Беларуская цэнтральная рада
Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР, па-нямецку: Weißruthenischer Zentralrat) — беларуская палітычная структура, створаная як дапаможны дарадчы орган ва ўмовах нацыстоўскай акупацыі Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны, якая пасьля вайны на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў была адным з двух, поруч з Радай БНР, канкуруючых палітычных цэнтраў незалежніцкай беларускай эміграцыі.
Беларуская Цэнтральная Рада лац. Biełaruskaja Centralnaja Rada | |
Пячатка Беларускай Цэнтральнай Рады | |
Абрэвіятура | БЦР |
---|---|
Папярэднік | Рада БНР |
Дата ўтварэньня | 1943 |
Дата спыненьня існаваньня | 1995 |
Юрыдычны статус | часовы найвышэйшы дзяржаўны орган БНР |
Мэта | "арганізацыя ўсіх сілаў беларускага народу для змаганьня за вызваленьне Беларусі і здабыцьцё ейнае незалежнасьці ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі", якая "мае быць дэмакратычнай Народнай Дзяржаваю, з забесьпячэньнем усіх палітычных, сацыяльных, гаспадарчых, рэлігійных і культурных свабодаў і правоў як для беларусаў, так і для нацыянальных мяншыняў", а таксама праўная, сацыяльная і культурная апека над беларусамі, якія апынуліся па-за межамі Беларусі[1] |
Месцазнаходжаньне | Беларусь, потым Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Аўстралія |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Кіроўны орган | Пленум |
Гісторыя
рэдагавацьПадчас вайны
рэдагавацьБеларуская цэнтральная рада была створаная ў сьнежні 1943 з Беларускай рады даверу пры Генэральным камісарыяце Беларусі.
У БЦР увайшлі 14 чалавек, якія ўзначальвалі 13 адпаведных разьдзелаў:
- Радаслаў Астроўскі (прэзыдэнт)
- Мікалай Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзыдэнт)
- Юры Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзыдэнт)
- Францішак Кушаль (вайсковыя справы)
- Сымон Кандыбовіч (фінансы)
- Аўген Калубовіч (справы культуры)
- Павал Сьвірыд (юрыдычныя і рэлігійныя справы)
- С. Каляда (лясная гаспадарка)
- Станіслаў Станкевіч (прафэсійныя справы)
- А. Сакрат (школьныя справы)
- Пётар Орса (сельская гаспадарка)
- Н. Абрамава
- Н. Ганько і інш.
Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы і надалей заставаліся пад кантролем нямецкіх акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесьніцтвы ці аддзелы БЦР (не былі створаныя ў Барысаўскай, Ганцавіцкай і Лідзкай акругах).
У падпарадкаваньне БЦР былі перададзены Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Члены БЦР спрабавалі стварыць зь беларускага насельніцтва вайсковыя фармаваньні.
Адміністрацыйны падзел
рэдагавацьАдміністрацыйны падзел БЦР уключаў у сябе некалькі акругоў пад нямецкім назовам Hauptgebieten:
- Hauptgebiet Менску ўключаў:
- Hauptgebiet Віцебску ўключаў:
- Віцебск (адміністрацыйны цэнтар)
- Hauptgebiet Магілёву ўключаў:
- Hauptgebiet Смаленску ўключаў:
- Смаленск (адміністрацыйны цэнтар)
- Hauptgebiet Берасьця ўключаў:
- Горадня
- Берасьце
- Баранавічы (адміністрацыйны цэнтар)
Эміграцыя
рэдагавацьУ сувязі з наступленьнем савецкіх войск большасьць членаў БЦР эвакуяваліся ў Нямеччыну, дзе працягвалі сваю дзейнасьць.
Дзейнасьць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 27 чэрвеня 1944 г. Ужо 28 чэрвеня 1944 г. прэзыдэнт Р. Астроўскі атрымаў ад нямецкага кіраўніцтва Менску загад на эвакуацыю ў Кёніґсбэрґ. Пасьля кароткага знаходжаньня ва Ўсходняй Прусіі супрацоўнікі БЦР, паводле загаду нямецкага кіраўніцтва, былі пераведзеныя ў Бэрлін.
Яўхім Кіпель пазьней згадваў:
Улетку 1944 г. беларускае жыцьцё ў Бэрліне было досыць актыўнае: паступова зьяжджаліся ў Бэрлін уцекачы, дзеілі арганізацыі беларускія пры Міністэрстве Прапаганды й пры Міністэрстве Ўсходніх Справаў, быў беларускі аддзел пры Арбайтфронце, дзеіў Беларускі камітэт, выходзілі газэты «Раніца» й «Беларускі Работнік» і паступова афармлялася БЦР[2] | ||
20 ліпеня 1944 г. Міністэрства ўсходніх акупаваных тэрыторыяў выдала інструкцыю, у якой былі пералічаныя «рэальныя задачы і паўнамоцтвы» БЦР.
- Барацьба з бальшавізмам шляхам:
- удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх ваенных фармаваньняў;
- удзелу ў стварэньні партызанскіх груп за лініяй фронта;
- актыўнае прапагандысцкае дзейнасьці сярод беларускіх рабочых.
- Аб’яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі.
- Культурная, сацыяльная і прававая апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне.
- Моладзевая праца (СБМ, ваенная дапаможная служба)
- Жаночая праца[3].
Пасьля заканчэньня вайны
рэдагавацьПаводле рашэньня Другога Ўсебеларускага кангрэсу, Беларускай Цэнтральная Рада пазыцыянавала сябе ў якасьці юрыдычнай пераемніцы органаў улады Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 г. У склад БЦР уваходзілі, сярод іншых, колішні Міністар па вайсковых справах БНР Кастусь Езавітаў, дэлегат Першага Ўсебеларускага кангрэсу, удзельнік Слуцкага збройнага чыну і колішні намесьнік народнага сакратара асьветы БНР Радаслаў Астроўскі.
24 верасьня 1945 г. на паседжаньні XI Пленуму БЦР, які прайшоў у вёсцы Эшэрсбэкен (каля Вюрцбурга), усе наяўныя ў Нямеччыне радныя БЦР (Радаслаў Астроўскі, Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Сымон Кандыбовіч, Пётар Орса, Станіслаў Станкевіч, Васіль Рагуля, Анатоль Шкутка (быў уключаны ў склад Рады восеньню 1944 г.), Мікола Шчорс, Аляксей Сянькевіч) вырашылі прыпыніць дзейнасьць БЦР. Двое членаў Прэзыдыюму БЦР (Кастусь Езавітаў і Мікалай Шкялёнак) вясной 1945 г. трапілі ў рукі СССР, а Сьцяпан Калядка добраахвотна выехаў у Савецкі Зьвяз. Абгрунтаваньне такой пастановы было зьвязанае з тым «каб (…) ня даць бальшавіком магчымасьці выкарыстаць перад заходнімі саюзнікамі фармальна тактычнае супрацоўніцтва з немцамі ў мэтах канчальнага знішчэньня супрацьбальшавіцкага актыву»"[4]. XI Пленум БЦР часова прыпыніў дзейнасьць арганізацыі, але не распускаў яе (пытаньне нават не ставілася на галасаваньне).
У 1947—1948 гг. у дачыненьні да членаў БЦР пачалася кампанія дыскрэдытацыі з боку іхных беларускіх палітычных канкурэнтаў. БЦР і яе прэзыдэнт абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з нацыстамі, прычым закіды рабілі нядаўнія члены БЦР, якія самі прымалі ўдзел у грамадзка-палітычным і ваенным жыцьці акупаванай Беларусі: Барыс Рагуля — намеснік прэзыдэнта БЦР у Наваградзкай акрузе, Аўген Калубовіч, Антон Адамовіч, Станіслаў Станкевіч, Франц Кушаль, Янка Станкевіч.
30 сьнежня 1947 г. Радаслаў Астроўскі зьвярнуўся да беларускай эміграцыі ў Нямеччыне, заклікаючы «спыніць усе спрэчкі паміж беларускім актывам» і правесьці выбары ў Беларускае цэнтральнае прадстаўніцтва — арганізацыю, якая павінна была аб’яднаць прыхільнікаў БЦР[5]. У студзень 1948 г. да Радаслава Астроўскага зьвярнулася група беларускіх дзеячаў (Васіль Рагуля, Юры Сабалеўскі, Мікола Шыла і інш.) з просьбай аднавіць дзейнасьць БЦР. 9 траўня 1948 г. у Эльвангене быў скліканы XII Пленум БЦР[6], на якім Беларуская цэнтральная рада была абвешчана «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». На Пленуме Радаслава Астроўскага пераабралі Прэзыдэнтам на чарговы 4-гадовы тэрмін. Першым віцэ-прэзыдэнтам БЦР стаў Васіль Рагуля, другім — Мікола Шчорс. Старшынём Рады міністраў быў абраны Юры Сабалеўскі, сакратаром БЦР — Іван Касяк[7].
Пасьля 1948 г. Беларуская Цэнтральная Рада аформілася як адзін з двух палітычных цэнтраў беларускай антысавецкай эміграцыі поруч з адноўленай Радай БНР. Паміж абодвума цэнтрамі ішла жорсткая палітычная барацьба. Пасьлядоўнікі БЦР пасьля вайны дзейнічалі ў ЗША, Вялікабрытаніі і інш. Беларуская Цэнтральная Рада і зьвязаныя зь ёй арганізацыі прадстаўлялі Беларусь у Антыбальшавіцкім блёку народаў.
22 кастрычніка 1960 г. Радаслаў Астроўскі на пленуме ў Саўт-Рывэры быў абраны на пасаду прэзыдэнта БЦР на чарговую пяцігадовую кадэнцыю, аднак дзеяч склаў зь сябе паўнамоцтвы, заявіўшы на III Кангрэсе беларусаў Амэрыкі 23 кастрычніка 1960 г., што старэйшае пакаленьне мусіць пакінуць актыўнае грамадзкае жыцьцё, «каб даць дарогу маладым»[8].
У 1962 г. Радаслаў Астроўскі склаў зь сябе паўнамоцтвы прэзыдэнта, матываваўшы гэта ўзростам (яму тады споўнілася 75 гадоў) і перадаў іх кіраўніку Выканаўчага органа БЦР Аркадзю Арэхву, які, аднак, неўзабаве моцна захварэў і ня здолеў прыступіць да выкананьня абавязкаў прэзыдэнта. Да 1974 г., пакуль Астроўскі не вярнуўся да актыўнай грамадзкай дзейнасьці, БЦР не вяла ніякай працы. Прынамсі, не склікалася пленумаў, не праводзілася пасяджэньняў, не вялося справаводзтва.
3—4 ліпеня 1977 г. прайшоў XVIII-ы Пленум БЦР у рэсорце (доме адпачынку) «Белэйр-Менск» (Глен-Спэй, штат Нью-Ёрк). У ім удзельнічалі 43 грамадзкія дзеячы з ЗША, якія мелі мандаты-ўпаўнаважаньні ад 16 дэлегатаў: з Аўстраліі (5), Канады (5), Вялікабрытаніі (3), Нямеччыны (3)[9]. Удзельнікі Пленуму рэпрэзэнтавалі Выканаўчы орган БЦР, дэлегатуры ў Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Канадзе, а таксама Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, аддзелы Беларускага вызвольнага фронту (краёвыя штабы) у Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Кліўлэндзе, Вініпэгу і Таронта, Згуртаваньне беларуска-амэрыканскіх вэтэранаў (галоўны штаб і аддзел у Саўт-Рывэры), беларускія праваслаўныя парафіі ў Саўт-Рывэры, Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк), Таронта і Лёндане (Вялікабрытанія), Беларуска-амэрыканскі грамадзка-рэлігійны цэнтар у Саўт-Рывэры і грамадзка-рэлігійны цэнтар у Глен-Сьпей, арганізацыя «Амэрыканскія прыхільнікі БЦР». Сваё ўпаўнаважаньне на Пленум даслалі Ян і Аліцыя Пятроўскія — як прадстаўнікі сямейнага Беларускага харатыўнага фонду.
Спыненьне дзейнасьці
рэдагавацьПасьля 1995 г. БЦР не была дзейнай інстытуцыяй, хоць афіцыйнага рашэньня пра яе самароспуск не было. Паводле тэстамэнту Міхася Зуя, пасьля яго сьмерці (красавік 1995 г.) усе справы БЦР, абавязкі і паўнамоцтвы прэзыдэнта былі перададзеныя В. Цярпіцкаму да часу скліканьня XX Пленуму БЦР. Але В. Цярпіцкі прыняў рашэньне прыпыніць дзейнасьць БЦР, якая ня мае людзкіх рэсурсаў[10]. Віталь Цярпіцкі згадваў:
Афіцыйна [з 1995 г.] ніякіх пасадаў у БЦР я не займаў. Адразу сказаў, што не зьбіраюся гуляць у салдацікі, як БНРаўцы. З адыходам Астроўскага эпоха БЦР скончылася. Я і Міхасю Зую радзіў паставіць кропку.[11] | ||
Арганізацыі беларускай дыяспары, якія стаялі на пазыцыях БЦР
рэдагавацьМіжнародныя
рэдагавацьАўстралія
рэдагаваць- Беларускае аб’яднаньне ў Аўстраліі
- Беларускае аб’яднаньне ў Вікторыі
- Выданьні «Новае Жыцьцё», «Ёрш» «На варце»
Вялікая Брытанія
рэдагаваць- Хрысьціянскае аб’еднаньне беларускіх работнікаў
- Выданьне «Аб’еднаньне» (Лёндан, 1948—1966)
- Выданьне «Жыве Беларусь!» (Манчэстэр)
- Выданьне «Незалежная Беларусь» (Манчэстэр)
- Праваслаўная парафія Сьв. Эўфрасіньні Полацкай (Лёндан, праваслаўная царква Канстантынопальскага патрыярхату), выданьне «Голас часу»
Нямеччына
рэдагаваць- Выданьне «Зьвіняць Званы Сьвятой Сафіі» (Рэгенсбург, потым Міхельсдорф, 1946—1947, рэд. Юрка Віцьбіч і а. Мікалай Лапіцкі)
- Выданьне «Беларуская Воля» (Гарміш-Партэнкірхен, 1947—1950, рэдактар Яўхім Кіпель, выдавец Сымон Жамойда)
- Выданьне «Беларускае Слова» (Нямеччына, потым ЗША, 1948—1958, рэд. Аляксандар Русак, Юрка Віцьбіч, Юры Сабалеўскі)
ЗША
рэдагаваць- Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі
- Выданьне «Беларуская думка» (ад 1960 г.)
Прэзыдэнты БЦР
рэдагаваць- Радаслаў Астроўскі (1943 — 24 верасьня 1945)
- Радаслаў Астроўскі (25 сакавіка 1948 — 17 кастрычніка 1976)
- Нікандар Мядзейка (4 ліпеня 1977 — 6 сьнежня 1987)
- Міхась Зуй (17 верасьня 1988 — 24 красавіка 1995)
- Віталь Цярпіцкі (1995)
Узнагародная сыстэма Беларускай цэнтральнай рады
рэдагавацьДругая сусьветная вайна
рэдагаваць- Ордэн «Жалезны Крыж Заслугі» (1944 год). Меў тры ступені, прывешваўся на стужцы (колеры ня высьветлены). На адваротным баку чатырохрадковы надпіс: На службе беларускаму народу[12][13].
Пасьля вайны
рэдагаваць- Мэдаль «Беларускія Вэтэраны на Чужыне». Юбілейная ўзнагарода, зацьверджаная 10—14 кастрычніка 1976 году. Прывешваецца на стужцы жоўтага колеру. Выконваецца з бронзы. На відавым баку ў малым коле на шчыце падвойны крыж. Ля падножжа шчыта літары B. V., унізе In exile (Belorussian Veterans in Ехіlе — Беларускія вэтэраны ў выгнаньні). Малое кола абкружана вялікім, у якім разьмешчаны дзьве скрыжаваныя лаўравыя галінкі, уверсе тры пяцікутныя зоркі. На адваротным баку надпіс у пяць радкоў: Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР[12][13]. Надаваўся «ўдзельнікам збройнага змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Рэспублікі»[14].
- Мэдаль «Крыж Заслугі Б. К. А.». Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з бронзы. У цэнтры крыжа Пагоня, на крыжы літары Б К А. Унізе дата — 1944. На адваротным баку літары: Б Ц Р. Мацуецца на зялёнай стужцы[12][13]. Надаваўся кадрам Беларускай краёвай абароны[15].
- Ордэн «Пагоня — Жыве Беларусь!» Зацьверджаны 10—14 кастрычніка 1976 году. Выконваецца з срэбра. Прывешваецца на бел-чырвона-белай стужцы. На відавым баку выява герба Пагоня; унізе дзьве скрыжаваныя лаўровыя галінкі, уверсе тэкст: «Жыве Беларусь», на адваротным баку ў двух радках літары Б Ц Р і дата 27.6.1944[12][13]. Надаваўся «за самаахвярную нацыянальна-грамадзкую працу»[16].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Статут Беларускай Цэнтральнай Рады - Апошняя рэдакцыя з папраўкамі, прынятымі 12-м, 13-м і 14-м пленумамі БЦР. Паводле Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР): стварэнне — дзейнасць — заняпад (1943–1995) / Алег Гардзіенка ; прадм. В. Кіпеля, Я. Запрудніка. — Мінск : Кнігазбор, 2015. — 480 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 29)
- ^ Кіпель Я. Эпізоды. — Нью-Ёрк: Выдавецтва газэты «Беларус», 1998. — С. 231.
- ^ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь, 1993. — С. 192.
- ^ Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с, [12] с. іл. — С.18
- ^ Астроўскі Р. Беларусы і Беларускі. — Эміграцыя, сьнежань 1947. — 2 с.
- ^ У Пленуме ўдзельнічалі 48 чалавек: Радаслаў Астроўскі, Янка Бекіш, Аляксандар Буглай, Аляксандар Вабішчэвіч, Ксенафонт Вайцяхоўскі, Людвік Галубовіч, Аляксандр Гузоўскі, Сьцяпан Дашкевіч, Раіса Евец, Міхаіл Ігнатовіч, Хведар Ільяшэвіч, Ільля Калько, Іван Касяк, Яўхім Кіпель, Барыс Крыстовіч, Янка Кудрук, Антон Курыловіч, Уладзімер Лазарэвіч, Мікалай Лапіцкі, Нік Лапушынскі, Іван Любачка, Віктар Мелюк, Мікалай Мінкевіч, Чэслаў Найдзюк, Алесь Падун, Анатоль Плескачэўскі, Юрый Прускі, Васіль Рагуля, Усевалад Родзевіч, Сяргей Розмысл, Аляксандар Русак, Юры Сабалеўскі, Ціхан Селівончык, Уладзімер Сенька, Юрый Стукаліч, Масей Сяднёў, Павал Сьвірыд, Аляксей Сянькевіч, Анатоль Ушал, Віктар Чабатарэвіч, Андрэй Чарэўка, Іван Шакун, Сымон Шаўцоў, Анатоль Шкутка, Марк Шпакоўскі, Мікола Шчорс, Хведар Шыбут, Эмануіл Ясюк
- ^ На пасаду першага віцэ-прэзыдэнта былі вылучаны 3 кандыдатуры: Васіль Рагуля (19 галасоў), Юры Сабалеўскі (14) і Анатоль Шкутка (7). Мікалай Шчорс набраў 29 галасоў, Анатоль Шкутка — 17 (тут галасаваньне ішло за пасаду другога віцэ-прэзыдэнта)
- ^ Пратакол III Кангрэсу Бел. Амэрыкі, каторы адбыўся дня 23 кастрычніка 1960 г. у Саўт-Рывэры ў залі Шакаў, 25 Уайтхэд Авэ а 13:00 пасьля паўдня. Архіў Івана Касяка
- ^ Пратакол 18-га Пленуму БЦР, які адбыўся 3 і 4 ліпеня 1977 г. у рэсорце «Белэр-Менск», Злучаныя Штаты Амэрыкі
- ^ Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА). — Смаленск, 2009. — 428 с, [12] с. іл. — С.239 — 240
- ^ Цярпіцкі, В. Я — астрўшчык / Віталь Цярпіцкі // Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: Зборнік ўспамінаў / Аляксандар Адзінец; Рэдактар А.Гардзіенка. — Мн.: Медысонт, 2007. — 704 с., 28 с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кніга 11). — С. 414—421.
- ^ а б в г 1992 Мазырэц. С. 38—41.
- ^ а б в г 1993 Мазырэц. С. 53—56.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Беларускія вэтэраны на чужыне. БЦР» Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль, прысьвечаны БКА Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.
- ^ Гардзіенка, Натальля Мэдаль «Жыве Беларусь!» БЦР Беларускія эміграцыйныя калекцыі. Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Праверана 1 сакавіка 2018 г.