Белпошта
«Белпошта» — беларускае дзяржаўнае прадпрыемства паштовай сувязі, утворанае ў верасьні 1995 году. Да 1 жніўня 2004 году — дзяржаўнае аб’яднаньне. Займае паноўнае становішча на рынку паштовых паслуг краіны[1]. На 2010 год улучала 6 абласных падразьдзяленьняў, вузлы паштовай сувязі ў 117 раённых цэнтрах з 118 і 3744 аддзяленьні, амаль 3000 зь якіх знаходзіліся ў вёсках. Між імі курсавалі каля 1300 міжабласных, міжраённых і ўнутрыгарадзкіх паштовых самаходаў. Агульная колькасьць працаўнікоў складала каля 30 тысячаў чалавек[2]. Штогод дастаўляе каля 300 мільёнаў лістоў[3]. На 2011 год штодзень перасылала 650 тыс. лістоў і 10 тыс. пасылак, прымала 500 тыс. плацяжоў і 23,5 тыс. грашовых пераводаў, распаўсюджвала 1,2 млн. асобнікаў друкаваных сродкаў масавай інфармацыі[4]. На 2012 год дзель справавой перапіскі ў адпраўленьнях складала 2/3[5].
Тып | урадавае прадпрыемства |
---|---|
Дэвіз | Хуткасьць, надзейнасьць, даступнасьць |
Заснаваная | верасень 1995 |
Уласьнікі | Савет міністраў Рэспублікі Беларусь |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, пр. Незалежнасьці, д. 10 |
Ключавыя фігуры | Ірына Саксонава |
Галіна | сувязь |
Прадукцыя | паслугі перасылкі |
Лік супрацоўнікаў | 30 тыс. (2010) |
Матчына кампанія | Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь |
Паслугі рэдагаваць
Прадпрыемствам ажыцьцяўляецца прыём, апрацоўка, перавозка, дастаўка і ўручэньне ўнутрыкраёвых і міжнародных адпраўленьняў паштовак, лістоў, бандэроляў, пасылак, пакетаў і мяшкоў з друкаванымі выданьнямі, у тым ліку з паведамленьнем аб уручэньні і аплачаным адказам. Таксама ажыцьцяўляецца продаж і гашэньне знакаў паштовай аплаты, продаж міжнародных адказных купонаў і пасылачных скрыняў, прыём падпіскі, дастаўка пэрыядычных выданьняў і пэнсіяў, пераадрасаваньне выпісаных выданьняў, паштовая рэкляма і лічбавая сувязь (сеціўны гандаль, тэлеграма, тэлефанаваньне, факс, электронная пошта). Суправаджальныя паслугі ўлучаюць упакоўваньне, аздабленьне і захоўваньне адпраўленьняў, праверку складу пасылкі паводле вопісу, захоўваньне даверанасьцяў на атрыманьне адпраўленьняў, запаўненьне адраса і вопіса да адпраўленьня, пісьмовае паведамленьне аб зьмене адраса, захоўваньні, дасылцы і вяртаньні адпраўленьня, рамонт і даваньне ў карыстаньне паштовых скрыняў.
Крыніцы рэдагаваць
- ^ Марына Носава. «Белпошта» ўключаная ў Дзяржрэестар суб’ектаў гаспадараньня, якія займаюць дамінавальнае становішча на таварных рынках Беларусі // БелаПАН, 14 сакавіка 2011 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
- ^ Валянціна Доўнар. «Хуткасьць, надзейнасьць, даступнасьць» — гэта ня проста словы // Зьвязда : газэта. — 9 кастрычніка 2010. — № 198 (26806). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Натальля Кузьміцкая. «Белпошта» прэзэнтавала вытворчае ноў-хаў // Белтэлерадыёкампанія, 19 сьнежня 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
- ^ У Беларусі павысіліся тарыфы на міжнародныя паштовыя адпраўленьні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 1 лістапада 2011 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
- ^ Яўген Пуставой. Сёньня беларускія паштальёны адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята // Белтэлерадыёкампанія, 9 кастрычніка 2012 г. Праверана 30 сьнежня 2013 г.
Вонкавыя спасылкі рэдагаваць
- Афіцыйная бачына (бел.)(анг.)(рас.)