Мікола Якаўлевіч Аўрамчык (14 студзеня 1920, Плёсы, Бабруйскі павет, Гомельская губэрня — 8 траўня 2017, Менск) — беларускі паэт, пісьменьнік, перакладчык.

Мікола Аўрамчык
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Мікола Якаўлевіч Аўрамчык
Нарадзіўся 14 студзеня 1920
Плёсы, Бабруйскі павет
Памёр 8 траўня 2017 (97 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, журналіст, перакладнік
Гады творчасьці 1937—2017
Жанр паэзія
Мова беларуская мова
Значныя творы «У падзямеллі» (1986)
Прэміі Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1964)
Узнагароды

Біяграфія

рэдагаваць

Зь сялянскае сям’і. Вучыўся ў школах у вёсках Плёсы і Цялушы. Працаваў паштальёнам і тэлефаністам на пошце[1]. У 1938 годзе паступіў на філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту, адначасова працаваў у рэдакцыі газэты «Піянер Беларусі». У час нямецка-савецкай вайны ўдзельнічаў у якасьці радавога гвардыі ў баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтох. Пры акружэньні ў чэрвені 1942 году быў узяты ў палон немцамі, быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 году быў вызвалены ангельцамі. Пасьля вайны год працаваў на аднаўленьні Данбасу[2]. Скончыў вышэйшую адукацыю на філялягічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1949). Працаваў у рэдакцыях газэт «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953—1980 гадах — рэдактар аддзелу паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1947 году. Апошім часам жыў у вёсцы Ступяні, друкаваўся ў часопісе «Дзеяслоў».

Памёр 8 траўня 2017 году ў Менску ва ўзросьце 97 гадоў[3].

У Міколы Аўрамчыка засталіся тры дачкі: Сьвятлана, Ірына, Натальля.

Творчасьць

рэдагаваць

Першыя вершы апублікаваў у 1937 годзе ў бабруйскай газэце «Комуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як надалоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), раману «У падзямеллі» (1986), «Анкета: Выбранае» (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1980). Разам зь Нілам Гілевічам ёсьць аўтарам «Сказу пра Лысую гару».

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, С. Ясеніна, Л. Украінкі, І. Франка, М. Джаліля, Г. Эміна, карэйскіх паэтаў, зборнікі вершаў С. Міхалкова «А што ў вас?» (1950), Валянціна Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.

У 2004 годзе выйшла кніга «Знаёмыя постаці», прысьвечаная беларускім дзеячам.

Узнагароды

рэдагаваць

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і мэдалямі. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў». Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).

  1. ^ Аўрамчык М. Я. Пра сябе // Выбраныя творы / прадм. Генрыха Далідовіча. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — С. 379. — (Беларускі кнігазбор : БК. Серыя I, Мастацкая літаратура). — ISBN 978-985-08-1868-3
  2. ^ Глеб Лабадзенка. Паэт Мікола Аўрамчык у 79 гадоў ажаніўся са сваім першым каханьнем // Зьвязда : газэта. — 6 сакавіка 2010. — № 42 (26650). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Памёр Ганаровы грамадзянін Бабруйшчыны, паэт Мікола Аўрамчык (бел.). Вячэрні Бабруйск.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць