Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі — дзяржаўнае сховішча дакумэнтаў Беларусі XIV—XX стагодзьдзяў, заснаванае ў 1938 годзе на аснове Магілёўскага гістарычнага архіва і перавезенае ў 1963 г. у Менск.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі | |
Абрэвіятура | НГАБ |
---|---|
Папярэднік | Магілёўскі гістарычны архіў |
Дата ўтварэньня | 5 ліпеня 1938 (86 гадоў таму) |
Тып | Сховішча дакумэнтаў |
Юрыдычны статус | Дзяржаўная ўстанова |
Месцазнаходжаньне | Менск, вул. Крапоткіна, д. 55 |
Кіраўнік | Зьміцер Яцэвіч |
Сайт | www.niab.by |
Колішняя назва | Цэнтральны гістарычны архіў БССР (да 1992 г.) |
Гісторыя
рэдагавацьАд заснаваньня ў архіве зьмясьцілі дакумэнты агульнабеларускага значэньня з былых архіваў судоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і беларускіх земляў Расейскай імпэрыі, як і з былых архіваў магістратаў і ратушаў беларускіх местаў, прыватных асобаў, Віленскага архіва старадаўніх актаў і Віцебскага архіва старадаўніх актавых кніг. На пачатак 1941 г. архіў зьмяшчаў 1560 фондаў абсягам звыш 382 тыс. справаў. Пад час другой сусьветнай вайны большасьць дакумэнтаў разрабавалі і вывезьлі ў Нямеччыну і Рыгу (Латвія). Вярнуць удалося 38 054 справы (10%) з 700 адзінак захаваньня. У 1947 г. архіву перадалі дарэвалюцыйныя дакумэнты зь дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай вобласьцяў. Зь пераводам у Менск (вул. Казлова, д. 26), паводле Пастановы Савету міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 г., да архіва дадалі дарэвалюцыйныя дакумэнты зь Дзяржаўнага архіва Менскай вобласьці і старадаўнія акты з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Горадні. У 1992—1995 гадах знаходзіўся ў складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. атрымаў сучасны назоў і адрас.
Склад
рэдагавацьАрхіў зьмяшчае пэргамэнтныя прывілеі ХIV-ХVII стагодзьдзяў вялікіх князёў літоўскіх на землі і маёнткі, а местам — на магдэбурскае права, як і актавыя кнігі судоў ХV-ХVIII стагодзьдзяў. Разам налічвае каля 6 тыс. актавых кніг на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах зь вялікакняскімі прывілеямі, граматамі, фундушовымі запісамі, тэстамэнтамі (завяшчаньнямі), інтрамісіямі, дэкрэтамі і інвэнтарамі. Таксама зьмяшчае мэтрычныя кнігі цэркваў, касьцёлаў і сынагогаў за XIX—XX стагодзьдзі[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Да 75-годзьдзя заснаваньня Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 ліпеня 2013 г. Праверана 8 ліпеня 2013 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Афіцыйны сайт дзяржаўнай установы.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Фондавы каталёг дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |