Раман Бандарэнка
Рама́н І́гаравіч Бандарэ́нка (1 жніўня 1989, Менск — 12 лістапада 2020, Менск) — мастак, удзельнік пратэстаў супраць фальсыфікацыяў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, забіты прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі[1][2].
Раман Бандарэнка | |
Дата нараджэньня | 1 жніўня 1989 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 12 лістапада 2020 (31 год) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | маляр |
Узнагароды | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бандарэнка.
Біяграфія
рэдагавацьСкончыў Менскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Праходзіў тэрміновую службу ў 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня(en) (часцы 3214) унутраных войскаў.
Жыў на вуліцы Чарвякова, навучаў дзяцей маляваць. Працаваў адміністратарам, потым дырэктарам адной зь сеткавых крамаў «Востраў чысьціні». Паводле сваякоў, ня меў праблемаў зь міліцыяй, на маршы пратэсту не выходзіў.
Увечары 11 лістапада 2020 году ў Двор Пераменаў(be) у Менску прыехалі людзі ў цывільным з маскамі на тварах і пачалі зразаць вывешаным мясцовымі жыхарамі бел-чырвона-белыя стужкі[3]. Раман Бандарэнка быў сярод мясцовых жыхароў, якія выйшлі ў двор і спрачаліся зь невядомымі[3]. Паводле сьведчаньня відавочцаў, адзін зь невядомых заатакаваў і штурхануў Рамана, але той ухіліўся ад удару. Невядомы спрабаваў затрымаць Рамана, але пазьней зьбег. Аднак адразу жа ў 22:16 Рамана затрымалі людзі ў цывільным з танаваных мікрааўтобусаў[4]. Яны даставілі затрыманага ў Цэнтральную РУУС, дзе таго трымалі да 0:05. Раман Бандарэнка паступіў у бальніцу хуткай мэдыцынскай дапамогі а 00:05 12 лістапада з вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі[5]. Ён знаходзіўся ў затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезлі ў коме[5][6]. Апэрацыя доўжылася некалькі гадзінаў, аднак стан яго пагаршаўся, увечары ён памёр[6][7].
Забойства
рэдагавацьПаводле аналізу наяўных відэазапісаў, невядомы нападнік, які першым ударыў Рамана, мае візуальнае падабенства да Дзьмітрыя Шакуты[8], прафэсійнага баксэра й кікбаксэра, якога зьвязваюць зь Віктарам Лукашэнкам. Таксама за зьбіцьцём Рамана назіраў чалавек, які мае візуальнае падабенства зь Дзьмітрыем Баскавым, бізнэсоўцам і хакейным трэнэрам Мікалая Лукашэнкі(be), якога з Шакутам зьвязваюць сяброўскія дачыненьні. Чалавек, падобны на Баскава, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, пацьвердзіў, што мае імя Дзьмітры. Гэтых асобаў (падобных да Шакуты і Баскава) раней бачылі ў іншых дварах Менску, дзе яны таксама здымалі бел-чырвона-белыя стужкі[9].
Рэакцыя
рэдагавацьУвечары 12 лістапада некалькі тысячаў беларусаў сабраліся ў Двары Пераменаў, каб аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку. На наступны дзень на акцыі памяці выйшлі людзі ў Менску, іншых местах Беларусі і замежжа[3]. Акцыі памяці суправаджаліся затрыманьнямі іх удзельнікаў, напрыклад у Берасьці й Баранавічах[10]. Сьвятлана Ціханоўская выказала шчырыя спачуваньні родным нябожчыка. Яна падкрэсьліла, што Рамана Бандарэнку забілі памагатыя рэжыму Лукашэнкі: «Ён стаў нявіннай ахвярай бесчалавечнай сыстэмы, якая лічыць жыцьці людзей выдаткамі ўлады, і на яго месцы мог апынуцца кожны мірны чалавек».
12 лістапада 2020 году беларускі экзарх Веньямін сустрэўся з курсантамі і выкладнікамі факультэту ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі Беларусі. Падчас сустрэчы экзарх Веньямін заявіў, што выхаваньне цнотаў ваяра-хрысьціяніна патрабуе пастаяннай духоўнай працы, бо: «толькі моцны духам ваяр зможа ня толькі перамагчы, але і пераадолець пачуцьці нянавісьці, агрэсіі і злосьці, якія ўзьнікаюць пры любым супрацьстаяньні. Ён ніколі не зьняважыць пераможанага, ён абароніць бяззбройнага, які яшчэ хвіліну таму быў яго ворагам»[11]. 13 лістапада 2020 году А. Лукашэнка заявіў: «Я шчыра спачуваю бацькам» забітага Рамана Бандарэнкі. Ён згадаў: «Сёньня раніцай… я патэлефанаваў генэральнаму пракурору і сказаў: вазьміце пад сур’ёзны кантроль гэтую крымінальную справу». Лукашэнка прызнаў: «Ужо больш за месяц, у гэтых багатых перш за ўсё кварталах яны вывешвалі бела-чырвона-белыя сьцягі і стужкі там усюды. Нават тросы нацягвалі ад дома да дома і вывешвалі… Мы апошнім часам стварылі дружыны, іх, па-мойму, каля 500 у Менску толькі, і яны таксама хадзілі і зразалі гэтыя сьцягі. У адным з двароў, як мне далажылі, яны прыйшлі зразаць сьцягі. А тыя, хто там жыве і гэтыя стужкі вывешваў (на агароджах, спартыўных пляцоўках), выскачылі з дамоў. І сваркі былі». Урэшце ён адзначыў, што Бандарэнка сьмяротна «траўмаваны быў» тымі, хто зразаў бел-чырвона-белыя сьцягі[12].
У заяве ад 13 лістапада 2020 году ЭЗ зганіў жорсткасьць з боку пераапранутых у цывільнае супрацоўнікаў міліцыі й выказаў спачуваньні сям’і і сябрам Рамана Бандарэнкі[13][14].
15 лістапада ў Менску прайшоў марш памяці Рамана Бандарэнкі. Першапачаткова сілавікі рэжыма Лукашэнкі перашкодзілі ўтварыцца вялікай калёне дэманстрантаў. Людзі разьбягаліся, але ўпарта вярталіся на маршрут да «Плошчы Пераменаў». Супраць дэманстрантаў былі ўжыты спэцсродкі: святлошумавыя гранаты й сьлезацечны газ. Некаторых затрыманых моцна зьбівалі дубінкамі. Марш у Менску завяршыўся разгромам «Плошчы Пераменаў(be)»[15], на якую прыбыла велізарная колькасьць сілавікоў рэжыма Лукашэнкі, якіх было ў некалькі разоў больш, чым пратэстуючых. Усё скончылася масавым затрыманьнем і зачысткаю ды апаганьваньнем мэмарыялу Рамана Бандарэнкі[16][15]. Трансляцыю падзеяў з «Плошчы Пераменаў» вёў «Белсат» (журналісткі тэлеканалу Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова былі пасьля гэтага арыштаваны, а ў лютым 2021 году атрымалі па два гады зьняволеньня[17])[18].
Пратэсты ў памяць Рамана Бандарэнкі таксама прайшлі ў Гомлі, Віцебску, Гародне, Баранавічах, Лідзе, Салігорску, Маладэчне, Жодзіну, Берасьці, Навагадку й іншых гарадох[15].
Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека выказалася наконт забойства й заклікала ўлады да публічнага расьсьледаваньня[19].
19 лістапада 2020 году амбасадар ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе Джым Гілмар(uk) выступіў з заявай адносна забітага Рамана Бандарэнкі й таго, што яго суайчыньнікам не дазволілі аплакваць страту, паколькі сілы бясьпекі ўжылі гвалт, каб разагнаць і арыштаваць больш за 1200 чалавекаў, бязьлітасна зьнесьлі стыхійныя помнікі ў Менску й па ўсёй краіне 15 лістапада, назваўшы такія дзеяньні прыкметай «беспакаранасьці, з якой беларускія сілы бясьпекі працягваюць жорсткае падаўленьне мірных дэманстрантаў»[20].
26 лістапада 2020 году Эўрапейскі парлямэнт абмеркаваў сытуацыю на Беларусі[21][22]. Вынікам абмеркаваньня стала прыняцьце рэзалюцыі «з нагоды працягу парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці забойства Рамана Бандарэнкі», падтрыманай абсалютнай большасьцю дэпутатаў, з заклікам «хуткага, дбайнага, бесстаронняга й незалежнага расьследаваньня сьмерці»[23].
На 27 лістапада 2020 году крымінальная справа па факту сьмерці Бандарэнкі не ўзбуджана, у той час як былі затрыманы па крымінальнае справе журналіст TUT.BY Кацярына Барысевіч і ўрач Арцём Сарокін, якія паведамілі мэдыцынскую інфармацыю, што забіты быў абсалютна цьвярозы, што абвяргае словы Аляксандара Лукашэнкі й Натальлі Качанавай пра тое, што Бандарэнка быў п’яны. Міжнародная амністыя прызнала журналістку й лекара вязьнямі сумленьня. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Барысевіч палітычнай зьняволеннаю[24]. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сказаў, што ўлады змагаюцца не з праблемаю, а са СМІ: «Яны думаюць, што калі прэса ня будзе пісаць пра Бандарэнку, то людзі не даведаюцца пра гэтае. Яны, вядома ж, усё пазнаюць, але СМІ ўсё адно трапляюць пад удар»[25].
9 жніўня 2021 году Дзьмітры Шакута быў унесены ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША за «гвалтоўную атаку на Рамана Бандарэнку» й перадачу яго міліцыі[26][27].
Расьсьледаваньне
рэдагаваць18 лістапада 2020 году тэлеграм-канал «Нехта» абнародаваў гуказапіс тэлефоннай размовы старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Зьмітра Баскава і кікбаксэра Зьмітра Шакуты датычна забойства Бандарэнкі. У размове 12 лістапада 2020 году Шакута згадваў, што «падбег і зваліў» Рамана Бандарэнку ў двары на вуліцы Чарвякова. Таксама Шакута прызнаў, што Бандарэнку зьбівалі пры перадачы зь мікрааўтобуса Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня, у якім ён сам знаходзіўся, у мікрааўтобус АМАПу: «За рукі, за ногі і перадалі АМАПу. Потым, калі тэлефон аддавалі, бачыў, ліхтарыкам падсьвечвалі, як „амалоджваюць“ (то-бок зьбіваюць на слэнгу) яго». У размове Баскаў запытаў пра зьбівальніка: «Хто з гэтых хлопцаў там быў? Іх трое было». Калі Шакута паясьніў, што «з тэлефонам быў, малады», Баскаў выказаў веданьне асобы зьбівальніка, хоць і не назваў яго імя: «Я зразумеў. Я ж стаяў, калі размаўлялі, гаўкаліся»[28]. 27 студзеня 2021 году «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі» апублікавала сваё расьсьледаванне па факце гібелі Рамана Бандарэнкі[29]. Паводле зьвестак BYPOL, дзякуючы атрыманым аўдыёзапісам і білінгу нумароў мабільных тэлефонаў, ім удалося дакладна ўсталяваць кола асобаў, якія маюць дачыненьне да забойства[29]:
- Дзьмітры Шакута (чэмпіён сьвету па тайскім боксе й кікбоксінгу),
- Дзьмітры Баскаў (кіраўнік фэдэрацыі хакея),
- Натальля Эйсмант (прэс-сакратарка Лукашэнкі),
- Ганна Эйсмант (вядучая спартыўных навінаў, сястра мужа Натальлі Эйсмант),
- Павал Воўчак (хакеіст, чалец хакейнай каманды Лукашэнкі),
- Жанета Воўчак (псыхоляг, жонка Паўла Воўчака),
- Сяргей Сарман (супрацоўнік САХР),
- Сяргей Анцюфееў (супрацоўнік САХР),
- Алег Буйкевіч (супрацоўнік САХР),
- Раман Савенка (супрацоўнік САХР),
- Яўген Ціманоўскі (супрацоўнік САХР),
- Руслан Куляшоў (супрацоўнік АМАП),
- Раман Крывашэін (супрацоўнік АМАП),
- Аляксей Бабкоў (супрацоўнік Цэнтральнай РУУС Менску).
18 лютага 2021 году Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі па факце наўмыснага прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула сьмерць па неасьцярожнасьці[30]. 17 верасьня 2021 году Генэральная пракуратура прыпыніла справу, бо не змагла знайсьці, каго прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці[31].
24 верасьня 2021 году «Аб’яднаньне сілавікоў Беларусі» абнародавала зьліў размоваў супрацоўнікаў Галоўнай управы ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму датычна забойства Бандарэнкі. У размове 11 лістапада 2020 году камандзір групы АМАПу Руслан Куляшоў паведаміў камандзіру АМАПу ГУЎС Менгарвыканкаму Дзьмітрыю Балабу, што кікбаксэр Дзьмітры Шакута траўмаваў Бандарэнку пры выкраданьні на вуліцы Чарвякова ў Менску. 12 лістапада 2020 году начальнік ГУЎС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб пацьвердзіў у тэлефоннай размове Балабу, што чэрапна-мазгавую траўму Бандарэнку нанёс Шакута, што засьведчана на выкладзеным у Сеціве відэазапісе[32][31].
Памяць
рэдагаваць24 лістапада 2022 году Бандарэнка быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[33].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Belarus: Mann nach brutaler Attacke in Minsk gestorben (ням.). Der Spiegel. Праверана 2020-11-12 г. Архіўная копія ад 2020-11-12 г.
- ^ James Shotter. (2020-12-02) Violent crackdown fails to silence Belarus protesters (анг.). Financial Times(en). Праверана 2020-12-05 г. Архіўная копія ад 2020-12-02 г.
- ^ а б в Ольга Орлова. Вышел и не вернулся (рас.) // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
- ^ Выкрадзены на «плошчы Пераменаў»" і зьбіты Раман Бандарэнка памёр, Радыё Свабода, 12 лістапада 2020 г.
- ^ а б «Шанцаў зусім мала». Збіты на «плошчы Перамен» Раман Бандарэнка знаходзіцца ў Бальніцы хуткай дапамогі, Наша Ніва, 12 лістапада 2020 г.
- ^ а б Борисевич, Катерина (2020-11-12) «В операционную привезли уже в коме». Неизвестные во дворе снимали ленты, избили парня, он в реанимации (рас.). TUT.BY. Праверана 2020-11-18 г. Архіўная копія ад 2020-11-18 г.
- ^ Памёр збіты Раман Бандарэнка з Плошчы перамен, Наша Ніва, 12 лістапада 2020 г.
- ^ Мужчина в сером костюме, который напал на Романа на «Площади перемен», очень похож на известного спортсмена (рас.). TUT.BY (2020-11-14). Праверана 2020-11-18 г. Архіўная копія ад 2020-11-16 г.
- ^ Бондаренко на Площади Перемен на землю завалил человек, похожий на топ-бойца, который играет в команде Баскова с сыном Лукашенко, Tribuna.by, 14.11.2020 г.
- ^ Служба информации «БГ». В Бресте задерживали на улице, в Барановичах — в аптеке (рас.) // Брестская газета. — № 47 (936). — С. 3.
- ^ Патрыяршы экзарх: Моцны духам воін ніколі не зьняважыць пераможанага // Беларуская праваслаўная царква, 13 лістапада 2020 г. Праверана 21 жніўня 2021 г.
- ^ Лукашэнка даручыў узяць пад сур'ёзны кантроль расьсьледаваньне акалічнасьцей сьмерці Рамана Бандарэнкі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2020 г. Праверана 15 лістапада 2020 г.
- ^ Беларусь: заявление пресс-секретаря Европейской службы внешних действий в связи со смертью Романа Бондаренко (рас.). EEAS - European Commission. Праверана 2020-11-13 г.
- ^ Еўрасаюз прыгразіў Мінску новымі санкцыямі з-за гібелі Рамана Бандарэнкі (бел.). Наша Ніва. Праверана 2020-11-13 г.
- ^ а б в Ольга Орлова. Вышел и не вернулся (рас.) // Брестская газета. — 2020. — № 47 (936). — С. 8.
- ^ nashaniva.by (бел.). Наша Ніва (2020-11-15). Праверана 2021-03-16 г. Архіўная копія ад 2020-11-25 г.
- ^ Польскі прэзыдэнт заклікаў улады Беларусі амніставаць асуджаных журналістак «Белсату» — Радыё Свабода, 18 лютага 2021 г.
- ^ Журналістак «Белсату» Андрэеву і Чульцову пакаралі 2 гадамі турмы за стрым з «плошчы Перамен». ФОТА і ВІДЭА (бел.). Радыё «Свабода» (2021-02-18). Праверана 2021-03-16 г. Архіўная копія ад 2021-03-15 г.
- ^ OHCHR | Press briefing notes on Belarus (анг.). Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (2020-11-13).
- ^ On Human Rights Violations in Belarus (анг.). Амбасада ЗША ў Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе(en) (2020-11-19). Праверана 2020-11-26 г. Архіўная копія ад 2020-11-26 г.
- ^ Відэа // in time Ukraine. 26 ноября 2020.
- ^ Усиление санкций, отмена ЧМ по хоккею и «внутренний терроризм». Евродепутаты эмоционально обсудили ситуацию в Беларуси // TUT.BY, 26.11.2020
- ^ Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси (рас.). TUT.BY (2020-11-26). Праверана 2020-11-26 г. Архіўная копія ад 2020-11-26 г.
- ^ Журналиста TUT.BY Катерину Борисевич перевели в СИЗО на Володарского. Письма ей почти не доходят (рас.). TUT.BY. Праверана 2020-11-30 г. Архіўная копія ад 2020-11-30 г.
- ^ Ходьба по минному полю. Как в Беларуси сейчас работают журналисты (рас.). Нямецкая хваля. Праверана 2020-12-04 г. Архіўная копія ад 2020-12-04 г.
- ^ Treasury Holds the Belarusian Regime to Account on Anniversary of Fraudulent Election (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
- ^ США расширили санкции в отношении официального Минска. Полный список (рас.). ZERKALO.IO(be) (2021-08-09). Праверана 2021-08-10 г. Архіўная копія ад 2021-08-09 г.
- ^ Зьявіўся запіс, як два галасы, падобныя да галасоў Баскава і Шакуты, абмяркоўваюць інцыдэнт з Бандарэнкам // Партал «Наша ніва», 18 лістапада 2020 г. Праверана 29 верасьня 2021 г.
- ^ а б «Нет, алкоголем не пахнет вообще». BYPOL опубликовал свое расследование по факту смерти Романа Бондаренко (рас.). TUT.BY (2021-01-27). Праверана 2021-01-27 г. Архіўная копія ад 2021-01-27 г.
- ^ Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2021 г.
- ^ а б ByPol расказаў новыя акалічнасці падзеяў вакол смерці Рамана Бандарэнкі (бел.) Радыё Свабода. Новы час (2021-09-24). Праверана 2021-09-28 г. Архіўная копія ад 2021-09-27 г.
- ^ Зьявілася дадатковае расьсьледаваньне па сьмерці Бандарэнкі. Якія новыя рэчы адтуль вядомыя? // Партал «Наша ніва», 24 верасьня 2021 г. Архіўная копія ад 27 верасьня 2021 г. Праверана 28 верасьня 2021 г.
- ^ Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Выкладчык Акадэміі мастацтваў шчымліва расказаў пра свайго вучня Рому Бандарэнку, Наша Ніва, 14 лістапада 2020 г.
- Як улады хаваюць свае злачынствы. ВІДЭА // Настоящее время, Свабода, 22 сакавіка 2021 г.