Бел-чырвона-белы сьцяг

гістарычны нацыянальны сьцяг беларусаў, дзяржаўны сьцяг Беларусі з 1918 году

Бел-чырво́на-бе́лы сьцяг[a][1] — гістарычны нацыянальны сьцяг беларусаў[2], дзяржаўны сьцяг Беларусі (з 1918 году). Гэта палотнішча памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзьвюх белых і адной чырвонай між імі. Утвараецца зь беларускіх нацыянальных колераў[3] на аснове традыцыйнага нацыянальнага гербу Пагоні[2]. Гістарычна-культурная каштоўнасьць беларускага народа[4], зьвязаная зь дзьвюма найважнейшымі падзеямі беларускай гісторыі — абвяшчэньнем незалежнасьці нацыянальнай дзяржавы 25 сакавіка 1918 году і яе аднаўленьнем 25 жніўня 1991 году[5][6].

Бел-чырвона-белы сьцяг
лац. Bieł-čyrvona-bieły ściah
Беларуская Народная Рэспубліка і Рэспубліка Беларусь
Бел-чырвона-белы сьцяг
Прапорцыі 1:2
Прыняты 8 траўня 1918 (як сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі)
19 верасьня 1991 (як сьцяг Рэспублікі Беларусь)
Скасаваны 1918 (дэ-факта; ліквідацыя Беларускай Народнай Рэспублікі)
7 чэрвеня 1995 (дэ-факта)
Дызайн Тры роўнашырокія гарызантальныя палосы, чырвоная паміж дзьвюма белымі
Аўтар Клаўдзі Дуж-Душэўскі (эскіз)
 
Наканечнік дрэўка для бел-чырвона-белага сьцяга.
 
Марка Беларускай пошты з народным строем і арнамэнтам

Белы і чырвоны колеры — гістарычныя нацыянальныя колеры, здабытак матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў[4]. Гэтыя колеры могуць выступаць у розных формах і выразах на розных носьбітах і прадметах — на нацыянальным і звычайных адзеньні, у мастацтве, у геральдыцы і вэксілялёгіі. Чырвоныя элемэнты на белай аснове лічацца найбольш пашыраным спалучэньнем колераў у беларускім арнамэнце[7], а адметнасьцю беларускага гатычнага дойлідзтва ёсьць спалучэньне чырвонай цаглянай муроўкі зь белымі атынкаванымі нішамі[8]. Тым часам на вэксілялягічных матэрыялах, якія паходзяць зь Беларусі, спалучэньні белага і чырвонага колераў фіксуюцца з часоў Сярэднявечча. Напрыклад, сьцягам Вялікага Княства Літоўскага было чырвонае палотнішча з срэбным вершнікам. Адзін з найстарэйшых яго малюнкаў датуецца 1443 годам[9]. Тым часам гербы ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага, што займалі тэрыторыю сучаснай Беларусі, паводле свайго каляровага разьвязку найбольш адпавядалі чырвона-белай гаме[10].

 
Вежы Мірскага замка

На думку дасьледнікаў гісторыі духоўнай культуры, спалучэньне белага і чырвонага колераў сягае часоў індаэўрапейскага адзінства. Паводле індаэўрапеіста і славіста Вячаслава Іванова: «Індаэўрапейская герархічная сымболіка колераў вызначаецца суаднесенасьцю найвышэйшага (сьвятарскага) рангу зь белым колерам, наступнага значэньнем сацыяльнага рангу — ваярскага — з чырвоным колерам…»[11]. У працэсе этнагенэзу беларусаў, паводле гісторыка Міхася Ткачова, белы колер стаў «знакам дабра, знакам чысьціні, крынічнай вады, шляхетнага серабра», сваім парадкам чырвоны колер — «знакам жыватворнага агню, сымбалем адвагі і ваяўнічасьці, храбрасьці, доблесьці і праведнай крыві, пралітай за Айчыну»[12].

 
Фрагмэнт партрэта мітрапаліта Пятра Магілы, XVII ст.

У хрысьціянскай традыцыі чырвоны колер на белым фоне — знак Хрыстовай пакуты, пралітай за чалавецтва крыві. Ад часоў Сярэднявечча многія мастакі выяўлялі Збаўцу, які трымае белы сьцяг з чырвоным крыжам або чырвонай паласой[13] (напрыклад, «Уваскрасеньне Хрыста» пэндзьля Альбрэхта Альтдорфэра[8]). Тым часам бела-чырвона-белая стужка з XII ст. уваходзіць у камплект адзеньня беларускіх царкоўных герархаў[14] і сымбалізуе сьвятло Старога і Новага Запаветаў, якое мусіць прапаведаваць архірэй[15].

У эстэтычным пляне злучэньне белага і чырвонага лічыцца клясычным і адпавядае правілам геральдыкі. Чырвоны колер у бела-чырвона-белым спалучэньні паходзіць з традыцыйнага нацыянальнага гербу Пагоні, а перавагу белага колеру абумовіла саманазва нацыі — беларусаў[4].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Рэканструкцыя выгляду харугвы часоў бітвы пад Грунвальдам

Паходжаньне

рэдагаваць

Хоць сьцягі (дакладней — штандары, харугвы) як апазнавальныя знакі на полі бою або ў час урачыстасьцяў існавалі яшчэ ў старажытнасьці, аднак уяўленьні пра патрэбу сьцяга як сымбалю дзяржавы пачалі паступова складацца толькі ў XVI—XVIII стагодзьдзях. У гэты час за аснову сьцягоў звычайна браліся колеры гербаў каралеўскіх дынастыяў[16] або дзяржаўных гербаў[14]. Масавае стварэньне афіцыйных сьцягоў эўрапейскіх краінаў прыпадае на канец XVIII — пачатак XIX ст., калі ў выніку Францускай рэвалюцыі дзяржава стала атаясамлівацца з насельніцтвам пэўнай тэрыторыі, а не з паноўнай дынастыяй. Тады ж склалася і ідэя сьцяга ў цяперашнім разуменьні як увасабленьня дзяржаўнай незалежнасьці. З прычыны таго, што далёка ня ўсе эўрапейскія нацыі ў ХІХ ст. мелі сваю дзяржаўнасьць, узьнікла паняцьце нацыянальнага сцяга як сьцяга нацыі, якая на такую дзяржаўнасьць прэтэндуе. Прытым нацыянальныя сьцягі сталі абавязковым атрыбутам нацыянальна-вызвольных рухаў[16].

 
Бел-чырвона-белы сьцяг над хрысьціянскай Кафай у Крыме як варыяцыя сьцяга Сьвятога Юрыя над Канстантынопалем[17], 1375 г.

Працэсы кансалідацыі беларускага этнасу ў нацыю зарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI — пачатку XVII ст., актывізаваліся ў XIX ст., калі насуперак палітыцы русіфікацыі ўладаў Расейскай імпэрыі зьявіўся беларускі нацыянальна-вызвольны рух, і дасягнулі найвышэйшага ўздыму ў 1910—1920-я гады — у час змаганьня за ўтварэньне нацыянальнай Беларускай дзяржавы[18].

 
Сьцяг кавалерыі ВКЛ у бітве пад Воршай

Навуковая вэрсія стварэньня бел-чырвона-белага сьцяга грунтуецца на правілах геральдыкі і вэксілялёгіі, згодна зь якімі нацыянальны сьцяг беларусаў утварыўся з колераў нацыянальнага гербу — Пагоні[14]. Менавіта геральдычнага прынцыпу пераносу колераў гербу на сьцяг прытрымліваўся аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга Клаўдзі Дуж-Душэўскі[19]. Разам з тым у 1990-я гады папулярызавалася легенда, паводле якой бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў час адной зь бітваў, калі паранены князь узьняў як сьцяг над галавой акрываўленую стужку і павёў войска да перамогі[20]. Існуюць зьвесткі, што ў пачатку XX ст. беларускія дасьледнікі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў згадкі пра татарскую коньніцу, што брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасьці бела-чырвона-белага палотнішча да славутага вялікага князя браты Луцкевічы пачалі актыўна папулярызаваць яго як гістарычны сьцяг беларусаў. Аднак сучасныя дасьледнікі ня здолелі знайсьці адпаведны аль-кітаб з апісаньнем Грунвальдзкай бітвы[21].

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Бел-чырвона-белыя сьцягі на карціне Ганса Крэла «Бітва пад Воршай», 1524 г.

Станаўленьне бел-чырвона-белага сьцяга як нацыянальнага сьцяга беларусаў адбылося не раней за афармленьне беларускай нацыянальнай ідэі. Разам з тым вэксілялягічныя матэрыялы з традыцыйным для беларусаў бела-чырвона-белым спалучэньнем колераў шырока ўжываліся яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім, а першым дакумэнтальным сьведчаньнем выкарыстаньня бел-чырвона-белага сьцяга лічыцца карціна XVI стагодзьдзя, прысьвечаная бітве пад Воршай[14][22]. Кавалерыя Вялікага Княства Літоўскага карысталася сьцягам Сьвятога Юрыя (чырвоны крыж на белым палотнішчы), які, з усяго відаць, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга[23][24]. Прытым на карціне выяўляецца сем уласна бел-чырвона-белых сьцягоў без вэртыкальнай чырвонай паласы[25]. Тым часам найбольш раньняе дакумэнтальна засьведчанае выкарыстаньне войскам ВКЛ сьцяга Сьвятога Юрыя ўзыходзіць да 1444 году — бітвы пад Варнай з войскам Асманскай дзяржавы[26][27].

