Тадэвуш Булгарын
Фадзе́й Венядзі́ктавіч Булга́рын (1789; цяпер вёска Пырашава, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1859; цяпер мікрараён Карлава, Тарту, Эстонія) — расейскі пісьменьнік родам зь Беларусі[1].
Фадзей Булгарын | ||||
1828 год | ||||
Асабістыя зьвесткі | ||||
---|---|---|---|---|
Імя пры нараджэньні | Ян Тадэвуш Крыштап Булгарын | |||
Нарадзіўся | 5 ліпеня 1789 маёнтак Пырашава, Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая | |||
Памёр | 13 верасьня 1859 (70 гадоў) маёнтак Карлава, Дэрпцкі павет, Ліфляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя | |||
Пахаваны | ||||
Літаратурная дзейнасьць | ||||
Род дзейнасьці | журналіст | |||
Гады творчасьці | 1808—1849 | |||
Жанр | аповесьць, нарыс, раман, фэльетон, эпіграма | |||
Мовы | польская, расейская | |||
Дэбют | сатырычная эпіграма на расейскага царэвіча Канстанціна Паўлавіча (1808) | |||
Значныя творы | раман «Іван Выжыгін» (1829), аповесьць «Вандраваньне па сьвеце ў 29-м стагодзьдзі» (1824) | |||
Узнагароды | | |||
Творы ў Вікікрыніцах | ||||
Заснавальнік расейскага авантурнага рамана[2], адзін зь якіх стаў першым бэстсэлерам у Расеі (раман «Іван Выжыгін», 1829 г.). Заснавальнік першай у Расеі прыватнай грамадзка-палітычнай штодзённай газэты «Паўночная пчала», наклад якой дасягаў 10 000 асобнікаў[3]. Паводле знаёмага земляка Восіпа Пшэцлаўскага, які выдаваў «Пецярбурскі тыднёвік», Булгарын быў беларусам. У рамане «Іван Выжыгін» называў Беларусь краінай і ўжываў беларускую мову.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЯн Тадэвуш Крыштап Булгарын нарадзіўся ў шляхецкім маёнтку свайго бацькі Бенядыкта Булгарына. Бацька быў знаёмы з генэралам Тадэвушам Касьцюшкам, у гонар якога даў сыну імя Тадэвуш. Хрысьцілі Тадэвуша Булгарына ва Ўзьдзенскім касьцёле (Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае). Калі Тадэвушу было 5 гадоў, бацька ўдзельнічаў у паўстаньні 1794 году. У ходзе паўстаньня бацька забіў расейскага генэрала, за што яго зьняволілі і выслалі ў Сыбір. У 1796 годзе, калі Тадэвушу было 7 гадоў, расейскім імпэратарам стаў Павал I, які амніставаў паўстанцаў. Па вызваленьні бацька прыступіў да выхаваньня сына. Ва ўспамінах Тадэвуш Булгарын пісаў: «Ён будзіў мяне ад сну або стрэламі над самым маім ложкам, або халоднай вадой, якую ліў на мяне ў сьне. Сказаўшы мне аднойчы, што толькі бабы і дурні вераць у чарцей, ведзьмакоў, ведзьмаў і мерцвякоў, ён адпраўляў мяне аднаго апоўначы, узімку і ўвосень, на гумно прынесьці пук каласоў або жменю збожжа. Трэба сказаць, што за нашым гумном былі сельскія могілкі… бацька прывучаў мяне да самой грубай ежы; браў з сабою на паляваньне, на якім мы праводзілі часам па некалькі дзён, і ў свае 7 гадоў, я галяпаваў за ім на маленькім кані, і нават страляў са стрэльбы, знарок для мяне зробленай». Таксама Тадэвуш згадваў ва ўспамінах прабабулю, якая пражыла 114 гадоў[4].
У 1798 годзе, калі Тадэвушу было 9 гадоў, падкуплены суседам расейскі суд пазбавіў бацьку маёнтка. У выніку наезда, Тадэвуша разам з бацькамі і сёстрамі выгналі зь сядзібы ўначы. Сям’і давялося пераехаць да сваякоў. Маці адвезла Тадэвуша ў Пецярбург, дзе з дапамогай знаёмага кампазытара Восіпа Казлоўскага ўладкавала сына ў Імпэратарскі сухапутны шляхецкі кадэцкі корпус(ru). Пагатоў Тадэвуш ня ведаў расейскай мовы і атрымаў ад аднаклясьнікаў мянушку Касьцюшка. У 1806 годзе, ва ўзросьце 17 гадоў, скончыў Першы Санкт-Пецярбурскі кадэцкі корпус і стаў карнэтам лейб-гвардыі Ўланскага палка царэвіча(ru) (Малая Фантанная слабада, Санкт-Пецярбурская губэрня). 14 чэрвеня 1807 году атрымаў раненьне ў бітве пад Фрыдляндам (Каралеўства Прусія; цяпер Калінінградзкая вобласьць, Расея) супраць францускага войска Напалеона I Банапарта. За ўдзел у бітве атрымаў ордэн сьвятой Ганны 3-й ступені. У 1808 годзе ўдзельнічаў у Фінскай вайне(en) супраць Швэцыі. Напісаў сатырычную эпіграму на расейскага царэвіча Канстанціна Паўлавіча, за што патрапіў на некалькі месяцаў пад арышт у Кранштацкую крэпасьць. Адтуль яго накіравалі ў Ямбурскі драгунскі полк(ru), разьмешчаны ў Вялікім княстве Фінляндзкім. У 1811 годзе, у 22 гады, выйшаў у адстаўку ў чыне падпаручніка. Выехаў у Парыж (Францыя), дзе ўступіў у Надвісьлянскі легіён(fr). У складзе легіёна ўдзельнічаў у вайне на Пірэнэйскім паўвостраве[4].
У расейска-францускай вайне 1812 году ўдзельнічаў ў складзе 2-га пяхотнага корпуса Вялікага войска Напалеона, якім загадваў маршал Нікаля Шарль Удзіно. 2-і корпус Удзіно дзейнічаў у Беларусі супраць 1-га пяхотнага корпуса расейскага войска пад загадам Пятра Вітгенштэйна. 21 траўня 1813 году ўдзельнічаў у бітве пад Будышынам(hsb) (Саксонія), за што атрымаў званьне капітана і ордэн Ганаровага легіёну пасьля сустрэчы з Напалеонам. У нарысе «Знаёмства з Напалеонам на аванпосьце пад Будышынам 21 траўня 1813 году» Булгарын апісаў падзею: «Бэрцье, запішыце імя спадара афіцэра!» — сказаў Напалеон. Потым сеў на каня і павярнуўся да мяне: «Я гаварыў пра вас з вашымі падначаленымі, я задаволены вамі. Калі вы будзеце ў чым мець патрэбу, зьвяртайцеся наўпрост да мяне, і ўзгадайце наша знаёмства пад Будушынам. Бывайце! Жадаю вам хутка быць капітанам!» — Я пакланіўся, і Напалеон ад’ехаў крокам да эскадронаў гвардзейскіх уланаў... Праз гадзіну я прыбыў у полк, і першыя словы, якімі мяне сустрэў мой палкоўнік, былі: «Дабрыдзень, спадар капітан!» 30 жніўня 1813 году ўдзельнічаў у бітве пад Хлумцам(cs) (Чэскае каралеўства(cs), Аўстрыйская імпэрыя; цяпер Усьцецкі край, Чэхія). У 1814 годзе патрапіў у палон да прусакоў. Пасьля абмену палоннымі пасяліўся ў Вільні (Літоўскае генэрал-губэрнатарства, Расейская імпэрыя), дзе ў 1816 годзе ўступіў у пісьменьніцкае «Таварыства нягоднікаў»(pl). Таварыства выдавала па-польску штотыднёвік «Вулічныя навіны», дзе Булгарын пачаў друкаваць свае гумарыстычныя творы. У 1819 годзе Булгарын пераехаў у Пецярбург[4].
У Пецярбургу пачаў выдаваць вершы, нарысы і ўспаміны ў польскамоўнай вэрсіі газэты «Расейскі інвалід», што належала Вайсковаму міністэрству Расейскай імпэрыі. У 1820 годзе ў расейскамоўным часопісе «Сын айчыны» зьявіліся яго працы, якія пераклалі паэт Кандрат Рылееў і пісьменьнік Аляксандар Бястужаў. У 1822 годзе пачаў выдаваць па-расейску часопіс «Паўночны архіў» зь літаратурным дадаткам. У лютым 1824 году Аляксандар Пушкін пісаў Булгарыну: «Вы належыце да малага ліку тых літаратараў, чые вымовы або ўхваленьні могуць і маюць паважацца». У 1825 годзе стварыў першы ў Расеі тэатральны альманах «Расейская талія», у якім выдаў урыўкі вершаванай камэдыі «Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава. Таксама ў 1825 годзе заснаваў літаратурна-палітычную газэту «Паўночная пчала», што стала найбольш пасьпяховым выданьнем у Расеі і прынесла яму матэрыяльны дабрабыт. Напярэдадні паўстаньня сьнежаньцаў 1825 году вынес змоўніцкія паперы з дома Рылеева, які быў кіраўніком паўстаньня. У выніку, суда пазьбеглі некалькі ўдзельнікаў «Паўночнага таемнага таварыства». Патрапіў пад арышт паводле даноса паэта Аляксандра Ваейкава, які працаваў рэдактарам «Расейскага інваліда»[4]. 15 ліпеня [ст. ст. 3 ліпеня] 1826 расейскі імпэратар Мікалай I падпісаў Указ аб пераўтварэньні Асаблівай канцылярыі Міністэрства ўнутраных справаў у 3-е аддзяленьне Ўласнай канцылярыі, якое ў тым ліку мела зьбіраць «зьвесткі пра ўсіх людзей, якія знаходзяцца пад наглядам паліцыі». Булгарын стаў асьведамляльнікам 3-га аддзяленьня ў чыне правадзейнага стацкага дарадцы[5]. У 1829 годзе выдаў раман «Іван Выжыгін», які перавыдаваўся тройчы запар. За мяжой раман выдалі на 5 эўрапейскіх мовах (францускай, польскай, італьянскай, нямецкай і ангельскай)[4]. У рамане «Іван Выжыгін» адлюстроўваўся побыт беларусаў[1] і 10 разоў згадвалася слова Беларусь, якая называлася краінай. Таксама Беларусь, і Наваградзкае ваяводзтва ў прыватнасьці, згадваліся ў раманах «Дзьмітры Самазванец» (1830), «Пётар Выжыгін» (1831) і «Мазэпа» (1834), «Успамінах» Булгарына (1846—1849)[4].
Творчасьць
рэдагавацьУ 1845 годзе Булгарын склаў ліст з падрахункамі сваёй літаратурнай дзейнасьці: «Да гэтага часу напісана мной і выдадзена ў сьвет: 16 тамоў раманаў, 18 тамоў аповесьцяў, артыкулаў аб норавах, біяграфіяў, розных гістарычных урыўкаў і падарожжаў, а разам напісана мною на працягу майго літаратурнага жыцьця 173 тамы. Адважваюся сьцьвярджаць, што ніводны пісьменнік у Расеі не выявіў большай дзейнасьці»[4]. У расейскамоўным рамане «Іван Выжыгін» 1829 году ўжываў беларускую мову. Прыкладам выкарыстоўваў беларускамоўную мянушку Кудлашка для сабакі (ад кудлаты). Таксама «беларускай гаворкай» у рамане прамаўляў «шамбялян Кручкатворскі».
- аповесьць «Праўдападобныя небыліцы, або Вандраваньне па сьвеце ў 29-м стагодзьдзі» (1824)
- расказ «Неверагодныя небыліцы, або Падарожжа да сярэдзіны Зямлі» (1825)
- нарыс «Сцэна з прыватнага жыцьця ў 2028 годзе ад Раства Хрыстова» (1828)
- раман «Іван Выжыгін» (1829)
- раман «Дзьмітры Самазванец» (1830)
- раман «Пётар Выжыгін» (1831)
- раман «Мазэпа» (1834)
- «Дзе ракі зімуюць» (1836)
- аповесьць «Прыгоды Мітрафанушкі на Месяцы» (1837)
- «Ліст жыхара камэты Белы да жыхароў Зямлі» (1843)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 5 ліпеня 2013. — № 122 (27487). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Барыс Крэпак. “Гэты мілы чалавек, велізарнае дараваньне…” // Культура : газэта. — 15 сьнежня 2012. — № 50 (1072).
- ^ Булгарын Фадзей // Культурна-асьветны клюб «Спадчына», 17 лістапада 2009 г. Праверана 14 траўня 2018 г.
- ^ а б в г д е ё Кастусь Тарасаў. Шляхціц Булгарын // Новы час : газэта. — 26 лютага 2010. — № 7 (183). — С. 23. — ISSN 2218-2244.
- ^ Зьміцер Крывашэй, Адам Мальдзіс. Літаратурныя мясьціны Беларусі (Узьдзенскі раён) // Маладосьць : часопіс. — Травень 2013. — № 5 (714). — С. 134. — ISSN 0131-2308.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Булгарын Фадзей. Выбранае // Інтэрнэт-крама «Прастора.by», 2018 г. Праверана 14 траўня 2018 г.