Райніс
Ян Ра́йніс (лат. Rainis) — псэўданім; сапраўднае імя й прозьвішча Я́ніс Плі́екшанс, (лат. Jānis Pliekšāns; 11 верасьня [ст. ст. 30 жніўня] 1865, хутар Варславаны, Курляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя — 12 верасьня 1929, Юрмала, Латвія) — латыскі паэт, драматург, грамадзкі дзяяч, народны паэт Латвійскай ССР (1940).
Ян Райніс | |
лат. Jānis Rainis | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Ян(іс) Пліекшанс |
Псэўданімы | Rainis, Jānis Jasēns Plikšis, Pēterpilietis, Petrapilietis, Bezdarbis, Jasietis, Henricus Lettus |
Нарадзіўся | 11 верасьня 1865 Варславаны, Курляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя (цяпер Дунаўская воласьць, Екабпілскі край, Латвія) |
Памёр | 12 верасьня 1929 (64 гады) Маёры, Юрмала, Латвія |
Пахаваны | |
Сужэнец | Аспазія[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, перакладчык, палітычны дзеяч |
Мова | латыская |
Значныя творы | «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 11 верасьня 1865 году ў сям’і арандатара маёнткаў Крыш’янаса Пліекшанса. Вучыўся ў Дзьвінску, у нямецкай школе (цяпер Дзьвінская 6-я школа імя Райніса). У 1884—1888 гадах вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце. У 1889—91 гг. працаваў у Віленскім судзе. У 1891—1895 працаваў рэдактарам дэмакратычнай газэты «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). Першыя вершы апублікаваў у 1895 годзе.
У чэрвені 1897 году за ўдзел у рэвалюцыйным руху быў арыштаваны, у Рыскай губэрнскай турме скончыў пераклад на латыскую мову «Фаўста». У сьнежні 1897 сасланы ў Пскоў, у 1899 — у горад Слабадской Вяцкай губэрні. Вярнуўся ў 1903 годзе, у 1905 нелегальна эміграваў у Швайцарыю.
3 1920 году ў Латвіі. У 1920 годзе Райніс ад Латвійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі быў абраны ў Канстытуцыйны сход Латвійскай Рэспублікі. Зьяўляўся адным з аўтараў латвійскай канстытуцыі[1]. З 1921 дырэктар Нацыянальнага тэатру ў Рызе. У 1921 годзе пры ягонай падтрымцы створаны Беларускі аддзел пры Міністэрстве асьветы Латвіі[2]. Абараняў у сэйме інтарэсы беларусаў Латвіі[2]. Садзейнічаў адкрыцьцю беларускіх гімназіяў у Дзьвінску й Люцыне[2]. 28 лютага 1925 году першым з латыскіх дзеячоў культуры быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай краіны — Ордэнам Трох зорак I ступені. Ведаў беларускую мову й беларускія народныя песьні[2]. У лістападзе 1926 году ўдзельнічаў у рабоце міжнароднай Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі, якая праходзіла ў Менску[3]. У 1926—28 міністар асьветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Таварыства культурнай сувязі з народамі СССР.
Быў жанаты з латвійскай паэтэсай Аспазіяй. Памёр 12 верасьня 1929 году ў Юрмале, пахаваны ў Рызе.
Творчасьць
рэдагавацьДрукаваўся з 1887 году. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра й прыгажосьці ў ягоных п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (1913), трагедыі «Ільля Мурамец» (1922). Аўтар зборнікаў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філязофскай паэмы «Ave sol!» (1910).
У творчасьці Яна Райніса арганічна спалучаюцца вобразная мэтафарычная форма з глыбокай філязофскай сымболікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклёрныя матывы[2].
Бібліяграфія
рэдагаваць- 1897 — Ё. Гётэ. Фаўст (пераклад на латыскую мову)
- 1903 — Tālas noskaņas zilā vakarā
- 1905 — Vētras sēja
- 1907 — Uguns un nakts
- 1909 — Zelta zirgs (tulkots "The Golden Horse" 2012)
- 1909 — Klusā grāmata
- 1910 — Ave sol!
- 1911 — Tie, kas neaizmirst
- 1911 — Indulis un Ārija
- 1912 — Gals un sākums
- 1912 — G.E. Lesings "Natans Gudrais"
- 1913 — Pūt, vējiņi!
- 1916 — Daugava. Sērdieņu dziesma
- 1917 — Krauklītis
- 1919 — Jāzeps un viņa brāļi
- 1919 — Spēlēju, dancoju
- 1922 — Iļja Muromietis
- 1927 — Mīla stiprāka par nāvi
Беларускія пераклады
рэдагаваць- Гірт з Воўчага логу. — Мн., 1930.
- Выбранае / Склаў А.Вольскі. — Мн.: Дзяржвыд БССР.Рэд.мастац.літ., 1956.
- Ветрык, вей!: народная песня ў 5 актах / Ян Райніс. — Мн.: Беларусь, 1965. — 174, [1] с.
- Агонь і ноч / Пер.з латыш. мовы В. Сёмухі: Даўняя песня ў новым гучанні. — Мн.: Юнацтва, 1988.
- Выбранае: З латыш. / Уклад.,прадм.і камент. М. Абалы. — Мн.: Маст.літ., 1993. — 463 с. — (Скарбы сусвет.літ.).
Памяць
рэдагавацьУ Менску й Ерэване ў гонар Райніса названыя вуліцы. Імя Райніса носіць кратэр на Мэркурыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Izstrīdētā» Latvijas Satversme — Latvijas Avīze(недаступная спасылка) (лат.)
- ^ а б в г д Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 С.271
- ^ Марат Гаравы (16 лістапада 2013) Адкрылася выстава “Ян Райніс і беларуская культура”. Новы час. Праверана 13 кастрычніка 2014 г.