 
Ліцьвіны вызваляюць Полацак з-пад маскоўскай акупацыі, 1579 г.

Па складаньні Люблінскай уніі ў 1569 годзе рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сьцяг для абодвух гаспадарстваў Рэчы Паспалітай — Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. У прыватнасьці, у 1605 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пачаў ужываць трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сьцяг, а крыху пазьней зьявіўся бела-чырвона-бела-чырвоны сьцяг. Аднак такі сымбаль не прыжыўся, і дамінаваць пачаў бела-чырвоны сьцяг. Разам з тым, праз аднолькавую колеравую схему гербаў Кароны (Белага Арла) і Княства (Пагоні) немагчыма пэўна падзяліць паміж імі вытворныя ад гэтых гербаў сьцягі Рэчы Паспалітай[14].

 
Бел-чырвона-белы сьцяг на карціне Пітэра Снаерса «Бітва пад Кірхгольмам», 1619 (1630?) г.

Існуюць зьвесткі, што ў XVI—XVIII стагодзьдзях беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай бела-чырвона-белай харугвай з выявай у цэнтры паўмесяца і зоркі[14]. Магчыма, праз гэта у адным з аль-кітабаў, паводле братоў Луцкевічаў, зьявілася пазьнейшае сьцьверджаньне пра ўдзел у Грунвальдзкай бітве пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай[21]. У XVII—XVIII стагодзьдзях бела-чырвоныя сьцягі рознай канфігурацыі ўжывала гусарыя і іншыя вайсковыя аддзелы Рэчы Паспалітай[b]. Сярод іншага, уласна бел-чырвона-белы сьцяг ёсьць на карціне першай трэці XVII ст., прысьвечанай бітве пад Кірхгольмам[28][26].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў пераважная колькасьць харугваў з уласна беларускіх земляў (з-пад Полацку, Суражу, Глыбокага, Чавусаў, Любавічаў, Дуброўна, Краснага, Горак, Вяліжу) мелі белыя плахты з чырвонымі фарбаванымі дадаткамі, у тым ліку «паласатыя» — бела-чырвона-белыя[29]. Тым часам літоўскія (беларускія) сялянскія партызанскія аддзелы («шышы») змагаліся з маскоўскім акупантамі пад белымі, бела-чырвонымі і чырвона-белымі харугвамі[29]. Перавагу гэтага спалучэньня колераў на харугвах абумовілі колеры дзяржаўнага гербу Вялікага Княства Літоўскага Пагоні, пра што сьведчыць выкананы ў такіх колерах народны партызанскі сьцяг «шышоў» з-пад Барысава, які зьмяшчае элемэнты гербу Пагоні — «руку з палашом»[30].

Па падзелах Рэчы Паспалітай, калі землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся пад уладай Расейскай імпэрыі, у канцы XVIII — першай палове XIX ст. (да узмацненьня палітыкі русіфікацыі) спалучэньні гарызантальных белых і чырвоных палосаў ужываліся разам з колішнім дзяржаўным гербам Пагоняй у расейскай геральдыцы і вэксілялёгіі для пэўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і вайсковых фармаваньняў на этнічнай тэрыторыі беларусаў[c][31]. Тым часам у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музэі захоўваецца трыкутны сьцяжок часоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праходзіць чырвоная паласа[32]. Існуе думка, што ў час паўстаньня разам з гербам Пагоняй бел-чырвона-белы сьцяг мог ужываць Кастусь Каліноўскі[14][33].

Беларускі нацыянальна-вызвольны рух

рэдагаваць
 
Фрагмэнт карціны «Беларускі пэйзаж» (сядзіба Драчалукі пад Віцебскам), 1901 г.

Усталяваньне бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці сымбалю беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, мэтай якога было дзяржаўнае самавызначэньне беларусаў, звычайна прымяркоўваюць да пачатку XX стагодзьдзя[34]. У 1909—1912 гадох бела-чырвона-белыя стужкі ўжываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу[35]. У 1916 годзе сьцяг зь бела-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя Сувязь незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі, якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі[35].

 
Знак адрозьненьня вайскоўцаў-беларусаў, 1917—1918 гг.
 
Удзельнікі Беларускай канфэрэнцыі 1918 году

Увогуле, першыя згадкі пра выкарыстаньне беларусамі нацыянальнага сьцяга ў культурна-асьветніцкай дзейнасьці паходзяць з канца XIX стагодзьдзя[14]. Аднак няма зьвестак пра дакладную дату распрацоўкі і зацьверджаньня эскізу бел-чырвона-белага сьцяга[36]. Называюць розныя даты яго зьяўленьня — 1905, 1909, 1912, 1917 год[34]. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, аўтарам праекту сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга стаў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Клаўдзі Дуж-Душэўскі[26], які стварыў яго на просьбу беларускіх арганізацыяў Пецярбургу. У сваіх успамінах Клаўдзі Дуж-Душэўскі засьведчыў повязь беларускага нацыянальнага сьцяга з гербам Пагоняй: «Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сьцягам белую Пагоню на чырвоным полі»[37]. Увесну 1917 году бел-чырвона-белы сьцяг узьнялі ў Пецярбургу на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[35], супрацоўнікам якога быў К. Дуж-Душэўскі[38]. У сакавіку 1917 году бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным элемэнтам у час сьвята «Дзень беларускага значка» ў Менску[26], калі адбыўся беларускі мітынг, на якім прагучала патрабаваньне аб аўтаноміі Беларусі[19]. Тым часам сьцягі, пашытыя паводле эскізу Клаўдзія Дуж-Душэўскага, разаслалі ў мясцовыя арганізацыі[39]. На гэтых сьцягох былі вышытыя золатам словы «Няхай жыве вольная Беларусь»[19]. У пастанове Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску ад 25 сакавіка 1917 году адзначалася повязь бел-чырвона-белага сьцяга з традыцыйным беларускім арнамэнтам: «дзеля таго што ў беларускім народным мастацтве пераважаюць белыя і чырвоныя ўзоры, палічана дарэчным ужыць гэтыя колеры ў беларускім нацыянальным сьцягу»[40]. Ужо зь ліпеня 1917 году беларускія вайскоўцы, аб’яднаныя ў нацыянальныя гурткі і камітэты, на сваіх мундзірах і шынэлях пачалі актыўна выкарыстоўваць бела-чырвона-белыя стужкі, што адрозьнівала іх ад прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў[41]. Абавязак насіць адпаведную пятлічную стужку як дадатковы знак адрозьненьня замацавала пастанова 2-й сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў (Менск, 5 жніўня 1917 году)[42]. У кастрычніку 1917 году пад бел-чырвона-белым сьцягам прайшоў зьезд беларускіх вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску[43]. Да сьнежня 1917 году бела-чырвона-белыя стужкі на вайсковай уніформе пашырыліся на ўсіх франтах заходняга тэатру баявых дзеяньняў адлегласьцю ў 3 тысячы кілямэтраў[41].

 
Нацыянальны сьцяг над будынкам Народнага Сакратарыяту БНР. Менск, 1918 г.

7 сьнежня 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі[44] распачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі зьезд — найважнейшы дзяржаватворчы форум ў найноўшай гісторыі Беларусі, у час якога 1872 дэлегаты ад усіх беларускіх земляў выказаліся за пільную патрэбу вольнага дзяржаўнага самавызначэньня краіны[40]. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, «Адкрыцьцё Першага Ўсебеларускага кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярах будынка стаяла варта Першага Менскага беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гербам Пагоняй»[26]. У час адкрыцьця зьезду бальшавік Людвіг Рэзаўскі запатрабаваў зьняць бел-чырвона-белы сьцяг і замяніць яго на сьцяг чырвонага інтэрнацыяналу, што выклікала абурэньне дэлегатаў (два матросы вывелі Рэзаўскага з залі), тым часам сябра складу старэйшынаў зьезду генэрал-лейтэнант Канстанцін Аляксееўскі падышоў да трыбуны і пацалаваў сьцяг[45]. Да ўдзельнікаў прагучаў заклік: «Трэба бараніць сьцяг і шанаваць яго!»[19]. 18 сьнежня 1917 году а 3-й гадзіне ночы бальшавікі разагналі зьезд з дапамогай салдатаў. Мяркуецца, што менавіта ад часоў Усебеларускага зьезду бел-чырвона-белы сьцяг пачаў успрымацца ў масавай сьвядомасьці як нацыянальны сьцяг беларусаў[35]. Відаць, у адказ на гвалт бальшавікоў удзельнікі Беларускай канфэрэнцыі, якая адбылася 25—28 студзеня 1918 году ў Вільні, выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сьцягі з вузкімі чорнымі палоскамі ўздоўж чырвонай паласы[46]. Па выгнаньні зь Менску бальшавікоў[d][41] 19 лютага 1918 году бел-чырвона-белы сьцяг узьняўся над адным з будынкаў былога езуіцкага калегіюму, у якім за расейскім панаваньнем разьмяшчаўся палац губэрнатара[19].

 
Беларускі нацыянальны штандар: Бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Паштоўка часоў БНР

З утварэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі бел-чырвона-белы сьцяг канчаткова замацаваўся ў якасьці дзяржаўнага сьцяга, што зрабіла яго агульнапрызнанай сьвятыняй прыхільнікаў беларускай незалежнасьці. 8 траўня 1918 году адмысловая камісія з увядзеньня эмблемаў і вонкавых знакаў пры Першым Беларускім урадзе ўхваліла бел-чырвона-белы сьцяг як «дзяржаўны сьцяг Рэспублікі»[41]. 11 жніўня 1918 году ў газэце Вольная Беларусь апублікавалі афіцыйнае апісаньне дзяржаўнага сьцяга[35]. Па заняцьці Менску бальшавікамі ў 1919 годзе ўрад БНР пераехаў у Вільню, дзе працягваў функцыянаваць да 1925 году. У 1920 годзе бел-чырвона-белы сьцяг як беларускі і дзяржаўны выкарыстоўвала кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча[47][26]. Таго ж году ён стаў сьцягам Беларускага асобнага батальёну ў складзе войска Летувы (па далучэньні Летувы да СССР сьцяг канфіскаваў НКВД[48]). Увогуле, у час змаганьня за незалежнасьць першай нацыянальнай Беларускай дзяржавы зьявілася інтэрпрэтацыя колераў нацыянальнага сьцяга як сымбаляў поту, крыві і сьлёзаў[19]. Тым часам у 1920—1922 гадох факт замацаваньня на міжнародным узроўні бел-чырвона-белага сьцяга як беларускага перашкодзіў праекту Альгерда Гросвальда(lv), які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі[49].

 
Беларуская камэндатура ў Горадні, 1919 г.
 
Першае сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ў Горадні, 1919 г.

Паміж 1921 і 1939 гадамі бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызвольных рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі: як палітычнымі партыямі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, БСРГ), так і непалітычнымі арганізацыямі, як Таварыства беларускай школы[50][51]. Беларуская нацыянальная сымболіка ўжывалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах працоўных, беларускім студэнцтвам[14]. На Дзень Незалежнасьці 25 сакавіка 1934 году актывісты гуртка Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры ў Шутавічах вывесілі пасярод вёскі бел-чырвона-белы сьцяг, які празь некалькі гадзінаў зьнялі польскія паліцыянты. Сябры гуртка не хавалі свайго ўчынку і нават зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнем вярнуць ім сьцяг як прыватную ўласнасьць[52]. Тым часам швадрон уланаў войска міжваеннай Польскай Рэспублікі, у якім служылі беларускія татары, меў двузубы белы вымпэл з гарызантальнай чырвонай паласой, на якой разьмяшчаліся зялёная зорка і паўмесяц[8].

 
Сьцяг Беларускага асобнага батальёну, 1920 г.
 
Жаўнеры Беларускага асобнага батальёну зь сьцягам, да 1923 г.

У міжваеннай Латвіі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі дзеялі беларускія культурніцкія і грамадзка-палітычныя арганізацыі на этнічна беларускіх паўднёва-ўсходніх Інфлянтах. 15 верасьня 1929 году беларусы Латвіі з нацыянальнымі сьцягамі прайшлі вуліцамі Рыгі ў часе пахаваньня паэта Яна Райніса[53].

 
Шыльда Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР, 1921 г.

Пад бел-чырвона-белым сьцягам таксама дзеялі беларускія супольнасьці ў замежжы, найперш у Чэхаславаччыне, куды пераехала Рада БНР. Нацыянальнымі сьцягамі карысталіся Беларуская грамада (1920—1925) і беларускае студэнцтва ў Празе[54].

 
Адзін з трох пераможцаў конкурсу на дзяржаўны герб БССР, 1924 г.

У пэрыяд з 1924 да 1928 году Беларуская ССР фактычна ня мела свайго дзяржаўнага сьцяга, аднак у зьвязку з абвяшчэньнем палітыкі беларусізацыі рабіліся спробы ўвасобіць у рэспубліцы бела-чырвона-белае спалучэньне колераў з нацыянальнага сьцяга беларусаў. Ужо ўвесну 1924 году пры распрацоўцы дзяржаўнага гербу БССР журы рэспубліканскага конкурсу сярод трох найлепшых праектаў абрала работу беларускага графіка Генадзя Змудзінскага, дзе савецкая атрыбутыка спалучалася зь бела-чырвона-белай нацыянальнай сымболікай[55]. Аднак напярэдадні канчатковага падсумоўваньня ЦК ВКП(б) змусіў ЦВК БССР скасаваць вынікі конкурсу і схаваць іх ад грамадзкасьці. Тым часам паводле ўспамінаў удзельнікаў міжнароднай Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 году, памяшканьне будынка ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бела-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бела-чырвона-белымі праменямі[56]. У 1927 годзе зьявіўся новы праект гербу БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[16][57]. Такім парадкам узорам для афіцыйна прынятай сымболікі БССР стала савецкая сымболіка Расеі[34]. Увогуле, тагачасныя савецкія ўлады ў Маскве хоць негалосна і называлі бела-чырвона-белыя колеры беларускімі нацыянальнымі, аднак ужо ў 1928 годзе распачалі актыўнае змаганьне зь імі: у дакладзе АДПУ (пазьнейшага НКВД) у ЦК ВКП(б) ад 27 траўня адзначаўся загад да менскіх уладаў перафарбаваць вулічныя слупы і інтэр’ер Дому працы, раней расфарбаваныя ў беларускія нацыянальныя колеры (рас. белорусские национальные цвета)[58]. У 1929 годзе бел-чырвона-белыя сьцягі паказалі ў прысьвечаным утварэньню БССР фільме Белдзяржкіно «В огне рождённая» зь беспасярэдняй спасылкай на Беларускую Народную Рэспубліку[59], таксама яшчэ ў 1933 годзе бел-чырвона-белы сьцяг азначаўся ў друку БССР як вытворны ад Пагоні, якія разам згадваліся менавіта як дзяржаўныя сьцяг і герб Беларускай Народнай Рэспублікі (хоць і ў «антынацдэмаўскім» кантэксьце)[60].

 
Настаўнікі і вучні Беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны ў Радашкавічах, 1929 г.
 
Сябры гуртка Таварыства беларускай школы ў Міры, 1930 г.
 
Хор Беларускага студэнцкага саюзу пры Віленскім унівэрсытэце на чале з Рыгорам Шырмам і з удзелам Міхася Забэйды-Суміцкага, 1931 г.
 
Вучнёўскі аркестар Віленскай беларускай гімназіі, 1930-я гг.

У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Аднак як сьведчыць распараджэньне Райхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях ад 14 чэрвеня 1944 году[61], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, нібы падпісанае гаўляйтэрам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае 27 чэрвеня 1942 году ў газэце «Раніца», аб дазволе карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоняй побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці» выявілася, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзынфармацыяй, вінаватых у якой ўлады Трэцяга Райху так і не знайшлі[62]. Увогуле, паўафіцыйны дазвол на беларускую нацыянальную сымболіку зьявіўся толькі пад канец нацысцкай акупацыі і выявіўся спробай схіліць мясцовае насельніцтва на свой бок па паразе на Курскай дузе і карэнным пераломе ў Нямецка-савецкай вайне, прытым нацыянальны сьцяг беларусаў (як і бела-чырвона-белыя павязкі) ніколі не насілі паліцыянты, пад ім не праводзілася ваенных дзеяньняў[63]. Тым часам аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга, Клаўдзі Дуж-Душэўскі, у час акупацыі адмовіўся ад пасады намесьніка бургамістра Менску, а ў жніўні 1943 году нацысты кінулі яго разам з жонкай у канцэнтрацыйны лягер за дапамогу габрэям, якія хаваліся ад перасьледу[63].

 
Беларуская паштоўка да Дня Незалежнасьці (Дня Волі), 1948 г.

Па вайне бел-чырвона-белы сьцяг працягваў актыўна выкарыстоўвацца Беларускай эміграцыяй, у тым ліку ўрадам Беларускай дзяржавы ў выгнаньні. Нацыянальны сьцяг аб’яднаў як салдатаў БКА, так і тых беларусаў, хто ваяваў супраць нацыстаў у польскіх частках арміі Вялікабрытаніі і францускім руху Супраціву[51]. У Дзень Незалежнасці Беларусі (25 сакавіка) бел-чырвона-белыя сьцягі рэгулярна ўздымаліся на афіцыйным узроўні ў мясцовасьцях з актыўнымі беларускімі асяродкамі, у тым ліку на будынках ратушаў у Брэдфардзе (Вялікабрытанія)[64] і Ошава (Канада)[65], да сёньня ў гэты дзень беларускі нацыяльны сьцяг вывешваецца на будынку гістарычнага музэю ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, ЗША)[66].

 
Манумэнт «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рывэры (ЗША), пастаўлены ў 1974 годзе на тэрыторыі царквы Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай і аздоблены флягштокамі зь беларускім і амэрыканскім сьцягамі

У Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам гуртаваліся ўдзельнікі антысавецкага партызанскага руху і падпольля — да іх ліквідацыі савецкімі карнікамі ў 1950-я гады. У 1960—1970-я гады гістарычную нацыянальную сымболіку выкарыстоўвалі інтэлектуалы-гуманітары Акадэмічнага асяродку, разгромленага КГБ у 1974—1975 гадох, і мастакі-дысыдэнты з творчага кола На Паддашку[40]. З гэтага ж часу адзначаюцца першыя сьвядомыя фальсыфікацыі гістарычных зьвестак пра беларускі нацыянальны сьцяг з боку савецкіх уладаў: дзеля адмаўленьня яго выкарыстаньня на Першым Усебеларускім зьезде (1917) намесьнік дырэктара Інстытуту гісторыі камуністычнай партыі Сьцяпан Папанін у сваёй манаграфіі, выдадзенай у 1977 годзе, пры апісаньні зьезду замяніў бел-чырвона-белы сьцяг на выдуманы «пунсова-блакітны»[41]. У 1980-я гады бел-чырвона-белы сьцяг разам з гербам Пагоняй сталі агульнавядомымі сымбалямі беларускасьці і незалежніцтва, а іх публічная дэманстрацыя разглядалася як акт нацыянальнага супраціву. У 1985 годзе на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы, Міхал Мірошнікаў і Юры Макееў, вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі. У выніку КГБ распачало перасьлед 6 чалавек, а Макееў мусіў спыніць навучаньне[40].

З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР выкарыстаньне нацыянальнай гістарычнай сымболікі ў Беларусі пачало набываць масавы характар[40]. Гэтаму спрыялі моладзевыя нефармальныя гістарычна-культурныя аб’яднаньні і клюбы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і іншых), Беларускі Народны Фронт і іншыя партыі дэмакратычнага кірунку. У 1986 годзе бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся ў кнізе мастака Міколы Купавы, якую савецкія ўлады неўзабаве прыбралі з кнігарняў[27]. 30 кастрычніка 1988 году бел-чырвона-белыя сьцягі ўзьнялі ўдзельнікі першай масавай акцыі за незалежнасьць, жорстка разагнанай савецкімі ўладамі[67]. А ўжо 19 лютага 1989 году пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на стадыёне «Дынама» ў Менску адбыўся першы дазволены ўладамі БССР апазыцыйны палітычны мітынг[40]. Разам з тым савецкія ўлады працягвалі перасьлед беларусаў (асабліва ў правінцыі) за выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга[40].

Рэагуючы на рост папулярнасьці бел-чырвона-белага сьцяга ўлады СССР разгарнулі прапагандысцкую кампанію супраць нацыянальнага сьцяга беларусаў, пачатак якой паклаў артыкул начальніка Галоўнага архіўнага ўпраўленьня пры Савеце Міністраў БССР у «Советской Белоруссии»[68]. З гэтага часу прыхільнікі расейскага шавінізму ўжываюць факт паўафіцыйнага цывільнага выкарыстаньня ў час нацысцкай акупацыі беларускіх нацыянальных сымбаляў дзеля дыскрэдытацыі сваіх апанэнтаў, зьвінавачваючы іх у фашызьме. Прытым звычайна замоўчваецца, што цяперашні сьцяг Расеі выкарыстоўваўся вайсковым фармаваньнем Трэцяга Райху, што брала ўдзел у вайсковых дзеяньнях — Расейскай вызвольнай арміяй генэрала Ўласава[69] (таксама гэты сьцяг выкарыстоўвалі 1-я Расейская нацыянальная армія, якая ладзіла дывэрсіі ў тыле савецкіх войскаў і змагалася з партызанамі, і дапаможныя расейскія моладзевыя арганізацыі[e], у тым ліку расейскія выхаванцы СС). Увогуле, у час Другой сусьветнай вайны калябарацыяністы, апроч расейскага, выкарыстоўвалі сучасныя сьцягі Бэльгіі, Латвіі, Летувы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых іншых краінаў Эўропы і Азіі[26]. Тым часам савецкая сымболіка ўжывалася побач з нацысцкай у час супольнага нацысцка-савецкага вайсковага параду ў Берасьці, які адбыўся ў пачатку Другой сусьветнай вайны[f].

Рэспубліка Беларусь

рэдагаваць
 
Пікет у Менску з плякатам лацінкай: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: герб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама назоў Бацькаўшчыны — Літва, сталіцы — Менск!» (19.09.1991 г.)

Вяртаньне ў масавую сьвядомасьць жыхароў Беларусі бел-чырвона-белага сьцяга з гербам Пагоняй як нацыянальных сымбаляў беларусаў адбылося ў 1990 годзе разам з прыняцьцем Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Тады ж Міністэрства сувязі выдала мільённым накладам паштовы канвэрт з выявай Пагоні на фоне бел-чырвона-белага сьцяга, а кіраўнік Беларускага экзархату ўрачыста асьвяціў беларускі нацыянальны сьцяг у Полацку[27]. У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[14]. 24 жніўня 1991 году дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет Беларусі[26]. На наступны дзень, 25 жніўня, дэпутаты надалі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. А 19 верасьня 1991 году парлямэнт Беларусі прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці дзяржаўных сымбаляў[14]. Распрацоўкай эталёнаў дзяржаўнай сымболікі займалася адмысловая Камісія пры Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, у якую ўвайшло больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнэры, мастацтвазнаўцы (кіраўнік — дэпутат Алег Трусаў)[26][70]. Неўзабаве бел-чырвона-белым сьцяг упершыню ўзьнялі як сымбаль незалежнай Беларусі над усімі прадстаўніцтвамі краіны за мяжой, а ў 1994 годзе каманда Беларусі ўпершыню выступіла пад ім на Алімпійскіх гульнях[63]. 20 ліпеня 1994 году пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

 
Паштовая марка Беларусі, 1992 г.

У лютым 1995 году Лукашэнка заявіў пра намер правесьці рэфэрэндум, што стала сьведчаньнем аднаўленьня палітыкі русіфікацыі з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[38]. Зьмяненьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі Беларусі разьлічвалася як мэтанакіраваны удар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) і мусіла ўмацаваць яго асабістую ўладу[71]. На думку гісторыка Алега Трусава, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, ініцыятыва рэфэрэндуму негалосна ішла ад саміх уладаў Расеі[72], якія імкнуліся рэанімаваць імпэрскую ідэю[73]. Таксама выказвалася думка, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[74]. Паводле дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка, падобны плян агучваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын, расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[75], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[76] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[77][78]. Ён жа, паводле неаднаразовых уласных прызнаньняў[79][71][80], стварыў прапанаваныя на рэфэрэндум сымбалі, за аснову якіх узяў сьцяг і герб Беларускай ССР. Як Сініцын апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[76]:

  Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў.  
 
Барэт беларускіх ПДВ да 1995 г.

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка, прытым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і Пагоні[81].

Праведзены 14 траўня 1995 году рэфэрэндум супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству Беларусі, адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[82]. Перад ім адбылося зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту, якое выявілася сілавой дэманстрацыяй усталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. 16 траўня 1995 году, калі афіцыйна абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму яшчэ фармальна не набылі законнай сілы, кіраўнік справамі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў зьняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разарваў дэ-юрэ і дэ-факта (на той момант) дзяржаўны сымбаль Беларусі «на сувэніры»[83]. Ціцянкоў асабіста расьпісаўся на кожным з кавалкаў, што зафіксавалі на відэа[84]. Прытым факты зьнявагі дзяржаўнага сьцяга адзначаліся яшчэ 25 сакавіка 1995 году, калі падкантрольная Лукашэнку міліцыя пры затрыманьні грамадзянаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, вырывала сьцягі і ламала дрэўкі (на зварот дэпутатаў парлямэнту Беларусі да генэральнага пракурора паводле факту зьнявагі дзяржаўнага сьцяга нікога зь міліцыі не пакаралі[85]) і 12 красавіка, калі супрацоўнікі сілавых структураў вырывалі і, увогуле, рвалі дзяржаўныя бел-чырвона-белыя сьцягі[85].

7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[86] і № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[87] дзеля фармальнага замацаваньня сымболікі рэжыму на заканадаўчым узроўні. Тым часам бел-чырвона-белы сьцяг разам з гербам Пагоняй трапіў пад негалосную забарону[19]. Нягледзячы на яе, у Беларусі гэтым сьцягам як нацыянальным працягвалі карыстацца апазыцыйныя да рэжыму Лукашэнкі беларускія арганізацыі. Апроч таго, бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся ў спартовых і культурных імпрэзах па-за межамі краіны[88][89], а таксама беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі. Тым часам у Беларусі зьявілася легендарная постаць Мірона — невядомага героя беларускага руху, які рэгулярна ўздымаў нацыянальны сьцяг у цяжкадаступных (высокіх і небясьпечных) месцах[38].

 
Сьвяткаваньне 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску, 2018 г.

У 2010-я гады ў Беларусі прайшла маштабная грамадзкая кампанія ў справе папулярызацыі нацыянальный сымболікі, у межах якой у Міністэрства культуры накіравалі некалькі зваротаў з прапановай дадаць бел-чырвона-белы сьцяг у сьпіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, у тым ліку з распрацаваным навукоўцамі абгрунтаваньнем[26] і тысячамі подпісаў грамадзянаў Беларусі[90]. У падтрымку нацыянальнага сьцяга выказаліся вядомыя беларускія спартоўцы: прызэрка алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, чэмпіён сьвету Віталь Гуркоў, гандбаліст Сяргей Рутэнка[91], прызэрка чэмпіянаў сьвету і Эўропы Аліна Талай[92], чэмпіёнка сьвету Тацяна Драздоўская[93], трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч[94], алімпійскі чэмпіён Андрэй Багдановіч[95]. Аднак на ўсе прапановы Мінкульт адказваў адмовамі з спасылкамі на фармальныя прычыны («фрагмэнтарнасьць і непаўнату абгрунтаванасьці», «брак фатаздымкаў» і г.д.), якія сьведчылі пра непасьлядоўнасьць міністэрства ў пытаньнях наданьня статусу гістарычна-культурнай каштоўнасьці і прызнаньне фактычнага браку паўнамоцтваў у разьвязаньні пытаньня зь бел-чырвона-белым сьцягам[96]. У сакавіку 2018 году пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшло маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. У траўні таго ж году пад бел-чырвона-белымі сьцягамі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Косаве[97], а ў верасьні 2019 году — урачыстае адкрыцьцё помніка вялікаму князю Гедзіміну ў Лідзе[98]. 22 лістапада 2019 году ў Вільні пад бел-чырвона-белымі сьцягамі (якіх было ў разы больш за польскія і летувіскія) адбылася найбольш масавая па-за сучаснымі межамі Беларусі шматтысячная беларуская маніфэстацыя, прысьвечаная разьвітаньню зь беларускім нацыянальным героем Кастусём Каліноўскім[99].

 
300-тысячны мітынг у Менску, 16 жніўня 2020 г.

У 2020 годзе бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным сымбалем пратэстаў супраць фальсыфікацыяў выбараў, гвалту і беззаконьня ў Беларусі[100]. Гэта прывяло да росту папулярнасьці нацыянальнага сьцяга: на яго аснове жыхары Беларусі стварылі больш за 300 новых сьцягоў сваіх паселішчаў, мікрараёнаў, вуліцаў і двароў[101][102][103]. Да іх таксама далучыліся і беларускія згуртаваньні за мяжой[104]. У гэты ж час фіксуюцца шматлікія выпадкі цынічнай зьнявагі нацыянальнага сьцяга беларусаў з боку супрацоўнікаў карных сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі, якія могуць кваліфікавацца як распальваньне варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі)[5]. У лістападзе 2020 году прыхільнікі Лукашэнкі (меркавана зь яго блізкага атачэньня) забілі за бела-чырвона-белыя стужкі жыхара Менску Рамана Бандарэнку. У сьнежні 2020 — студзені 2021 году фіксуюцца факты разьбіцьця мэталічнымі гайкамі вокнаў з рэчамі (сьняжынкі, фіранкі) у бела-чырвона-белай каляровай гаме, прытым міліцыя рэжыму Лукашэнкі адмаўляецца заводзіць крымінальныя справы, сьцьвярджаючы, што падобныя дзеяньні ёсьць «выказваньнем меркаваньня», а не злачынствам[105]. Сам Лукашэнка ўсьлед за расейскімі шавіністамі называе нацыянальны беларускі сьцяг «фашысцкай сымболікай» (рас. «фашистская символика»)[106]. Тым часам на тэледэбатах зь Вячаславам Кебічам, якія адбыліся 7 ліпеня 1994 году напярэдадні вызначальнага другога туру прэзыдэнцкіх выбараў, у адрозьненьне ад суперніка, які выступаў безь якіх-кольвек значкоў, Лукашэнка начапіў на пінжак значок зь бел-чырвона-белым сьцягам[107] (хоць раней насіў чырвона-зялёны дэпутацкі значок БССР[108]).

 
Бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй, які выкарыстоўваўся ў час пратэстаў 2020—2022 гадоў

29 студзеня 2021 году зьявілася афіцыйная заява ад імя сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі пра падрыхтоўку да афіцыйнага абвяшчэньня бел-чырвона-белага сьцяга «экстрэмісцкім»[109]. Падставай да гэтага назвалі зварот, падпісаны каля 100 невядомымі прыхільнікамі расейскага фашызму (галосна адзначыўся толькі ініцыятар — удзельнік псэўдаказацкай арганізацыі антысэміт Пётар Шапко[110]). Неўзабаве больш за 103 тысячы беларусаў падпісалі зварот у абарону бел-чырвона-белага сьцяга з заклікам да яго прызнаньня нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасьцю на дзяржаўным узроўні[111]. Таксама ў абарону нацыянальнага сьцяга выступіла 887 беларускіх гісторыкаў[112], якія засьведчылі, што прапагандысцкая кампанія на дыскрэдытацыю і забарону нацыянальнага і дзяржаўнага сымбалю Беларусі ня мае ніякага гістарычнага абгрунтаваньня, вядзе да расколу грамадзтва і распальваньня варожасьці паміж грамадзянамі Беларусі[113]. Тым часам з боку зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі гісторыкаў-прапагандыстаў адзначаюцца выпадкі грубай фальсыфікацыі гісторыі, калі пры браку дакумэнтальных пацьверджаньняў зьяўляюцца галаслоўныя сьцьверджаньні пра выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга беларусаў у час карных апэрацыяў нацыстаў супраць беларусаў[114][115][116].

20 траўня 2021 году ў інтэрвію «Беларусь сегодня» намесьнік начальніка ГУБАЗіКу палкоўнік міліцыі Міхаіл Бедункевіч выказваўся, што хутка адбудзецца нарада спэцыялістаў КДБ, Міністэрства юстыцыі й навукоўцаў, каб перагледзець сьпіс калябарацыянісцкіх арганізацыяў, а таксама што ГУБАЗіК будзе выступаць за абвяшчэньне на афіцыйным узроўні бел-чырвона-белага сьцяга «нацысцкай сымболікай» (рас. «нацисткой символикой»)[117]. 21 чэрвеня 2021 году падкантрольны рэжыму Лукашэнкі Беларускі саюз журналістаў паведаміў у сваім тэлеграмным канале, што МУС накіравала на ўзгадненьне ў КДБ дакумэнт «Аб устанаўленьні пералікаў арганізацыяў і іншых структураў, нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі» (рас. «Об установлении перечней организаций и иных структур, нацистской символики и атрибутики»). У дакумэнце пералічваюцца арганізацыі, якія рэжым Лукашэнкі лічыць калябарацыяністамі, а таксама іх сымболіка і прадметы. Такім парадкам, гэты дакумэнт мае даць рэжыму Лукашэнкі фармальную падставу абвясьціць нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг разам з нацыянальным дэвізам беларусаў «Жыве Беларусь!» «нацысцкай сымболікай»[118][119].

 
Сьцяг палку імя Кастуся Каліноўскага

За часамі адкрытага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня сталі сымбалямі беларускага палку імя Кастуся Каліноўскага. Увогуле, беларускія добраахвотнікі (аддзел «Пагоня» і тактычная група «Беларусь») баранілі Ўкраіну пад нацыянальнай беларускай сымболікай ад пачатку расейскай гібрыднай агрэсіі ў 2014 годзе.

 
Патч-шаўрон зь беларускім сьцягам на абмундзіраваньні абаронцы Ўкраіны, 2022 г.

21 красавіка 2022 году Сяргей Дубавец зазначыў, што раней ён параўноўваў з двума сьцягамі — бела-чырвона-белым і чырвона-зялёнымклясычны правапіс і наркамаўку, аднак па падзеях 2020—2022 гадоў прымірэньне двух сьцягоў стала немагчымым, а наркамаўка засталася мёртванароджаным прадуктам на ўзбочыне гісторыі, які выканаў сваю русіфікатарскую функцыю[120].

Нацыянальны сьцяг беларусаў у мастацтве

рэдагаваць
 
Ілюстрацыя да верша Янкі Купалы. «Маладое жыцьцё», чэрвень 1922 г.

Бел-чырвона белы сьцяг апяваецца ў шматлікіх літаратурных і музычных творах, малярстве. У гімне Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (словы Макара Краўцова, музыка Ўладзімера Тэраўскага) ёсьць наступныя радкі:

 

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

 
 
Іншая ілюстрацыя да верша Янкі Купалы, кастрычнік 1922 г.

У кастрычніку 1919 году Янка Купала апублікаваў артыкул «Беларускі сьцяг уваскрос!»[121]. Хоць у артыкуле няма апісаньня сьцяга, аднак у той час Янка Купала сымпатызаваў Беларускай Народнай Рэспубліцы[122], а ў самім артыкуле вітаў фармаваньне Юзэфам Пілсудскім Беларускай вайсковай камісіі. Сярод іншага, у 1922 годзе ў часопісе «Маладое жыцьцё» друкаваліся фрагмэнты вершаў Янкі Купалы, праілюстраваныя малюнкамі зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Увогуле, першы верш пра бел-чырвона-белы сьцяг («Пад свой сьцяг чырвона-белы пасклікай усіх сыноў, параскіданых па сьвеце, каб зьбіраліся дамоў») пад назвай «Покліч» 21 лістапада 1917 году апублікаваў у газэце «Вольная Беларусь» Ігнат Дварчанін, які на той час быў падпаручнікам 43-га Сыбірскага стралецкага палку[41]. У 1920 годзе паэт Уладзімер Жылка ў сваім першым апублікаваным вершы, які таксама меў назву «Покліч», пісаў «Пад штандар бел-чырвона-белы гартуйся, раць, адважна, сьмела, адважных, храбрых ваяроў!»[123], таксама ён апяваў нацыянальныя сымбалі беларусаў у вершы «Прыкладзіны». У 1925 годзе выйшаў з друку верш Пятра Сакола «Беларускі сьцяг»[124]. У 1930 годзе Максім Танк напісаў верш «Ты чуеш, брат…», дзе былі радкі:

 

Глядзіце ў будучыню сьмела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сьцягам бел‑чырвона‑белым
Чакае перамога нас.

Няхай жа меч Пагоні зьзяе!
Гартуйма нашу еднасьць, моц!
Вядзі нас, Воля прасьвятая,
Да новай славы, новых сонц![125][126]

 

Па аднаўленьні незалежнасьці Народны паэт Беларусі Максім Танк падтрымаў нацыянальную сымболіку, у 1995 годзе ён разам з Народным паэтам Піменам Панчанкам і іншымі беларускімі творчымі і навуковымі дзеячамі выступіў з прапановай прыняць у якасьці дзяржаўнага гімну Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», у якім нацыянальны сьцяг апяваецца побач з Пагоняй: «Пад сьцягам Айчыны, пад гербам Пагоні», а таксама сьцьвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!»[127]. Ужо па пазбаўленьні нацыянальных сымбаляў афіцыйнага дзяржаўнага статусу ў жніўні 1995 году Максіма Танка пахавалі менавіта пад бел-чырвона-белым сьцягам[128].

Бел-чырвона-белы сьцяг упамінаецца ў вершах «Беларускі сьцяг»[129] Гальяша Леўчыка (1926 год), «Моладзі»[130] Алеся Мілюця (1935 год) і «Наш сьцяг»[131] Ларысы Геніюш (1942 год), шэрагу вершаў 1943—1944 гадоў Алеся Змагара[132], патрыятычным вершы Натальлі Арсеньневай «Зьняважаным сьцягом» (1948 год)[133] і выдадзенай у 1965 годзе Ўладзімерам Клішэвічам першай у гісторыі паэме пра савецкія рэпрэсіі ў Беларусі «Васіль Каліна»[134]. У 1945 годзе Сяргей Новік-Пяюн напісаў у Якуціі верш «З крыві беларускай», які завяршаўся радкамі «Пад бел-чырвона-белым крыўскім мы сьцягам. Пад знакам крывіцкай Пагоні сьвятым»[135]. У Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ёсьць верш «25 Сакавіка», прысьвечаны Дню Незалежнасьці, з радкамі «Лучыць нашыя мары рака Бел-чырвона-белага сьцяга»[136], таксама нацыянальны сьцяг апяваецца ў вершах «Працяг вякоў» (1988 год)[137] і «Рыцар збройны на кані»[138].

 
Малюнак з часопісу «Маланка», 1926 г.

Сярод малюнкаў Уладзімера Караткевіча захаваўся дызайн адзеньня з трыма палосамі — белай, чырвонай і белай — і гербам Пагоняй у цэнтры[139]. У 1986 годзе малюнкі зь бел-чырвона-белым сьцягам атрымалася афіцыйна апублікаваць мастаку Міколе Купаве ў сваёй кнізе «Сіняя світа налева пашыта». У пачатку 1990-х гадоў малюнкі з нацыянальным сьцягам зьявіліся на канвэртах, марках і паштоўках Беларускай пошты[27].

У 1992[140] годзе, калі бел-чырвона-белы сьцяг меў афіцыйны дзяржаўны статус, палкоўнік Сяргей Макей напісаў песьню «Айчыны нашай сьцяг», разьмешчаную пазьней на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь[141]. Словы «Пад штандарам бел-чырвона-белым век у шчасьці жыві, беларускі народ!» завяршаюць песьню «Жыве Беларусь!» (тэкст Леаніда Прачака[142], музыка Васіля Раінчыка), якая прэтэндавала на гімн незалежнай Беларусі. Бел-чырвона-белы сьцяг апяваецца ў песьні «Сьцяг» на словы Ўладзімера Някляева, якую выконвае музыка Зьміцер Вайцюшкевіч[143], а таксама ў песьні «Наўздагон» (словы Леаніда Пранчака, музыка Васіля Раінчыка), якую выконвае сьпявачка Анжаліка Агурбаш[144]. Мужчынскі хор «Унія» стварыў песьню на верш Сяргея Панізьніка «Родны сьцяг», прысьвечаны паэтам бел-чырвона-беламу сьцягу[145]. Верш Міхала Анемпадыстава «Я люблю, калі сьвеціць сонца…» мае наступныя радкі: «Мая краіна пад белым сьцягам, Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай»[146]. На гэты верш у 1996 годзе гурт «Новае Неба» стварыў песьню, якую выконвае Кася Камоцкая.

Бела-чырвона-белае спалучэньне колераў у беларускай сымболіцы

рэдагаваць

Падобная сымболіка

рэдагаваць
Выкарыстаньне бела-чырвона-белага спалучэньня на іншых сьцягох і эмблемах

Выкарыстаньне бела-чырвона-белага спалучэньня колераў на іншых сьцягох і эмблемах:

Сьцягі зь бела-чырвона-белым спалучэньнем колераў таксама выкарыстоўваюць спартовыя клюбы:

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ У назьве сьцяга ўжываецца адметная скарочаная форма прыметніка (бел-), якая ёсьць адзнакай высокага (паэтычнага) стылю. Таксама сустракаецца азначэньне сьцяга з звычайнай поўнай формай прыметніка — бела-чырвона-белы сьцяг. Тым часам скарот БЧБ, на думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, у гутарковай мове лепей замяняць на наш сьцяг.
  2. ^ Бела-чырвоныя сьцягі, адрозныя ад цяперашняга сьцяга Польшчы, можна пабачыць на батальных карцінах «Бітва пад Венай» і «Бітва пад Парканамі», напісаных Марцінам Альтамонтэ ў 1693—1695 гадох.
  3. ^ Прыклады такой сымболікі прыводзяцца ў сэкцыі, прысьвечанай бела-чырвона-беламу спалучэньню колераў у беларускай сымболіцы.
  4. ^ Паводле сьведчаньня Макара Краўцова, ужо з пачатку студзеня 1918 году бел-чырвона-белы сьцяг легальна і бесьперашкодна вывешваўся ў Менску над сядзібай ЦБВР, якая ў той час разьмяшчалася ў доме № 2 на вуліцы Паліцыйнай
  5. ^ Сярод іншага, кадры нямецкай кінахронікі ад 18 чэрвеня 1944 году зафіксавалі публічнае выкарыстаньне на вуліцах Менску цяперашняга сьцяга Расеі побач з нацысцкім сьцягам
  6. ^ Здымак прывітальнай аркі да ўдзельнікаў параду ў Берасьці з савецкай і нацысцкай сымболікай
  1. ^ Вячорка В. Ці правільна казаць «бел-чырвона-белы»? А слову ўжо сто гадоў, Радыё Свабода, 19 верасьня 2019 г.
  2. ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 391.
  3. ^ Пастанова Вучонага савета Інстытута гісторыі АН Беларусі ад 12 верасня 1991 года // Народная газета. 7 лютага 1995. С. 1.
  4. ^ а б в Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные», TUT.BY, 11.11.2020 г.
  5. ^ а б Навумчык С. Ці патаптаўся б амапавец па фатаздымку сваёй маці, Радыё Свабода, 10 лістапада 2020 г.
  6. ^ Кузьняцоў П. «Невялікая праблема» з забаронай БЧБ, Наша Ніва, 31 студзеня 2021 г.
  7. ^ Фадзеева В. Арнамент // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. С. 36.
  8. ^ а б в Вячорка В. «Кроў лягла чырвонай паласой» // З гісторыяй на «Вы»: Публіцыстычныя артыкулы. — Менск: Беларусь, 1991. С. 355—369.
  9. ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 6.
  10. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 17.
  11. ^ Иванов В. В. Цветовая символика в географических названиях в свете данных типологии (К названию Белоруссии) // Балто-славянские исследования. 1980. — М., 1981. С. 166.
  12. ^ Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 392.
  13. ^ Пазьняк З. Беларускі сьцяг // Беларускія ведамасьці. № 3 (33), 2001. С. 5.
  14. ^ а б в г д е ё ж з і к Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.
  15. ^ Лісейчыкаў Д. Чаму ў патрыярха і епіскапаў бел-чырвона-белыя стужкі на мантыях і гербах? // Наша гісторыя. № 9 (26), 2020. С. 32.
  16. ^ а б в Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995 г.
  17. ^ Вячорка В. Бел-чырвона-белы сьцяг над Крымам і мяжа Эўропы, Радыё Свабода, 13 траўня 2014 г.
  18. ^ Церашковіч П. Беларуская нацыя // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 391.
  19. ^ а б в г д е ё Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Жаўнеры БНР. — Беласток — Вільня, 2009.
  20. ^ Вячорка В. Пра герб і сцяг. — Менск: Беларусь, 1993.
  21. ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 18—19.
  22. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 100.
  23. ^ Ткачев М. Национальные символы: народ и история // Гербовед. № 9 (21), 1997 г.
  24. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 31.
  25. ^ Шаланда А. Вексілагічныя праблемы бітвы пад Воршай 1514 г.: прапроцы з крыжам сьвятога Юрыя // Герольд Litherland. № 20, 2014. С. 59.
  26. ^ а б в г д е ё ж з і к 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг. Радыё свабодаПраверана 16 студзеня 2021 г.
  27. ^ а б в г Скобла М. Мікола Купава: «Бел-чырвона-белы сцяг непадсудны, гэта прызнаны народам нацыянальны сімвал» // Народная Воля. № 8, 2 лютага 2021. С. 2.
  28. ^ а б Давыдоўскі Ў. Сімвалы Беларусі // Абажур. № 3 (78), 2009. С. 38. [1]
  29. ^ а б Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць. — Warszawa, 2024. С. 58.
  30. ^ Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць. — Warszawa, 2024. С. 59.
  31. ^ Чарняўскі М. Як узніклі нашы дзяржаўныя сімвалы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 77.
  32. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 29.
  33. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 101.
  34. ^ а б в Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 7.
  35. ^ а б в г д Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 19.
  36. ^ Харэўскі С. Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Сьцяг // Наша Ніва. № 6, 1998. С. 15.
  37. ^ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Укл. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк. — Менск: Энцыклапедыкс, 2001. С. 272.
  38. ^ а б в Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  39. ^ Герасімчык В. Клаўдыюш Дуж-Душэўскі — аўтар бел-чырвона-белага сцяга, ARCHE Пачатак, 9 красавіка 2013 г.
  40. ^ а б в г д е ё Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE Пачатак. № 1 (21), 2002 г.
  41. ^ а б в г д е Ляхоўскі Ў. Як бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным. Наша гісторыяПраверана 30 студзеня 2021 г.
  42. ^ Ф. Турук. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. — Москва: Государственное издательство, 1921; Мн.: Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. С. 95.
  43. ^ Варлыга А. Усебеларускі Кангрэс у Менску 18—31 (5—18 ст.ст.) сьнежня 1917 г. (Успаміны дэлегата Кангрэсу) // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. № 3 (9), 1964. С. 142.
  44. ^ Ляшко М. На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг, Наша Ніва, 11 сьнежня 2017 г.
  45. ^ Белорусская рада. № 7, 10 декабря 1917 г.
  46. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 20.
  47. ^ Стужынская Н. Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг. — Вільня: Наша будучыня, 2011. С. 55, 76, 101, 298.
  48. ^ Сьцягі БНР (рас.) Vexillographia.ru Праверана 11 верасьня 2010 г.
  49. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 18.
  50. ^ Вашкевіч А. Нашы сьцягі над Заходняй // Arche. № 4 (55), 2007. С. 78—90.
  51. ^ а б Корбут В. Гісторык: Бела-чырвона-белы сцяг замацаваўся як нацыянальны ў Заходняй Беларусі, Беларуская служба Польскага радыё, 8 красавіка 2021 г.
  52. ^ Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 65.
  53. ^ Езавітаў К. Беларуская меншасьць у Латвіі ніколі не забудзе Яна Райніса! // Беларуская школа ў Латвіі. № 4 (14), 1932. С. 193.
  54. ^ «Праграма Каліноўскага» 100 год таму. Як беларускія студэнты вучыліся ў Еўропе, TUT.BY, 23.10.2020 г.
  55. ^ Корсак Д. Кого догоняет «Погоня»? Разговор с историком о старых и новых гербах Беларуси, Onliner.by, 12.10.2020 г.
  56. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 22—23.
  57. ^ Савецкая Беларусь. № 32 (1924), 9 лютага 1927. С. 8.
  58. ^ Славатинский А. Доклад ОГПУ в ЦК ВКП(б) о политических настроениях в среде белорусской интеллигенции (27 мая 1928 г.) // ЦК РКП(б)—ВКП(б) и национальный вопрос. Книга 1. 1918—1933 гг. / Составители Л. С. Гатагова, Л. П. Кошелева, Л. А. Роговая. — М.: «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), 2005. С. 569.
  59. ^ В огне рожденная (1929), YouTube, 7 верасьня 2014 г.
  60. ^ Вольскі В. Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасьці мастака Мініна // Мастацтва і рэвалюцыя. № 1—2, 1933. С. 6.
  61. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 156.
  62. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  63. ^ а б в Рудак А. Мінуўшчына і сучаснасць гістарычнай сімволікі // Культура. № 34 (1473), 22—29 жніўня 2020 г.
  64. ^ Гардзіенка Н. (5 жніўня 2012) Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 5 жніўня. Мацей Райцэўскі. LiveJournalПраверана 21 студзеня 2021 г.
  65. ^ Гардзіенка Н. (16 верасьня 2012) Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 16 верасня. Беларусы Ашавы. LiveJournalПраверана 21 студзеня 2021 г.
  66. ^ У Саўт-Рыверы (ЗША) узнялі бел-чырвона-белы сцяг ФОТАФАКТ, Наша Ніва, 31 сакавіка 2014 г.
  67. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 26.
  68. ^ Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. 25 ноября 1990. С. 2.
  69. ^ Дрозд Д. Был ли запрещен нацистами российский бело-сине-красный флаг?, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, 7.11.2020 г.
  70. ^ Трусаў А. Лунай, наш сцяг, ляці, Пагоня! // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 20.
  71. ^ а б Мартинович Д. Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум, TUT.BY, 14.05.2020 г.
  72. ^ Гуштын А. Рэферэндум-1995. Антыгероі беларускай мовы, Naviny.by, 14.05.2015 г.
  73. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 10.
  74. ^ Олегов А. Лукашенко метит в президенты России // Огонёк. № 43, 27 октября 1996. С. 9.
  75. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 24.
  76. ^ а б Навумчык С. «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг, Радыё Свабода, 18 красавіка 2014 г.
  77. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
  78. ^ Соўсь Г. Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2019 г.
  79. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 65.
  80. ^ Толкачева Е. «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР, TUT.BY, 12.05.2019 г.
  81. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
  82. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  83. ^ Дзедзіч. № 3 (22), травень 2003. С. 1.
  84. ^ Зянон Пазьняк: «У мяне пацяклі сьлёзы» (аўдыё), Радыё Свабода, 18 верасьня 2006 г.
  85. ^ а б Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 115.
  86. ^ Об утверждении эталона Государственного герба Республики Беларусь и Положения о Государственном гербе Республики Беларусь
  87. ^ Об утверждении Положения о Государственном флаге Республики Беларусь
  88. ^ «Тры чарапахі» замест «Кацюшы», Наша Ніва, 8 верасьня 2008 г.
  89. ^ Слушать хорошую музыку стоит вместе! (рас.). Белорусские новости (27.08.2007). Праверана 16 кастрычніка 2010 г.
  90. ^ Міністэрства культуры ня ведае, у чым каштоўнасьць бел-чырвона-белага сьцяга, і зьвярнулася ў Акадэмію навук, Радыё Свабода, 23 сьнежня 2016 г.
  91. ^ Панкавец З. Спартоўцы пра бел-чырвона-белы сцяг: пазітыўнае, негатыўнае, нейтральнае, Наша Ніва, 8 траўня 2013 г.
  92. ^ Лёгкаатлетка Аліна Талай: «Давайце не будзем падманваць сябе: наш колер — бел-чырвона-белы», Наша Ніва, 26 ліпеня 2013 г.
  93. ^ Карней І. Тацьцяна Драздоўская: Сьцяг незалежнасьці — бел-чырвона-белы, Радыё Свабода, 17 сьнежня 2014 г.
  94. ^ Парфяновіч: «Бел-чырвона-белы сьцяг павінен вісець у прэзыдэнта ў кабінэце», Радыё Свабода, 6 траўня 2013 г.
  95. ^ Карней І. Алімпійскі чэмпіён Багдановіч: Мова і сімволіка — гэта наша гісторыя, Радыё Свабода, 30 траўня 2015 г.
  96. ^ Дашчынскі А. Міністэрства культуры сумняваецца, што БНР абвяшчалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, 25 кастрычніка 2017 г.
  97. ^ Першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку ўрачыста адкрылі ля Косава. ФОТА, Радыё Свабода, 12 траўня 2018 г.
  98. ^ У Лідзе ўрачыста адкрылі помнік князю Гедзіміну. ФОТА, Радыё Свабода, 7 верасьня 2019 г.
  99. ^ Тысячы беларусаў развіталіся з Каліноўскім пад нацыянальнымі сцягамі — шмат ФОТА Надзеі Бужа, Наша Ніва, 22 лістапада 2019 г.
  100. ^ Kotljarchuk A. The Flag Revolution. Understanding the political symbols of Belarus // Baltic Worlds. Nr. 4, 2020.
  101. ^ Беларусы ўвекавечылі рэвалюцыйныя сцягі гарадоў і мікрараёнаў, Хартыя’97, 28 лістапада 2020 г.
  102. ^ Вячорка В. Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Мова новых сьцягоў, Радыё Свабода, 30 студзеня 2021 г.
  103. ^ Музэй сьцягоў
  104. ^ Крэатыўныя сцягі беларускіх суполак за мяжой Supolka.net Праверана 16 студзеня 2011 г.
  105. ^ Разьбітае гайкамі за бел-чырвона-белыя колеры акно аказалася не адзіным, Радыё Свабода, 16 студзеня 2021 г.
  106. ^ Лукашэнка пра нацыянальны сцяг: Адкрыта гавару, што гэта фашысцкая сімволіка(недаступная спасылка), Наша Ніва, 20 лістапада 2020 г.
  107. ^ Тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 1994 году
  108. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 106.
  109. ^ Генэральная пракуратура прыняла да разгляду пытаньне аб забароне бел-чырвона-белага сьцяга, Радыё Свабода, 29 студзеня 2021 г.
  110. ^ Хто такі казак Пятро Шапко, які спрабуе забараніць бел-чырвона-белы сцяг?, Наша Ніва, 29 студзеня 2021 г.
  111. ^ Улады адказалі на пэтыцыю супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім, якую падпісалі 103 тысячы чалавек, Радыё Свабода, 15 лютага 2021 г.
  112. ^ 887 беларускіх гісторыкаў даслалі ўладам ліст у абарону бел-чырвона-белага сьцягу, Радыё Свабода, 25 лютага 2021 г.
  113. ^ 100 гісторыкаў падпісалі заяву ў абарону нацыянальнага сьцяга, які ўлады хочуць прызнаць экстрэмісцкім, Радыё Свабода, 3 лютага 2021 г.
  114. ^ Панкавец З. Дырэктар Інстытута гісторыі кажа, што вёску Бабровічы «спалілі пад бел-чырвонымі-сцягамі». Але гэта містыфікацыя, Наша Ніва, 16 лютага 2021 г.
  115. ^ Лукашенко заявил о геноциде белорусского народа под БЧБ-флагом. Объясняем, что происходило в годы войны, TUT.BY, 22.03.2021 г.
  116. ^ У дзяржархіве не знайшлі фота і відэа часоў Другой сусветнай вайны, на якіх акупанты лютуюць пад БЧБ-сцягамі, Наша Ніва, 24 красавіка 2021 г.
  117. ^ Андрей Дементьевский. Кто и как пытается реабилитировать нацизм?  (рас.) // Беларусь сегодня. — 20 мая 2021. Архіўная копія.
  118. ^ Соколов Станислав. МВД Беларуси предложило включить БЧБ-флаг и слоган оппозиции в список нацистской символики  (рас.) // Pogovorim.by. — 21-06-2021. Архіўная копія.
  119. ^ Законопроект о признании БЧБ-флага нацистской символикой согласовывают в КГБ  (рас.) // Белорусы и рынок. — Мінск: 21 июня 2021. Архіўная копія.
  120. ^ Дубавец С. «Застаюся камуністам»... Чаму незалежныя СМІ захоўваюць вернасьць «наркамаўцы», Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  121. ^ Беларусь. № 9 (36), 30 кастрычніка 1919 г.
  122. ^ Трефилов С. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали // Камсамольская праўда, 23 лютага 2018 г.
  123. ^ Верш «Покліч»
  124. ^ Сакол П. Беларускі сьцяг // Студэнская думка. № 1, 1925. С. 1.
  125. ^ Максім Танк. Дзённік
  126. ^ Максім Танк. Збор твораў. У 13 т. Т. 1 / Рэд. тома Л. Кісялёва; падрыхт. тэкстаў і камент.: Т. Барысюк, А. Данільчык, В. Хацяновіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Менск: Беларус. навука, 2010. С. 193.
  127. ^ З нашай пошты, Радыё Свабода, 1995—2000 гг.
  128. ^ Мартинович Д. Что писали о БЧБ-флаге и как он стал национальным. Объясняем(недаступная спасылка), TUT.BY, 3.02.2021 г.
  129. ^ Czasopis. № 10, 2013. С. 33.
  130. ^ Скрыжалі памяці: З творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. У 3 кн. Кн. 2 / уклад., біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. С. 320.
  131. ^ Верш «Наш сьцяг»
  132. ^ Алесь Змагар. Да згоды. — Кліўлянд: Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
  133. ^ Макмілін А. Беларуская літаратура дыяспары: Манаграфія: / Пер. з англ. В. Бурлак, В. Жыбуля / А. Макмілін. — Менск: УП «Тэхнапрынт», 2004. С. 126.
  134. ^ Клішэвіч У. Васіль Каліна: Паэма // Голас Радзімы. 1994. 31 сакавіка; 7, 14, 21, 28 красавіка.
  135. ^ Макмілін А. Пакаранне без злачынства: Беларуская турэмная паэзія // Журнал беларускіх даследаванняў. Ч. 7, № 1, 2013. С. 78.
  136. ^ Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка // Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  137. ^ Экспрэс. Аднадзёнка Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Выданьне Аргкамітэту. Травень 1989. С. 6.
  138. ^ Томаш Воўк, Рыгор Барадулін: Пакуль жывеш..., Менская абласная біблятэка
  139. ^ Трефилов С. Как Владимир Короткевич предсказал моду на байки с «Пагоняй»: рассматриваем книгу рисунков классика // КП Беларусь. 10.03.2020 г.
  140. ^ Штейнер М. Уроженец Воложина полковник запаса Сергей Макей на своем творческом вечере презентовал новый диск «Дождь» (ФОТО), Край.бай, 31 кастрычніка 2014 г.
  141. ^ Айчыны нашай сцяг, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
  142. ^ Юрэвіч Б. 50 спраў Леаніда Пранчака: як адзін паэт паралізаваў працу Вярхоўнага суда, Наша Ніва, 10 чэрвеня 2018 г.
  143. ^ Пэрсанальны сайт Зьмітра Вайцюшкевіча Праверана 9 красавіка 2011 г.
  144. ^ Анжаліка Агурбаш спела пра герб «Пагоня», Тузін гітоў, 16 кастрычніка 2020 г.
  145. ^ Панізьнік С. А пісар земскі…: Вершы. — Менск: Маст. літ., 1994.
  146. ^ Анемпадыстаў М. Я люблю, калі сьвеціць сонца…, Knihi.com
  147. ^ Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Скарынаўская сімволіка. — Менск, 2009. С. 375.
  148. ^ Русецкий А., Русецкий Ю. Художественная культура Витебска с древности до 1917 года. — Мн.: БелЭн, 2001. — 288 с.: ил. — ISBN 985-11-0215-6.
  149. ^ Рево О. Гербы городов Полоцкой и Витебской губерний Российской империи // Наука и Жизнь. №7, 1998 г.
  150. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 118.
  151. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 71.
  152. ^ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 244.
  153. ^ Хурсік В. Яны адступалі да Парыжу… // Дзеяслоў. № 5, 2003 г.
  154. ^ Вялікае Княства Літоўскае (рас.) Vexillographia.ru Праверана 3 сакавіка 2011 г.
  155. ^ Вымпэл Беларускага параходзтва (рас.) Vexillographia.ru Праверана 11 верасьня 2010 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць