Талака (Менск)

менскае таварыства ў 1985—1990 роках

«Талака́» — незалежніцкая арганізацыя моладзі ў 1985—1990 гадах, гісторыка-культурнае аб'яднаньне. Утварылася ўвосень 1985 году як клюб аховы помнікаў. Займалася ўдзелам у рэстаўрацыйных работах і археалягічных раскопах, аховай помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганьнем за стварэньне беларускіх клясаў і школаў, правядзеньнем экалягічных экспэдыцыяў, культурна-асьветніцкай дзейнасьцю, адраджэньнем народных сьвятаў. У другой палове 1980-х (да 1989) «Талака» была самай вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй[1].

Талака
Дата ўтварэньня 1985
Дата спыненьня існаваньня 1990
Тып грамадзкая арганізацыя
Мэта адраджэньне беларускай культуры і народных сьвятаў, ахова помнікаў гісторыі і архітэктуры
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Рэспубліка Беларусь
Афіцыйныя мовы Беларуская
Кіраўнік Сяржук Вітушка
Кіроўны орган Рада

Гісторыя

рэдагаваць

Таварыства «Талака» ўтварылася ўвосень 1985 году як клюб аховы помнікаў. Ля вытокаў яе заснаваньня былі Сяржук Вітушка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Алесь Суша. За аснову сваёй эмблемы «Талака» ўзяла выяву менскай ратушы, якая ў той час яшчэ не была адноўленая.

У сярэдзіне 1980-х гадоў у БССР узьнік гурток «Талака»[2], і яго старшыня Сяржук Вітушка ды іншыя наведалі Польшчу і наладзілі сувязі зь беларускімі студэнтамі ў Варшаве і Беластоку.

У канцы 1980-х «Талака» зрабілася вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй.

«Талака» зрабіла для сябе традыцыйным штогадовае правядзеньне Купальля, Калядаў, Гуканьня Вясны. Менавіта яна стала ініцыятарам адраджэньня гэтых сьвятаў. Апроч таго праводзіліся археалягічныя раскопы, у тым ліку ў Верхнім горадзе (старыя частка Менску).

Выпускала насьценную газэту «Ратуша» (дзе адлюстроўвалася дзейнасьць суполкі), у 1986—1987 гадах наладзілі выпуск самвыдавецкага «Бурачка», у 1989 годзе выпусьцілі гумарыстычнае выданьне «Брук» (прымеркаванае да 23 лютага — дня Савецкай арміі).

У сьнежні 1989 году, пад час пабыўкі Юрыя Туронка ў Менску, гурток Талака наладзіла даволі шматлюдную сустрэчу талакоўцаў зь Юрыям Туронкам. Пазьней, Юры Туронак спамінаў:

Я знаёміўся з тамтэйшай моладзьдзю, захапляўся яе энтузіязмам, аднак зьдзіўляла і непакоіла жаданьне многіх пакінуць Беларусь і пераехаць у Польшчу, Летуву ці яшчэ некуды, дзе, на думку гэтых маладых людзей, былі лепшыя магчымасьці працы на карысьць Беларусі. Я стараўся ім растлумачыць, што не чужына, а якраз Беларусь зьяўляецца цэнтрам беларускай справы і спадзяецца на ўдзел у адраджэнскіх мерапрыемствах. Пазьней мне паведамілі, што мой адказь іх не задаволіў і ўспрымаўся як выступленьне партыйнага агітатара. Было сумна — адвечны беларускі антыцыклён надалей не мяняў свайго накірунку.

— «За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны»[3].

Разам зь іншымі незалежнымі суполкамі «Талака» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзеньні масавых палітызаваных мерапрыемстваў: «Дзьвінскае ралі’87», мітынг у абарону Верхняга гораду (1988); «Прыпяць’88»; мітынгі ў Курапатах і на Ўсходніх могілках, антыракетны паход (1990) і іншыя.

Фотагалерэя

рэдагаваць
  1. ^ Андросік Л. (1999) «Талака» (Менск). Архіў Найноўшае ГісторыіПраверана 15 лютага 2019 г.
  2. ^  Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 175. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887
  3. ^  Туронак, Юры За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Г. Сагановіч. — Менск: Медысонт, 2010. — С. 176. — 276 с. — (Бібліятэка ч-су Беларускі гістарычны агляд). — 500 ас. — ISBN 978-985-6887

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць