Клаўдзі Дуж-Душэўскі
Клаўдзі Дуж-Душэўскі (27 сакавіка 1891, паводле іншых зьвестак 26 красавіка, Глыбокае — 25 лютага 1959, Вільня, паводле іншых зьвестак Коўна) — беларускі архітэктар, выдавец, журналіст, грамадзкі дзяяч. Лічыцца аўтарам эскізу бел-чырвона-белага сьцяга — дзяржаўнага сьцяга Беларускай Народнай Рэспублікі.
Клаўдзі Дуж-Душэўскі лац. Kłaŭdzi Duž-Dušeŭski | |
Клаўдзі Дуж-Душэўскі, 1920-я гады | |
Род дзейнасьці | архітэктар, выдавец, журналіст, грамадзкі дзяяч |
---|---|
Дата нараджэньня | 27 сакавіка 1891 |
Месца нараджэньня | Глыбокае, Дзісенскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 25 лютага 1959 |
Месца сьмерці | Вільня, паводле іншых зьвестак — Коўна, Летувіская ССР |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст, дыплямат, архітэктар, палітык |
Навуковая сфэра | выдавецтва |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускі навукова-літаратурны гурток[d] і Віленская беларуская рада |
Узнагароды | |
Біяграфія
рэдагавацьСкончыў Віленскую рэальную вучэльню. Іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Янкі Купалы. У 1912—1917 вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. Удзельнічаў у выданьні часопіса «Раніца». Паводле яго сьведчаньня, стварыў эскіз беларускага нацыянальнага сьцяга. У 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені — кастрычніку 1917 сябра яе ЦК і прэзыдыюму. Удзельнік Зьезду беларускіх нацыянальных арганізацыяў (сакавік 1917 г., Менск), Усерасейскай дэмакратычнай нарады (верасень 1917 г., Петраград) і іншых.
У 1918 працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкаму. Пасьля распаду БСГ (лета 1918) у Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. З красавіка 1919 году ў Вільні: сябра Беларускага нацыянальнага камітэту, старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны (травень — ліпень 1919), узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай вайсковай камісіі. У восень 1919 — дыпляматычны прадстаўнік ураду БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7 лютага 1921. Зьехаў у Летуву ў Коўна.
У 1920—1930-я гады працаваў у міністэрствах беларускіх справаў, замежных справаў, сувязі Летувы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтру ў Летуве, Летувіска-Беларускага таварыства. У 1927 ён скончыў факультэт будаўніцтва Летувіскага ўніверстітэта ў Коўна (факультэт адлучаны і ператвораны ў Ковенскі тэхналягічны ўнівэрсытэт), атрымаўшы спэцыяльнасьць інжынэра-будаўніка, пасьля чаго працаваў інжынэрам у праектным бюро Дубянецкага.
Пасьля далучэньня Летувы да СССР Дуж-Душэўскі трапіў у савецкую турму. Падчас нямецкай акупацыі яго за дапамогу габрэям кінулі ў нацысцкі канцлягер. За ратаваньне габрэяў Клаўдыюш і Алена Дуж-Душэўскія пасьмяротна 13 красавіка 2004 г. атрымалі ўзнагароду ад прэзыдэнта Літвы. Гэта адбылося на просьбу габрэйскай супольнасьці ў Літве.[1][2]
У 1944—1946 працаваў дацэнтам у Ковенскім унівэрсытэце. У 1946—1947 арыштаваны савецкімі ўладамі. У лютым 1952 году Душэўскі як «актыўны беларускі нацыяналіст» быў ізноў арыштаваны і асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня ў савецкіх канцлягерах. Вызвалены ў красавіку 1955. Працаваў у інстытуце «Летбудпраект»
Пахаваны ў Коўне.
Творчасьць
рэдагавацьАўтар дзясяткаў будынкаў у Коўне, Панявежы, Клайпедзе, Шаўлях. Рэдактар часопісаў «Беларускі сьцяг» і «Беларускі асяродак».
Менавіта ён на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў і арнамэнтаў стварыў у свой час эскіз сьцяга БНР. У сьнежні 1917 году ў Менску падчас Усебеларускага зьезду бел-чырвона-белы сьцяг ужо адзінадушна ўважаўся за нацыянальны сымбаль Беларусі.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Луцкевіч Л. Барацьбіт і будаўнік / Л. Луцкевіч // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 3 мая. — С. 13.
- Луцкевіч Л. Заслужыў пашану нашчадкаў / Л. Луцкевіч // Голас Радзімы. — 1991. — 2 мая. — 18. — С. 4—5.
- Радкевіч С. Душэўскі (Дуж–Душэўскі) // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3 — С. 269—270.
- Радкевіч С. Душэўскі (Дуж–Душэўскі) // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 322.
- Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак.
- Рудовіч С. Палітык, асветнік, дойлід / С. Рудовіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. Сачанка і інш. — Мн., 1995. — С. 126—129.