Беларуская школа ў Латвіі (1926)

беларускі часопіс у Латвіі

«Беларуская школа ў Латвіі» — штомесячны навукова-папулярны, пэдагагічны і літаратурна-грамадзкі часопіс беларускай меншасьці ў Латвіі, заснаваны як орган «Таварыства беларускіх вучыцялёў» і пэдагагічны дадатак да газэты «Голас беларуса». Выдаваўся на беларускай мове ў Рызе (1926—1929, 1932—1933). З № 4 (1933) выходзіў раз у 2 месяцы. Адказны рэдактар Канстанцін Езавітаў.

Беларуская школа ў Латвіі
Тэматыка навукова-папулярны, пэдагагічны і літаратурна-грамадзкі часопіс беларускай меншасьці ў Латвіі
Краіна Латвія
Заснавальнік Таварыства беларускіх вучыцялёў
Галоўны рэдактар Канстанцін Езавітаў
Дата заснаваньня 1926
Мова беларуская

Уздымаў актуальныя грамадзка-палітычныя і асьветніцкія пытаньні жыцьця беларускай меншасьці, шырока асьвятляў работу і становішча беларускіх гімназій і школ у Латвіі. Арганізацыю ў іх навучальнага працэсу, пытаньні асьветы, дзейнасьць «Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі» і «Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі», друкаваў іх статуты, зварот-заклік і праграму па зьбіраньні беларускага фальклёру. Пісаў пра гістарычныя падзеі 1917—1919 на Беларусі, у т. л. пра Усебеларускі зьезд, узьнікненьне Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасьць яе лідэраў, паведамляў пра нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі.

Зьмясьціў нарысы «Беларусь у мінулым і сучасным» Езавітава, «Літоўская мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі» Даўгялы, «Люцынскі замак у канцы XVI ст.» Ластоўскага (пад псэўданімам Власт), «Ахова помнікаў старажытнасьці на Віцебшчыне» Брэжгі, «Як вучыць у новай школе» Луцкевіча, «да гісторыі зьбіраньня і германізацыі беларускай народнай песьні» і інш. Значную ўвагу аддаваў культурнаму жыцьцю ў Савецкай Беларусі, пісаў пра пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага тэатру, яго кіраўніка Міровіча, Беларускі дзяржаўны музэй, Акадэмічную канфэрэнцыю 1926, Усебеларускую нараду архівістаў.

На старонках часопіса зьмешчаны артыкулы пра дырэктара Дзьвінскай беларускай гімназіі Сахарава і іншых пэдагогаў, грамадзкага дзеяча і мовазнаўца Тарашкевіча, з нагоды 50-годзьдзя Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, матэрыялы ў сувязі са сьмерцю Райніса і пра яго ролю ў грамадзкім жыцьці беларускай меншасьці, творы В. Вальтара, П. Масальскага (пад псэўд. П. Сакол), В. Нікановіч-Сахаравай (пад псэўд. В. Лепельчанка), Я. Воркуля, С. Сьлядзеўскага, А. Наваміра, пераклады на беларускую мову твораў Райніса, А. Упіта, рэцэнзіі і анатацыі на выдадзеныя ў Латвіі зборнікі беларускіх пісьменьнікаў, «Славенскі зборнік» (выд. ў Югаславіі) і інш. Інфармаваў пра дзейнасьць беларускага народнага тэатру ў Рызе, Дні беларускай культуры ў Латвіі, рабіў агляды культурнага жыцьця беларусаў у Летуве, Заходняй Беларусі, Чэхаславаччыне.

Выйшлі 24 нумары. Закрыты пасьля ўсталяваньня дыктатуры Карліса Улманіса.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць