Таварыства беларускай школы

Тава́рыства белару́скай шко́лы (ТБШ) — культурна-асьветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1921—1937 гадох, заснаваная ў Радашкавічах Браніславам Тарашкевічам, затым аб’ядналася зь Беларускай школьнай радай у Вільні. Адноўленая ў Рэспубліцы Беларусь у 1996 годзе.

Таварыства беларускай школы
лац. Tavarystva biełaruskaj škoły
Абрэвіятура ТБШ
Дата ўтварэньня 9 сьнежня 1921 (102 гады таму)
Тып Асьветнае
Юрыдычны статус Грамадзкае аб’яднаньне
Мэта Агульнакраёвая асьвета на беларускай мове
Штаб-кватэра Менск, вул. Варанянскага, д. 7а, п. 720.
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Старшыня Алесь Лозка
Кіроўны орган Канцылярыя
Сайт www.nastaunik.info/national-edu/tbs

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Асамблея. Склікаецца аднойчы на тры гады. Правамоцная пры наяўнасьці больш за палову абраных прадстаўнікоў. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў прысутных. Абірае Назіральную раду, Канцылярыю і Рэвізійную камісію. Ухваляе кірункі дзейнасьці.
  • Канцылярыя. Зьбіраецца аднойчы на 2 месяцы. Пасяджэньні правамоцныя пры наяўнасьці больш за палову сябраў. Ухваляе пастановы 2/3 галасоў прысутных. Зацьвярджае кіраўнікоў галінамі дзейнасьці і вядзе ўлік суполак.
  • Назіральная рада. Уносіць прапановы аб дзейнасьці. Старшыня прадстаўляе ТБШ перад іншымі ўстановамі.
  • Рэвізійная камісія. Зьбіраецца штогод. Правярае грашовае справаводзтва і разглядае звароты і скаргі[1].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Сябры гуртка ТБШ у Горадні зь беларускай нацыянальнай сымболікай (бел-чырвона-белыя сьцягі і герб Пагоня), 1927 г.

Асноўная мэта дзейнасьці была абвешчана ў Статуце — «пашыраць і памагаць асьвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысьціянскім духу». Актыўнымі дзеячамі Таварыства былі Фабіян Акінчыц, А. Аляшкевіч, Францішак Аляхновіч, Радаслаў Астроўскі, Павал Біндзюк, А. Біч, Флягонт Валынец, Язэп Гаўрылік, Максім Гарэцкі, Іван Грэцкі, Ігнат Дварчанін, Аляксандар Дмахоўскі, Язэп Драздовіч, Павал Жаўрыд, А. Каляда, Макар Касьцевіч, Міхаіл Кахановіч, М. Кепель, Піліп Кізевіч, Іван Краскоўскі, Павал Крынчык, Антон Луцкевіч, Алена Лябецкая, А. Малец, Мікалай Марцінчык, Пётар Мятла, Сяргей Паўловіч, Піліп Пестрак, П. Пліс, В. Пранько, Міхаіл Пяткевіч, П. Пяткун, Васіль Рагуля, А. Райчонак, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Уладзімер Самойла, Аркадзь Смоліч, Адам Станкевіч, Фелікс Стацкевіч, Антон Трэпка, Аляксандар Уласаў, Леаніда Чарняўская-Гарэцкая, Рыгор Шырма, Фабіян Ярэміч і інш.

 
Зьезд ТБШ у Вільні зь беларускай нацыянальнай сымболікай, 1927 г.

Таварыства засноўвала і ўтрымлівала беларускія народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія сэмінарыі, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасьцю.

 
Сябры гуртка ТБШ у Міры зь беларускай нацыянальнай сымболікай, 1930 г.

Сродкі на дзейнасьць ТБШ паходзілі зь месячных складак, добраахвотных ахвяраваньняў, прыбыткаў з канцэртаў і продажу літаратуры. Чальцамі ТБШ маглі быць фізычныя асобы і задзейнічаныя ў колах і школьных радах. Кіроўным органам была Цэнтральная Школьная Рада, якую абіралі на сходзе. Існавала 12 акруговых управаў — Баранавічы, Беласток, Вялейка, Горадня, Глыбокае, Косава, Ліда, Наваградак, Слонім, Сьвіслач і Вільня.

Безвыніковымі былі спробы стварыць акруговую ўправу ТБШ у Пружанах[2].

У 1926 годзе БХД у супрацьвагу КПЗБ і ТБШ стварылі сваю арганізацыю — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

У 1927 годзе гурток ТБШ у вёсцы Галавачы (Скідальская гміна) ахвяраваў 650 злотых на адбудову беларускай гімназіі ў мястэчку Глыбокае[3].

Кіраўнікамі арганізацыі былі Антон Луцкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Фелікс Стацкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Трэпка, Рыгор Шырма і іншыя. Арганізоўвала беларускія школы, культурна-асьветніцкія гурткі (у 1928 годзе каля 500 гурткоў і да 30 тыс. сябраў ТБШ), бібліятэкі, народныя дамы, клюбы, распаўсюджвала беларускія газэты і часопісы. З 1933 году выдавала часопіс «Летапіс Таварыства беларускай школы».

Дзейнічала ва ўмовах уціску з боку польскіх уладаў. У 1936 годзе арганізацыя была забароненая.

 
Галоўная ўправа Таварыства беларускай школы (злева направа) у першым радзе: Міхась Пяткевіч, Фэлікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепель; у другі радзе: Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч, Мікалай Марцінчык

Адным з найбольш актыўных у Заходняй Беларусі быў гурток ТБШ у вёсцы Шкленск. 27 лістапада 1927 ён зладзіў у сваёй вёсцы вечарыну-спэктакль. Сакратар гуртка Міхал Касьцевіч напісаў у газэту «Права працы»:

«Былі згуляны дзьве п’есы: „Міхалка“ і „Суд“, пасьля чаго пяяліся беларускія песьні, дэклямаваліся вершы беларускіх паэтаў і ўрэшце пад гучныя воплескі сабраўшыхся — нягледзячы на мокрую пагоду — з суседніх вёсак публікі, вечар быў закончаны сваёй „Лявоніхай“»[4]. А пасьля той гурток 7 студзеня 1928 правялі беларускую вечарыну ў вёсцы Навасёлкі.

14 студзеня 1928 году гурток не атрымаў дазволу на правядзеньне новай вечарыны.

У лістападзе 1927 году гурток вёскі Пясчанка Скідальскай гміны паставіў у вёсцы Раўкі драму Францішка Аляхновіча «Дрыгва».

Колькасьць

рэдагаваць

У лістападзе 1926 у шэрагах ТБШ у Беластоцкім ваяводзтве налічвалася 38 гурткоў і 700 таварышаў. А на 1 ліпеня 1927 тамака быў ужо 91 гурток і 1824 таварышаў (ва ўсёй Заходняй Беларусі 3034 гурткі і 10 584 таварышаў). Сярод іх у Гарадзенскім павеце на 1927 год дзейнічалі 48 гурткоў і каля 1000 таварышаў, таму была створана асобная Гарадзенская акруга ТБШ[5].

У 1930 у Палескім ваяводстве дзейнічалі 58 гурткоў (1088 таварышаў), 1932 — адпаведна 51 (1048)[6]. Больш за ўсё іх было ў Косаўскім і Пружанскім паветах. Некалькі гурткоў дзейнічала на Піншчыне.

Забарона

рэдагаваць

З-за выдуманага абвінавачваньня ў сувязі з Грамадою і КПЗБ, бо польскія ўлады выдумалі, што некаторы гурткі Таварыства існавалі як прыкрыцьцё палітычнай дзейнасьці і не праводзілі ніякай культурнай працы[7]) сябры ТБШ цярпелі перасьлед ад польскіх уладаў, шмат хто быў пакараны рознымі тэрмінамі зьняволеньня. У лістападзе 1936 годзе дзейнасьць ТБШ была забаронена. 22 студзеня 1937 ТБШ было распушчана паводле загаду польскіх уладаў.

Сучасны стан

рэдагаваць

22 сакавіка 1996 заснаванае Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай школы», якое зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі (пасьведчаньне №00738). РГА «ТБШ» — добраахвотная грамадзкая культурна-асьветная арганізацыя, якая аб’ядноўвае грамадзян з мэтай «садзейнічаньню стварэньню сучаснай сыстэмы нацыянальнай асьветы і адукацыі, спрыяньню развіцьцю адукацыі на беларускай мове, культурна-асьветнай працы сярод дзяцей, моладзі і дарослых дзеля фармаваньня ў іх нацыянальнай сьвядомасьці і засваеньня імі агульначалавечых каштоўнасьцяў»[1]. Прэзыдэнты ТБШ — Генадзь Пятроўскі (былы першы намесьнік міністра адукацыі), з 1999 (старшыня з 2003 году) — Алесь Лозка (дырэктар Беларускага навукова-мэтадычнага цэнтру гульні і цацкі Міністэрства адукацыі, затым дацэнт БДПУ)[8].

17 верасьня 2021 году Вярхоўны суд Беларусі на пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі пастанавіў зачыніць Таварыства беларускай мовы. У позьве зьмяшчаліся абвінавачаньні ў несапраўднасьці юрыдычнага адрасу празь вяртаньне карэспандэнцыі і ў неабнародаваньні справаздачы аб дзейнасьці[9].

Выданьні ТБШ

рэдагаваць
  1. Францішак Аляхновіч. Аляксандар Дмахоўскі. Міхаіл Кахановіч. Антон Луцкевіч. Браніслаў Тарашкевіч. Статут Таварыства Беларускае Школы. // Беларускія ведамасьці : газэта. — 1921, 3 кастрычніка. — № 4. — С. 2, 3.
  2. З беларускіх культурных арганізацыяў. Да ведама ўсіх сяброў Таварыства Беларускае Школы. // Родныя гоні  : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, сакавік. — № 1. — С. 43—46.
  3. Зьезд Т-ва Беларускай Школы Косаўскага пав. Зьезд Т-ва Беларускай Школы Навагр. пав. З беларускіх культурных арганізацыяў. // Родныя гоні  : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, сакавік. — № 2. — С. 28—34.
  4. Зьезд Т-ва Беларускай Школы Гарадзенскага вокругу. // Родныя гоні  : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, сакавік. — № 3. — С. 35—37.
  5. Зьезд Т-ва Беларускай Школы Вялейскага пав. Зьезд Т-ва Беларускай Школы Стайпецкага пав. // Родныя гоні  : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, верасень—кастрычнік. — № 6. — С. 59—64.
  6. Антон Грыневіч. Беларускі дзіцячы сьпеўнік з беларускіх нар. матываў і лірыкі, сабраных у 1905—1924 г.г. Вільня, 1925.
  7. Летапіс ТБШ, № 2 (25) 2011
  8. Матэматычны фальклор. Пачатковыя матэматычныя ўяўленні і навыкі сродкамі народнай педагогікі /укл. А. Лозка — Мінск, 2002. — 52 с.
  9. Скарбонка гульняў, дапаможнік для настаўнікаў/ укл. І. Губарэвіч. — Мінск, 2005. — 108 с.
  10. Актыўная ацэнка: метад. дапам. / укл. Н. Ільініч. — Мінск, 2011. — 83 с.
  11. Альтэрнатывы ў адукацыі: Зборнік артыкулаў. — Мінск, 2012. — 166 с.
  12. Наша адукацыя. Матэрыялы круглага стала / рэд. В. Вячорка. — Мінск, 2014. — 120 с.
  13. Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі: дапаможнік для настаўнікаў/ М. І. Запрудскі, М. Кудзейка, Т. П. Мацкевіч і інш. Пад рэд. М. І. Запрудскага. — Мінск, 2014. — 238 с.
  14. С. Чарняўскі. Як стварыць сучасную школьную газету: метадычны дапаможнік. — Кіеў: Акадэмія ўкраінскай прэсы, Цэнтр свабоднай прэсы, Таварыства беларускай школы, 2014. — 73 с.
  15. Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў. Пад рэд. М. І. Запрудскага — Мінск, 2016. — 336 с.
  16. Д. Стэрна. Як будаваць партнёрства ў навучанні, 2017. — 16 с.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б Статут ТБШ // Настаўнік.info, 2 сакавіка 2005 г. Праверана 17 верасьня 2021 г.
  2. ^ Вабішчэвіч А. Асвета на Палессі ў 1921–1939 гады паміж спадзяваннямі і рэаліямі // ARCHE Пачатак. № 7—8, 2013 г.
  3. ^ Наша Праўда. № 20, 11 чэрвеня 1927 г.
  4. ^ Права працы. № 6, 24 сьнежня 1927 г.
  5. ^ Majecki H., Działalność Towarzystwa Szkoły Białoruskiej na Białostocczyznie [w:] Studia polsko-litewsko-białoruskie. Prace Białostockiego Towarzystwa Naukoweho, nr 31. Red. J.Tomaszewkiego, E.Smułkowej, H. Majeckiego,Warszawa PWN, 1988. s.208.
  6. ^ ДзАБВ, ф. l, воп. 9, спр. 47, арк. 13.
  7. ^ Сяргей Токць. Культурнае жыццё беларускай вёскі ў міжваеннай Польшчы (па матэрыялах Гарадзеншчыны) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 18. 2002. С. 91—117
  8. ^ ТБШ на NGO.by
  9. ^ Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзе // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 верасьня 2021 г. Праверана 14 лістапада 2021 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць