Каба-Вэрдэ

астраўная дзяржава ў Заходняй Афрыцы

Рэспубліка Каба-Вэрдэ (па-партугальску: Cabo Verde; таксама Астравы Зялёнага Мысу) — дзяржава на астравах архіпэлягу Каба-Вэрдэ ў Атлянтычным акіяне за 620 км ад заходняга ўзьбярэжжа Афрыкі.

Каба-Вэрдэ
па-партугальску: República de Cabo Verde
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Песьня свабоды[d]
Дата заснаваньня: 5 ліпеня 1975
Афіцыйная мова: партугальская і кабувэрд’яну[d]
Сталіца: Прая
Форма кіраваньня: парлямэнцкая рэспубліка
прэзыдэнт Каба-Вэрдэ[d]: Жузэ Марыя Нэвіш[d]
прэм’ер-міністар Каба-Вэрдэ[d]: Улісэш Карэя-і-Сылва[d]
Заканадаўчы орган: Нацыянальная асамблея[d]
Плошча:
  • 4033 км²
Насельніцтва:
Валюта: Эскуда Каба-Вэрдэ
СУП (2022)
па ППЗ: 4,413 млрд $
па ППЗ на душу насельніцтва: 7 740 $
намінальны: 1,997 млрд $
намінальны на душу насельніцтва: 3 502 $
Індэкс дэмакратыі: 7,65[2]
Каэфіцыент Джыні: 42,4[3]
ІРЧП: 0,662[4]
Часавы пас: CVT[d], UTC-1 і Атлянтыка/Каба-Вэрдэ[d][5]
Аўтамабільны знак: CV
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .cv
Тэлефонны код: +238
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
governo.cv

Да складу дзяржавы ўваходзяць 10 вялікіх і 5 маленькіх астравоў вульканічнага паходжаньня. Побач з Каба-Вэрдэ ў рэгіёне месьцяцца Канарскія астравы, якія належаць Гішпаніі, і востраў Мадэйра, якая належыць Партугаліі. Архіпэляг ня быў залюднены ажно да XV стагодзьдзя, калі партугальскія дасьледчыкі адкрылі і калянізавалі астравы, заклаўшы, такім чынам, першае эўрапейскае паселішча ў тропіках. Паколькі астравы былі разьмешчаныя ў зручным месцы, празь іх ладзіўся гандль рабоў праз Атлянтычны акіян, дзякуючы чаму Каба-Вэрдэ квітнела цягам XVI і XVII стагодзьдзяў. Эканамічны росквіт скараціўся ў XIX стагодзьдзі пасьля сканчэньня гандлю рабамі. У 1951 годзе Каба-Вэрдэ сталася замежным дэпартамэнтам Партугаліі, але ягоныя жыхары прагнулі незалежнасьці, якую нарэшце здабылі ў 1975 годзе.

З пачатку 1990-х гадоў Каба-Вэрдэ ёсьць стабільнай прадстаўнічай дэмакратыяй і лічыцца адной з самых разьвітых і дэмакратычных краінаў Афрыкі. Ня маючы прыродных рэсурсаў, эканоміка краю базуецца на сэктару паслуг, факусуючыся на турызьме і прыцягненьні замежных інвэстыцыяў. Жыхары краіны маюць зьмяшаную афрыканскую і эўрапейскую спадчыну і ёсьць пераважна каталікамі. Досыць вялікая каба-вэрдыянская супольнасьць існуе ў ЗША і Партугаліі, значна перавышаючы колькасьць жыхароў на астравах. Краіна ўваходзіць у шэраг міжнародных арганізацыяў, як то ААН, СГА, Афрыканскі зьвяз ды іншых.

Гісторыя

рэдагаваць

Архіпэляг сучаснага Каба-Вэрдэ быў утвораны прыблізна 40–50 мільёнаў гадоў таму ў эпоху эацэн.

Адкрыцьцё і росквіт

рэдагаваць

Да прыбыцьця эўрапейцаў, астравы Каба-Вэрдэ не былі заселенымі[6][7][8]. Іх адкрылі генуэскія і партугальскія мараплаўцы каля 1456 году. Паводле афіцыйных запісаў партугальцаў, упершыню перабываў тутака ўраджэнцец Генуі Антоніё дэ Нолі, які пасьля быў прызначаны губэрнатарам астравоў партугальскім каралём Афонсу V. Да ліку іншых мараплаўцаў, якія могуць быць далучаныя да ліку адкрывацеляў Каба-Вэрдэ, адносяцца Д’ёгу Дыяш, Д’ёгу Афонсу, Д’ёгу Гоміш і вэнэцыянец Альвізэ Кадамоста. Як вядома, Д’ёгу Гоміш суправаджаў дэ Нолі ў ягоным падарожжы і стаўся першым чалавекам, які высадзіўся на востраў Сант’яга.

 
Порту-Прая на выяве 1806 году.

У 1462 годзе на Сант’яга прыбылі партугальскія асаднікі і заснавалі паселішча, якое яны назвалі Рыбэйру-Грандзі. На сёньня яно вядомае як горад Сыдадзі-Вэльля, што з партугальскае мовы перакладаецца як «Стары горад». Перайначваньне назвы адбылося, каб унікнуць ейнай блытаніны з аднім з астравоў архіпэлягу. Гэтая першапачаткова вёсачка сталася першым сталым эўрапейскім паселішчам у тропіках[9]. Пэўны час новыя тэрыторыя былі месцам высылкі непажаданых асобаў, у тым ліку шляхетнага паходжаньня. Да пачатку XVI стагодзьдзя пераважала дробная плянтацыйная гаспадарка, якая палягала на жывёлагадоўлі і вырошчваньні бавоўны і цукровага трысьнягу. Празь недахоп таннай працоўнай сілы з 1466 году плянтатары ўвозілі афрыканскіх афрыканскіх рабоў.

Паводле справаздачы, у 1513 годзе на астравах жылі 162 чалавекі, у тым ліку 130 эўрапейцаў (партугальцаў, галісійцаў і італьянцаў) і толькі 32 мурыны. Але пасьля адкрыцця Амэрыкі і ўзьнікненьня буйных плянтацыяў на поўдні Бразыліі і Антыльскіх астравоў Каба-Вэрдэ ператварылася ў транзытную базу для гандляроў рабамі. У XVI стагодзьдзі эканоміка архіпэлягу квітнела менавіта дзякуючы гэтаму гандлю[9]. Час ад часу на партугальскія паселішчы чынілі напады піраты. Гэтак ангельскі пірат Фрэнсіс Дрэйк двойчы рабіў набег на тагачасную сталіцу Рыбэйру-Грандзі ў 1585 годзе за часам існаваньня Ібэрыйскай уніі[9]. Пасьля нападу Францыі ў 1712 годзе мястэчка пазбавілася свайго статусу, бо сталіцай у 1770 годзе стала суседняя Прая[9]. Заняпад гандлю рабамі ў XIX стагодзьдзі спрычыніў эканамічную крызу і былы росквіт астравоў павольна зьнік. Аднак, геаграфічнае становішча архіпэлягу зрабіла яго ідэальным месцам да перагрузкі караблёў, якія кіраваліся з Эўропы праз Атлянтычны акіян. Дзякуючы выгоднай гавані горад Міндэлу, які месьціцца на востраве Сан-Вісэнці, стаў важным гандлёвым цэнтрам у XIX стагодзьдзі[9]. Менавіта астравы Каба-Вэрдэ сталіся першым прыпынкам падарожжа Чарлза Дарвіна на караблі «Бігл» у 1832 годзе. Вытворчасьць таварных культураў, як то бавоўны, тытуню, цукровага трысьнягу, паступова пачала саступаць месца вырошчаньню зерневых, бабовых, садавіны і гародніны. Важную ролю пачалі гуляць марскі промысел, здабыча пэмзы і солі, рамонт і абслугоўваньне суднаў.

Шлях да незалежнасьці

рэдагаваць

З прычыны браку дастатковай колькасьці прыродных рэсурсаў і ўстойлівых інвэстыцыяў з боку мэтраполіі, сярод жыхароў архіпэлягу павялічылася незадаволенасьць цэнтральнай уладай, якая яшчэ і адмовілася ўсталяваць аўтаномію. Пасьля ўсталяваньня ў 1926 годзе ў Партугаліі дыктатуры Антонію Салазара эканамічнае і прававое становішча астравіцянаў пагоршылася. За часам засушы 1945—1949 гадоў з прычыны галоднае сьмерці памерла каля 30 тысяч чалавек. Каля мястэчка Тарафал на востраве Сант’ягу дзейнічаў канцэнтрацыйны лягер, у якім утрымоўваліся палітычныя вязні з Партугаліі ды іншых калёніяў. Праз высокую сьмяротнасьць яго параўноўвалі з падобнымі ўстановамі ў Трэцяга Райху.

У 1951 годзе Партугалія зьмяніла статус Каба-Вэрдэ з калёніі ў замежную правінцыю ў спробе здушыць нацыяналістычныя настроі[9]. Тым ня менш, у 1956 годзе Амілкар Кабрал і група ягоных паплечнікаў з астравоў і Партугальскае Гвінэі заклалі падпольную Афрыканскую партыю за незалежнасьць Гвінэі і Каба-Вэрдэ (АПНГіК)[9]. Прадстаўнікі партыі запатрабавалі паляпшэньня эканамічных, сацыяльных і палітычных умоваў у Каба-Вэрдэ і Партугальскай Гвінэі і заклалі аснову руху за незалежнасьць абедзьвюх краінаў. Пасьля пераносу штаб-кватэры сваёй арганізацыі ў сталіцу Гвінэі гораду Канакры ў 1960 годзе АПНГіК пачала ўзброенае паўстаньне супраць Партугаліі ў 1961 годзе. Акты сабатажу ў выніку ператварыліся да сапраўднай вайны ў Партугальскай Гвінэі, у якой узялі ўдзел 10 тысяч паўстанцаў, падтрыманых савецкім блёкам, супраць партугальскіх сілаў, да складу якіх належалі 35 тысяч жаўнераў партугальскіх часьцяў і афрыканскага корпусу[9].

Да 1972 году АПНГіК кантралявала большую частку Партугальскае Гвінэі, не зважаючы на прысутнасьць партугальскіх войскаў, але арганізацыя ня здолела ўсталяваць кантроль над Каба-Вэрдэ. Гвінэя-Бісаў абвесьціла сваю незалежнасьць у 1973 годзе і дэ-юрэ атрымала незалежнасьць наступнымы годам. Рух незалежнасьці ачоліў браценік забітага ў 1973 годзе Амілкара Кабрала Луіш Кабрал.

Па здабыцьці незалежнасьці

рэдагаваць
 
Помнік Амілкару Кабралу, усталяваны ў Праі.

Пасьля Рэвалюцыі гвазьдзікоў, якая адбылася ў красавіку 1974 году ў Партугаліі, АПНГіК пашырыў свой рух у Каба-Вэрдэ. У сьнежні 1974 году партыя і ўрад Партугаліі склалі пагадненьне аб стварэньні пераходнага ўраду, які мусіць быў складацца з партугальцаў і каба-вэрдыянцаў. 30 чэрвеня 1975 году ў краіне пачала працу Нацыянальная асамблея, якая атрымаў інструмэнты да здабыцьця незалежнасьці ад Партугаліі 5 ліпеня 1975 году[9]. У канцы 1970-х і 1980-х гадоў большасьць афрыканскіх краінаў забаранялі дзейнасьць Паўднёваафрыканскіх авіялініяў, праз непрыняцьцё палітыкі апартэіду ў ПАР у дачыненьні да мурынавага насельніцтва краіны, але Каба-Вэрдэ дазволілі стварыць авіякампаніі з краіны Паўднёвай Афрыкі перасядачны вузел, дзякуючы якому Паўднёваафрыканскія авіялініі атрымалі магчымасьць выконваць рэйсы ў Эўропу і ЗША. У 1970-х гадах вялікая засуш прымусіла больш за паўмільён чалавек зьехаць з краіны ў Партугалію і Італію.

Адразу пасьля перавароту ў лістападзе 1980 году ў Гвінэі-Бісаў адносіны паміж Каба-Вэрдэ і памянёнай краінай сталі напружанымі. Каба-Вэрдэ адмовілася ад ідэі ўзьяднаньня з Гвінэяй-Бісаў, прадстаўнікі АПНГіК стварылі ўласную Афрыканскую партыю за незалежнасьць Каба-Вэрдэ (АПНКВ). З тых часоў праблемы ў дачыненьнях былі разьвязаныя і сёньня паміж імі няма напружанасьці. АПНКВ, як і ейная папярэдніца, зладзілі ў краіне аднапартыйную сыстэму і кіравалі дзяржавай да 1990 году[9].

 
Цырымонія інаўгурацыі прэзыдэнта Жузэ Марыі Нэвіша.

У 1982 годзе Нацыянальная асамблея прыняла першы чатырохгадовы плян разьвіцьця гаспадаркі. Пераход да плянавае эканомікі меў супярэчлівыя вынікі. Дзякуючы замежнай падтрымцы, у тым ліку з боку ААН і СССР, была пашыраная сетка адукацыйных установаў, пабудаваныя новыя прамысловыя і транспартныя прадпрыемствы. Аднак гэта прывяло да вялізарнай замежнай запазычанасьці, якая дасягнула 400 млн даляраў ЗША ў 1986 годзе, скарачэньня вытворчасьці таварных сельскагаспадарчых культур, міграцыі працаздольнага насельніцтва зь вёскі ў гарады і, як вынік, павелічэньня беспрацоўя. У другой палове 1980-х гадоў узровень жыцьця значна зьнізіўся.

З ростам ціску ўнутры краіны, які быў выкліканы запытам у грамадзтве на плюралістычную дэмакратыю, АПНКВ склікала ў лютым 1990 годзе кангрэс, каб абмеркаваць прапанаваныя канстытуцыйныя зьмены і скончыць пэрыяд дзеі аднапартыйнае сыстэмы. Апазыцыйныя групы ў красавіку таго ж году зладзілі ў Праі ўласны зьезд, каб сфармаваць Рух за дэмакратыю. Аднапартыйная сыстэма была скасаваная 28 верасьня 1990 году, а першыя шматпартыйныя выбары былі зладжаныя ў студзені 1991 году. Рух атрымаў большасьць месцаў у Нацыянальнай асамблеі, а кандыдат ад руху Антонію Машкарэньяш Мантэйру перамог з 73,5% галасоў і здабыў пасаду прэзыдэнта. Выбары ў сьнежні 1995 году павялічылі большасьць прадстаўнікоў руху ў парлямэнце, то бок партыя здабыла 50 месцаў з 72 магчымых. У наступным узгаданыя дзьве партыі, чаргуючыся, атрымлівалі большасьць галасоў на наступных выбарах. Гэтак у студзені 2001 году АПНКВ вярнулі большасьць у парлямэнце, а іхны прадстаўнік Пэдру Пірыш займаў пасаду прэзыдэнта краіны дзьве кадэнцыі з 2001 па 2011 гады. З 2011 па 2021 гады на чале дзяржавы стаяў прадстаўнік Руху за дэмакратыю Жоржы Карлуш Фансэка, а ў 2016 годзе ягоная партыя здабыла большасьць месцаў у Нацыянальнай асамблеі. Паводле вынікаў галасаваньня ў кастрычніку 2021 году пасаду прэзыдэнта зноўку заняў кандыдат ад АПНКВ.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Астравы Каба-Вердэ з космасу.

Архіпэляг Каба-Вэрдэ мае вульканічнaе паходжаньне і разьмяшчаецца на шырокім падводным вульканічным плято, агульнай плошчай звыш за 70 тысяч км². Рэльеф астравоў ёсьць гарыстым, а берагі зьвілістыя. Глыбіня акіяну каля астравоў часам дасягае 1000 мэтраў. Ён складаецца з 10 адносна буйных і 15 невялікіх астравоў і скалаў. Агульная працягласьць берагавой лініі складае 1053 км. У залежнасьці ад становішча ў дачыненьні да пасатаў астравы падзяляюцца на 2 групы — Барлавэнту (Наветраныя) і Сатавэнту (Падветраныя).

Дзякуючы паходжаньню і кліматычным умовам кожны буйны востраў мае непаўторны ляндшафт, эканамічную інфраструктуру і этнакультурныя асаблівасьці. На ўсім архіпэлягу маецца толькі адзін вулькан Фогу (2830 м), які ёсьць дзейным.

 
Пляж на востраве Сан-Вісэнці.

Клімат астравоў трапічны пасатны, вельмі сухі і сьпякотны. Сярэднемесячныя тэмпэратуры складаюць 22—27 °C. Штогадовая колькасьць ападкаў складае 100—250 мм.

Кліматычныя ўмовы ў значнай ступені залежаць ад сэзонных пануючых вятроў. Паўночна-ўсходнія пасаты прыносяць сухое і халоднае паветра. З кастрычніка па чэрвень з Сахары дзьмуць усходнія сьпякотныя вятры гарматаны, якія часам фармуюць пылавую смугу. З жніўня па кастрычнік пануюць вільготныя паўднёвыя і паўднёва-заходнія вятры. У жніўні і верасьні паветра досыць парнае, дзённая тэмпэратура уздымаецца да 36 градусаў і вышэй, а ноччу падае да 18—20 градусаў. Найбольш халодная паравіна назіраецца ў студзені і лютым.

Халодная Канарская плынь таксама моцна ўплывае на мясцовы клімат. Яна астуджае паверхневыя воды акіяна і паветра над астравамі. У чэрвені Канарская плынь адступае на поўнач. Затое з поўдня набліжаецца цёплая Гвінэйская плынь. Прыбярэжныя воды награваюцца да 24—28 градусаў.

Малая колькасьць ападкаў стварае сталыя праблемы з забесьпячэньнем вадою. Найбольшая частка вільгаці прыпадае на высокія астравы, дзе хмары затрымоўваюцца гарамі. Але ападкі разьмеркаваныя сэзонна, часьцяком у выглядзе кароткіх, але моцных залеваў, калі за дзень ці два можа выльліца палова сярэднягадавой нормы. Залевы ствараюць рэчышчы, якія запаўняюцца вадою толькі ў вільготны сэзон. Засушы цягнуцца 5—10 і болей гадоў.

Для паверхні астравоў так ці інакш характэрныя скальныя выступы. Глебы ў асноўным складаюць багатыя трапічныя чырвоназёмы, але празь недахопу вады ў сельскагаспадарчай вытворчасьці многія землі не выкарыстоўваюцца. На адкрытых ветру раўнінах, дзе ёсьць спрыяньне эрозіі, можна пабачыць самотны пустэльны ці паўпустэльны пэйзаж, як то стромыя голыя скалы, шэрыя глебы, пясок або каменьне. Урадлівы пласт хутка выносіцца ветрам. Толькі ў вільготны сэзон раўніны пакрываюцца расьліннасьцю. На некаторых маленькіх астравах бракуе натуральных крыніцаў пітное вады.

Расьлінны і жывёльны сьвет

рэдагаваць
 
Лес на востраве Фогу.

Расьлінны сьвет наагул бедны. На паўночных схілах гор сустракаюцца невысокія дрэвы бамбардэйра з шырокім мясістым лісьцем. Іхны сок выкарыстоўваюць у якасьці лекаў. Натуральныя лясы захаваліся толькі ў горных рэгіёнах, асабліва на поўначы вострава Фогу. Большасьць астатніх насаджэньняў мае штучны характар. Ля крыніц вады часта саджаюць какосавую і фінікавую пальму, а ў населеных пунктах — акацыі, садовыя дрэвы, трысьнягі і хмызняк.

Да прыбыцьця эўрапейцаў на астравах не існавала сысуноў. Нават птушыны сьвет быў бедным. Перасяленцы прывезлі з сабою трусаў, малпаў, пацукоў і мышаў, якія хутка распладзіліся. Звычайнымі сталі аслы, каровы, коні, сьвіньні. У гарах трымаюць буйвалаў. Маюцца ў вялікай колькасьці вусякі. Прыбярэжныя воды насяляюць самыя розныя рыбіны, у тым ліку прамысловыя. Сустракаюцца розныя віды акул, марскія чарапахі, лянгусты.

Палітыка

рэдагаваць

Дзяржаўны лад

рэдагаваць
 
Палац юстыцыі ў Праі.

Каба-Вэрдэ ёсьць стабільнай паўпрэзыдэнцкай прадстаўнічай дэмакратычнай рэспублікай[10]. Гэта адна з самых дэмакратычных краінаў у Афрыцы, якая паводле індэксу дэмакратыі паводле стану на 2018 году займала 26-е месца ў сьвеце[11]. У сувязі з гэтым у 2013 годзе прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Каба-Вэрдэ мае сапраўдную гісторыю посьпеху[12]. Канстытуцыя дзяржавы набыла сваю моц у 1980 годзе, але некаторыя папраўкі былі зробленыя ў 1992, 1995 і 1999 гадах. Прэзыдэнт ёсьць кіраўніком дзяржавы і абіраецца ўсенародным галасаваньнем за пяцігадовы тэрмін[9]. Кіраўніком ураду ёсьць прэм’ер-міністар. Сябры Нацыянальнай асамблеі абіраюцца народным галасаваньнем за пяцігадовы тэрмін.

Галоўнымі і самымі ўплывовымі партыямі ёсьць Афрыканская партыя за незалежнасьць Каба-Вэрдэ і Рух за дэмакратыю. Тым ня менш у дзяржаве існуюць іншыя другарадныя партыі, самай пасьпяховай зь якіх ёсьць Дэмакратычны і незалежны каба-вэрдыянскі зьвяз. Гэты зьвяз стала атрымлівае некалькі месцаў у парлямэнт, гэтак на парлямэнцкіх выбарах 2021 году ён здабыў 4 дэпутацкія мандаты.

Замежныя дачыненьні

рэдагаваць
 
Сінім колерам на мапе пазначаны краіны, у якіх маюцца амбасады Каба-Вэрдэ.

Каба-Вэрдэ кіруецца палітыкай недалучэньня і шукае каапэратыўных дачыненьняў з усімі прыязнымі дзяржавамі[9]. Свае амбасады ў сталіцы Праі маюць наступныя дзяржавы, як то Ангола, Бразылія, Кітай, Лібія, Куба, Францыя, Нямеччына, Партугалія, Гішпанія, Сэнэгал, Расея, Люксэмбург і ЗША[9]. Каба-Вэрдэ актыўна бярэ ўдзел у афрыканскай палітыцы[9]. У дадатак, краіна ўваходзіць да ліку заснавальніц Садружнасьці партугаламоўных дзяржаваў, міжнароднай арганізацыі і палітычнай асацыяцыі краінаў, дзе пануе партугальская мова.

Каба-Вэрдэ мае двухбаковыя дачыненьні зь некаторымі лузафонскімі краінамі і ўтрымлівае сяброўства ў шэрагу міжнародных арганізацыяў. Край таксама бярэ ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях па эканамічных і палітычных пытаньнях. З 2007 году Каба-Вэрдэ мае адмысловы статус партнэрства з Эўразьвязам[13], паводле Катанускага пагадненьня, і можа скласьці заяўку на адмысловае сяброўства, бо, у прыватнасьці, нацыянальная валюта эскуда ёсьць індэксаванай да эўра[14]. У 2011 годзе Каба-Вэрдэ ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду[15]. У 2017 годзе дзяржава падпісала Дагавор ААН аб забароне ядзернай зброі[16].

Узброеныя сілы

рэдагаваць
 
Вайскоўцы зь Берагавой аховы Каба-Вэрдэ.

Узброеныя сілы Каба-Вэрдэ складаюцца з Нацыянальнай гвардыі і Сілаў берагавой аховы. Паводле бюджэту 2005 году на войска выдаткоўвалася 0,7% СУП краіны.

Фактычна войска брало ўдзел у бітвах вайны за незалежнасьць супраць Партугаліі ў пэрыяд з 1974 па 1975 гады, але апасьля узброеныя сілы свае намаганьні скіроўваюць на барацьбу зь міжнародным гандлем наркотыкамі. У 2007 годзе разам з паліцыяй Каба-Вэрдэ вайскоўцы правялі ўдалую апэрацыю па спыненьні дзенйаьсці групы гандляроў наркотыкамі, якая кантрабавала какаін з Калюмбіі да Нідэрляндаў і Нямеччыны, выкарыстоўваючы Каба-Вэрдэ як перавалачны пункт. Апэрацыя агулам усьцяж доўжылася больш за тры гады. У 2016 годзе ўзброеныя сілы краіны былі ўцягнутыя ў разаніну ў Монці-Чота, у выніку якой загінулі 11 чалавек[17].

Не зважаючы на тое, што Каба-Вэрдэ месьціцца ў Афрыцы, дзяржава заўсёды мела цесныя адносіны з Эўропай. Праз гэта некаторыя адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што краіна можа мець права на далучэньне да Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) і Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы[18].

Эканоміка

рэдагаваць
 
Ключовы нацыянальны грузавы перавозьнік TACV.

У апошнія гады Каба-Вэрдэ зьведала эканамічны рост і павышэньне ўмоваў жыцьця, не зважаючы на брак прыродных рэсурсаў і неспрыяльны клімат. Аднак жыцьцё на астравах усё яшчэ ёсьць досыць цяжкім. З 2007 году ААН клясыфікуе краіну як разьвіваную, а да таго адносіла яе да ліку найменш разьвітых краінаў сьвету.

Толькі пяць зь дзесяці асноўных астравоў, як то Сант’яга, Санту-Антан, Сан-Нікалаў, Фогу і Брава, маюць значную сельскагаспадарчую вытворчасьць, але больш за 90% усёй спажыванай у дзяржаве ежы імпартуецца. На астравах маецца невялікая колькасьць вінаградарных заводаў, якія вырабляюць партугальскія віны, але іхнае спажываньне звычайна абмяжоўваецца нутраным рынкам і на экспарт амаль не ідзе. Вырошчваюць цукровы трысьнёг, бананы, каву, клешчавіну, кукурузу, бульбу, фасолю, маніёк, памідоры і садавіну ў асноўным на землях з арашэньнем. У сельскай гаспадарцы занята каля 50 % працаздольнага насельніцтва. Плошча культываваных земляў сягае 42 тысяч га, то бок 10% агульнай плошчы архіпэлягу. У рыбалоўстве (6% СУП) занятае 3% актыўнага насельніцтва краіны. Асноўная частка морапрадуктаў экспартуецца ў краіны Эўропы.

 
Вулічны гандаль у Каба-Вэрдэ.

Эканоміка Каба-Вэрдэ арыентавана на сэктар паслуг, то бок агулам камэрцыя, транспарт і дзяржаўныя паслугі фармуюць больш за 70% СУП[19]. Прамысловасьць разьвіта слаба (16% ад СУП краіны) і сканцэнтраваная на трох астравах — Сант’ягу, Сан-Вісэнці і Сал — на долю якіх прыпадае каля 80% прадпрыемстваў. Маюцца прадпрыемствы харчовай, тэкстыльнай, абутковай прамысловасьці і вырабу будаўнічых матэрыялаў. Дзейнічае таксама нацыянальная авіякампанія, будаўнічыя, аўта- і суднарэмонтныя прадпрыемствы. Здабываюць соль, пуцалан, гліну, вапняк і базальт. Значную долю СУП, як то 20%, складаюць грашовыя пераводы з-за мяжы[9]. Асноўным фактарам, які вызначае жыцьцяздольнасьць эканомікі, па-ранейшаму застаецца значная бязвыплатная замежная дапамога, а таксама ільготныя крэдыты. Не зважаючы на гэтыя фактары, Каба-Вэрдэ можа пахваліцца высокім узроўнем жыцьця ў рэгіёне.

З 1991 году ўрад праводзіць рынкавую эканамічную палітыку, стварыўшы ўмовы да прыцягненьня замежных інвэстыцыяў і распрацаваўшы праграму прыватызацыі. Асаблівай увагай пачалі карыстацца разьвіцьцё турызму, лёгкай прамысловасьці і рыбалоўства. Таксама былі прыцягнутыя рэсурсы да будаўніцтва і пашырэньне транспарту, камунікацыяў і энэргетычных аб’ектаў. У 2011 годзе на чатырох астравах былі пабудаваныя аб’екты ветравай энэргетыкі, якія прадукавалі каля 30% ад патрэбаў электраэнэргіі Каба-Вэрдэ[20]. Згодна з праграмай разьвіцьця энэргетыкі краіны мусіць напоўніцу карыстацца толькі ад аднаўляльных крыніцаў энэргіі да 2025 году[21]. Такая трансфармацыйная палітыка павінна адкрыць шлях да больш устойлівага разьвіцьця афрыканскае краіны. У пэрыяд з 2000 па 2009 гады рэальны СУП у сярэднім павялічваўся на больш чым на сем адсоткаў на год, што значна вышэй за сярэдні паказьнік краінаў на поўдзень ад Сахары і хутчэй за большасьць малых астраўных эканомік у рэгіёне. Моцныя эканамічныя паказьнікі былі падмацаваны хуткарослай турыстычнай галіной, а таксама значным прытокам капіталу, што дазволіла Каба-Вэрдэ павялічыць валютныя запасы да 3,5 месяцаў бягучага імпарту. Пры гэтым на астравах бракуе выдатных пляжаў, тым ня менш турыстаў прываблівае добры клімат, як то амаль нязьменная сярэднегадавая тэмпэратура 25°С.

Найбольш актыўныя гандлёва-эканамічныя сувязі краіна падтрымлівае з Партугаліяй, на долю якой прыпадае каля 49,7% экспарту і 31% імпарту. Такая каапэрацыя прывяла ў свой час да рашэньня узалежненьня курса каба-вэрдыянскага эскуда да партугальскага. Пасьля пераходу Партугаліі на выкарыстаньне эўра, вочапка эскуда працягвае існаваць, але ўжо да эўра. Іншымі значнымі эканамічнымі партнэрамі ёсьць Нідэрлянды, ЗША, Нямеччына, Гішпанія і Францыя. 23 чэрвеня 2008 году Каба-Вэрдэ сталася сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі[22].

Насельніцтва

рэдагаваць
 
Графік зьмяненьня колькасьці насельніцтва Каба-Вэрдэ ў час з 1961 па 2003 гады.

Афіцыйны перапіс зафіксаваў, што ў Каба-Вэрдэ на 2013 год налічвала 512 096 чалавек. Вялікі адсотак зь іх, то бок 236 тысяч чалавек, былі жыхарамі галоўнага вострава Сант’яга[23]. Сучасныя жыхары Каба-Вэрдэ ёсьць нашчадкамі ад зьмяшаных шлюбаў паміж афрыканцамі і эўрапейцамі рознага паходжаньня. Існуе невялікая група каба-вэрдынцаў, якія маюць продкаў жыдоў з Паўночнай Афрыкі. Яны жывуць у асноўным на астравах Боа-Вішта, Сант’яга і Санту-Антан. Значная частка жыхароў астравоў эмігравала за мяжу, у асноўным у ЗША, Партугалію і Францыю, і, такім чынам, большасьць каба-вэрдынцаў пражываюць за мяжой чым дома. У адрозьненьне ад іншых дзяржаваў Афрыкі, у Каба-Вэрдэ няма плямёнаў.

Афіцыйнай мовай Каба-Вэрдэ ёсьць партугальская[24]. Яна выконвае функцыі мовы навучаньня і дзейнасьці ўраду, а таксама выкарыстоўваецца ў газэтах, на тэлебачаньні і радыё. Тым ня менш, шырокае ўжываньне мае партугальская крэольская мова, вядомая як кабувэрд’яну, якая ёсьць роднай мовай практычна ўсіх каба-вэрдыянцаў. Нацыянальная канстытуцыя патрабуе выкананьня захадаў дзеля наданьня парытэту крэольскай мовы з партугальскай мовай[24]. На кабувэрд’яну існуе літаратура, а ейны прэстыж узвысіўся па здабыцьці Каба-Вэрдэ незалежнасьці.

Адрозьненьні паміж формамі кабувэрд’яну на астравах ёсьць галоўнай перашкодай на шляху да стандартызацыі гэтае мовы. Некаторыя навукоўцы выступалі за распрацоўку двух стандартаў крэольскае мовы, як то паўночны варыянт, які б грунтаваўся на мову вострава Сан-Вісэнці, а таксама паўднёвы варыянт, які б базаваўся на крэольскай мове вострава Сант’яга. Каба-вэрдыянскі літаратар і лінгвіст Мануэл Вэйга ёсьць галоўным прыхільнікам стандартызацыі крэольскай мовы[25].

Пераважная большасьць каба-вэрдынцаў ёсьць хрысьціянскімі вернікамі. Адбіткам партугальскана панаваньня на астравах некалькі стагодзьдзяў ёсьць тое, што пераважную большасьць зь іх складаюць рыма-каталікі. Паводле стану на 2010 год іх налічвалася крыху менш за 80%, у той час як у 2007 годзе іх было каля 85%. Сярод інных хрысьціянскіх цэркваў вылучаюцца пратэстанты, як то Царква адвэнтыстаў сёмага дня, Асамблеі Бога, эвангельская царква «Царства Боскае» і царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён. Прысутнічаюць на астравах таксама грамады мусульманаў і юдэяў. Атэісты складаюць менш за 1% насельніцтва. Многія каба-вэрдынцы сумяшчаюць хрысьціянскія традыцыі з карэннымі афрыканскімі вераваньнямі і звычаямі.

Злачыннасьць

рэдагаваць

Крадзяжы і ўзломы даволі распаўсюджаныя на Каба-Вэрдэ, асабліва злачынасьць павялічваецца на рынках, фэстывалях і ўрачыстасьцях[26]. Часта злачынствамі займаюцца зраі падлеткаў[26]. Забойствы ў асноўным чыняцца ў буйных населеных пунктах, як то ў Праі і Міндэлу[26].

Культура

рэдагаваць
 
Мужчыны сьпяваюць, седзячы ля стала.

Культура Каба-Вэрдэ характарызуецца сумесьсю афрыканскіх і эўрапейскіх элемэнтаў, што надае ёй асаблівую адметнасьць. Такое сумяшчэньне пачалося яшчэ ў XV стагодзьдзі. Сацыяльныя і культурніцкія паводзіны жыхароў Каба-Вэрдэ ёсьць ўнікальнымі[27]. Футбольныя гульні і царкоўныя набажэнствы ёсьць звычайнымі крыніцы сацыяльнага ўзаемадзеяньня і забаваў[27]. Традыцыйны шпацір праз гарадзкі пляц з мэтай сустрэчы зь сябрамі ёсьць часткай культурнага жыцьця мяшчанаў Каба-Вэрдэ[27].

 
Сьпявачка Сэзарыя Эвара ёсьць слыннай па-за межамі Каба-Вэрдэ.

Народ Каба-Вэрдэ вядомы сваёй музычнасьцю, якія ў тым ліку адлюстраваюцца праз карнавалы, як то карнавал Міндэлу. Музыка спалучае ў сябе афрыканскія, партугальскія і бразыльскія ўплывы. Самым папулярны музычны жанрам ёсьць морна, які характарызуецца мэлянхалічнымі і лірычнымі сьпевамі, якія звычайна выконваюцца на крэольскай мове. Да іншых папулярных жанраў адносяцца куладэйра, фунана і батук. Самай вядомай у сьвеце сьпявачкай Каба-Вэрдэ ёсьць Сэзарыя Эвара, вядомая пад мянушкай «басаногая дзіва», бо ёй заўжды падабалася выконваць песьні басанож на сцэне. Яе таксама ахрысьцілі «Каралевай морны»[28], бо ейны дзядзька Бана меў мянушку «Кароль морны». Міжнародны посьпех Эвары выбудаваў шлях іншым сьпевакам і выканаўцам з Каба-Вэрдэ ці нашчадкам вышлых з астравоў, як то Сары Таварыш, Луры і Мэйры Андрадзі.

Яшчэ адным выбітным музыкам традыцыйнай каба-вэрдыянскай музыкі быў Антонію Вісэнці Лопіш, больш вядомы пад мянушкай Травадыньня, і Ілда Лобу, які памёр у 2004 годзе. Дом культуры ў цэнтры Праі ўшанаваны імём Лобу.

 
Нацыянальны стадыён у Праі.

Самай пасьпяховай спартовай камандай краіны ёсьць нацыянальная баскетбольная зборная Каба-Вэрдэ, якая здабыла бронзавы мэдаль на чэмпіянаце Афрыкі 2007 году, выгуляўшы ў апошнім сваім матчы на турніры зборную Эгіпту. Выбітным гульцом у баскетбол краіны ёсьць Валтэр Таварыш, шмат часу гуляў за гішпанскія клюбы, а таксама мае досьвед выступаў у НБА за клюбы «Атланта Гокс» і «Кліўлэнд Кавальерз».

Таксама папулярнасьць мае футбол, а нацыянальная зборная гэтае краіны часам прабіваецца ў асноўны розыгрыш Кубкаў афрыканскіх нацыяў. Гэтак «Сінія акулы», мянушка каба-вэрдынскае дружыны, брала ўдзел у Кубках афрыканскіх нацыяў 2013, 2015 і 2021 гадоў[29]. Першым футбалістам з Каба-Вэрдэ у беларускім чэмпіянаце стаў Нівалду, які ў красавіку 2015 году склаў кантракт зь менскім «Дынама». Нажаль, гулец праз хваробу ня здолеў замацавацца ў складзе, і ўжо ў жніўні дамова была скасаваная[30].

Каба-Вэрдэ бярэ ўдзел у кожных летніх Алімпійскіх гульнях, пачынаюы з 1996 году. У 2016 годзе Грэсэліну Барбоса стаў першым грамадзянінам краіны, які здабыў мэдаль на Паралімпійскіх гульнях[31].

  1. ^ а б база зьвестак Сусьветнага банкуСусьветны банк.
  2. ^ а б 2020 Democracy Index
  3. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  4. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  5. ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
  6. ^ «Cabo Verde — Cultural life». Encyclopedia Britannica.
  7. ^ «Cape Verde, Country on the West Coast of Africa». South Africa History Online.
  8. ^ Halter, Marilyn (2013). «Cape Verdeans and Cape Verdean Americans, 1870—1940». У Barkan, Elliott Robert. «Immigrants in American History: Arrival, Adaptation, and Integration, Volume 1». ABC—CLIO Publisher. — С. 269. — ISBN 978-1-59884-219-7.
  9. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о «Cape Verde background note». United States Department of State
  10. ^ Neto, Octávio Amorim; Lobo, Marina Costa (2010). «Between Constitutional Diffusion and Local Politics: Semi-Presidentialism in Portuguese-Speaking Countries». Social Science Research Network. — SSRN 1644026.
  11. ^ The Economist Intelligence Unit (8.01.2019). «Democracy Index 2018: Me Too?». The Economist Intelligence Unit.
  12. ^ «Remarks by the President After Meeting with African Leaders». Obama White House Archives.
  13. ^ Percival, Debra (25.05.2008). «Cape Verde—EU 'Special Partnership' takes shape». The Courier.
  14. ^ «Cape Verde could seek EU membership this year». Eubusiness.
  15. ^ «Cape Verde becomes the 119th State to join the Rome Statute system». ICC-CPI.
  16. ^ «Chapter XXVI: Disarmament – No. 9 Treaty on the Prohibition of Nuclear Weapons». United Nations Treaty Collection.
  17. ^ «Eleven shot dead in Cape Verde, including two Spanish citizens». Reuters.
  18. ^ «Sprungbrett nach Westafrika». David X. Noack.
  19. ^ «Cabo Verde — Economy». Global Security.
  20. ^ «Turbines arrive for ground-breaking wind farm in Africa». InfraCo Limited.
  21. ^ Schneegans, S.; Straza, T.; Lewis, J., eds. (11.06.2021). «UNESCO Science Report: the Race Against Time for Smarter Development». Paris: UNESCO. — ISBN 978-92-3-100450-6.
  22. ^ «Cape Verde to join WTO on 23 July 2008». WTO News.
  23. ^ «Cape Verde: Population». Cape Verde.
  24. ^ а б «Constituição da República de Cabo Verde». ICRC.
  25. ^ Amado, Abel D. (2015). «The Illegible State in Cape Verde: Language Policy and the Quality of Democracy». Boston University.
  26. ^ а б в «Cape Verde». United States Bureau of Consular Affairs.
  27. ^ а б в «The Peace Corps Welcomes You to Cape Verde». Peace Corps.
  28. ^ Pareles, Jon (19.12.2011). «Cesária Évora, Singer From Cape Verde, Dies at 70 (Published 2011)». The New York Times.
  29. ^ «Africa Cup of Nations: Cape Verde and Ethiopia qualify». BBC Sport.
  30. ^ «Минское „Динамо“ расторгло контракт с Нивалдо». Football.by.
  31. ^ «Rio 2016: Cabo-verdiano conquista primeira medalha dos PALOP na Paralimpíada». Deutsche Welle

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць