Алег Трусаў

беларускі гісторык, грамадзкі дзяяч

Але́г Анато́льевіч Тру́саў (нар. 7 жніўня 1954 году) — археоляг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філятэліі ў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1981). Палітык і грамадзкі дзяяч, папярэдні старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Алег Трусаў
лац. Aleh Trusaŭ
Старшыня Таварыства беларускай мовы
17 красавіка 1999 — 29 кастрычніка 2017[1]
Папярэднік: Генадзь Бураўкін
Наступнік: Алена Анісім
Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 7 жніўня 1954(1954-08-07) (70 гадоў)
Амсьціслаў, Магілёўская вобласьць, БССР
Партыя: БСДГ
Адукацыя:
Узнагароды:
Мэдаль да стагодзьдзя БНР
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Трусаў.

Біяграфія

рэдагаваць

Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 году ў горадзе Амсьціславе Магілёўскай вобласьці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У пэрыяд з 1976 па 1992 гады працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых дасьледаваньняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю. З 1996 да сакавіка 1998 году — дэкан факультэту бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Цяпер дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музэязнаўства. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць

рэдагаваць

Прымаў удзел у абвяшчэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту і поўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.

У 1990—1996 гады — дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. З 1990 па 1995 гады — намесьнік старшыні камісіі Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11—12 красавіка 1995 году супраць арганізаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга, гербу «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

У 1995—1996 гады Трусаў тройчы балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, тройчы праходзіў у другі тур, аднак ня трапіў у Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня.

У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 году абраны Рэспубліканскай Радай першым намесьнікам старшыні ТБМ. На VI зьезьдзе ТБМ 17 красавіка 1999 году абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіруе дасюль.

Уваходзіць у склад рэдкалегіяў газэты «Наша слова». Быў чальцом рэдкалегіі часапіса «Беларуская мінуўшчына». Узначальвае таварыства «Беларусь-Гішпанія», доўгі час быў сябрам Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць

Аўтар больш чым 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў. Як археоляг і гісторык архітэктуры займаецца вывучэньнем манумэнтальнага дойлідзтва XI—XVIII стагодзьдзяў.

Распрацаваў мэтодыку архітэктурна-археалягічнага вывучэньня манумэнтальных помнікаў Беларусі, прасочваў эвалюцыю асноўных тыпаў муровак і будаўнічых матэрыялаў.

Алег Трусаў зьяўляецца прыхільнікам распрацоўкі новага правапісу беларускае мовы, а таксама замены запазычаных з расейскай мовы словаў на ўласна беларускую лексыку; клясычны правапіс і наркамаўку лічыць беларускімі культурнымі каштоўнасьцямі, таму ставіцца нэўтральна да ўжываньня абодвух.[2]

Манаграфіі

рэдагаваць
  • Трусов, О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн.: Наука и техника, 1988. — 157 с. — ISBN 5-343-00312-5
  • Трусаў, А. А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 190 с. — 2000 экз. — ISBN 5-343-00601-9
  • Трусаў, А. А. Беларускае кафлярства / Беларус.ін-т прабл.культуры. Мн., 1993. — 55 с. — 5000 ас. — ISBN 5-7815-1102-4
  • Трусаў, А. А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ—XVIII стагодзьдзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001. — 203 с. — ISBN 985-6305-29-2
  • Алег Трусаў. Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — 152 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-6930-44-0

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць