Напалеон Орда

польскі маляр

Напалео́н О́рда (11 лютага 1807, Варацэвічы, Пінскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 26 красавіка 1883, Варшава, Расейская імпэрыя) — беларускі і польскі мастак, кампазытар, пісьменьнік.

Напалеон Орда

лац. Napaleon Orda
Імя пры нараджэньні Напалеон Мацей Тадэвуш Орда[1]
Дата нараджэньня 11 лютага 1807(1807-02-11)[2][3][4]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 26 красавіка 1883(1883-04-26)[2][4] (76 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак жывапіс (малюнак)
Жанры пэйзаж
Узнагароды
залаты крыж ордэна Virtuti Militari
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Орда.

Напалеон Орда атрымаў вядомасьць стварэньнем сыстэматызаваных сэрыяў архітэктурна-гістарычных пэйзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага і польскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музэях Польшчы і Ўкраіны. Апроч таго, існуе 136 літаграфіяў яго твораў, якія хутчэй за ўсё не захаваліся. У яго малюнках — пэйзажы большасьці краінаў Эўропы, а таксама шматлікіх месцаў Польшчы, Беларусі, Летувы і Ўкраіны[5].

Н. Орда захапляўся музыкай. Сябраваў з Ф. Шапэнам, спачатку займаўся пад яго кіраўніцтвам, пасьля чаго ўжо сам выдатна граў на фартэпіяна і нават выкладаў[6]. Адзін сэзон (1847) зьяўляўся дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы[7]. Быў асабіста знаёмы і сябраваў з А. Міцкевічам, І. Дамейкам, Ф. Лістам[8].

Біяграфія

рэдагаваць

Дзяцінства і юнацтва

рэдагаваць

Нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павету Менскай губэрні (цяпер вёска ў Янаўскім раёне на Берасьцейшчыне) у сям’і палескай шляхты. Яго бацька — Міхал, паводле адукацыі інжынэр-фартыфікатар, амаль увесь час працаваў на будаўніцтве дарог і каналаў, у час падзелаў Рэчы Паспалітай зьяўляўся маршалкам Кобрынскага павету.

Пачатковую адукацыю мастак атрымаў у родным доме. Зь існых крыніц дакладна невядома[9] ці былі ў іх доме гувэрнэры, хутчэй за ўсё так, але галоўным яго выхавальнікам і дарадцай на працягу ўсяго жыцьця была маці — Юзафіна — дачка пінскага судзьдзі й мечніка Тадэвуша Бутрымовіча. Яна валодала францускай мовай і была таленавітай піяністкай[9]. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна будучаму кампазытару дала менавіта яна.

Вучоба і пачатак грамадзка-палітычнай дзейнасьці

рэдагаваць

Сьвіслацкая гімназія

рэдагаваць

У 1819 годзе (у аўтабіяграфіі самога Н. Орды — у 1818 годзе, аднак лічыцца, што гэтую дату ён адмыслова сказіў на сьледзтве) паступіў у Сьвіслацкую гімназію[10]. У гэты час у гімназіі пачалі стварацца навуковыя гурткі, удзельнікі каторых стваралі таемныя студэнцкія таварыствы. У адно з такіх таварыстваў — «Заране», якое было зьвязана з рэвалюцыйным «Таварыствам ваенных сяброў», уступіў Напалеон. Назва арганізацыі паходзіла ад формы сходаў гімназістаў, якія патаемна зьбіраліся надвячоркам, калі ўзыходзілі зоркі[11].

«Заране» марылі пра незалежнасьць зямель былой Рэчы Паспалітай, адкрыта выказвалі свой пратэст супраць палітыкі царскіх уладаў, запальвалі рэвалюцыйнымі настроямі вучняў і пэдагогаў.

Напрыканцы вучобы Орды ў гімназіі «Заране» трапілі пад увагу паліцыі. Жандары схапілі шэраг выпускнікоў, якіх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. У адносінах да Н. Орды і ягоных сяброў былі ўжытыя захады тлумачальнага характару, якія адпаведны сьледчы камітэт палічыў дастатковымі для вынішчэньня духу «рэвалюцыйнай заразы». Гімназістаў вызвалілі ад сьледзтва, але іх справы захоўваліся ў сэйфах царскай ахранкі.

Атрымаўшы дыплём з выдатнымі адзнакамі, 17-гадовы Напалеон вярнуўся дамоў. Пачалася яго падрыхтоўка да паступленьня ў Віленскі ўнівэрсытэт.

Віленскі ўнівэрсытэт

рэдагаваць

У 1823 г., пасьпяхова вытрымаўшы іспыты прыёмнай камісіі, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, на фізыка-матэматычнае аддзяленьне. Напалеон, які ўжо атрымаў «пачатковае палітычнае выхаваньне» ў гімназіі, ва ўнівэрсытэце адразу апынуўся ў гушчы студэнцкага руху. Пагатоў ў гэты час ва ўнівэрсытэце ўжо дзейнічалі шматлікія таемныя таварыствы, у тым ліку філяматаў і філярэтаў, апошнія з каторых ужо набылі грамадзка-палітычнае адценьне. Віленскі ўнівэрсытэт падчас вучобы ў ім будучага мастака стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстаньня 1830—1831 гг., у якім брала ўдзел амаль трэцяя частка студэнтаў[12].

Тры гады стараннай вучобы дазволілі Напалеону ўвайсьці ў лік выдатнікаў, але актыўная дзейнасьць у таемных таварыствах не засталася па-за пільным зрокам паліцэйскіх — у ліпені 1826 г. ён разам зь дзесяцьцю сябрамі па вучобе і палітычнай барацьбе былі арыштаваныя і выключаныя з унівэрсытэту.

Творчасьць

рэдагаваць

Лінгвіст

рэдагаваць

У Парыжы, на эміграцыі Напалеон Орда пачаў перакладаць паэзію аўтараў-ліцьвінаў на францускую. Выдаў першы, у 1856 годзе, падручнік польскай мовы для замежнікаў.

Вызначыўся Орда і ў галіне літаратурнай дзейнасьці: пісаў шматлікія артыкулы пра выдатных людзей і цікавыя мясьціны. У 1839 годзе Напалеон Орда прыняты ў Польскае гістарычна-літаратурнае таварыства. Сябра Адама Міцкевіча, ён быў ягоным папулярызатарам. У ліку знаёмых Н. Орды былі таксама Тургенеў, Бальзак, Стэндаль, Расіні, Вэрдзі.

 
Шыльда на доме Louis-le-Grand, 9 дзе жыў Н. Орда падчас дырэктарства ў Італьянскай опэры ў Парыжы.

Піяніст і кампазытар Напалеон Орда ў сярэдзіне 1840-х гадоў быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы. Разам зь сябрам Фрыдэрыкам Шапэнам ён багата зрабіў для папулярызацыі нашай айчыннай музычнай культуры ў Эўропе.

Музычныя творы самога Н. Орды, асабліва палянэзы, мазуркі і вальсы, вылучаюцца самабытным і віртуозным стылем. Напалеон Орда ствараў рамансы і песьні на словы С. Вітніцкага і А. Плуга, выдаў «Альбом твораў польскіх кампазытараў» (1838). Н. Орда быў аўтарам славутай «Граматыкі музыкі», што выйшла ў 1873 годзе ды была высока ацэненая Станіславам Манюшкам, які лічыў Н. Орду сваім настаўнікам.

Паўстанец

рэдагаваць

Падчас вучобы ў Сьвіслацкай гімназіі Напалеон Орда далучыўся да таемнага студэнцкага таварыства «Заране». А падчас вучобы ў Віленскім унівэрсытэце ён прыцягваўся да палітычнага дазнаньня. Унівэрсытэту здольны студэнт ня скончыў — у 1827 годзе быў адлічаны за прыналежнасьць да таемнага студэнцкага таварыства. Пасьля арышту і 15-месячнага турэмнага зьняволеньня вярнуўся ў родныя Варацэвічы, але застаўся пад наглядам паліцыі, і завяршыў сваю адукацыю самастойна.

Падчас паўстаньня 1830—1831 гадоў Н. Орда камандаваў партызанскім атрадам. Ён стаў урэшце стралком чацьвертага палку коннай гвардыі Літоўскага корпусу ў Польшчы і нават вызначыўся ў бітве пад Коцкам, за што атрымаў вышэйшую ўзнагароду — ордэн Залатога крыжа (Virtuti Militari) і чын капітана паўстанцкай арміі.

Пасьля задушэньня паўстаньня эміграваў у Францыю, дзе правёў 24 гады свайго жыцьця. Вярнуўся толькі ў 1856 годзе па амністыі, жыў у родных Варацэвічах. А напярэдадні паўстаньня К. Каліноўскага зноў сур’ёзна заняўся маляваньнем.

 
Н. Орда. Сядзіба Ордаў у в. Варацэвічы

У Парыжы Н. Орда атрымаў мастацкую адукацыю ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара(fr), які і вызначыў яго мастацкі жанр. Для сваёй творчасьці Напалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэльлю, гуашшу ці сэпіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка маляваньня дазваляла апэратыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.

Першыя мастацкія вандроўкі Напалеона Орды адбыліся яшчэ падчас эміграцыі. У 1840—1844 гадах[13] ён наведаў Ангельшчыну, Шатляндыю, Нідэрлянды, Партугалію і нават Альжыр. Адтуль іх было прывезена нямала малюнкаў, якія зараз захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Кракаве[14].

У 1862—1863 гадах Напалеон Орда жыве то ў Горадні, то ў Вільні, то ў Пінску, потым на Валыні. У самы час паўстаньня, да канца 1864 году, ён мэтадычна аб’яжджае ўсе раёны найбольш актыўных баявых дзеяньняў і малюе краявіды.

 
Параўнаньне малюнкаў К. Русецкага, Н. Орды і фатаздымка XIX ст.

З 1860-х гадоў і амаль да канца свайго жыцьця Напалеон Орда шмат падарожнічаў па ўсёй Беларусі, рабіў архітэктурныя накіды найбольш значных помнікаў, замалёўкі мясьцінаў, зьвязаных з жыцьцём выбітных асобаў, славутых помнікаў старасьвеччыны. Вынікам гэтых вандраваньняў зьявіўся аграмадны збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў і акварэляў. Гэта была вялікая падрыхтоўка (збор візуальнага матэр’ялу) да выданьня малюнкаў у альбоме, створаным у тэхніцы літаграфіі. Літаграфія дазваляла надрукаваць тыраж і зрабіць малюнкі вядомымі шырокаму колу суайчыньнікаў[15].

З 1873 году Напалеон Орда распачаў манумэнтальную справу — выданьне малюнкаў ўласным коштам у «Album Widoków Historycznych». Было выдадзена толькі 260 літаграфіяў у васьмі сэрыях альбому (каля 120 па беларускіх губэрнях). Малюнкі, зробленыя ў арыгінальнай тэхніцы алоўка і акварэлі, пераводзіліся літографам Аляізам Місяровічам на камень і друкаваліся ў літаграфічнай майстэрні Максімільяна Фаянса ў Варшаве.

Традыцыйна лічыцца, што малюнкі Орды вызначаюцца дакумэнтальнасьцю і з гэтай прычыны маюць велізарную каштоўнасьць для дасьледнікаў архітэктуры, рэстаўратараў. Але, насамрэч, калі параўноўваць малюнкі з тымі будынкамі, што захаваліся, добра відаць шматлікія недасканаласьці і пэрспэктыўныя хібы. Гэта тлумачыцца тым, што Напалеон Орда ня быў прафэсійным мастаком (усяго толькі два гады навучаньня архітэктурнаму пэйзажу) і сам лічыў сябе аматарам[15]: «… і, як ведаеш, быў мастаком-аматарам» — напісаў ён у 1876 годзе ў лісьце да Ігната Дамэйкі[16]. Больш за тое, апошнія дасьледаваньні арыгінальных малюнкаў Орды паказалі сьвядомыя зьмены аўтарам кампазыцый і архітэктурных аб’ектаў, калі аўтар назнарок не маляваў так, як гэта было ў рэчаіснасьці[17]. Сапраўды, многія помнікі захаваліся толькі ў ягоных акварэлях ды малюнках, таму маюць вялікае значэньне для гісторыкаў архітэктуры. Але абапірацца на малюнкі як на крыніцу для рэстаўрацыі немагчыма.

Апошнія гады

рэдагаваць

Апошнія гады жыцьця Напалеон Орда падарожнічаў па Галіччыне, Келецкіх, Сувалскіх і Варшаўскіх землях, працягваў шмат маляваць. У 1883 годзе раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў радавым склепе на радзіме ў Янаве. Аб гэтым ён прасіў у сваім запавеце.

 
Памятная манэта НБ Беларусі, прысьвечаная 200-годзьдзю з народзінаў Напалеона Орды

У горадзе Янаве (Берасьцейская вобласьць) Напалеону Орду ўсталяваны помнік, які стварыў скульптар Іван Голубеў.

Імем Орды названыя вуліцы ў Менску[18] і Горадні[19].

6 лютага 2007 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятную манэту «Напалеон Орда. 200 год».

11 лютага 2010 году кампанія Google адзначыла народзіны Н. Орды, зьмясьціўшы адмысловае лёга з малюнкам мастака палаца Чацьвярцінскіх у Горадні на сваім пошукавым сэрвісе[20].

  1. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Менск: Маст. літ., 2009. — С. 14.
  2. ^ а б Napoleon Orda // Benezit Dictionary of Artists (анг.)OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
  3. ^ Napoleon Orda // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online (ням.) / Hrsg.: A. Beyer, B. SavoyB: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088doi:10.1515/AKL
  4. ^ а б Napoleon Mateusz Tadeusz Orda // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  5. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 96.
  6. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 38.
  7. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 55.
  8. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 40.
  9. ^ а б Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 18.
  10. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 21.
  11. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 23.
  12. ^ Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны : кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — С. 24.
  13. ^ Асноўныя даты жыцця і творчасці Напалеона Орды // Напалеон Орда (1807—1883). Ілюстраваная энцыклапедыя краіны. Выстава з калекцыі Нацыянальнага музея ў Кракаве ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Каталог. — Кракаў, 2017. — С. 156—157.
  14. ^ Лічбавы каталог Нацыянальнага музея ў Кракаве http://www.kultura.malopolska.pl/results/-/results/5(недаступная спасылка)
  15. ^ а б Напалеон Орда / Наполеон Орда / Napoleon Orda / Альбом на трох мовах: беларускай, англійскай і рускай. Аўтарка тэксту і складальніца Ю. У. Лісай. — Мінск: «Беларусь», 2017. — С. 10.
  16. ^ Цытуецца па: Levandauskas V., Vaičekonité-Kapežinskiené R. Napoleonas Orda. Senosios Lietuvos architekturos peizazai. — Vilniaus: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2006. — S. 314
  17. ^ Zofia Maniakowska-Jazownik, Yulia Lisai. Nieznane praktyki Napoleona. Rysunki Ordy w innym świetle // Notes konserwatorski. 2017. Nr. 19. — S. 139—160.
  18. ^ У Менску зьявіліся мікрараён Брылевічы і вуліца Ігнатоўскага // «Наша Ніва», 2 ліпеня 2007.
  19. ^ У Гродна з’явяцца вуліцы Агінскага, Багушэвіча, Караткевіча і Орды // «Наша Ніва», 20 траўня 2011.
  20. ^ «Google» павіншаваў беларусаў з угодкамі Напалеона Орды // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 11 лютага 2010.

Літаратура

рэдагаваць
  • Kaczanowska M. Napoleon Orda — twórca widoków architektonicznych. Zarys życia i twórczości// Rocznik Museum narodowego w Warszawie. — 1968. T. 12. — S. 115—158
  • Katalog rysunków architektonicznych ze zbiorów Museum Narodowego w Krakowie. Rysunki Napoleona Ordy. 1. — Warszawa: PWN, 1975. — 480 s.
  • Levandauskas V., Vaičekonité-Kapežinskiené R. Napoleonas Orda. Senosios Lietuvos architekturos peizazai. — Vilniaus: Vilniaus dailės akademijos leidykla, 2006. — 350 p.
  • Polanowska J. Orda Napoleon // Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających (zmarlych przed 1966) T. VI, Warszawa: IS PAN 1998, — S. 291—294.
  • Zofia Maniakowska-Jazownik, Yulia Lisai. Nieznane praktyki Napoleona. Rysunki Ordy w innym świetle // Notes konserwatorski. 2017. Nr. 19. — s. 139—160.
  • Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагодзьдзя. — Мн.: Ураджай, 2001. — ISBN 985-04-0497-3.
  • Левандаускас В. Иконографические особенности творчества Наполеона Орды // Веснік БДУК. — 2004. — №3. С. 51-57.
  • Лісай Ю. Пейзажы Напалеона Орды: нацыянальная афарбоўка інтэрнацыянальнай ведуты // Напалеон Орда (1807—1883). Ілюстраваная энцыклапедыя краіны. Выстава з калекцыі Нацыянальнага музея ў Кракаве ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Каталог. — Кракаў, 2017. — С. 21-25. ISBN 978-83-7581-248-0
  • Материалы международной научной конференции, посвященной 200-летию Наполеона Орды «Наполеон Орда: жизнь, творчество, художественное наследие»: (Минск, 15-16 февраля 2007 г.) / Институт искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Национальной академии наук Беларуси; гл. ред. А. И. Локотко. — Минск: Право и экономика, 2007.
  • Л. М. Несцярчук. Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны: кніга-альбом. — Мн.: Маст. літ., 2009. — ISBN 978-985-02-1031-9
  • Радзюк А. Царызм супраць Напалеона Орды // Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. — Мн.: Лімарыюс. 2013. — С. 27-36.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць