Беларуская Народная Рэспубліка

дзяржава на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1918—1920 гадах
(Перанакіравана з «БНР»)

Белару́ская Наро́дная Рэспу́бліка (БНР) — часткова прызнаная беларуская дзяржава[2], улада якой пашыралася на частку тэрыторыі сучаснай Беларусі з 25 сакавіка 1918 году да 28 красавіка[3] 1919 году (зь перапынкамі), а таксама ў часе Слуцкага збройнага чыну (27 лістапада — 31 сьнежня 1920).

Беларуская Народная Рэспубліка
лац. Biełaruskaja Narodnaja Respublika

25 сакавіка 1918 — 28 красавіка 1919
 

 

 

Сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Герб Беларускай Народнай Рэспублікі
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Месцазнаходжаньне Беларускай Народнай Рэспублікі
Афіцыйная мова беларуская
Сталіца Менск, Горадня[1]
Найбуйнейшы горад Менск
Форма кіраваньня
Старшыні Рады
Рэспубліка
Ян Серада
Язэп Лёсік
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

25 сакавіка 1918
28 красавіка 1919

Дзяржаўныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня[4]. Сталіца — Менск. Дзяржаўная і абавязковая мова — беларуская (з 12 красавіка 1918[4]). Часовая канстытуцыя ад 11 кастрычніка 1918 году[5]. Выдача пашпартоў[4].

Міжнароднае прызнаньне: Армэнія, Грузія, Аўстрыя, Польшча, Эстонія[6][7][8], Летува, Латвія, Чэхаславаччына, УНР[9] і Фінляндыя (дэ-юрэ[4][10] [11] [12]); Нямеччына, Баўгарыя і Турэччына (дэ-факта[13]).

Найвышэйшы орган дзяржаўнай улады Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР, працягвае дзеяць у выгнаньні. Кожны год 25 сакавіка, дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, сьвяткуецца беларусамі як Дзень Незалежнасьці (Дзень Волі).

Вялікае Княства Літоўскае як крыніца дзяржаўнасьці

рэдагаваць
 
Паштоўка БНР з гербамі беларускіх ваяводзтваў (адпаведных ваяводзтвам Вялікага Княства Літоўскага) і дзяржаўным гербам (адпаведным дзяржаўнаму гербу ВКЛ), 1918 г.
 
Фрагмэнт мапы Рэчы Паспалітай, дзе Літва (Lituania) цалкам атаясамліваецца зь Белай Русьсю (Russia Bianca), тым часам Жамойць (Samogitia) падаецца асобна ад Літвы, а Масковія (Moscovia) — асобна ад Русі (Вэнэцыя, 1740 г.)

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя нацыянальная эліта гістарычных ліцьвінаў пры чынным удзеле выхадцаў з шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага — простых нашчадкаў гістарычнай Літвы[14] (з шляхты паходзілі заснавальнікі Нашай Нівы браты Іван і Антон Луцкевічы, заснавальнік першай беларускай партыі Вацлаў Іваноўскі, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады паэт Карусь Каганец, стваральнік беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, клясыкі беларускай паэзіі Алаіза Пашкевіч і Янка Купала, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэньня Вацлаў Ластоўскі, аўтар навукова вызначаных межаў этнічнай тэрыторыі беларусаў гісторык і этнограф прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі ды іншыя[a]) — якая выступала за адраджэньне свайго народа і яго дзяржаўнасьці, абрала назвы «Беларусь» і «беларусы». Разам з тым, усе дзеячы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (ад Францішка Багушэвіча да Янкі Купалы) бесьперапынна падкрэсьлівалі повязь Беларускай дзяржаўнасьці зь Вялікім Княства Літоўскім, а ўсе беларускія гісторыкі (ад Вацлава Ластоўскага да Ўсевалада Ігнатоўскага) называлі ВКЛ «Беларуска-Літоўскім гаспадарствам». Гэтая ж пазыцыя знайшла адлюстраваньне ў Другой Устаўной грамаце Беларускай Народнай Рэспублікі ад 9 сакавіка 1918 году («Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на увесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць»), а гербу Пагоністарадаўняй Літоўскай Пагоні»), які стаў дзяржаўным сымбалем БНР, прысьвяціў свой верш клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч. У 1918 годзе сябра камісіі БНР у арганізацыі Беларускага ўнівэрсытэту прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі падкрэсьліваў у газэце Вольная Беларусь: «Цяпер ідзе дзяржаўнае будаваньне. Натуральна, паўстае думка пра тэрміналёгію дзяржаўных ўстановаў, т.ё. ці пакідаць нам цяперашнія, чужыя нам найменьні ўстановаў, ці мы павінны вярнуцца да найменьняў нашага дзяржаўнага права, — да родных, часам забытых ужо намі, тэрмінаў. <…> — будзем аднаўляць наш праўны язык зь Літоўскага Статуту, каторы ўжываўся, як закон, да 1830 году. А тэрміналёгія Статуту стварылася ў часы нашай дзяржаўнай (панствовай) незалежнасьці»[16].

У 1918 годзе прафэсар славянскіх моваў і літаратураў Бэрлінскага ўнівэрсытэту Аляксандар Брукнэр апублікаваў артыкул «Зь беларускай нівы» (польск. «Z niwy białoruskiej»), дзе падкрэсьліваў, што гістарычная літоўская — гэта беларуская мова, якая была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, што гістарычныя ліцьвіны — гэта беларусы, а гістарычная літоўшчына — гэта беларушчына: «…па-літоўску г. зн. па-беларуску пісаныя ўсе літоўскія акты, хронікі, статуты… …ліцьвін, г. зн. беларус… …літоўшчына, г. зн. беларушчына…»[b][17].

Тэрыторыя

рэдагаваць
 
Мапа БНР, 1918 г.

Згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 году тэрыторыя Беларускае Народнае Рэспублікі ахоплівала навукова вызначаную этнічную тэрыторыю беларусаў:

  Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі  

—3-я Ўстаўная Грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Гэтыя межы дакладна акрэсьліваюцца на мапе Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзенай у 1918 годзе і прадэманстраванай Надзвычайнай місіяй БНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Межы этнічнай тэрыторыі беларусаў

     Паводле Я. Карскага (1903)

     Паводле М. Доўнар-Запольскага (1919)

     Сучасныя дзяржаўныя межы

Перадумовы

рэдагаваць

У ліпені 1917 году буржуазны Часовы ўрад у Расеі перайшоў да адкрытага змаганьня з Саветамі. Двоеўладзьдзе скончылася. Бальшавікі перайшлі ў падпольле й узялі курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня. У кастрычніку 1917 году яны атрымалі перамогу й улада перайшла ў рукі Саветаў. Найвышэйшым органам савецкай улады на большай частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі быў Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласьці і фронту (Аблвыканкамзах).

У той жа час (ліпень 1917 году) актывізаваліся беларускія нацыянальныя сілы, якія правялі ІІ зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў, пастанавілі патрабаваць аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычна-рэспубліканскай Расеі. На зьезьдзе ўтварылася Цэнтральная Рада, якая пасьля кастрычніка 1917 году была пераўтвораная ў Вялікую Беларускую Раду (ВБР). ВБР не прызнала ўладу Аблвыканкамзаху, бо разглядала яго як выключна франтавы орган улады. Супрацы ВБР і Аблвыканкамзаху ў справе стварэньня беларускай дзяржаўнасьці не адбылося.

Ужо 5 сьнежня 1917 году, адолеўшы ўсе перашкоды і рознагалосьсі ваеннага часу, беларускі народ зарганізаваў у Менску Першы Ўсебеларускі кангрэс, на які сабралася 1872 дэлегаты з усіх этнічных беларускіх абшараў — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Ніводнаму з народаў былой імпэрыі, якія на той час ня мелі незалежнасьці, гэткага прадстаўнічага зьезду ў той час склікаць не ўдалося. У параўнаньні, на Другі Ўсерасейскі зьезд Саветаў, які прыводзіла да ўзору бальшавіцкая ўлада, сабралася толькі 649 дэлегатаў. Старшынём зьезду быў абраны прафэсар Ян Серада, ганаровым старшынём акадэмік Яўхім Карскі. На зьезьдзе быў агучаны лёзунг «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!» Усебеларускі кангрэс абвясьціў сябе найвышэйшым органам улады Беларусі і не прызнаў тут легітымнасьць бальшавіцкай улады. Аднак зьезд не пасьпеў дакончыць сваёй працы. Новыя бальшавіцкія ўладары спалохаліся нацыянальнага самавызначэньня беларусаў, у выніку чаго на разгон зьезду былі адпраўленыя ўзброеныя жаўнеры з кулямётамі і бронетэхнікай. Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду вельмі позна зразумелі, што над зьездам навісла пагроза гвалтоўнага разгону з боку бальшавіцкага Аблвыканкамзаху. Яшчэ напачатку сьнежня 1917 году з дэлегатаў Усебеларускага кангрэсу сфармавалася Ваенная камісія, у якую ўвайшлі каля 100 чалавек, у тым ліку два генэралы — Кіпрыян Кандратовіч і Алексіеўскі (камандзір Свэабарскай фартэцыі, якая падпарадкоўвалася Петраградзкаму гарнізону). Недзе ў сярэдзіне сьнежня Ваенная камісія накіравала свайго прадстаўніка Васіля Русака ў Воршу, каб той дамовіўся з камандзірам тамтэйшага кавалерыйскага эскадрону, прыхільнікам Вялікай Беларускай Рады ротмістрам Якубенем пра таемную перадысьлякацыю эскадрону ў Менск для забесьпячэньня аховы Ўсебеларускага кангрэсу. Але гэты крок быў запозьненым.

У ноч з 17 на 18 сьнежня 1917 году (паводле старога стылю) бальшавікі зьезд разагналі. Дэлегаты былі бяз зброі й не змаглі супрацьстаяць узброеным бальшавіцкім жаўнерам. Але той зьезд, адбіваючыся ад бальшавіцкіх пагромшчыкаў, пасьпеў прагаласаваць за самавызначэньне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада Ўсебеларускага кангрэсу атрымала ўсе юрыдычныя і маральныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І ў адпаведнасьці з гэтым, у далейшым (25 сакавіка 1918 году) Выканкам Рады Ўсебеларускага кангрэсу абвясьціў Беларускую Народную Рэспубліку, і беларускі народ атрымаў дзяржаўнасьць. Працэдура тая была юрыдычна бездакорнай. Але ж тады, у сьнежні 1917 году, на загад бальшавіцкага Аблвыканкамзаху пад кіраўніцтвам камісара М. І. Крывашэіна быў разагнаны Першы Ўсебеларускі кангрэс. Ужо 18 сьнежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэсу, у складзе 56 чалавек на чале зь Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пастанавілі падпарадкаваць сабе Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу больш мабільны кіроўны орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэсу. Ён зрабіўся юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу. Выканкам Усебеларускага кангрэсу атрымаў даручэньне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу на Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да гэтага вырашальнага моманту.

Пра падзеі 19—21 лютага 1918 году ў Менску глядзіце таксама артыкул Беларуска-польская адміністрацыя Менску.

9 сьнежня 1917 году паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай пачаліся мірныя перамовы, якія былі сарваныя па віне Льва Троцкага. Нямецкае камандаваньне аддала сваім войскам загад пачаць 18 лютага 1918 году наступленьне, што рэзка абвастрыла сытуацыю на Заходнім фронце. Нямецкія войскі хутка набліжаліся да Гомелю і Менску. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаху і СНК Заходняй вобласьці мусіла сьпешна эвакуявацца ў Смаленск.

Абвяшчэньне

рэдагаваць
 
Рада БНР. Зьлева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; Стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

20 лютага 1918 году Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду сфармаваў Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят). Спачатку ва ўрад на чале зь Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасьля іх колькасьць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністар) і народны сакратар (міністар) міжнародных справаў, Іван Макрэеў — унутраных справаў, Аркадзь Смоліч — асьветы, Яфім Бялевіч — справядлівасьці (юстыцыі), Янка Серада — народнай гаспадаркі, Віктар Рэдзька — шляхоў зносінаў, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, Аляксандар Карабач (Карач) — пошты і тэлеграфу (сувязі), Пётра Крэчэўскі — кантролю, Гелій Белкінд — фінансаў, Павал Злобін — расейскіх справаў, Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намесьнік) старшыні і сакратар габрэйскіх справаў, Канстантын Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых справаў, Лявон Заяц — загадчык справаў Народнага Сакратарыяту.

У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і з тае прычыны, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцьця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэеў, Злобін, Белкінд. Акрамя таго, палітычныя органы БНР ажыцьцяўлялі кааптацыю (уключэньне) іншых беларускіх нацыянальных арганізацыяў (напрыклад, Віленская беларуская рада або Менскае беларускае прадстаўніцтва).

Падобная практыка прыводзіла да істотных зьменаў у зьнешнепалітычным курсе дзяржавы: так, кааптацыя Менскага беларускага прадстаўніцтва падштурхнула Раду БНР да адпраўленьня ўдзячнае тэлеграмы кайзэру Нямеччыны, а пазьней пад націскам нямецкага камандваньня адзін з найвыбітнейшых сябраў прадстаўніцтва, Раман Скірмунт, стаў старшынём ураду краіны[18]. У траўні 1918 году сярод палітычных структураў БНР узьнікла двоеўладзьдзе: з ураду БНР выйшлі сацыял-дэмакрат А. Смоліч і сацыял-рэвалюцыянэры, у выніку чаго з сацыялістаў-фэдэралістаў была створаная г.зв. Рада пяцёх; у той час як правыя сілы стварылі альтэрнатыўны ўрад на чале са Скірмунтам. Аднак ужо ў чэрвені гэтага ж году левыя й правыя прыйшлі да кампрамісу, новы кааліцыйны ўрад узначаліў Серада[19].

 
Беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Народнага Сакратарыяту БНР (былы Дом губэрнатара). Менск, 1918 г.

Выканкам Усебеларускага кангрэсу пастанавіў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 году ён зьвярнуўся да народу Беларусі зь Першай устаўной граматай, у якой абвясьціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкамам Усебеларускага кангрэсу да адкрыцьця Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойма функцыі новай улады ўскладаліся на створаны першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят Усебеларускага кангрэсу, старшынём якога стаў адзін зь лідэраў БСГ Язэп Варонка.

Пры канцы лютага 1918 году ў Менск, дзе знаходзіўся Выканкам Усебеларускага кангрэсу, прыйшлі войскі кайзэраўскай Нямеччыны. Першае, што зрабілі немцы, калі ўвайшлі ў Менск 21 лютага, — раззброілі менскую беларускую вайсковую дружыну; таксама яны забралі касу Народнага Сакратарыяту, сарвалі зь яго будынка бел-чырвона-белы сьцяг, выгналі службоўцаў. Беларускія лідэры былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусьцяць у Беларусі сур’ёзнай палітычнай дзейнасьці.

3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала зь Нямеччынай Берасьцейскую мірную дамову, паводле якой землі, што ляжалі на захад ад лініі ДзьвінскСьвянцяныПружаны і належалі раней Расеі, перадаваліся Нямеччыне й Аўстра-Вугоршчыне, якія мусілі вырашыць будучыню гэтых зямель. Гэта яшчэ болей нараджала незалежніцкія ад бальшавіцкай Савецкай Расеі тэндэнцыі ў шэрагах беларускага нацыянальнага руху.

 
Шыльда Вайскова-Дыпляматычнай Місіі БНР у Латвіі і Эстоніі

9 сакавіка 1918 году Выканкам Усебеларускага кангрэсу ў адказ на Берасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, прыняў Другую ўстаўную грамату, якая зьяўляецца канстытуцыйнай. У ёй гаворыцца пра ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) ў межах расьсяленьня і колькаснай перавагі беларусаў. Заканадаўчую ўладу БНР атрымала Рада БНР, старшыня якой прадстаўнік БСГ Ян Серада. Яна аб’яўлялася заканадаўчым органам да скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму. Выканаўчую ўладу БНР атрымаў Народны Сакратарыят БНР (Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц і іншыя). Нямеччына да фармаваньня дзяржаўных інстытутаў БНР ніякага дачыненьня ня мела. Чальцы Рады БНР і ўраду БНР былі абраньнікамі беларускага народу (Першы Ўсебеларускі кангрэс, сьнежань 1917 году).

8 сакавіка Рада БНР запрасіла ў свой склад прадстаўнікоў расейскіх сацыялістычных партыяў (сярод якіх былі прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў Беларусі — расейцы, палякі, габрэі, украінцы, летувісы), а трохі пазьней — і Віленскай Беларускай рады (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі), якая дзеяла ў Вільні пад назвай Беларускага Народнага Камітэту з моманту акупацыі заходняй часткі Беларусі.

 
Трэцяя Ўстаўная грамата БНР
 
Урад БНР у Горадні
 
Беларуская камэндатура ў Горадні, 1919 г.

У адказ на Берасьцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, 25 сакавіка, пасьля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасьці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі, большасьцю галасоў была прынятая Трэцяя Ўстаўная грамата, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, Берасьцейская мірная дамова скасоўвалася. Афіцыйнай мовай была аб’яўленая беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — места Менск.

Бальшавікі абвясьцілі, што стварэньне БНР — спроба буржуазна-абшарніцкіх колаў адарваць Беларусь ад Савецкай Расеі. Паводле дамоўленасьці з сваімі хаўрусьнікамі, расейскімі бальшавікамі ў Берасьці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай Імпэрыі. Немцы, якія былі хаўрусьнікамі бальшавіцкай Савецкай Расеі, разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят БНР. У гэткіх цяжкіх умовах Рада БНР зьвярнулася да нямецкага імпэратара (кайзэра) Вільгельма II з тэлеграмай, у якой дзякавала за вызваленьне Беларусі, прасіла дапамагчы ў стварэньні яе дзяржаўнай незалежнасьці ў хаўрусе зь Нямецкай Імпэрыяй. Пасылка тэлеграмы выклікала ў БНР востры палітычны крызіс; і Рада БНР, і БСГ раскалоліся, утварыліся новыя партыі. Але Нямеччына не прызнала БНР і зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэньню нацыянальнага войска Беларусі. Таму рэальнай улады Народны Сакратарыят БНР не атрымаў і працягваў сваё існаваньне толькі фармальна. Аднак нямецкая адміністрацыя не перашкаджала чальцам БНР самастойна вырашаць шэраг культурных і адукацыйных пытаньняў.

11 кастрычніка 1918 году пры кіраваньні Народнага Сакратарыяту на чале з Антонам Луцкевічам была прынятая часовая канстытуцыя БНР[1]. Ужо ў лістападзе гэтага ж году кіраўніцтва БНР прадугледжвала варыянт прыняцьця канстытуцыі на савецкі ўзор у абмен на прызнаньне незалежнасьці Беларусі з боку Расеі, але расейскае кіраўніцтва не прыняло дадзеную прапанову[1]. Разам з тым адзначаецца, што працы па стварэньні канстытуцыі рэспублікі вяліся й раней, праз хуткі час пасьля скліканьня Першага Ўсебеларускага зьезду.

Адукацыя, навука, культура

рэдагаваць

Найбольшых посьпехаў урад БНР дасягнуў у культурным будаваньні і разьвіцьці адукацыі. За кароткі час паводле розных падлікаў адкрыліся ад 150 да 350 беларускіх школаў, у тым ліку гімназіі ў Будславе, Менску, Наваградку, Слуцку і Горадні[19].

Падрыхтоўка настаўнікаў, апроч Сьвіслацкай гімназіі, вялася ў Менскім пэдагагічным інстытуце[19], рыхтавалася адкрыцьцё Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (гэтай справай займаліся Аркадзь Смоліч, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі і іншыя). У плянах БНР было таксама адкрыцьцё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў[5].

У красавіку 1918 году адкрылася Менская вышэйшая музычная школа, пераўтвораная ў тым жа годзе ў Беларускую кансэрваторыю[5]. Заняткі пачаліся і ў адноўленай Каталіцкай духоўнай сэмінарыі (рэктар — доктар філязофіі ксёндз Фабіян Абрантовіч).

З ініцыятывы А. Луцкевіча ў 1918 годзе ўтварылася першая беларуская навуковая ўстанова — Беларускае навуковае таварыства ў Вільні[5]. Вялася падрыхтоўка да адкрыцьця Віленскай беларускай гімназіі.

У 1918 годзе ў БНР на беларускай мове выходзіла 6 газэтаў (у тым ліку Беларускі шлях) і 3 часопісы, дзеяла 11 выдавецтваў[4]. Выдавецтва «Адукацыя» актыўна друкавала падручнікі для школаў.

19 траўня 1918 году на базе Таварыства драмы і камэдыі ўзьнік Беларускі дзяржаўны тэатар БНР[4].

Узброеныя сілы БНР

рэдагаваць
 
Сьцяг першага Слуцкага палку стральцоў БНР

Беларускія часткі пачалі стварацца ў складзе расейскай арміі яшчэ ўвосень 1917 году. У лютым 1918 году, калі ўладу ў Менску ўзяў у свае рукі выканкам Усебеларускага зьезду, утварыўся Першы Менскі беларускі полк, які праіснаваў да прыходу нямецкіх войскаў.

Пад наглядам немцаў лідэры БНР займаліся дзяржаўнай дзейнасьцю амаль ва ўсіх яе галінах, акрамя ваеннай. Ураду БНР не дазвалялася мець сваё войска і міліцыю. Нямеччына не дапусьціла перадысьлякацыю ў Беларусь з румынскага фронту стотысячнага беларускага войска. Расчараваньне немцамі падштурхнула беларускіх эсэраў да стварэньня сялянскіх партызанскіх атрадаў для змаганьня з акупантамі. З гэтай мэтай была створана арганізацыя «Саюз беларускага працоўнага сялянства». Дзясяткі тысячаў чалавек уваходзілі ў партызанскія аддзелы, у тым ліку і тыя, што ваявалі за дзяржаўную незалежнасьць БНР (Лукаша Семянюка, Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-«Дзергача» ды іншых). Існавалі і іншыя формы супраціву. На поўную дзяржаўную незалежнасьць без уласнага войска разьлічваць не даводзілася. Нямеччына адмыслова да апошняга стрымлівала фармаваньне беларускіх вайсковых злучэньняў, бо высьцерагалася, што яны будуць скіраваны супраць падтрыманага імі бальшавіцкага рэжыму ў Савецкай Расеі.

Пра свае сымпатыі да БНР заяўляў і генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч, які са сваім аддзелам у 1919 годзе на нейкі час перайшоў «на беларускую службу» («Асобны атрад БНР»), а потым разам з польскімі войскамі ваяваў супраць бальшавікоў. У лістападзе 1920 году Булак-Балаховіч абвясьціў у Мазыры «незалежную беларускую дзяржаву», але неўзабаве яго армія была разьбітая Чырвонай Арміяй і адыйшла ў Польшчу.

Паводле падлікаў гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», у беларускіх вайсковых аддзелах на працягу 1917—1923 гадоў служылі каля 11 тысячаў чалавек, пераважна добраахвотнікаў. Адзін з найбольш заўважных эпізодаў змаганьня за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 году, калі сьпешна сфармаваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай Арміяй.

Зьнікненьне

рэдагаваць

Па Лістападаўскай рэвалюцыі ў Нямеччыне (1918 год) Савецкі ўрад дэнансаваў Берасьцейскую мірную дамову і рушыў Чырвоную Армію на захад. У абставінах адыходу нямецкіх войскаў Рада народных міністраў БНР у 4-ай Грамаце ад 29 лістапада 1918 году заклікала беларускі народ да захаваньня парадку, які ўстанавіла Рада БНР. Была зробленая спроба стварэньня палітычнага цэнтру бяз Рады, на базе земстваў, сацыялістычных партыяў, прафэсійных арганізацыяў і фармаваньня на гэтай падставе органаў краявой улады. Але кіраўнікі гэтых арганізацыяў не змаглі разьвязаць пытаньне ўлады. Прадстаўнікі левых арганізацыяў тым часам схіліліся да супольнай работы з савецкай уладай.

Выпраўляючыся ў Вільню, Рада і ўрад БНР выдалі 5-ую Грамату. У ёй беларускі народ заклікаўся да выступленьня супраць савецкай улады, да абароны БНР, да «ўсеагульнага грамадзянскага шчасьця» і стварэньня на месцах «беларускіх Саветаў», якія мусяць падпарадкоўвацца Радзе БНР. Але ўмоваў для гэтага не было.

10 сьнежня 1918 году Чырвоная Армія заняла Менск. Менскі Савет абвясьціў аб аднаўленьні Савецкае ўлады. Да сярэдзіны лютага 1919 году амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў.

Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале з Аляксандрам Чарвяковым прапанаваў пераўтварэньне Заходняй вобласьці ў аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР. Прапанову Белнацкаму падтрымалі беларускія сэкцыі РКП(б), якія аб’ядноўвалі беларусаў-камуністаў на чале са Зьмітром Жылуновічам. Бальшавіцкае кіраўніцтва прыслухалася да патрабаваньняў нацыянальных сэкцыяў ЦК РКП(б) і пайшло насустрач, прыняўшы пастанову аб стварэньні БССР.

30 сьнежня 1918 году ў Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), на якой разглядалася пытаньне аб утварэньні БССР і КПБ(б). Была прынята пастанова аб стварэньні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі і перайменаваньні Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) у КПБ(б). КПБ узначалілі Аляксандар Мясьнікоў (Мясьнікян) і Вільгельм Кнорын (Кнорыньш), урад БССР — Зьміцер Жылуновіч. 1 студзеня 1919 году быў абнародаваны Маніфэст ураду Беларусі, які абвясьціў утварэньне БССР. Уся ўлада дэкляравалася толькі за Саветамі, сталіцай прызнаны Менск, пачалася падрыхтоўка да І зьезду Саветаў, каб заканадаўча аформіць стварэньне новай дзяржавы. Увогуле, утварэньне БССР фактычна адбылося ў адказ на абвяшчэньне незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі, што ад пачатку прызнавалася на афіцыйным узроўні — як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў Беларусі Ісак Рэйнгольд на паседжаньні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б 22 студзеня 1919 году[21]:

 

Існаваньне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку

Арыгінальны тэкст  (рас.)
Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику
 

Маркі БНР

рэдагаваць

Эміграцыя і сучаснасьць

рэдагаваць
 
Сьвяткаваньне ўгодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Віленскай беларускай гімназіі. Вільня, 25 сакавіка 1935 г.

У студзені 1919 году Рада і ўрад БНР пераехалі ў Вільню, а потым (у выніку наступленьня Чырвонай Арміі і дзейнасьці польскіх ваенізаваных фармаваньняў) у Горадню. Гэты горад лічыўся сталіцай БНР да верасьня 1919 году. Пад эгідай ураду БНР знаходзіліся некаторыя мясцовыя арганізацыі, быў наладжаны выпуск 5 беларускіх газэт (у тым ліку Беларускі народ, Родны край). Урад БНР у гэты час вёў змаганьне супраць прэтэнзіяў польскай дзяржавы на беларускія тэрыторыі, дамагаўся права на ўдзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі, пасьпяхова прайшлі перамовы з урадам УНР пра пазыцыю для ўраду А. Луцкевіча.

У сувязі зь дзеяньнямі польскіх легіянэраў у канцы сакавіка 1919 году ўрад БНР выехаў у Бэрлін. Тут была дэзавуяваная рэзалюцыя «Ўсебеларускага зьезду», які нібыта адбыўся ў Наваградку, аб далучэньні Беларусі да Польшчы. У траўні 1919 году ад старшыні мірнай канфэрэнцыі быў атрыманы дазвол на прыезд беларускай дэлегацыі ў Парыж.

На пачатку чэрвеня 1919 году ўрадавая дэлегацыя БНР прыбыла ў Парыж. Дэлегацыя разам з прадстаўнікамі Летувы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і інш. дабівалася прызнаньня іх дзяржаваў поўнапраўнымі суб’ектамі міжнародных дачыненьняў.

Тым часам у красавіку 1919 году Войска Польскае заняло Вільню і Горадню, на пачатку жніўня быў заняты Менск. 19 верасьня Аркадзь Смоліч і Язэп Лёсік накіравалі кіраўніку Польскай дзяржавы Ю. Пілсудзкаму ліст, у якім прасілі аднавіць дзейнасьць структураў БНР. Увосень 1919 году доўгі час у Варшаве знаходзіўся А. Луцкевіч, які дабіваўся прызнаньня польскай дзяржавай самастойнасьці Беларусі.

1 сьнежня 1919 году А. Луцкевіч, В. Захарка, П. Крачэўскі і іншыя чальцы ўраду БНР пераехалі ў Менск. 13 сьнежня адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую Раду БНР (прапольскую) і Народную Раду БНР. Іх старшынямі сталі адпаведна сацыял-дэмакрат Я. Лёсік і сацыяліст-фэдэраліст П. Крачэўскі. Таксама ўтварыліся два ўрады БНР. Найвышэйшая Рада на чале кабінэту пакінула А. Луцкевіча, Народная Рада прызнала кіраўніком кабінэту В. Ластоўскага. Польскія ўлады хутка распарадзіліся пра разгон Народнай Рады, арыштавалі В. Ластоўскага, П. Бадунову, Я. Мамоньку. Убачыўшы, што польскі ўрад не прызнае права Беларусі на дзяржаўную самастойнасьць, 28 лютага 1920 году А. Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў. Раней, у студзені, у Бэрлін выехалі старшыня Народнай Рады П. Крачэўскі і яго памочнік В. Захарка. Толькі ў траўні змаглі выехаць у Рыгу В. Ластоўскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Я. Мамонька.

У сакавіку 1920 году кіраўніцтва Польшчы пачало перамовы з Найвышэйшаю Радаю БНР, польская камісія адхіліла большасьць прапановаў Найвышэйшай Рады, аднак вылучыла пэўныя сродкі на патрэбы беларускай школы і культуры. Ва ўмовах савецка-польскай вайны дзеячы БНР шукалі падтрымку як з польскага, так і з савецкага боку. Аднак, калі ў ліпені савецкія войскі ўступілі ў Менск, а ўрад РСФСР склаў дамову зь Летувой, паводле якой значная частка беларускіх зямель перадавалася ў яе склад, гэта выклікала пратэст і Найвышэйшай і Народнай Рады. Надзея на тое, што БНР будзе прызнаная Савецкай Расеяй, зьнікла.

У той час, калі савецкі і польскі бакі абмяркоўвалі ў Рызе без удзелу прадстаўнікоў беларускага народу ўмовы мірнае дамовы, у горадзе адбылася палітычная канфэрэнцыя, на якой пастанавілі стварыць вакол ураду В. Ластоўскага адзіны нацыянальны блёк. Народная Рада БНР прызнавалася адзіным прадстаўніком беларускага народу і стала называцца Радаю БНР. Тым часам урад Латвіі на падставе дамовы з РСФСР ад 11 жніўня 1920 году прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы. 11 лістапада была складзеная дамова паміж БНР і Летувіскай Рэспублікай аб узаемным прызнаньні, супрацы і супольным змаганьні за вызваленьне беларускіх і летувіскіх зямель з-пад польскай акупацыі. Рада БНР і ўрад Ластоўскага пераехалі ў сталіцу Летувы Коўна. У гэты час урад БНР спрабаваў сарваць савецка-польскія перамовы ў Рызе, шукаючы падтрымкі ў розных эўрапейскіх краінах. Адзінае, што далі гэтыя намаганьні, тое, што Парыская мірная канфэрэнцыя паставіла Польшчы ў абавязак паважаць правы нацыянальных меншасьцяў. 18 сакавіка 1921 году была падпісаная Рыская мірная дамова.

У канцы сакавіка 1921 году ў Празе прайшла нацыянальна-палітычная нарада, удзел у якой узялі 37 прадстаўнікоў беларускіх партыяў і арганізацыяў з Заходняй Беларусі, Летувы, Чэхаславаччыны, Нямеччыны — Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя. Канфэрэнцыя пацьвердзіла акт 25 сакавіка 1918 году, прызнаваючы Раду БНР як адзіны законны орган улады на Беларусі.

Урад БНР не спыняў дзейнасьці на міжнароднай арэне. 27 красавіка 1922 году на Генуэскую міжнародную канфэрэнцыю па эканамічных і фінансавых пытаньнях прыбылі В. Ластоўскі і міністар замежных справаў А. Цьвікевіч. Старшыні канфэрэнцыі была ўручаная нота аб прызнаньні ўрадам БНР Вільні як сталіцы Летувы і згоду на ўлучэньне Сярэдняй Літвы ў склад Летувіскай дзяржавы ў якасьці аўтаноміі. Мэмарандум з просьбай паставіць пытаньне аб прызнаньні БНР быў заслуханы на паседжаньні палітычнай камісіі канфэрэнцыі, аднак пасьля дэмаршу дэлегацыі РСФСР беларускае пытаньне ў парадак дню канфэрэнцыі пастаўленае не было.

Нота Ластоўскага і Цьвікевіча 20 траўня 1922 году была асуджаная ўрадам БНР. В. Ластоўскі падаў у адстаўку, але яна не была прынятая. Потым Ластоўскі хацеў склікаць у Дзьвінску нацыянальную нараду, аднак Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі выступіў супраць. Пачаўся ўрадавы крызіс. 11 кастрычніка 1922 году ўтварылася Дзяржаўная калегія з чальцоў Прэзыдыюму Рады БНР і некаторых міністраў. 20 красавіка 1923 году В. Ластоўскі і дзяржаўны пісар Дуж-Душэўскі заявілі аб выхадзе зь Дзяржаўнай калегіі.

23 жніўня 1923 году сход беларускіх грамадзкіх і палітычных дзеячаў, які адбыўся ў Коўне, сфармаваў новы ўрад БНР на чале з А. Цьвікевічам. Палітыка летувіскага ўраду неўзабаве прывяла да таго, што 1 лістапада 1923 году Прэзыдыюм Рады і ўрад БНР выехалі з Коўны ў Прагу (Цьвікевіч застаўся ў Летуве).

Тым часам палітыка беларусізацыі, якая праводзілася ў БССР і абвешчаная амністыя спрыяла таму, што сярод дзеячаў БНР расьлі прасавецкія настроі, якія ўзмацніліся пасьля ўзбуйненьня БССР 1924—1926 гадоў, у выніку якога ў склад БССР трапіў сучасны ўсход Беларусі. 12—16 кастрычніка з ініцыятывы А. Цьвікевіча ў Бэрліне адбылася Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя, якая прызнала Менск адзіным цэнтрам адраджэньня Беларусі. Цьвікевіч і чальцы яго ўраду пераехалі ў Менск.

Прэзыдыюм Рады БНР не прызнаў пастановы канфэрэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка 1918 году. Хоць пасьля чальцы Прэзыдыюму Бадунова і Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі і яго намесьнік Васіль Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.

Пасьля сьмерці П. Крачэўскага (8 сакавіка 1928) яго функцыі выконваў В. Захарка. Пасьля акупацыі Чэхіі нацысцкай Нямеччынай з ініцыятывы нямецкага боку ў 1939 годзе адбыліся перамовы прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў Райху з В. Захаркам. Апошні адхіліў прапанову нацыстаў аб супрацы. Перад сьмерцю Захарка перадаў пячатку і дзяржаўны архіў Міколу Абрамчыку, які выконваў функцыі Старшыні Рады БНР да 1970 году.

 
Эміграцыйная паштоўка на Дзень Волі. 1949 год.

Пасьля Другой сусьветнай вайны канкурэнтам ураду БНР у выгнаньні стала Беларуская цэнтральная рада, сфармаваная Радаславам Астроўскім у 1943 году, якая працягвала існаваць у эміграцыі. У адрозьненьне ад БЦР, якая амаль цалкам складалася з былых супрацоўнікаў нацыстаў, ва ўрад БНР уваходзілі як былыя дзеячы БЦР (напрыклад, Барыс Рагуля, Аўген Калубовіч, Антон Адамовіч, Станіслаў Станкевіч, Франц Кушаль, Янка Станкевіч), так і тыя, хто ваяваў супраць нацыстаў (Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Лявон Рыдлеўскі, Пётра Сыч).

У эміграцыі Рада БНР працягвала змаганьне супраць камуністычнай акупацыі, вядома пра супрацу Рады БНР з Цэнтральным разьведвальным упраўленьнем. Так, некаторыя дзеячы беларускай эміграцыі прайшлі курс падрыхтоўкі ў амэрыканскай разьведвальнай школе, з далейшай мэтай пераходу на тэрыторыю БССР для разгортваньня там актыўнай разьведвальнай і нацыяналістычнай працы, самым вядомым зь іх стаў Янка Філістовіч.

У 1970 годзе эміграцыйная Рада БНР абрала на месца Старшыні В. Жук-Грышкевіча, а ў 1982 годзе — Язэпа Сажыча.

Да пачатку 1990-х гадоў Рада БНР з рэзыдэнцыяй у Нью-Ёрку складалася прыблізна з 200 чалавек з усяго сьвету, у тым ліку і зь Беларусі, але большасьць зь іх пражывала ў ЗША. У адпаведнасьці са статутам прэзыдэнт ці старшыня Рады зьяўляецца «вышэйшым прадстаўніком Рады БНР і беларускага народу», якога Рада абірае на 6-гадовы тэрмін.

Эміграцыя не прызнавала БССР і яе межы. Адным з магчымых шляхоў вяртаньня беларускіх земляў, якія ўваходзілі ў склад РСФСР (Смаленская, часткі Бранскай і Пскоўскай абласьцей), эміграцыя лічыла канфлікт паміж СССР і Захадам, у выніку якога камуністычная сыстэма непазьбежна ўпадзе. У зваротах да заходніх дзяржаваў і ААН Рада БНР прасіла стварыць камісію ААН па расьсьледаваньні каланіяльнай палітыкі Савецкага Саюзу ў Беларусі, у тым ліку фальшывага прадстаўніцтва інтарэсаў Беларусі ў ААН дэлегацыяй БССР.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Рада БНР асьцярожна ўспрыняла зьмены ў краіне, ня выказаўшы свайго афіцыйнага стаўленьня да Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт і прыняцьця новай дзяржаўнай сымболікі, хоць менавіта за такое разьвіцьцё падзеяў яна змагалася ў эміграцыі; аднак у 1993 годзе на ўрачыстасьці з нагоды 75-годзьдзя абвяшчэньня БНР заяўлялася пра магчымасьць перадачы паўнамоцтваў Рады БНР ураду Рэспублікі Беларусь, абранаму падчас дэмакратычных выбараў.

Тым ня менш, пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, прыняцьці ім дзяржаўнай сымболікі, практычна ідэнтычнай сымболіцы БССР, адмены статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і «пачатку наступу на дэмакратычныя волі» Рада БНР адмовілася ад падобных намераў. Такім чынам, у адрозьненьне ад эмігранцкіх урадаў Украіны, краінаў Балтыі, Польшчы, якія прызналі новыя ўрады ў постсавецкіх і постсацыялістычных краінах і перадалі ім свае паўнамоцтвы, Беларусь застаецца адзінай краінай Усходняй Эўропы, якая мае ўласны ўрад у выгнаньні[22]. З 1997 году Раду БНР у эміграцыі ўзначальвае І. Сурвіла. У 2010 году Івонку Сурвілу пераабралі Старшынёй Рады БНР.

Старшыні Рады БНР:

рэдагаваць

Узнагародная сыстэма БНР

рэдагаваць
  • Жалезны «Крыж за Бацькаўшчыну». Зацьверджаны ў 1918 годзе. Узнагароджваліся асобы — змагары за Беларускую Народную Рэспубліку[23][24].
  • Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (часоў Другой сусьветнай вайны, 1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: НА СЛУЖБЕ БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ[23].
  • Мэдаль Партызана. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя з 5 жніўня 1951 году. Мае дзьве ступені, выконваецца адпаведна з золата і срэбра. Стужка — чырвона-зямельна-зялёная. На стужцы мэдаля I ступені дзьве скрыжаваныя стрэльбы. На відавым баку ў коле дзьве скрыжаваныя стрэльбы, над імі літары «БНР». На адваротным баку парадкавы нумар[23].
  • Ордэн Пагоні. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць клясаў (ступеняў). Выконваецца з золата ці срэбра, прывешваецца на стужцы нацыянальных колераў. У цэнтры выява Пагоні, на шырокіх прамянёх крыжа літары БНР, на цэнтральным верхнім промні пазначаная ступень. На адваротным баку — парадкавы нумар[23].
  • Крыж Жалезнага Рыцара. Зацьверджаны 1 верасьня 1949 году, першыя ўзнагароджаныя — 5 жніўня 1951 году. Мае пяць ступеняў, выконваецца з золата, срэбра ці бронзы. Прывешваецца на стужцы чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колераў. Шаблі на стужцы з таго ж мэталу, што і на ордэне. На трох горных прамянёх — літары «БНР». На адваротным баку — парадкавы нумар[23].
  • Мэдаль да стагодзьдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Зацьверджаны дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ў сьнежні 2018 году. Надаваўся «за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі»[25].

Беларуская цэнтральная рада была створана ў сьнежні 1943 зь Беларускай рады даверу пры Генэральным камісарыяце Беларусі. На Другім Усебеларускім кангрэсе у 1944 г. БЦР была абвешчана адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу, а ейнай мэтай было абвешчана адраджэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада БНР не прызнае законнай Беларускую цэнтральную раду, а таксама Другі Ўсебеларускі кангрэс[26].

  • Мэдаль «Беларускія Вэтэраны на Чужыне». Юбілейная ўзнагарода, зацьверджана 10—14 кастрычніка 1976 году. Прывешваецца на стужцы жоўтага колеру. Выконваецца з бронзы. На відавым баку ў малым коле на шчыце падвойны крыж. Ля падножжа шчыта літары B. V., унізе IN EXILE (Belorussian Veterans in Ехіlе — Беларускія вэтэраны ў выгнаньні). Малое кола абкружана вялікім, у якім разьмешчаны дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тры пяцікутныя зоркі. На адваротным баку надпіс у пяць радкоў: БЕЛАРУСКІЯ ВЭТЭРАНЫ[23].
  • Мэдаль «Крыж Заслугі Б. К. А.». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з бронзы. У цэнтры крыжа Пагоня, на крыжы літары Б[еларуская] К[раёвая] А[барона]. Унізе дата — 1944. На адваротным баку літары: Б[еларуская] Ц[энтральная] Р[ада]. Мацуецца на зялёнай стужцы[23].
  • Ордэн «Пагоня — Жыве Беларусь!». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з срэбра. Прывешваецца на стужцы нацыянальных колераў. На відавым баку выява герба Пагоня; унізе дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тэкст: «Жыве Беларусь», на адваротным баку ў двух радках літары Б[еларуская] Ц[энтральная] Р[ада] і дата 27.6.1944[23].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Як зазначае гісторык Сяргей Токць, «Менавіта выхадцы з шляхты колькасна пераважалі ў беларускім нацыянальным руху на пачатковай фазе яго разьвіцьця і стварылі тады большасьць тэкстаў, якія заклалі культурны канон нацыянальнай ідэі»[15]
  2. ^ польск. «Tento białoruski język ma własną przeszłość, wcześniejszą nierównie i światlejszą niż mało- lub wielkoruski, ale pod obcą, litewską nazwą w niej się ukrywa. Był bowiem językiem urzędowym na całej Litwie; po litewsku; t. j. białorusku spisywano akty, kroniki, statuty; on pierwszy w druku się pojawił, równocześnie z polskim, w Biblii doktora Skoriny w Pradze i Wilnie około 1520 r. <…> Więc mógł sobie niegdyś tuszyć Litwin, t. j. Białorus, że mowa jego i narodowość na całej Litwie każdą inną wyprze — losy zrządziły inaczej: wyparła mowę jego, a zamieniła narodowość wszechpotężna polszczyzna. …w grodach zaś litewskich, od Wilna do Witebska, osiadało mieszczaństwo polskie, bo po polsku mówiące i myślące a litewszczyzna, t. j. białoruszczyzna kątem około monasterów i cerkwi się kupiła. Już w 15 w. w aktach litewskich (białoruskich) spotykasz gęste wyrazy polskie… W 16 w. czytają jeszcze białoruscy Chodkiewicze, Tryznowie, Pacowie, Tyszkiewicze, Sapiehowie, Dorohostajscy, Kiszkowie po białorusku, otrzymują z kancelarii wileńskiej dyplomy i listy białoruskie…»
  1. ^ а б в Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 387.
  2. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 384.
  3. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 323—324.
  4. ^ а б в г д е Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 315.
  5. ^ а б в г Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 386.
  6. ^ Päewauudised. Walge-Wene saatkond Tallinas. / Julius Seljamaa // Waba Maa : газэта. — Tallinn: Waba Maa, 20.10.1919. — № 229. — С. 3.
  7. ^ Päewauudised. Walge-Wene esitajaks Eesti Walitsuse junre. / Julius Seljamaa // Waba Maa : газэта. — Tallinn: Waba Maa, 24.10.1919. — № 233. — С. 1.
  8. ^ Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя / Тэкст У. Арлова; Маст. З.Герасімовіч. — Лондон: Angloproject corporation limited, 2003. — 317 с.
  9. ^ ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 386.
  10. ^ Helsinki, jouluk. 16 p. Suomi tuunustanut Walko-Wenäjan hallituksen. / Santeri Ivalo // Helsingin Sanomat. : газэта. — Helsinki: 16.12.1919. — № 341. — С. 3.
  11. ^ Suomi tunnustaa Walko-Wenäjän tosiasiallisesti. / Pekka Lempinen // Kansan Työ : газэта. — Viipuri: Viipurin Työväen Sanomalehti- ja Kirjapaino-Osuuskunnalle, 16.12.1919. — № 289. — С. 2.
  12. ^ Признаніе Бѣлорусской республики Финляндіей. / В. П. Пановъ // Сегодня : газэта. — Рыга: Т-во "Народъ" въ лицѣ Як. Брамса, 21.12.1919. — № 81. — С. 2.
  13. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 388.
  14. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  15. ^ Токць С. Шляхта Беларусі і беларускі нацыянальны рух у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich. Гадавік Цэнтра Беларускіх Студыяў. Nr 2/№ 2 (2017). С. 134.
  16. ^ Доўнар-Запольскі М. К пытаньню аб найменьні дзяржаўных установаў // Вольная Беларусь. № 19, 1918. С. 2—3.
  17. ^ Brückner A. Z niwy białoruskiej. — Kraków, 1918. S. 3—5.
  18. ^ Менскае беларускае прадстаўніцтва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
  19. ^ а б в Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 385.
  20. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 123.
  21. ^ Гурневіч Д. «Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
  22. ^ Снапковский, В. Белорусская эмиграция // Белоруссия и Россия: общества и государства / редактор-составитель Д. Е. Фурман. — Москва: Права человека, 1998. — С. 88-105.
  23. ^ а б в г д е ё ж Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1992. — № 5. — С. 38—41.
  24. ^ Мазырэц Ц. Узнагароды Беларусі // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 53—56.
  25. ^ Узнагароджаньне Мэдалём да стагодзьдзя БНР — Афіцыйны сайт Рады БНР, 25 сьнежня 2018 г.
  26. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 С. 390.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць