100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі
100-годзьдзе Белару́скай Народнай Рэспу́блікі — шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Беларусі і па-за яе межамі ў 2018 годзе, прысьвечаных 100-годзьдзю з моманту прыняцьця Радай БНР Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 году, згодна зь якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Кульмінацыяй адзначэньня юбілею стаў канцэрт і мітынг у Менску на Дзень Волі, 25 сакавіка 2018 году.
Падрыхтоўка
рэдагавацьУ кастрычніку 2017 году Symbal.by і «Арт Сядзіба» пачалі грамадзкую кампанію #БНР100[1].
13 лістапада 2017 году на інтэрнэт-пляцоўцы petitions.by была створана пэтыцыя за ўшанаваньне памяці пра БНР, у якой ініцыятары прапаноўвалі ўстанавіць на будынках у Менску, Горадні і Магілёве, зьвязаных зь дзейнасьцю БНР, памятныя дошкі (у тым ліку працы Алеся Шатэрніка) і бела-чырвона-белыя сьцягі. Менгарвыканкам у адказ на пэтыцыю абмежаваўся адпіскай у выглядзе апісаньня заканадаўства ў сфэры стварэньня і прыёмкі твораў манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва[1][2].
Менск
рэдагаваць15 студзеня 2018 году на сядзібе Партыі БНФ у Менску адбылося пашыранае пасяджэньне аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Агулам прысутнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку мастакі Мікола Купава і Алесь Марачкін, лідэры незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, сустаршыні аргкамітэту партыі БХД Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, лідэр руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідэр незарэгістраванага руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык[3]. Было вырашана правесьці ў Менску на Дзень Волі масавую вулічную акцыю ад плошчы Якуба Коласа і па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці прайсьці да плошчы Свабоды[3], аднак, паводле словаў чыноўнікаў зь Менгарвыканкаму, у гэты час там будзе каталіцкі Вербны кірмаш[4]. Таксама плянавалася прыняць зварот да ўладаў, каб прызнаць Дзень Волі афіцыйным сьвятам, усталяваць мэмарыяльныя дошкі, зьвязаныя са стварэньнем БНР і яе гісторыяй, правесьці сьвяточныя канцэрты ды іншыя мерапрыемствы[3].
26 лютага 2018 году Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў аргкамітэту па сьвяткаваньні 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі адклікаць ранейшую заяўку[5] і правесьці сьвяточныя мітынг і канцэрт у парку імя Янкі Купалы або каля Опэрнага тэатру ў Менску. У выпадку згоды яны таксама прапанавалі сваю гукаўзмацняльную апаратуру, вызваліць ад аплаты за паслугі хуткай дапамогі і міліцыі, згодныя ўсталяваць памятны знак да 100-годзьдзя БНР[4]. Паводле Рыгора Кастусёва, кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і справах моладзі Менгарвыканкаму Павал Скалабан у прыватнай размове прапанаваў абмеркаваць усталяваньне памятнай дошкі на доме Маліна па адрасе вуліца Валадарскага, 9, у якім 25 сакавіка 1918 году і была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата. Таксама стала вядома, што менскія ўлады могуць усталяваць у раёне парку Янкі Купалы памятны знак братам Івану і Антону Луцкевічам, адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху (сацыялістычнага кірунку) у пачатку ХХ стагодзьдзя[5].
Гэтая прапанова выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на пасяджэньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных сябраў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру[6]. Аргкамітэт утварыў групу з васьмі чалавек для перамоваў у Менгарвыканкаме аб правядзеньні сьвяточнага мітынгу і канцэрту каля Опэрнага тэатру[5].
1 сакавіка 2018 году Менгарвыканкам дазволіў мітынг і канцэрт 25 сакавіка на Дзень Волі, прысьвечаныя публічнаму адзначэньню і сьвяткаваньню сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мітынг і канцэрт прайшлі з 14:00 да 19:00 на плошчы Парыскай Камуны перад Опэрным тэатрам, збор удзельнікаў на пляцоўцы — з 13:00 да 14:00[7]. Мерапрыемства прайшло пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці»[6].
Чыноўнікі Менгарвыканкаму запэўнілі арганізатараў, што на дазволеным мерапрыемстве ня будзе забараняцца выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі[7].
2 сакавіка на сайце Talaka.by за тры гадзіны было сабрана 6000 беларускіх рублёў на бронзавую копію дошкі, створанай беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1990-я гады, якую ўлады пагадзіліся павесіць дошку на доме Маліна ў Менску, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Неабходнасьць у новай дошцы ўзьнікла праз дрэнны стан старой, непрывабны матэрыял (сылумін), нежаданьне ўладаў узгадняць надпіс тарашкевіцай на дошцы[8][9].
5 сакавіка Мікалай Статкевіч разам зь іншымі прыхільнікамі шэсьця 25 Сакавіка прыйшлі пад дзьверы ўправы Партыі БНФ, нягледзячы на перанос сустрэчы аргкамітэту #БНР100 «у сувязі з рознагалосьсямі». Палітык патлумачыў адсутнасьць на сходзе арганізатараў канцэрту немагчымасьцю для іх супрацоўнічаць з арганізатарамі шэсьця. Каб разьвязаць рознагалосьсі, Статкевіч прапанаваў падзяліць аргкамітэт на дзьве працоўныя групы: арганізацыі канцэрту і шэсьця. За такое рашэньне прагаласавалі ўдзельнікі сходу. Кіраўніком працоўнай групы арганізацыі канцэрту зь ініцыятывы Статкевіча сход абраў дырэктара крамы symbal.by Паўла Белавуса, які на сходзе не прысутнічаў. Другая працоўная група падала ў Менгарвыканкам яшчэ адну заяўку на правядзеньне шэсьця[10].
6 сакавіка працоўная група па правядзеньні шэсьця вызначыла час і маршрут дэманстрацыі. Пачатак шэсьця пад назвай «Марш годнасьці і волі» заплянаваны на 12:00 на плошчы Якуба Коласа. 7 сакавіка была пададзена заяўка на правядзеньне шэсьця па маршруце плошча Якуба Коласа — праспэкт Незалежнасьці — плошча Перамогі — вул. Кісялёва — вул. Багдановіча — плошча Парыскай камуны. Статкевіч заявіў, што ў выпадку адмовы шэсьце пойдзе маршрутам плошча Якуба Коласа — праспэкт Незалежнасьці — вуліца Янкі Купалы — плошча Парыскай камуны[11][12].
У той жа дзень Менгарвыканкам даў дазвол Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ на правядзеньне 24 сакавіка з 12:00 да 16:00 у Кіеўскім сквэры Менску мітынгу і канцэрту, прысьвечанага стогадоваму юбілею ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі[13].
7 сакавіка ў менскім парку Янкі Купалы пастаўлены памятны знак у гонар ідэолягаў беларускай дзяржаўнасьці братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Памятны знак разьмешчаны непадалёку ад музэю Янкі Купалы, дзе браты жылі ў 1896—1906 гадох. Урачыстае адкрыцьцё знаку адбылося 13 сакавіка аб 11-й гадзіне[14][15]. Помнік адкрывала стрыечная пляменьніца Луцкевічаў, Маргарыта Сяргееўна Пярова. У час цырымоніі адкрыцьця старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў запрасіў усіх прысутных на канцэрт ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка[16].
12 сакавіка генэральным партнёрам «Сьвята Незалежнасьці» стала беларускае незалежнае інфармагенцтва БелаПАН[17].
21 сакавіка міліцыя затрымала ініцыятараў шэсьця 25 сакавіка: Максіма Вінярскага, Уладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка[18].
21 сакавіка на плятформе talaka.org была сабраная неабходная для правядзеньня канцэрту і іншых мерапрыемстваў сума ў памеры 35 310 рублёў. Частка сродкаў была перанакіравана на сьвяточныя мерапрыемствы ў Горадні, Берасьці і Слуцку, дзе краўд-кампаніі запускаліся ў апошні момант[19].
У канцэрце ўзялі ўдзел гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру» і іншыя выступоўцы. Меркавалася, што на канцэрце выступіць таксама Лявон Вольскі, але ягоны выступ у Беластоку ў той жа дзень арганізатары не пажадалі перанесьці[20]. Яго песьні на канцэрце выканала ягоная дачка Адэля Вольская[21].
Дзень Волі
рэдагаваць25 сакавіка быў затрыманы ініцыятар правядзеньня шэсьця Мікалай Статкевіч[22]. На самой плошчы Якуба Коласа, дзе мусіла пачацца шэсьце, праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек[23].
Берасьце
рэдагавацьУ Берасьці 5 сакавіка аргкамітэт па ўшанаваньні 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі падаў заяўку на правядзеньне 25 сакавіка мітынгу і вулічнага фэсту ў цэнтры гораду, на вуліцы Савецкай[24]. Спачатку ўладамі быў дадзены вусны «неафіцыйны» дазвол на сьвяткаваньне юбілею[25]. 13 сакавіка Берасьцейскі гарвыканкам ухваліў заяўку на правядзеньне сьвяточнага фэсту 25 сакавіка, але перанёс мерапрыемства зь меркаваньняў бясьпекі з вузкай вуліцы на плошчу Свабоды[26].
Фэст пачаўся а 13 гадзіне і працягваўся да 17-й гадзіны. Адкрыў яго паўгадзінны мітынг, на якім выступалі палітычныя і грамадзкія актывісты гораду, а таксама прадстаўнікі берасьцейскіх уладаў. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» і іншую сымболіку, зьвязаную з адзначаемай падзеяй. Музычную частку адкрыў выступ духавога аркестру Берасьця, працягваўся фэст рок-канцэртам, на якім выступалі гурты B:N:, Cad Coddeu, Re1ikt, Zolki Band і «Спрат». Працавалі сувэнірны кірмаш, фатазоны і дзіцячыя пляцоўкі. Паралельна з музычнай пляцоўкай праходзілі майстар-клясы рамесьнікаў, а рэканструктарскія клюбы аднавілі эпоху Беларускай Народнай Рэспублікі[26].
Горадня
рэдагавацьСпачатку ўладамі быў дадзены вусны «неафіцыйны» дазвол на сьвяткаваньне юбілею[25]. У Горадні прадстаўнікоў аргкамітэту, якія падавалі заяўку, запрасілі на 12 сакавіка ў гарвыканкам абмеркаваць фармат адзначэньня[27]. 13 сакавіка гарвыканкам ухваліў заяўку на сьвяточны канцэрт-мітынг 25 сакавіка ў Калоскім парку. Збор удзельнікаў быў прызначаны на 13 гадзіну, канцэрт-мітынг пачаўся а 14 гадзіне і працягваўся да 17 гадзіны. У час канцэрту працаваў фудкорт і сувэнірны кірмаш. Улады дазволілі прыносіць бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. На канцэрт быў запрошаны гурт N.R.M.[28].
23 сакавіка прайшла літаратурная вечарына, а на 24 сакавіка была заплянавана беларуская дыктоўка[28].
Ліда
рэдагавацьУ Лідзе мясцовыя ўлады і грамадзкія актывісты разам правялі канцэрт 25 сакавіка. Канцэрт пачаўся а 16-й гадзіне ў вялікай залі Лідзкага гісторыка-мастацкага музэю. За першую частку канцэрту адказвалі гарадзкія ўлады, другую частку правялі незалежныя актывісты, якія запрасілі сябраў літаратурнай суполкі «Суквецьце» і музыкаў. На канцэрце па дамоўленасьці з уладамі была толькі сымболіка сьвяткаваньня[29].
Слуцак
рэдагавацьУ Слуцку была пададзена прапанова «далучыцца да сьвяткаваньня», стварыць рэгіянальны аргкамітэт правядзеньня ўрачыстых мерапрыемстваў[30].
25 сакавіка ад 12:30 у слуцкім гарадзкім Доме культуры прайшоў сьвяточны канцэрт, на якім выступалі бард Зьміцер Бартосік, сьпявак Алесь Дзянісаў, вядомы па гуртах «Кальян», «Людзі на балоце» і «Dzieciuki» (у той жа дзень гурт выступіў у Менску). Адміністрацыя ДК і Слуцкі гарвыканкам паставілі вельмі добрыя ўмовы, у тым ліку нізкія цэны на арэнду памяшканьня. Быў абвешчаны збор сродкаў. Рэшткі сумы плянавалі накіраваць на стварэньне сайту пра Слуцкі збройны чын[31].
Салігорск
рэдагаваць20 сакавіка Салігорскі райвыканкам даў дазвол на правядзеньне 25 сакавіка з 14:00 да 16:00 сьвяточнага мітынгу на стадыёне «Будаўнік». Заяўнікамі мерапрыемства выступілі актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу Валеры Гарбацэвіч, Мікалай Шаравар і Мікалай Зімін. Пры гэтым на мітынгу не дазволілі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і мэгафоны[32].
Баранавічы
рэдагаваць16 сакавіка Баранавіцкі гарвыканкам дазволіў правесьці ў горадзе 25 сакавіка канцэрт і мітынг у гарадзкім парку з 12:00 да 16:00 з умовай аплаты працы камунальных службаў, міліцыі і мэдыкаў. Праз адсутнасьць грошай арганізатары сьвяткаваньня заявілі пра магчымую адмену мерапрыемства[33].
У выніку 25 сакавіка ў горадзе адбылося два мерапрыемствы. З раніцы — мітынг ў парку імя 30 год УЛКСМ, а пасьля абеду ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў (вуліца Горкага, 20) адбыўся ўрачысты сход, арганізаваны Баранавіцкай гарадской арганізацыяй ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». На мерапрыемстве выступілі гісторыкі і актывісты гораду, музычныя калектывы гораду[34][35].
Іншыя гарады
рэдагаваць7 сакавіка сябры руху «За свабоду» падалі заяўкі на мітынгі, прысьвечаныя 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Баранавічах, Віцебску і Магілёве. У Баранавічах заяўка пададзеная на вулічны фэст, кірмаш і мітынг, у Віцебску — мітынг і канцэрт у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў (заяўка пададзеная ад імя абласной арганізацыі Партыі БНФ), таксама плянаваліся ўскладаньні кветак і вечарына-канцэрт на прыватнай сядзібе. У Магілёве заяўку падалі на інфармацыйны пікет у цэнтры гораду каля кінатэатру «Радзіма» на пешаходнай вуліцы Ленінскай, экскурсію па гарадзкіх мясьцінах, зьвязаных з БНР, канцэрт, а таксама круглы стол «Шляхі станаўленьня Беларускай дзяржаўнасьці». Мерапрыемствы, прысьвечаныя БНР, працягнуліся да 31 сакавіка — у гэты дзень 1918 году грамадзкасьць гораду на сходзе падтрымала абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі[30][36]. Аднак чыноўнікі не дазволілі пікет у цэнтры гораду, прапанаваўшы перанесьці яго на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, удалечыні ад людных вуліцаў[37].
У Гомлі мясцовы аргкамітэт раней заплянаваў экскурсію і невялікі канцэрт-віктарыну ў мясцовым грамадзка-палітычным цэнтры (вул. Палеская, 52) з удзелам бард-сьпявачкі Вольгі Цярэшчанкі[30]. Актывісты таксама падалі заяўку на вялікі канцэрт, але гарадзкія ўлады адказалі адмовай, патлумачыўшы гэта немагчымасьцю прадставіць залю гарадзкога Цэнтру культуры[20].
15 сакавіка Пружанскі райвыканкам афіцыйна задаволіў заяву ТБМ на правядзеньне сьвяточнага канцэрту ў Пружанах 25 сакавіка, які адбыўся ў Палацы культуры. Таксама адбылося ўскладаньне кветак да помніку фальклярысту і стваральніку Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлі БССР Рыгору Шырму[38].
19 сакавіка Віцебская міліцыя запатрабавала за ахову мітынгу да 100-годзьдзя БНР непамерна велізарную суму, якую арганізатары аплаціць няздольныя: 30 заўленых удзельнікаў мітынгу будуць ахоўваць 15 міліцыянтаў, праца якіх будзе каштаваць 865 рублёў[39].
20 сакавіка мясцовыя ўлады Кобрыні далі дазвол на правядзеньне пікету 25 сакавіка да 100-годзьдзя БНР, які прайшоў з 11:00 да 15:00 на адкрытай пляцоўцы перад галоўным уваходам у Кобрынскі палац культуры на вуліцы Леніна, 4[40].
Канфэсіі
рэдагаваць25 сакавіка ў катэдральных касьцёлах Менску і Магілёва маліліся за Беларусь. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў сымбалічнасьць таго, што незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчана менавіта 25 сакавіка, у каталіцкае сьвята Зьвеставаньня[41]. 19 сакавіка на сайце Catholic.by зьявіўся поўны тэкст малітвы[42][43].
20 сакавіка мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павал (Панамароў) заявіў, што Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ня будзе праводзіць асобную малітву за Беларусь 25 сакавіка ў гонар 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, каб не палітызаваць малітву і набажэнства[44].
Культурныя і навуковыя мерапрыемствы
рэдагаваць15 сакавіка 2018 году ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адкрылася часовая экспазыцыя «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасьці», якая працавала да 7 траўня. У экспазыцыю ўключаны Трэцяя Устаўная грамата, арыгінальныя сьпісы дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу 1917 году, дакумэнты Народнага Сакратарыяту і Рады Народных Міністраў БНР, пячатка Рады БНР, якую насіў Вацлаў Ластоўскі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў тых падзеяў. На адкрыцьцё 14 сакавіка былі запрошаныя гісторыкі, навукоўцы, дэпутаты, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, а таксама партыйныя і грамадзкія актывісты. У поўным складзе прыйшло кіраўніцтва Партыі БНФ: старшыня Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч, Юрый Чавусаў. Таксама прысутнічалі дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і Алена Анісім, якія выступілі з прамовамі[45].
Заплянавана стварэньне часовай экспазыцыі аб дзейнасьці Таварыства беларускай драмы і камэдыі (філія «Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры»), а таксама арганізацыя тэматычнага кінапаказу дакумэнтальных і мастацкіх стужак «БНР. Час провозглашения» (1993), «Аркадий Смолич» (1992), «На Черных лядах» (1995) у філіі музэю «Музэй гісторыі беларускага кіно»[1].
Літаратурным музэем Янкі Купалы плянуецца правядзеньне выставы «Абуджаная жалейка», прысьвечанай цыклу патрыятычных вершаў Янкі Купалы 1918 году, натхнёных першым крокам да незалежнасьці Беларусі. Музэем гісторыі беларускай літаратуры будзе падрыхтавана літаратурна-дакумэнтальная перасоўная выстава «1918 у літаратуры і друку» (перадумовы стварэньня БНР, асобы, гісторыя, факты, адукацыя, навука, культура, літаратурнае замежжа)[1].
15–16 сакавіка Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў Міжнародную навуковую канфэрэнцыю «Беларуская Народная Рэспубліка ў гістарычным лёсе беларускай дзяржаўнасьці»[45], па выніках якой будзе выдадзены зборнік матэрыялаў[1]. У рамках мерапрыемства прэзэнтаваны грунтоўны гістарычны нарыс «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасьці. Да 100-годзьдзя абвяшчэньня», які быў падрыхтаваны аўтарскім калектывам навукоўцаў інстытуту і сыстэматызуе найважнейшыя этапы і падзеі, якія спрычыніліся да ўстанаўленьня беларускай дзяржаўнасьці на пачатку ХХ стагодзьдзя[46].
Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму разаслала лісты ва ўсе раённыя музэі з рэкамэндацыяй правесьці творчыя мерапрыемствы да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка[47].
Стаўленьне ўладаў Беларусі
рэдагавацьУлады Беларусі не зрабілі ніякіх заяваў з нагоды юбілею абвяшчэньня БНР. Афіцыйныя СМІ цалкам праігнаравалі дату.
Міжнародная рэакцыя
рэдагаваць- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда зьвярнуўся зь віншавальным лістом да беларусаў з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі[48]:
25 сакавіка 1918 году была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У 100 гадавіну гэтай падзеі ўсім Беларусам, якіх з Польскім Народам яднае супольная гісторыя і культура – перадаю сардэчныя пажаданьні ўсяго найлепшага і посьпехаў у разьвіцьці іх Бацькаўшчыны. | ||
- Амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб зьвярнулася да беларусаў са сьвяточным відэазваротам. У прамове Гіб павіншавала беларусаў з стагодзьдзем адметнай падзеі, якая адыграла вялізную ролю ў фармаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці, і запэўніла, што Вялікабрытанія цалкам падтрымлівае сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі[49].
- Міністар замежных справаў Летувы Лінас Лінкявічус павіншаваў беларусаў са стагодзьдзем абвяшчэньня незалежнасьці БНР відэазваротам, у якім зьвяртаўся па-беларуску[50].
- Сэнатар ад амэрыканскага штату Арызона Джон Макейн павіншаваў беларусаў са стагодзьдзем абвяшчэньня Беларускай Рэспублікі ў сваім твітэр-акаўнце[51].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Максім Ляшко (15 студзеня 2018) Як Беларусь адзначыць стагоддзе БНР на дзяржаўным узроўні — спіс мерапрыемстваў. nn.by. Праверана 6 сакавіка 2018 г. Архіўная копія ад 6 сакавіка 2018 г.
- ^ Ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку да 100-годдзя яе абвяшчэння!
- ^ а б в Дэмакратычныя арганізацыі дамовіліся пра сумеснае святкаванне 100-годдзя БНР
- ^ а б Улады прапануюць правесці Дзень Волі ў цэнтры Мінска, але без шэсця
- ^ а б в Апазыцыя пойдзе на перамовы з уладамі наконт Дня Волі
- ^ а б Улады дазволілі мітынг і канцэрт ля менскай опэры 25 сакавіка
- ^ а б Улады дазволілі Дзень Волі каля Оперы, вызвалілі арганізатараў ад аплаты збораў
- ^ Беларусы сабралі 6000 рублёў на бронзавую дошку да 100-годдзя БНР за тры гадзіны
- ^ Тэрміновы збор сродкаў на бронзавую дошку да 100-годдзя БНР
- ^ Мікола Статкевіч падзяліў аргкамітэт #БНР100 на дзьве часткі
- ^ Статкевіч правядзе на Дзень Волі шэсьце, нават калі яго не дазволяць
- ^ У Менгарвыканкам пададзена заяўка на шэсце 25 сакавіка. Статкевіч: «Хай толькі паспрабуюць крануць людзей»
- ^ Партыя Пазьняка атрымала дазвол на мітынг 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры Менску. Будзе «акцыя-пралёг» да #БНР100
- ^ У Менску ўсталявалі дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. Фатафакт
- ^ Максім Ляшко (7 сакавіка 2018) У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nn.by. Праверана 7 сакавіка 2018 г. Архіўная копія ад 7 сакавіка 2018 г.
- ^ У Менску ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў. ФАТАФАКТ
- ^ БелаПАН стаў генэральным партнэрам #БНР100. Хто ахвяруе на Дзень Волі
- ^ Міліцыя затрымала ініцыятараў шэсьця 25 сакавіка ў Менску: Вінярскага, Някляева, Сіўчыка
- ^ На Дзень Волі сабралі 100 % неабходнай сумы. Краўдфандынг працягваецца
- ^ а б Улады Гомля не далі дазволу сьвяткаваць #БНР100: памяшканьне занялі «Бабы Шанэль»
- ^ Адэля Вольская выступіць замест бацькі на менскім «Сьвяце незалежнасьці»
- ^ Мікола Статкевіч затрыманы ў Менску напярэдадні несанкцыянаванай акцыі
- ^ Масавыя затрыманьні на плошчы Якуба Коласа ў Менску, адкуль Статкевіч зьбіраўся з шэсьцем. ФОТА, ВІДЭА
- ^ У Берасьці на Дзень Волі рыхтуюць вулічны фэст «100 год БНР»
- ^ а б Улады далі вусны дазвол на #БНР100 ў Берасці і Горадні. Пададзена заяўка ў Гомелі(недаступная спасылка)
- ^ а б Берасьцейскі гарвыканкам дазволіў фэст «100 год БНР». Улады возьмуць удзел у сьвяткаваньні
- ^ Горадзенскія ўлады папярэдне пагадзіліся на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, але афіцыйнага дазволу пакуль няма
- ^ а б Горадзенскія ўлады дазволілі канцэрт-мітынг да Дня Волі
- ^ У Лідзе ўлады і мясцовыя актывісты зладзяць канцэрт да #БНР100
- ^ а б в Заяўкі на мітынгі на #БНР100 падалі ў Баранавічах, Віцебску і Магілёве
- ^ У Слуцку на канцэрце #БНР100 выступяць Алесь Дзянісаў і Зьміцер Бартосік
- ^ У Салігорску дазволілі мітынг да 100-годзьдзя БНР. Але без гукаўзмацняльнай апаратуры
- ^ У Баранавічах дазволілі канцэрт на Дзень Волі, але арганізатары ня маюць на яго сродкаў
- ^ Як у Баранавічах будуць святкаваць Дзень Волі-2018, Intex-press 22-03-2018
- ^ Как в Барановичах отметили 100 лет БНР, Intex-press 25-03-2018
- ^ Як Магілёў адзначыў 100 гадоў БНР
- ^ У Магілёве забаранілі пікет да #БНР100
- ^ Святочны канцэрт да 100-годдзя БНР пройдзе і ў Пружанах
- ^ Віцебская міліцыя за ахову мітынгу да #БНР100 хоча грошай, якіх у заяўнікаў няма
- ^ У Кобрыні дазволілі пікет да 100-годзьдзя БНР
- ^ Мітрапаліт Кандрусевіч: «Абвяшчэньне БНР — сьвята зьвеставаньня незалежнасьці»
- ^ «Божа, благаславі Беларусь»: малітва з нагоды 100-годдзя абвяшчэння БНР
- ^ Каталікі Беларусі апублікавалі тэкст малітвы да #БНР100
- ^ Мітрапаліт Павел сказаў, што малітвы да стагодзьдзя БНР ня будзе, каб не палітызаваць набажэнства
- ^ а б У Нацыянальным гістарычным музэі адкрылася выстава да 100-годзьдзя БНР
- ^ Акадэмія навук падрыхтавала афіцыйнае выданьне, прысьвечанае 100-годзьдзю БНР
- ^ Улады рэкамэндуюць музэям Горадзеншчыны ўшанаваць 100-годзьдзе БНР
- ^ Прэзыдэнт Польшчы павіншаваў беларусаў зь юбілеем БНР
- ^ Амбасадар Вялікай Брытаніі павіншавала са 100-годзьдзем БНР: «Спадзяюся, што ўсе беларусы аб’яднаюцца»
- ^ Міністар замежных спраў Літвы павіншаваў беларусаў з 100-годзьдзем БНР. svaboda.org (25 сакавіка 2018).
- ^ U.S. Senator John McCain (R-AZ). twitter.com (25 сакавіка 2018).
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- bnr100.by — афіцыйны сайт 100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі
- Агульнанацыянальная Кампанія у X
- Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да Стагодзьдзя БНР на YouTube