Слуцкі збройны чын

(Перанакіравана з «Слуцкае паўстаньне»)

Слуцкі збройны чын або Слуцкі фронт Беларускай Народнай Рэспублікі[1], таксама Беларуска-савецкая вайна[2] — спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і сьнежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялянаў, трымалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў 15 валасьцях[3] і чынілі супраціў савецкім войскам[4].

Слуцкі збройны чын
лац. Słucki zbrojny čyn
Дата: 27 лістапада — 31 сьнежня 1920
Месца: Слуцкі павет
Вынік: Параза і здушэньне
Супернікі
БНР БНРРасейская Савецкая Фэдэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка Расейская СФСР
Колькасьць
Сьцяг краіны або тэрыторыі 1-я Слуцкая брыгада стралкоў
  • каля 4000 чалавек
Сьцяг краіны або тэрыторыі Чырвоная армія
Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За ім — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.

Мэты і прычыны паўстаньня

рэдагаваць

Мэты: непадзельная Беларусь у сваіх этнічных межах, усталяваньне рэспублікі і прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама незалежнасьць ад Польшчы і Расеі.

Прычыны:

  • Падзеленасьць Беларусі паміж Польшчай і Расеяй паводле варункаў прэлімінарнага міру ў Рызе, складзенага паміж Польшчай, Расеяй і УССР. Прадстаўнікоў ад Беларусі на тых перамовах не было, таму ніхто не лічыўся з інтарэсамі беларусаў.
  • Мяжа якраз праходзіла лініяй Кіевічы — рака Лань такім спосабам, што Слуцак знаходзіўся ў нэўтральнай зоне, разьмешчанай уздоўж гэтай лініі.
  • Палітыка «ваеннага камунізму», якую праводзіла Расея.

Перадгісторыя

рэдагаваць

Рыская дамова

рэдагаваць
 
Граніца паміж Польшчай і СССР згодна з Рыскай дамовай

Паводле Рыскай дамовы, падпісанай 12 кастрычніка 1920 году паміж Польшчай, РСФСР і УССР, усталёўваліся новыя дзяржаўныя межы, якія дзялілі Беларусь і Ўкраіну на дзьве часткі. Беларуская дэлегацыя ўвогуле не была запрошаная на перамовы — ані ад Беларускай Народнай Рэспублікі, ані ад марыянэткавай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іофэ, увогуле, прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да Бярэзіны) наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову.[5]

Водле дамовы, дэмаркацыйная лінія Кіевічы — Лань ішла такім чынам, што раён вакол Слуцку на пэўны час апынуўся ў нэўтральнай зоне перад тым, каб быць занятым Чырвонай арміяй.

Нацыянальны рух на Случчыне

рэдагаваць

Асноўнай рухаючай сілай Слуцкага збройнага чыну сталася сялянства, якое супраціўлялася савецкай палітыцы ваеннага камунізму і падтрымлівала ідэю незалежнасьці Беларусі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 году. Збройны чын узначалілі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і шляхты.

Слуцак быў важным рэгіянальным цэнтрам нацыянальнага руху. У 1918 годзе ў горадзе быў утвораны Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале з Паўлам Жаўрыдам.

Савецка-польская вайна і Слуцак

рэдагаваць

Падчас Польска-савецкай вайны 1919—1920 гг. Случчына некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі ад палякаў да бальшавікоў. Нарэшце, 11 кастрычніка 1920 году горад апынуўся пад кантролем палякаў.

Інфармацыя пра падзел Беларусі паміж Польшчай і бальшавікамі выклікала хвалю абурэньня ў беларускім грамадзтве. Непасрэдна пасьля ўсталяваньня польскай улады ў горадзе аднаўляе сваю дзейнасьць Беларускі Нацыянальны Камітэт. Пачынаюць стварацца аддзелы беларускай самаабароны. Ствараецца міліцэйскі корпус з 500 чалавек.

Польскія вайскоўцы, якія рыхтаваліся да зыходу, не перашкаджалі стварэньню беларускіх аддзелаў. Многія зь іх былі беларусамі і спачувалі самаабароне.

Сярод беларускага кіраўніцтва не было адзінства што да стратэгіі дзеяў. Існавала фракцыя прыхільнікаў супрацоўніцтва з палякамі. Зь іншага боку, некаторыя дзеячы выступалі за спробы перамоваў з бальшавікамі. Праз гэтыя супярэчаньні было згублена шмат часу. Толькі ў лістападзе 1920 году польская адміністрацыя перадала ўладу Беларускаму камітэту. У навакольных вёсках былі праведзеныя выбары мясцовых камітэтаў.

Мясцовыя прадстаўнікі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, асноўных прыхільнікаў ідэі незалежнасьці Беларусі, прапанавалі склікаць Зьезд, каб пацьвердзіць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Случчыны. Былі запрошаныя дэлегаты ад кожнай воласьці (па 5) і мясцовых беларускіх арганізацыяў (па 1).

Зьезд Случчыны

рэдагаваць

14 лістапада 1920 году ў доме Эдварда Вайніловіча[6], які знаходзіўся побач са Слуцкай гімназіяй,[7] пачаў працу Зьезд Случчыны. У яго складзе былі 107 дэлегатаў з навакольля Слуцку, а таксама некалькі прадстаўнікоў арміі генэрала Булак-Балаховіча.

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыў Паўла Жаўрыда сваім камісарам на Случчыне.

На Зьезьдзе была абраная Рада Случчыны, у склад якой увайшлі Ўладзімер Пракулевіч (старшыня), Васіль Русак, Павал Жаўрыд і яшчэ 15 асобаў. Яе задачамі была арганізацыя грамадзянскага кіраваньня на Случчыне, а таксама арганізацыя абароны краю.

Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлях, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі:

Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Сваёй Бацькаўшчыны.


Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і да гэтуль, і мы, аддаючы справе адбудованьня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцьця, зьвертаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы…

Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнографічных граніцах!

Зьезд праходзіў 2 дні, і за гэты час удзельнікі паказалі адзінагалоснасьць у прыняцьці рашэньняў, чаго да гэтага ня бачылі ні на адным зьезьдзе. Празь некалькі дзён была зацьверджаная дэклярацыя Рады Случчыны, у якой яна абавязвалася «цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад насільляў з боку чужаземных захватчыкаў…» Была аб’яўлена мабілізацыя ў міліцыю, па мястэчках і вёсках пачалі ўтварацца нацыянальныя камітэты ў падтрымку Рады.

Вайсковая падрыхтоўка

рэдагаваць
 
Сьцяг Першага Слуцкага палка. Вільня, 1921. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык

Вайсковае камандаваньне было перададзенае тройцы на чале з Паўлам Жаўрыдам. Рада абвясьціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэньне вайсковых аддзелаў. Было мабілізавана каля 4000 чалавек (па некаторых зьвестках 10 000) на чале з Паўлам Чайкам. Рада сфармавала два палкі: Першы Слуцкі полк пад кіраваньнем падпалкоўніка Паўла Чайкі і Другі Грозаўскі полк на чале з капітанам Лукашам Семянюком. Гэтыя два палкі ўтварылі Слуцкую брыгаду пад камандаваньнем Антона Сокала-Кутылоўскага. Камандаваньне войскамі было разьмешчанае ў Семежаве праз наступаючыя бальшавіцкія армія.

Слуцкі збройны чын быў актыўна падтрыманы беларускімі незалежнікамі па ўсёй краіне, значная частка якой была тады акупаваная Польшчай.

З Горадні даслалі сьцяг з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Вайсковая Рада БНР, якая выконвала функцыі міністэрства абароны, даслала ў Слуцак вайсковых спэцыялістаў. Хутка пры Слуцкай брыгадзе быў добра арганізаваны вайсковы шпіталь і суд.

Слуцкая Рада мела шчыльныя кантакты з арміяй Булак-Балаховіча і плянавала каардынаваць дзеяньні зь ёй.

21 лістапада Рада Случчыны зрабіла новую дэклярацыю:

У момант самаазначэньня ўсіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашае бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб дамаганьнях-намерах беларускага сялянства аб тым, што Беларусь павінна быць вольнай незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.


Абвяшчаючы аб гэтым і, зьяўляючыся выразіцелкай волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа, нягледзячы на колькасную перавагу ворага, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе.[8]

Бальшавікі ўжо падыходзілі да Асіпавічаў і Старых Дарог. Рада загадала ўсім вайсковым фармаваньням і дабравольцам згрупавацца ля Семежава 24 лістапада. У Слуцку прайшла дэманстрацыя.

22 лістапада былі разьмеркаваны камандзірскія пасады і аб’яўлены загадам па Слуцкім палку I Брыгады стральцоў БНР. Камандзірам першага батальёна быў прызначаны падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, другога — капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, трэцяга — капітан Аляксей Колпак. Пасаду начальніка гаспадарчай часьці заняў прапаршчык Кашкарэвіч. Паручнік Кахановіч выконваў абавязкі ад’ютанта. Роты ўзначалілі: 1-ю — паручнік Якуб Гузьней; 4-ю — Аляксандар Савановіч; 5-ю — паручнік Павал Бранавіцкі[9].

Баявыя дзеі

рэдагаваць

26 лістапада пачаліся баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі. 26—27 лістапада 1920 году на адлегласьці 35—49 км адбыліся сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі атрадамі Слуцкай брыгады.

Слуцкая брыгада зрабіла некалькі пасьпяховых атак побач зь вёскамі Капыль, Цімкавічы і Вызна. Супраць беларускіх войскаў білася Омская дывізія бальшавікоў. Па ўсім 100-кілямэтровым фронце Капыль — Цімкавічы — Вызна бальшавікі вымушаны былі адступіць. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім бракавала зброі і амуніцыі.

Ішлі баі ля вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Верабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютавічы, Мацкевічы, Садовічы, Морач. Слуцкая брыгада вызваліла некалькі вёсак ад бальшавікоў.

Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі партызанскі супраціў. Да беларускіх аддзелаў далучалася больш і больш людзей. Слуцкая рада заклікала жаўнераў Чырвонай арміі пераходзіць на беларускі бок. Многа салдатаў так і зрабілі, бо сярод іх было шмат расейскіх сялянаў, якія таксама не падтрымлівалі камуністаў. Бальшавікі былі вымушаныя кінуць супраць беларускага войска аддзелы з латышоў і кітайцаў.

Напачатку сьнежня быў затрыманы пасыльны да бальшавікоў. Зь ім быў ліст камандзіра Слуцкага палка Чайкі, у якім апісваліся ўсе хібы і справы паўстанцаў. Чайка быў арыштаваны, але ўцёк з-пад варты прадзёршы страху. За гэта 3 сьнежня былі зьнятыя з пасадаў: начальнік выведкі Мірановіч, яго намесьнік Яўген Рэўт і камандзір Першай Слуцкай Брыгады Анастас Анцыповіч. Начальнікам контрвыведкі прызначаны Тодар Янушэнка. Першым Слуцкім палком стаў камандаваць Ахрэм Гаўрыловіч.

4 сьнежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі. Беларускія аддзелы ўпарта абараняліся, але вымушаныя былі пакінуць Вызну. Нястачы зброі і набоеў сталася няўдачай у баі пад вёскай Ёдчыцы 6 сьнежня. Пад ціскам 7 сьнежня беларускія часткі пакінулі Семежава. Рада Случчыны і беларускі штаб былі перанесеныя ў Подчыцы, а потым у вёску Грыцэвічы. Не хапала амуніцыі, харчаваньня, сярод паўстанцаў пачалася эпідэмія тыфу.

Случакі перайшлі да партызанскіх дзеяў. Дзякуючы гэтаму 10 сьнежня былі вызвалены ад бальшавікоў вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а ўначы на 12 сьнежня вёску Старынь. У ночы 13 сьнежня беларускія аддзелы адбілі ў бальшавікоў Семежава, дзе захапілі вялікую колькасьць амуніцыі. У гэтай апэрацыі вызначыліся ваяры пад камандай А. Курыловіча.

Але 15 сьнежня дзень паўстанцы былі вымушаныя зноў пакінуць Семежава, а беларускі галоўны штаб быў перанесены ў вёску Морач. 17 сьнежня Найвышэйшая Рада БНР прызначыла капітана А. Якубецкага галоўнакамандуючым войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

У ночы з 17 на 18 сьнежня беларусы перайшлі ў наступ і зноў выбілі бальшавікоў зь Семежава і Вызны. Але 19 сьнежня саветы зноў захапілі гэтыя мясцовасьці і беларусы адышлі да вёскі Смолічы. У канцы сьнежня стала ясна, што Беларускае войска больш ня можа супрацьстаяць чырвонай навале. На нарадзе ў Баранавічах было прынятае рашэньне аб спыненьні ваенных дзеяньняў і адводзе беларускіх аддзелаў на тэрыторыю, занятую палякамі. 28—31 сьнежня 1920 году больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу, былі раззброены польскімі ўладамі.

Афіцэраў і стральцоў інтэрніравалі ў Беласток, дзе яны сядзелі да красавіка 1921 году, а потым іх перавезьлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца траўня 1921 году[10][11].

Тых, хто вярнуўся на радзіму, на Случчыну, ГПУ-НКУС спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстаньня. Аднак літаральна праз 7—8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, дзе яны і памерлі.

З афіцэраў так загінулі: падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч і паручык Багушэвіч. Капітан Анастас Анцыповіч і Самусевіч былі неафіцыйна выданы палякамі бальшавікам і пасьля зьдзекаў і катаваньняў расстраляныя. Паручык Бранявіцкі забіты падасланымі ў Польшчу агентамі НКУС. Паручык Нікадзім Кернажыцкі і Тодар Янушэнка арыштаваны НКУС і сасланыя ў Сыбір на цяжкія прымусовыя работы ў 1939 годзе. Прапаршчык Рудзік расстраляны ў 1940 годзе. Сябра Рады, Юліян Сасноўскі, ня вытрымаўшы зьдзекаў з боку польскай адміністрацыі, скончыў жыцьцё самагубствам.

Празь дзеяньні паўстанцаў-случчакоў нават за мяжой даведаліся пра тое, што ў Беларусі ёсьць нездаволеныя несправядлівасьцю і зьдзекамі, прымусам і гвалтам улады.

 
Помнік «Змагарам за волю Беларусі» ў Мітэнвальдзе, усталяваны беларускай дыяспарай Нямеччыны да 28-годзьдзя паўстаньня

15 красавіка 1921 году на старонках віленскай газэты Наша думка надрукавалі песьню інтэрнаваных 1 Слуцкай Брыгады стральцоў[12] і верш былога ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну «На сьмерць Піліпа Валоцькі» з наступнымі радкамі[13][14]:

 

На той стужцы, бел-чырвона-белай,
Літары напісаны крывёю
Тут ляжыць сын Беларусі мілай,
Што пайшоў цярнёвай каляёю.

 

З 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца пэўнай часткай беларускага грамадзтва як Дзень Герояў. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавіцкае паўстаньне, гэтаксама як і ўсё зьвязанае зь Беларускай Народнай Рэспублікай.

У 1948 годзе ў нямецкім горадзе Мітэнвальдзе каля Альпаў беларускімі эмігрантамі быў пастаўлены помнік у гонар Слуцкіх паўстанцаў[15].

У 1966 годзе чальцы «Згуртаваньня беларусаў Канады» купілі фэрму ў правінцыі Антарыё, пазьней гэтыя мясьціны сталі базай адпачынку, якая атрымала назву Слуцак — у гонар Слуцкага паўстаньня[16].

Напачатку 1990-х гадоў па ініцыятыве БНФ у вёсках Грозава, Семежава (Капыльскі раён) і Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) былі ўсталяваны памятныя крыжы ў гонар паўстанцаў. Гэтая месцы выбралі таму, што менавіта з гэтымі месцамі зьвязаны асноўныя падзеі 1920 году. Крыж, які быў усталяваны ў Чырвонай Слабадзе, зьнішчаны вандаламі[16].

Да падзеяў Слуцкага збройнага чыну зьвярнуліся ў сваіх песьнях бард Андрэй Мельнікаў («Слуцкія палкі») і гурт Dzieciuki («Случчакі»).

Мастацкая літаратура

рэдагаваць

Бібліяграфія

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Вінцук Вячорка SŁUCAK. Ці Slutsk? Беларуская лацінка, трансьліт і рэпутацыя слаўнага гораду, Радыё Свабода, 28 траўня 2020 г.
  2. ^ Сяргей Абламейка, «Гісторыя на Свабодзе». Калі і як БНР цэлы месяц вяла вайну супраць Савецкай Расеі, Радыё Свабода, 22 лістапада 2023 г.
  3. ^ Сідарэвіч А. Дзе ў Беларусі былі арганізаваныя паўстанні супраць камуністаў? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 65.
  4. ^ Сурмач Г. Што такое Слуцкі збройны чын? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 66.
  5. ^ А. Грыцкевіч. Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
  6. ^ Віншуем з днём Герояў - з 91-й гадавінай Слуцкага збройнага чыну!
  7. ^ Ігар Ціткоўскі Случчына у малюнках Напалеона Орды
  8. ^ Вялейская арганізацыя ТБМ: Слуцкі збройны чын
  9. ^ Ніна Стужынская «ЗЯЛЁНЫ ДУБ» // Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг.. — 2-е выд. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 85. — 384 с.
  10. ^ Паўстанцы. Ліст ад беларускіх паўстанцаў 1-ае Слуцкае брыгады стральцоў войск БНР з Беластоцкага канцэнтрацыйнага лагера. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 29 красавіка 1921. — № 17. — С. 6.
  11. ^ Ванагас. У лагеры інтэрнаваных. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 6 траўня 1921. — № 18. — С. 3.
  12. ^ Песьня інтэрнаваных 1 Слуцкай Брыгады стральцоў. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 6 траўня 1921. — № 18. — С. 3.
  13. ^ Дык-Дзеля. На сьмерць Піліпа Валоцькі. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 15 красавіка 1921. — № 15. — С. 3.
  14. ^ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. / Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. — Менск, 2006. С. 322.
  15. ^ Беларусы замежжа ўшанавалі герояў Слуцкага паўстаньня, Радыё Свабода
  16. ^ а б Памятные места в честь слуцких повстанцев

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць