэмінарыі У. Дубоўка быў прыняты студэнтам гісторыка-філялягічнага факультэта Маскоўскага ўнівэрсытэту, але пасьля двух месяцаў вучобы быў вымушаны, каб дапамагчы бацькам, паехаць працаваць настаўнікам на Тульшчыну.

У 1920 праходзіў службу ў асобнай тэлеграфна-будаўнічай роце Чырвонай Арміі. У 1921 па дэмабілізацыі працуе ў Народным камісарыяце асьветы РСФСР мэтадыстам і інструктарам беларускіх школ і вучыцца ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. У 1920-я г. — адзін зь вядучых беларускіх паэтаў незалежніцкай арыентацыі. У 1922—1925 рэдактар беларускага выданьня «Весьніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова адказны сакратар прадстаўніцтва БССР пры Ўрадзе СССР. Быў асабіста знаёмы з У. Маякоўскім і С. Ясеніным, сумесна ўдзельнічаў зь імі на асобных літаратурных сустрэчах і прыёмах[1].

 
Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Уладзімер Дубоўка ўсярэдзіне першага шэрагу

У 1924 упершыню наведвае Менск, затым едзе ў Харкаў, дзе знаёміцца з украінскім паэтам Ул. Сасюрам і інш. Таксама працуе рэдактарам літаратурнай старонкі на беларускай мове ў газэце «Гудок». У 1926—1930 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». Нягледзячы на тое, што пастаянна жыў у Маскве, браў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху — сябар літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк», «Узвышша». Першы рэдактар часопіса «Беларускі піянэр». Каб пазьбегнуць цэнзуры, некаторыя вершы друкаваў у заходнебеларускім часопісе «Беларуская культура»

 
Уладзімер Дубоўка з жонкай Марыяй і сынам Альгердам. Яранск. 1933

У 1927 ажаніўся з Марыяй Пятроўнай Кляўс. У наступным годзе нарадзіўся сын Альгерд.

 
Рэдкалегія часопіса «Ўзвышша». Уладзімер Дубоўка — сядзіць па цэнтры. Менск, 1927 г.

За верш «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету» 20 ліпеня 1930 арыштаваны АДПУ СССР у Крамлі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 знаходзіцца ў зьняволеньні ў менскай турме; 10 красавіка асуджаны на пяць гадоў высылкі ў Яранск, куды прыяжджае з малалетнім Альгердам і Марыя Пятроўна. Працуе ў Яранскім раённым спажывецкім саюзе на пасадзе сакратара. Прымусова пераяжджае ў вёску Шэшурга, а пазьней — у Чабаксары.

У ліпені 1935 тэрмін высылкі падоўжаны на 2 гады. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Уладзімера Дубоўкі прадугледжвалася «спальваць»[2]. У 1937 годзе паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі, пасьля чаго жонка з сынам вяртаецца ў Маскву, а потым — у Талдом, дзе працуе рахункаводам. Тут у 1941 гіне транаццацігадовы сын Альгерд. Пакараньне адбываў у Кіраўскай вобласьці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У зьняволеньні літаратурнай працай не займаўся.

У 1947 па заканчэньні тэрміну зьняволеньня паэт апынаецца ў г. Зугдзідзі (Грузія), дзе працуе рахункаводам у канторы чайнага саўгаса Наразені. Туды ж пераяжджае і Марыя Пятроўна. 16 лютага 1949 арыштоўваецца ў трэці раз. Асобай нарадай МДБ СССР у красавіку 1949 асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Адбывае пакараньне спачатку ў тбіліскай турме, потым этапаваны ў Краснаярскі край. Працуе сталяром у Почэце Абанскага раёну.

Канчаткова рэабілітаваны 15 лістапада 1957. Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1958. У 1959 наведаў Кіеў і падарожнічае па Палесьсі. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».

Памёр 20 сакавіка 1976 у Маскве.

Творчасьць

рэдагаваць
 
З Рыгорам Барадуліным, 1961 г.

Паэтычная творчасьць Уладзімера Дубоўкі падзяляецца на два пэрыяды: 1921—1930 гг. і 1958—1976 гг., зь якіх першы быў асабліва плённым[3]. На фармаваньне напрамкаў мастацкага пошуку У. Дубоўкі моцна паўплывалі клясыкі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч.

Творчасьць паэта 1920-х гг. вылучаецца навізной і арыгінальнасьцю выкарыстаньня паэтычных сродкаў выразнасьці і прыёмаў вэрсыфікацыі[4]. Пачаткам літаратурнай творчасьці лічыцца 1921 год, калі ў газэце «Савецкая Беларусь» быў надрукаваны яго верш «Сонца Беларусі». У хуткім часе выходзяць зборнікі «Строма» (1923), «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Трысьцё» (1925), «Credo» (1926) і «Наля» (1927), галоўнаю тэмаю якіх становіцца ідэя адраджэньня краіны, заклік да высакароднай чыннасьці дзеля краю і народа[4].

У пэрыяд знаходжаньня паэта ў Маскве быў напісаны паэмавы трыпціх — «Кругі» (1927), «І пурпуровых ветразей узьвівы…» (1929) і «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (1929, выйшла ў 1965). У паэмах ставіцца праблема захаваньня духоўнай спадчыны народа — скарбу, назапашанага на працягу доўгіх стагодзьдзяў. У апошняй паэме У. Дубоўка выступіў супраць гвалотоўнай калектывізацы, адстойваў права свабоднага выбару пры арганізацыі новых формаў гаспадараньня[4].

У 1930 Уладзімер Дубоўка быў арыштаваны і абвінавачаны па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Непасрэднай прычынай арышту стала публікацыя верша «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету…», надрукаванага ў часопісе «Беларуская культура» (№ 1, 1927, Вільня) пад псэўданімам Янка Крывічанін. Гэтым псэўданімам паэт больш не карыстаўся[5]. На гэтым этапе жыцьця закачваецца першы пэрыяд у творчасьці Ўладзімера Дубоўкі.

У сваіх паэтычных творах, як прадстаўнік маладой плеяды творцаў, Уладзімер Дубоўка імкнуўся спасьцігнуць духоўны сэнс рэвалюцыі і зьменаў, якія адбываліся ў жыцці. Як адзначае В. Максімовіч, мастацкая канва твораў паэта, якая трымаецца на ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасьці моцна заземленая, урэчаісьненая і служыць выяўленьню канкрэтна-гістарычнай праблематыкі[6].

Мовазнаўства і моўны ўнёсак

рэдагаваць

Уладзімер Дубоўка зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё лексычнага строю беларускай літаратурнай мовы, папаўненьне яе слоўнікавага складу абстрактнай і навуковай лексыкай[3]. Як сьведчыць А. Каўрус, дасьледнік мовы У. Дубоўкі, паасобныя словы і фразэалягізмы, ужытыя пісьменьнікам, перадаюць калярыт родных яму гаворак Пастаўшчыны і Мядзельшчыны: «адляйцаць», «ажыргаць», «астрыжонак», «брыж», «буталь», «водзыўкі», «зблоціць», «калюжа», «лактаць», «нажутка», «пагурачак», «разыгранка» і інш[7]. Паэту належыць вялікая роля ў замацаваньні наступных словаў у літаратурным ужытку: «агораць», «апантаны», «ашчаперыць», «водар», «дойлід», «збочыць», «зьнічка», «імклівасьць», «наканаваны», «нелюдзь», «непрыдатны», «талака», «удубальт» і інш[3]. У прыватнасьці, Уладзімер Дубоўка прапанаваў замяніць іншамоўнае слова «дыфтонг» беларускім «згук»[8].

Творы паэта зьвяртаюць на сябе ўвагу выкарыстаньнем новых словаў, нязвычных зваротаў, якія сустракаюцца амаль у кожным паэтычным творы 1920-х: «дэсань», «кунежыць», «сэймаваць», «сэймікаваць», «сквіл», «многакраць», «замета», «чмары», «гэрцы», «скелз», «валотны», «соўкаць», «стацьцё», «сухазлоты», «памжа», «вілаводны», «віратлівы», «цьвятлівіць», «заістужыць», «распарасонся», «бесхацінцы», «дзеньдзівер», «скогат», «сукрыстасць» і інш[9].

У канцы 1920-х—1930-х гадох Уладзімер Дубоўка ў часопісе «Узвышша» і іншых выданьнях надрукаваў шэраг артыкулаў па пытаньнях разьвіцьця беларускай мовы. У сваіх мовазнаўчых артыкулах ён прапаноўваў свой праект вырашэньня асноўных пытаньняў графікі і правапісу, пастаўленых на Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году, у працы якой ён удзельнічаў[10]. У артыкулах Уладзімер Дубоўка глыбока разважаў пра ўжываньне альфабэту ў роз­ных краінах і культурных асяродках. Прасачыў і гісторыю выкарыстаньня розных графічных сыстэмаў у беларускім кнігапісаньні — глаголіцы, кірыліцы, грамадзянкі — ён прыйшоў да высновы, што «Сучасная наша кірыліца непапраўна лепш прыстасавана да нашае фонэтыкі, чымся польска-чэскі альфабэт»[11].

 
Праект У. Дубоўкі па напісаньні літараў «дж» і «дз» у беларускім альфабэце (1928)

У 1928 годзе У. Дубоўка ў часопісе «Узвышша» апублікаваў уласны праект для літараў «дз» і «дж», які з № 5 пачаў друкаваць зь імі асобныя матэрыялы, а з № 2 за 1929 год згодна з пастановаю агульнага сходу ад 14 лютага 1929 году, ужо ўвесь часопіс друкаваўся з новымі літарамі[12]. Зрэшты, гэтае новаўвядзеньне пазьней не атрымала заканадаўчага афармленьня.

Таксама У. Дубоўка прапаноўваў замяніць створанае М. Карамзіным «ё» на «ö» (öн, лöн, Лöндан);[13] увесьці на ўзор украінскае графікі «ї» для перадачы спалучэньня «йі» (їкаўка, їм, паїла)[14].

Творчы патэнцыял Уладзімера Дубоўка атрымаў шырокі розгалас сярод ягоных сучасьнікаў яшчэ ў 1920-я гады. Максім Гарэцкі адзначаў: «Першае месца ў беларускай паэзіі пасьлякастрычніцкага пэрыяду заняў Дубоўка — па сіле пачуцьця, глыбіні думкі і мастацкай дасканаласьці формы ў лірычных вершах і невялікіх паэмах»[15]. Язэп Пушча сьцьвярджаў, што творы Дубоўкі «гэта ўзвышша сучаснага беларускага мастацкага слова і паэзіі», яго вершы захапляюць «клясычнасьцю свайго мастацкага ўбору, што мала ў каго знаходзім з сучасных паэтаў ня толькі Беларусі, але і Расеі і Ўкраіны»[15]. Уладзімер Жылка зьвяртаў увагу на вобразны талент паэта: «Ён умее, як з мармуру, высячы свой непаўторны вобраз».

У 1960-я гады ўкраінскі празаік Іван Сенчанка называў паэта «геніем беларускай зямлі». У сваю чаргу, украінскі паэт Уладзімер Сасюра казаў, што Дубоўка «вялікі паэт Беларусі і ня толькі Беларусі»[16].

Бібліяграфія

рэдагаваць
Зборнікі вершаў
Паэмы
Казкі
  • «Цудоўная знаходка» (1960)
  • «Кветкі — сонцавы дзеткі» (1963)
  • «Казкі» (1968)
  • «Залатыя зярняты» (1975)
  • «Як сінячок да сонца лётаў» (1961)
  • «Дзівосныя прыгоды» (1963)
  • «Мілавіца» (1964)
Анталёгіі
  • «Выбраныя творы» ў 2 тамах (1959, 1965).
Аповесьці для дзяцей
  • «Жоўтая акацыя» (1967)
  • «Ганна Алелька» (1969)
  • «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974)
Драматызаваныя апавяданьні
Апавяданьні-ўспаміны
  • «Пялёсткі» (1973)
Пераклады
  • Ўільям Шэксьпір («Санэты», 1964)
  • Джордж Байран (паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін» у зборніку «Выбранае», 1963)
  • вершы В. Брусава, А. Пракоф’ева, П. Тычыны, Ю. Яноніса, С. Шырвані, М. Ардубады, К. Каладзе, Е. Чарэнца, У. Бранеўскага, Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, Ду Фу і інш.
Зборы твораў
  • Збор твораў: у 2 т. / укладаньне Дзьмітра Давідоўскага, прадмова Ірыны Багдановіч. — Менск: Лімарыус, 2017. — Т. 1. Вершы. Паэмы. Пераклады.(Вершы (1922―1975) ; Паэмы (1925―1964): Там, дзе кiпарысы ; Кругi ; I пурпуровых ветразяў узвiвы ; Бранiслава ; Штурмуйце будучынi аванпосты! ; Свiнцовы век ; Пераклады). — 482 с. — (Галасы Айчыны). — 200 ас. — ISBN 978-985-6968-59-7
  • Збор твораў: у 2 т. / укладаньне, прадмова Дзьмітра Давідоўскага, камэнтары Віктара Жыбуля. — Менск: Лімарыус, 2017. — Т. 2. Драматызаванае апавяданне. Артыкулы. Дакументы. Лісты. — 476 с. — (Галасы Айчыны). — 200 ас. — ISBN 978-985-6968-60-3
  1. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 479. — 903 с.
  2. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  3. ^ а б в Бубновіч, І. Роля Уладзіміра Дубоўкі ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 6.
  4. ^ а б в Максімовіч, В. Лірыка Уладзіміра Дубоўкі 1920-х гг. // Роднае слова. — 2009. — № 9. — С. 4.
  5. ^ Давідоўскі 3. За верш — тэрмінова арыштаваць… // Шыпшына. — Паставы: 2011. — № 6. — С. 4—5.
  6. ^ Максімовіч, В. Лірыка Уладзіміра Дубоўкі 1920-х гг. // Роднае слова. — 2009. — № 9. — С. 5.
  7. ^ Каўрус, А. Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. — Мн.: 1994. — С. 183.
  8. ^ Дубоўка, У. Проэкт літар для згукаў «Дз» і «Дж» // Узвышша. — 1928. — № 4. — С. 170.
  9. ^ Бубновіч, І. Роля Уладзіміра Дубоўкі ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 7.
  10. ^ Бубновіч, І. Роля Уладзіміра Дубоўкі ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 8.
  11. ^ Дубоўка, У. Лацінка ці кірыліца // Узвышша. — 1929. — № 1. — С. 7.
  12. ^ Куліковіч, У. Праект Уладзіміра Дубоўкі. Да пытання аб удасканаленні моўнай сістэмы. // Роднае слова. — С. 27—29.
  13. ^ Узвышша(недаступная спасылка). 1929. №1. — С. 111
  14. ^ Дубоўка, У. Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці нашае мовы // Узвышша. — 1927. — № 4. — С. 91.
  15. ^ а б Бугаёў, Дз. Трагедыя паэта (Уладзімір Дубоўка) // Спавядальнае слова: Літаратурная крытыка, успаміны. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 231. — 327 с.
  16. ^ Бугаёў, Дз. Трагедыя паэта (Уладзімір Дубоўка) // Спавядальнае слова: Літаратурная крытыка, успаміны. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 232. — 327 с.
  17. ^ Ганна Кісліцына. Жыццё як антычная трагедыя. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 27 кастрычніка 2017. — № 43 (4946). — С. 7. — ISSN 0024-4686.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць