Горкі

горад у Беларусі

Го́ркі — места ў Беларусі, на рацэ Проні. Адміністрацыйны цэнтар Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці. Плошча 22 км². Насельніцтва на 2018 год — 34 008 чалавек[1]. Знаходзяцца за 86 км на паўночны ўсход ад Магілёва, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Пагодзіна (лінія Ворша — Крычаў). Вузел аўтамабільных шляхоў на Воршу, Магілёў, Чавусы, Амсьціслаў, Смаленск.

Горкі
лац. Horki
Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія
Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія
Герб Горак Сьцяг Горак
Першыя згадкі: 1544
Магдэбурскае права: 1619
Былыя назвы: Горы-Горкі, Малыя Горы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Горацкі
Плошча: 22,1 км²
Вышыня: 191 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 34 008 чал.[1]
шчыльнасьць: 1538,82 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2233
Паштовы індэкс: 213410
СААТА: 7220501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 54°17′0″ пн. ш. 30°59′0″ у. д. / 54.28333° пн. ш. 30.98333° у. д. / 54.28333; 30.98333Каардынаты: 54°17′0″ пн. ш. 30°59′0″ у. д. / 54.28333° пн. ш. 30.98333° у. д. / 54.28333; 30.98333
Горкі на мапе Беларусі ±
Горкі
Горкі
Горкі
Горкі
Горкі
Горкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://gorki.mogilev-region.by/

Горкі — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў былі адным з двух местаў (разам з Пружанамі) на тэрыторыі колішняга ВКЛ, вызваленых на пэўны час з-пад расейскага панаваньня. Галоўная мясцовая славутасьць — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, адна з найстарэйшых вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Захаваўся комплекс яе старых карпусоў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Андрэя Баболі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Горкі як сяло ў складзе Горы-Горацкага маёнтку зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 1514 годам. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні князя Друцкага-Горскага. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

У 1584 годзе Горкі перайшлі да Сапегаў. У 1619 годзе Леў Сапега надаў месту[3] «Статут аб вольнасьцях» і «малое Магдэбурскае права». У гэты час паселішча было цэнтрам маёнтку, тут штогод праводзіліся кірмашы. У 2-й палове XVII стагодзьдзя Юры Станіслаў Сапега меў тытул графа «на Горы-Горках».

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у сакавіку 1659 году жыхары Горак узьняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі і доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах аддзел маскоўскіх салдатаў. У 1676 годзе ў месьце існавалі праваслаўнае брацтва і школа. Паводле інвэнтару, на 1683 год — 510 будынкаў, 2 прадмесьці (Казімерава Слабада і Зарэчча), 3 Рынкі, працавалі рамесьнікі 28 спэцыяльнасьцяў[3].

Захаваліся сьведчаньні літоўскай ідэнтычнасьці жыхароў Горак: «сознаютъ отца и матку свою родомъ з Литви, з города Горокъ»[4][5].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Горкі знаходзіліся ў зоне ваенных дзеяньняў. У ліпені — жніўні 1708 году тут разьмяшчаліся расейскія войскі на чале з А. Меншыкавым і Б. Шарамецьцевым. 9 ліпеня — 16 жніўня 1708 году ў Горках спыняўся цар маскоўскі Пётар I. У 1717 годзе мястэчка з ваколіцамі набыў князь А. Меншыкаў і валодаў ім да высылкі ў Сыбір (1727 год). З 1732 году паселішча было ў валоданьні графа М. А. Патоцкага.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Горкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце. На 1780 год у мястэчку дзеялі 3 цэрквы і касьцёл. У 1799 годзе ў Горках і навакольных вёсках спыняўся расейскі паэт Г. Дзяржавін, які напісаў тут вершы «Горкі», «Млынар», «Вішы» і інш. У канцы XVIII стагодзьдзя маёнтак перайшоў у валоданьне графа Л. Салагуба. У 1809 годзе ў Горы-Горацкім маёнтку пачала працаваць мануфактура з фарбавальняй. У 1828 годзе за невыкананьне забавязаньня забясьпечваць харчаваньнем армію Кутузава ў вайну 1812 году, расейскі ўрад канфіскаваў маёнтак у Л. Салагуба.

15 жніўня 1840 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 году — Горы-Горацкі земляробчы інстытут). Дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафэсара батанікі, паводле праекту італьянскага архітэктара А. Кампіёні на тэрыторыі інстытуту заснавалі дэндрарый. У 1841 годзе пачала працаваць Горацкая мэтэастанцыя. У 1846 годзе ў мястэчку, а ў 1847 годзе ў Казімераўскай Слабадзе адкрыліся расейскія пачатковыя народныя школы. У 1852 годзе выйшаў першы том «Запісак Горы-Горацкага земляробчага інстытуту». У пэрыёдыку разьмяшчаліся матэрыялы пра працу навучальнай фэрмы, адлюстроўваліся дасягненьні сельскагаспадарчай навукі таго часу. У 1857 годзе ў мястэчку ўтварыўся легальны прафэсарска-студэнцкі клюб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытаньні і будучую сялянскую рэформу з скасаваньнем прыгоннага права. 26 сьнежня 1861 году Горкі сталі цэнтрам павету Магілёўскай губэрні і зноў атрымалі статус места. У 1862 годзе тут сфармавалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстаньні К. Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны разам зь іншымі студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, выкладаньне ў якой вялося на беларускай мове. 21 красавіка 1862 году паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, у часе якой сьпявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песьні. 24 красавіка 1863 году аддзел Л. Зьвяждоўскага, паплечніка К. Каліноўскага, вызваліў места з-пад расейскага панаваньня, але неўзабаве царскія карнікі здушылі выступленьне. У 1864 годзе за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладнікаў у паўстаньні расейскія ўлады зачынілі земляробчы інстытут і перавялі яго ў Санкт-Пецярбург.

27 жніўня 1867 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гербу Горак: «у залатым полі тры чорныя горкі, з кожнага вырастае адзін зялёны колас»[6]. У канцы XIX стагодзьдзя тут зьявіліся паштовая станцыя, аптэка, пачаў працаваць чыгуналіцейны завод, мэтэастанцыя. На 1904 год у месьце працавалі 10 гатэляў і нумароў, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў, харчэўняў і чайных. Вуліцы асьвятляла 45 ліхтароў. Дзеялі прыватная бібліятэка, таварыства дапамогі бедным, прыватная друкарня, чатыры царквы, пры адной зь якіх — школа граматы (царкоўна-прыходзкая начатковая школа). Падобная школа абслугоўвала і жыдоўскае насельніцтва. У 1917 годзе ўзьнікла Сэкцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школаў, якая займалася вывучэньнем беларускай мовы, пашырэньнем цікавасьці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступы моладзевага тэатра.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[7], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСРГомельскай, а з 1922 году — у Смаленскай губэрні). 10 кастрычніка 1919 году пачала працаваць моладзевая арганізацыя Беларуская сэкцыя студэнтаў. Яна мела на мэце пашыраць сьвядомасьць паміж беларусамі, знаёміць зь літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху. У 1924 годзе Горкі вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. У 1925—1929 гадох у БДСГА выкладаў Ян Серада, у 1926—1928 гадох — Максім Гарэцкі. 28 лістапада 1925 году места наведалі народныя пісьменьнікі Янка Купала і Якуб Колас.

У 1930-я гады было брутальна перапынена рэлігійнае жыцьцё ў Горках. На загад камуністычных уладаў былі зьнішчаныя старадаўнія драўляныя цэрквы і зачынены мураваныя, Сьвята-Мікалаеўская царква была перабудавана ў Акадэмічную бібліятэку, а слабадзкая Спаса-Ўзьнясенская царква была перароблена ў склад, апошняя аднавіла сваю дзейнасьць у час нямецкай акупацыі і дзее да сёньня. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году Горкі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1948 годзе сельскагаспадарчы інстытут рэарганізавалі ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. 5 жніўня 1959 году адкрылася паветраная лінія Горкі — Менск, пачаў працаваць аэрапорт.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVII стагодзьдзе: 1697 — 1 тыс. чал.[3]
  • XVIII стагодзьдзе: 1780—992 чал.; 1785—1491 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1840—2528 чал.[8]; 1856 — 3830 чал.; 1861 — 4464 чал.[9]; 1864 — 3954 чал.; 1868 — 4908 чал. (2497 муж. і 2411 жан., пісьменных адпаведна 696 і 161); 1880 — 4688 чал.; 1882 — 5,1 тыс. чал.[10]; 1888 — 6331 чал., зь іх 3326 юдэяў[11]; 1897 — 6737 чал. (41,3% пісьменныя); 1900 — 7990 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1904 — 7137 чал.; 1909 — 7493 чал.[12]; 1910 — 7990 чал.; 1911 — 7519 чал.[13]; 1933 — 8700 чал.; 1939 — 22,5 тыс. чал.[14]; 1970 — 22 тыс. чал.[15]; 1991 — 32,6 тыс. чал.; 1992 — 32 тыс. чал.[16]; 1997 год — 32,8 тыс. чал.[17]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 — 33,9 тыс. чал.; 2006 — 34,6 тыс. чал.; 2007 — 37,7 тыс. чал.[18]; 2008 — 34,3 тыс. чал.; 2009 — 34,3 тыс. чал.; 2016 год — 33 830 чал.[19]; 2017 год — 34 553 чал.[20]; 2018 год — 34 008 чал.[1]
 
Амфітэатар

Адукацыя

рэдагаваць

У Горках разьмяшчаецца Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Апроч таго, працуюць 5 сярэдніх (адна зь іх гімназія), 1 вячэрняя, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 6 дашкольных установаў.

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць Горацкая цэнтральная раённая лякарня, раённая паліклініка, паліклініка БДСГА, працуе сетка аптэкаў.

Культура

рэдагаваць
 
Дом культуры

Дзеюць 3 бібліятэкі, Горацкі раённы цэнтар культуры і палац культуры БДСГА. На тэрыторыі места ўтварылася ўпарадкаваная зона адпачынку — парк з сажалкамі. Маецца добры досьвед працы школы мастацкіх рамёстваў. Горкі зьяўляюцца месцам правядзеньня сэмінараў, навучаньня супрацоўнікаў школаў рамёстваў, якія працуюць у іншых раёнах.

Мас-мэдыя

рэдагаваць

Сродкі масавай інфармацыі: газэта «Горацкі веснік» (наклад 3620 асобнікаў, пэрыядычнасьць выпуску — 2 разы на тыдзень), газэта БДСГА «Савецкі студэнт» (наклад 1000 асобнікаў, пэрыядычнасьць — 2 разы на месяц), раённае радыёвяшчаньне «Голас Горацкага краю» (выхад у этэр 9 разоў на тыдзень, агульны аб’ём вяшчаньня — 2 гадзіны 50 хвілінаў).

Разам з гэтым у Горках выдаецца прыватная агульнапалітычная газэта «УзГорак» (наклад 1000 асобнікаў, пэрыядычнасьць — 1 раз на тыдзень), штодзённа ў інтэрнэце абнаўляецца сайт пра мясцовыя падзеі www.horki.info. Таксама свае сайты маюць Горацкая гімназія № 1[23] і Горацкі раённы выканаўчы камітэт[24].

Грамадзкія аб’яднаньні

рэдагаваць
Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў Горак
  • Прафкам супрацоўнікаў і выкладчыкаў БДСГА
  • Студэнцкі прафкам
  • ГА «БРСМ»
  • Спартклюб БДСГА
  • Гандбольны клюб «Колас»
  • Падлеткавы клюб «Дыялёг»
  • Беларускае таварыства інвалідаў

Забудова

рэдагаваць

Рэкі Проня, Капылка і Парасіца, а таксама чыгунка падзяляюць тэрыторыю Горак на 3 жылыя раёны: індывідуальнай забудовы, акадэміі і прамысловы. У цэнтральнай частцы месьціцца капітальная 1—2- і 3—5-павярховая забудова, 3—5-павярховыя будынкі знаходзяцца ў мікрараёне і ў паўночнай частцы. Раён БДСГА забудаваны 3—9-павярховымі жылымі дамамі.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Бруцэва-Ерафееўская вуліца Смаленская вуліца
Горкага вуліца Прафэсарская вуліца
Кашавога вуліца Гарыстая вуліца
Крупскай вуліца Сталярная вуліца
Куйбышава вуліца Малая Аршанская вуліца
Леніна вуліца Раманаўская вуліца
Максіма Гарэцкага вуліца Зялёная вуліца Молатава вуліца
40 год Кастрычніка вуліца (1957—1993)
Савецкая вуліца Амсьціслаўская вуліца (частка, да моста)
Шляхецкая вуліца (частка, пасьля моста)
Машэрава вуліца
Сацыялістычная вуліца Салдацкая Слабада вуліца
Сурганава вуліца Палацавая вуліца
Інстытуцкая вуліца
Якубоўскага вуліца Аршанская вуліца
Вялікая Аршанская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца
? Рынак пляц
? Сынагогальны пляц

З урбананімічнай спадчыны Горак да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Азёрная і Красінская.

Мясцовасьці

рэдагаваць

Гістарычныя мясьцовасьці Горак: Казімераўская Слабада (Казімераўскае прадмесьце), Зарэчча (Замясьніцкае прадмесьце), Шыманоўка.

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, харчовай і мясцовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Горак
  • ААТ «Прэма»
  • РУП «ІК-9» ДІН МУС Рэспублікі Беларусь
  • РУВП «Магілёўхлебпрам» філія «Горацкі хлебазавод»
  • ААТ «Малочныя горкі»[25]
  • ААТ «Горкілён»
  • СТАА «Скайфорэст»[26]
  • ПУП «ФМПК „Вітраж“»
  • ПУВП «Прамэтэй» ПУ «АкваКрыстал»

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць
 
Ніжняе возера

Праз Горкі праходзіць турыстычны маршрут «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю»[27]. Спыніцца можна ў гатэлі «Проня» або ў гатэлі БДСГА.

Працуюць «Парнас», кінатэатар «Крыніца», Палац культуры Акадэміі, спартовы комплекс з басэйнам, атлетычнай заляй, саўнай і стадыёнам, клюб; кавярні «Шанс», «Адпачынак», «Лакомка», «Звездочет», «Овертайм», «Ташир», «Версаль»; піцэрыя «Время есть».

Дзеюць Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, музэй Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, мастацкая галерэя.

Славутасьці

рэдагаваць
 
Ушэсьценская царква

Архітэктурныя помнікі:

  • Акадэмія сельскагаспадарчая, комплекс будынкаў (ХІХ—ХХ стагодзьдзі, архітэктар Анжэла Кампіёні)
  • Вязьніца (ХІХ ст.), дзе ўтрымліваліся студэнты-паўстанцы па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня
  • Забудова гістарычная места (ХІХ—ХХ стагодзьдзі; фрагмэнты)
  • Забудова драўляная прадмесьцяў Казімераўскай Слабады і Зарэчча (1-я палова ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Дом Вінакуравых (цяпер Цэнтар эстэтычнага выхаваньня ўпраўленьня адукацыі райвыканкаму)
  • Дом, дзе жылі браты Гарэцкія (знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня)
  • Дом Казімера Пазьдзерскага (канец ХІХ ст.), працяглы час у ім месьціўся раёны аддзел міліцыі
  • Царква Ўшэсьця Гасподняга (1850; мураўёўка)
 
Акадэмія, Прафэсарскі корпус

Помнікі прыроды:

  • Батанічны сад
  • Дэндрапарк

Зоны адпачынку:

  • Акадэмічныя сажалкі — Верхняя ды Ніжняя
  • Аршанская сажалка
  • Белы ручай
  • Дзіцячы парк

Помнікі:

  • Два лысыя балваны на тэрыторыі Акадэмгарадку
  • Могілкі юдэйскія
  • Надмагільны камень удзельніку паўстаньня 1863—1864 гадоў В. Дамарацкаму
  • «Скорбящая мать» — помнік зьнішчанай у кастрычніку 1941 году габрэйскай супольнасьці (звыш 2500 расстраляных), выкананы ў савецкім стылі
  • «Тры халасьцякі» — помнік загінулым абаронцам Горак у часы II Сусьветнай вайны

Іншае:

  • Конна-спартовая школа
  • Першая ў Расейскай імпэрыі дрэнажная сыстэма ды навукова-дасьледчыя гароды (Рытаўскія гароды)
  • Мазэпава гара

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Помнікі грамадзянскай архітэктуры:

  • Вадзяны млын на рацэ Парасіца
  • Дом, дзе жылі браты Гарэцкія, па-барбарску зьнішчаны ў 2012 годзе
  • Замак (XVI ст.)
  • Палац графаў Салагубаў
  • Тэатар графаў Салагубаў

Помнікі сакральнай архітэктуры:

Страчаныя ў 30-я гады XX стагодзьдзя:

  • Царква Прачыстай Багародзіцы (1776)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1852, мураваная)
  • Царква Сьвятой Тройцы

Навучальныя ўстановы:

  • Дзяржаўная гімназія (мужчынская)
  • Кніжны фонд бібліятэкі Акадэміі страчаны ў час Другой Сусьветнай вайны, сярод згубленага — рарытэтныя выданьні зь бібліятэкі князёў Дандуковых-Корсакавых
  • Прыватная жаночая гімназія
  • Школа праваслаўнага брацтва (1667[28]), першая вядомая навучальная ўстанова ў Горках
  • Школа прыходзкая (XVII ст.; Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія)[30]
  • К. Булавін — кіраўнік сялянскага вызвольнага антырасейскага паўстаньня, загінуў у ліпені 1708 году
  • Браты Гарэцкія
  • Войцех Дамарацкі — студэнт Горы-Горацкага земляробчага інстытуту, удзельнік паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863—1864); загінуў у час вызваленьня Горак з-пад расейскага панаваньня
  • Л. Зьвяждоўскі, паплечнік нацыянальнага героя К. Каліноўскага.
  • Уладзімер Ісаенка — археоляг
  • Васіль Каваль — беларускі пісьменьнік
  • Мікалай Купчын — філёзаф
  • Іван Рыдар — палкоўнік, казацка-сялянскі аддзел якога дзеяў у 1659 годзе каля Горак і нават учыніў аблогу Горскага замка, захопленага расейскімі акупантамі
  • Казімер Леў Сапега — заснавальнік прадмесьця Слабада (50-я гады XVII ст.)
  • Леў Сапега — уладальнік Горы-Горак у XVII стагодзьдзі

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 105.
  3. ^ а б в Ліўшыц У. Горкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 546.
  4. ^ Лазаревский А. Малороссийские посполитые крестьяне (1648-1783 гг.). — Киев, 1908. С. 58.
  5. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 67.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 151.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 459.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 460.
  10. ^ Sulimierski F. Horki // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 125.
  11. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 462.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 461.
  14. ^ Ліўшыц У. Горкі // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 90.
  15. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  16. ^ Ліўшыц У. Горкі // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 89.
  17. ^ Ліўшыц У. Горкі // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 360.
  18. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 458.
  19. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Горкі — парафія Маці Божай Бялыніцкай і Сьвятой Ганны, Catholic.by
  22. ^ Царква эвангельскіх хрысьціянаў «Міласэрнасьць» (рас.)
  23. ^ Горацкая гімназія №1(недаступная спасылка) (рас.)
  24. ^ Горацкі раённы выканаўчы камітэт (рас.)
  25. ^ ААТ «Малочныя горкі» (рас.)
  26. ^ СТАА «Скайфорэст» (рас.)
  27. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  28. ^ а б Блог краязнаўца Ўладзімера Ліўшыца
  29. ^ Горки в 18 столетии, Горкі online
  30. ^ Марозава С. Униатская система образования, Pawet.net

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць