Іва́н Іва́навіч Ціцянко́ў (нарадзіўся 5 лістапада 1953 году, в. Клеявічы, Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь. 1-ы кіраўнік справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (1994—1999).

Іван Ціцянкоў
1-ы кіраўнік справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
4 жніўня 1994 — 6 сьнежня 1999
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір (да 18 лістапада 1996), Сяргей Лінг
Наступнік Уладзімер Ганчарэнка
Дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
15 траўня 1990 — 14 траўня 1995
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч (да 21 ліпеня 1994), Міхаіл Чыгір
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся5 лістапада 1953 (71 год)
Клеявічы, Касьцюковіцкі раён, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
ПартыяКамуністычная партыя Беларусі (1985—1990)
АдукацыяБеларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (1981)
Сужэнец жанаты
Дзеці двое

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У чэрвені 1973 году скончыў Клімавіцкі саўгас-тэхнікум (Магілёўская вобл.). У 1973—1975 гг. служыў у Савецкім войску. У 1975—1976 гг. працаваў заатэхнікам(en) у саўгасах «Дубрава» (в. Белая Дубрава, Касьцюковіцкі раён) і «Брацкі» (в. Брацькавічы, Касьцюковіцкі раён), калгасе «Ленінская іскра» (в. Муравільле, Пралетарскі сельсавет, Касьцюковіцкі раён). У 1976—1977 гг. — галоўным заатэхнікам, а ў 1977—1985 г. — кіраўніком саўгасу «Каўгарскі» (в. Каўгары, Асіпавіцкі раён, Магілёўская вобл.). У 1981 г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (Горкі, Магілёўская вобл.). У 1985—1990 гг. — на савецка-партыйных пасадах. З траўня 1990 г. па травень 1995 г. — дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня ад Краснапольскай выбарчай акругі № 300, на пасаду якога абраўся ў якасьці 1-га сакратара Краснапольскага раённага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі. На пасадзе дэпутата быў сакратаром Камісіі па праблемах ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1992—1994 гадах адначасна быў камэрцыйным кіраўніком фонду «Спадчына Чарнобыля» (Вугоршчына). Таксама выступіў заснавальнікам сумесных прадпрыемстваў «Эспрэс-Сэрвіс-Брама» і «ТаймІнвэст». Тым часам, артыкул 1 Закона аб барацьбе са злачыннасьцю ў сфэры эканомікі ад 15 чэрвеня 1993 году забараняў дзяржаўным службоўцам займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю[1].

На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. быў даверанай асобай і спонсарам А. Лукашэнкі. 17 чэрвеня 1994 году пад Лёзнам (Віцебская вобласьць) быў саўдзельнікам інсцэнаваньня абстрэлу свайго «Мэрсэдэса», на якім вёз А.Лукашэнку, што паспрыяла абраньню апошняга прэзыдэнтам[1]. 4 жніўня 1994 году заняў толькі створаную пасаду кіраўніка справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь[2], на якой заставаўся да адстаўкі 6 сьнежня 1999 году. 16 траўня 1995 году, праз 2 дні пасьля неканстытуцыйнага рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўных герба і сьцяга, зьняў з будынка Рэзыдэнцыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на той час яшчэ дзяржаўны бела-чырвона-белы сьцяг і парваў яго на кавалкі, паставіўшы на іх свой подпіс з датай. Пасьля ўзьняў над Рэзыдэнцыяй чырвона-зялёны сьцяг[3]. У жніўні 1995 г. стварыў у падпарадкаваньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі прадпрыемства «ГандальЭкспа» («ТоргЭкспа»), якое да закрыцьця ў 1999 г. пазьбегла падаткаабкладаньня ў Беларусі і Расеі ($4 млрд) на больш як $4,5 млрд ў выніку адмысловага прэзыдэнцкага распараджэньня[4]. Зь лютага 2000 г. па 2001 г. быў кіраўніком аддзелу лягістыкі ў расейскім прадпрыемстве «Ітэра» (Масква). У наступным перайшоў на працу ў будаўнічае прадпрыемства. У 2011 годзе вярнуўся ў Менск, дзе ўладкаваўся ў прыватнае прадпрыемства[5].

ГандальЭкспа

рэдагаваць

У жніўні 1995 г. Іван Ціцянкоў стварыў у падпарадкаваньні галоўнай гаспадарчай управы Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўнае гандлёва-экспазыцыйнае прадпрыемства «ГандальЭкспа» («ТоргЭкспа») са статутным капіталам 59 млн рублёў ($5,12 тыс.)[6] і сядзібай за Менскім заводам лядоўняў «Атлянт» па пр. Машэрава, д. 61 (цяпер пр. Пераможцаў)[7]. 22 лістапада А. Лукашэнка падпісаў Распараджэньне № 230 «Аб падатковых ільготах дзяржаўнаму гандлёва-экспазыцыйнаму прадпрыемству „ГандальЭкспа“» пад грыфам «Не для друку» з 2 пунктаў. Першы пункт абвяшчаў: «З мэтай забесьпячэньня насельніцтва Рэспублікі Беларусь таварамі народнага спажываньня напярэдадні новага года вызваліць прадпрыемства „ГандальЭкспа“ ад выплаты мытаў, акцызаў і падатку на дададзеную вартасьць … на падставе кантрактаў, узгодненых з Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Другі пункт распараджэньня прадпісваў: «накіроўваць сродкі, захаваныя „ГандальЭкспа“, у спэцыяльны фонд прэзыдэнта»[4]. 23 лістапада «ГандальЭкспа» заключыў з ангельскім ТАА «Саюзнае разьмеркаваньне» (анг. Union Distribution) дамову аб пастаўцы ў Беларусь 50 відаў тавараў на агульную суму $500 млн. У сьпісе тавараў значыліся: аўтамабілі, малако, мяса і «іншыя прамысловыя тавары». Адзін з пунктаў кантракта прадугледжваў: «На даручэньне Пакупніка плацяжы могуць ажыцьцяўляцца трэцімі асобамі на рахункі, названыя Прадаўцом, зь пісьмовай згоды абодвух бакоў», што дазволіла выкарыстаць падатковыя льготы староньнімі прадпрыемствамі. 30 лістапада 1-ы намесьнік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь Вікенці Макарэвіч падпісаў распараджэньне «Аб пропуску грузаў фірмы „ГандальЭкспа“». Большасьць пастаўленых тавараў склалі падакцызныя заходнеэўрапейскія алькагольныя напоі і цыгарэты, што «ГандальЭкспа» рээкспартаваў у Расею. Вызваленьне ад падаткаабкладаньня перавысіла $320 млн, што раўнялася каля 10% даходаў дзяржаўнага каштарысу Беларусі і пераўзышло агульныя выдаткі дзярж.каштарысу на адукацыю, навуку і культуру[8].

За студзень — сакавік 1996 году «ГандальЭкспа» увезла ў Беларусь тавараў на суму $176 млн, што склала 24% ад $732 млн агульнага імпарту ў краіну за 1-ы квартал году. У тым ліку за люты 1996 г. «ГандальЭкспа» паставіла ў Беларусь тавараў на $113,6 млн, зь якіх сьпіртовых напояў (пераважна гарэлкі) на $100 млн (88%), рэшту сумы склалі раскошныя аўтамабілі[9]. 29 лютага 1-ы намесьнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Расеі(ru) Валер Круглікаў падпісаў Указаньне № 01-14/220ДСП «Аб афармленьні тавараў, увозімых з Рэспублікі Беларусь» у сувязі са «зьвесткамі аб масавым увозе на мытную тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з Рэспублікі Беларусь тавараў, раней імпартаваных туды арганізацыяй „ГандальЭкспа“ бяз сплаты мытаў, прадугледжаных Пагадненьнем аб Мытным зьвязе». У выніку ў красавіку на чыгуначных станцыях Калодзішчы, Мачулішчы (Менскі раён) і Радашкавічы (Маладэчанскі раён, Менская вобласьць) скапілася 380 вагонаў з гарэлкай, якія ахоўвалі ўнутраныя войскі Беларусі, бо на расейскай мяжы часова сталі патрабаваць сплаты мыта[8]. Наступствам стаў 17-кратны рост гандлю алькаголем у Беларусі за 1996 г., хоць яго вытворчасьць у краіне скарацілася на 1/3. Мытны зьвяз з Расеяй, які прадугледжваў адсутнасьць дагляду на беларуска-расейскай граніцы, дазволіў «ГандальЭкспа» пазьбегнуць выплаты звыш $4 млрд расейскіх мытаў, акцызаў і падаткаў да закрыцьця прадпрыемства ў 1999 годзе[10].

  1. ^ а б Сяргей Антончык. Даклад на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі 20 сьнежня 1994 г. // Свабода : газэта. — сьнежань 1994. — № 49.
  2. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 жніўня 1994 г. № 19 «Аб стварэньні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Валер Леванеўскі, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.
  3. ^ Ціцянкоў рве бел-чырвона-белы сьцяг // Газэта «Наша ніва», 13 траўня 2012 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.
  4. ^ а б Канстанцін Скуратовіч. Чаго няма, таго і ня будзе // Новы час : газэта. — 22 жніўня 2014. — № 31 (400). — С. 6. — ISSN 2218-2244.
  5. ^ Уладзімер Глод. Ад Антановіча да Янчэўскага, альбо Дваццаць паплечнікаў Лукашэнкі // Радыё «Свабода», 23 чэрвеня 2014 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.
  6. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 1995 год (11 525 руб. за $) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2000 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.
  7. ^ Аляксандар Кур’яновіч. Рэфэрэндум-1996 у Беларусі паміж бяздарным Шарэцкім і гатовым на ўсё Лукашэнкам // Газэта «Наша ніва», 29 лістапада 2015 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.
  8. ^ а б Газэта «Беларускі час». Гаманец Лукашэнкі (рас.) // «Хартыя’97», 9 жніўня 2001 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.
  9. ^ Ася Трацюк. Кансэрванты і фарбавальнікі як складовыя часткі беларускай антыкарупцыйнай стравы  (рас.) = Консерванты и красители как составные части белорусского антикоррупционного блюда // БелГазета : газэта. — 9 ліпеня 2001. — № 26 (292). — ISSN 1684-4742.
  10. ^ Расейскія дэпутаты прапануюць расьсьледаваць карупцыю ў асяродзьдзі Лукашэнкі // «Хартыя’97», 7 кастрычніка 2010 г. Праверана 12 сьнежня 2015 г.