Тытунепаленьне
Тытунепале́ньне (пале́ньне) — удыханьне дыма цьмелых высушаных лістоў тытуню.
Зьніжае пачуцьцё голаду за кошт выкіду ў кроў нэўрамэдыятара дафаміна, што выклікае залежнасьць, мацнейшую за алькагалізм. Самастойнае адмаўленьне ад паленьня складае менш за 5%. Тытунёвы дым, у склад якога ўваходзіць нікатын, пашкоджвае скуру твару і рук, зуб’е і валасы. Урэшце паленьне выклікае рак лёгкіх і верхніх дыхальных шляхоў[1].
Папярэджаньне залежнасьці
рэдагавацьЗаняткі спортам зьмяншаюць схільнасьць да паленьня праз спрыяньне выпрацоўцы гармона дафаміна за кошт цялеснай нагрузкі[1]. Пашырэньню тытунёвай залежнасьці замінаюць рэдкасьць месцаў продажу і дарагавізна для самастойнага набыцьця падлеткамі. Скарачэньне месцаў продажу да адмысловых крамаў без самаабслугоўваньня адначасна павышае выдаткі сродкаў і намаганьняў на набыцьцё тытунёвых вырабаў[2].
Чыньнікі залежнасьці
рэдагавацьУзьнікненьню тытунёвай залежнасьці спрыяюць нэўроз і раньняя паводле ўзросту першая спроба паленьня, што выклікае большую эўфарыю[2].
Кіданьне
рэдагавацьПасьля тытунепаленьня патрабуецца 20 хвілінаў, каб нармалізаваць крывяны ціск і зменшыць спазму крывяносных судзінаў. Ногі і рукі становяцца цяплейшымі. Празь дзьве гадзіны ўзьнікае вяласьць, прыгнечанасьць і трывога, ад чаго цягне паліць дзеля наступнай дозы нікатыну. Праз 8 гадзінаў узьнімаецца ўзровень тлену ў чырвоных крывяных цельцах, але расьце вязкасьць крыві і пагроза ўтварэньня тромба ў крывяноснай судзіне. Праз 24 гадзіны пачынаецца моцны кашаль, бо зь лёгкіх выводзяцца ўтвораныя паленьнем рэчывы. Праз 48 гадзінаў нэрвовая сыстэма ўраўнаважваецца, што паляпшае мысьленьне. У кароткачасовых курцоў паляпшаецца адчуваньне смаку на языку. Праз 72 гадзіны наступае ломка з хваляваньнем. Праз месяц пасьля кіданьня зьмяншаецца пагроза хваробы крывяносных судзінаў і цукровага дыябэту. З трэцяга па дзявяты месяц у лёгкіх утвараецца новы эпітэль. Пасьля году пагроза хваробы сэрца падае на 50%. Пасьля 10 гадоў без цыгарэтаў пагроза раку лёгкіх скарачаецца на палову параўнальна зь некурцамі. Праз 15 гадоў пагроза інфаркту зраўноўваецца зь некурцамі[3].
Наступствы
рэдагавацьТытунепаленьне выклікае адпаведны від раку ў залежнасьці ад спосабу спажываньня. Калі разжоўваюць, гэта вядзе да раку рота. Калі паляць цыгару — да раку вуснаў. Калі ж паляць трубку або кальян — рак лёгкіх і страўніка[3].
Гісторыя
рэдагаваць10 тыс. гадоў да Нараджэньня Хрыстова ўжываньне тытуню пачалося з жаваньня і паленьня ў Амэрыцы. Спачатку яго ўжывалі як лекі, а таксама падчас рэлігійных абрадаў[3].
У 1492 годзе Хрыстафор Калюмб адкрыў Амэрыку, у выніку чаго манаполія на продаж тытуню ў якасьці лекаў у Эўропе стала належаць Гішпаніі. У 1500 годзе тытунь пачалі прадаваць у Індыі, дзе стварылі кальян на загад князя, якому не падабалася тытунепаленьне з трубкі. Такі спосаб пашырыўся і на Іран. У 1606 годзе ангельскі кароль Якаў І накіраваў сваіх падданых у Паўночную Амэрыку, дзе тыя заснавалі калёнію Вірджынія. У 1611 годзе ангелец Джон Рольф паехаў зь Вірджыніі на поўдзень да гішпанскіх уладаньняў, адкуль прывёз назад тытунь, які пачаў вырошчваць. У 1619 годзе для вырошчваньня тытуню ў Вірджыніі пачалі выкарыстоўваць рабоў з Афрыкі і Ірляндыі празь нястачу вольных пасяленцаў. За 1641—1652 гады ў такім рабстве загінула 500 тыс. ірляндцаў, яшчэ 300 тыс. прадалі ў няволю. У выніку насельніцтва Ірляндыі скарацілася з 1,5 мільёна да 600 тыс. чалавек, бо астатніх прадалі ў рабства. Ангельцы пашырылі гандаль тытунем да Асманскай імпэрыі, Ірану і Кітаю, дзе рэклямавалі яго як абязбольвальнік і супакаяльнік[3].
У 1826 годзе навукоўцы выявілі, што нікатын ёсьць атрутай. Тым часам, пераважала тытунепаленьне ў трубках, бо цыгарэты былі параўнальна дарагімі. У 1881 годзе амэрыканец Джэймз Бонсак стварыў машыну для прамысловага скручваньня цыгарэтаў, таму яны сталі даступнымі. Падчас Першай і Другай сусьветных войнаў пашырэньню тытунепаленьня спрыяла закупка войскам цыгарэтаў у тытунёвых фабрыкаў для штодзённага атрыманьня жаўнерамі. У выніку вытворцы цыгарэтаў пашырылі збыт за кошт вэтэранаў, якія вярнуліся з вайны заядлымі курцамі. У 1930 годзе нямецкія хімікі выявілі, што тытунь выклікае рак лёгкіх. У выніку ўрад Нямецкай дзяржавы перастаў выдаваць цыгарэты сваім вайскоўцам, а таксама забараніў паленьне ў закрытых памяшканьнях і месцах збору людзей[3].
У 1971 годзе ў ЗША забаранілі рэкляму тытунепаленьня. Аднак найбольшыя вытворцы цыгарэтаў, у тым ліку «Філіп Морыс Інтэрнэшнл», захавалі свае продажы ў разьвіцьцёвых краінах, на якія прыпадала 80% збыту. У гэтых краінах працягвалася ўкараненьне паводзінскага стэрэатыпу, што, калі хвалююцца, то паляць. У выніку адпаведны стэрэатып замацаваўся на некалькі дзесяцігодзьдзяў. Сярод іншых, такі вобраз меў пастух у рэкляме цыгарэтаў «Мальбара», чыю ролю выконваў Эрык Лоўсан, што памёр ад хваробы лёгкіх. На жанчынаў узьдзейнічалі праз разьмяшчэньне ў кінафільмах сцэнаў, дзе заможныя паненкі ў брыльянтах і прыгожым строі трымалі ў руках цыгарэту. Тым часам, насуперак падманліваму стэрэатыпу пры хваляваньні галаўному мозгу патрабуецца больш тлену, бо павышаецца выпрацоўка гармону стрэсу. Тытунепаленьне ж наадварот тармозіць мысьленьне і блякуе засваеньне вітамінаў, патрэбных пры напрузе[3].
На 2010 г. з больш як мільярда курцоў ва ўсім сьвеце 80% складалі мужчыны[1]. У ХХІ стагодзьдзі ў цыгарэты знутры пачалі дадаваць карычневую паперу, каб істотна зьменшыць кошт іх вытворчасьці. Найбольшыя абмежаваньні на тытунепаленьне існавалі ў Бутане, дзе іх прадавалі толькі ў аптэках даўнім курцам. У 2022 годзе ад тытунепаленьня памерла звыш 8 млн чалавек у сьвеце, зь іх мільён быў пасіўнымі курцамі, якія не трымалі ў руках цыгарэты. Для параўнаньня гэткая сьмяротнасьць перавышае колькасьць ахвяраў за год Другой сусьветнай вайны. Пры гэтым чысты прыбытак вытворцаў тытунёвых вырабаў перавысіў 700 млрд даляраў[3].
Беларусь
рэдагавацьНа 2010 г. тытунь палілі звыш 40% жыхароў Беларусі. Краіна знаходзілася на 6-ым месцы ў сьвеце па дзелі курцоў у насельніцтве. Залежнасьць ахоплівала каля 60% мужчынаў і звыш 20% жанчынаў[4]. Штогод ад тытунепаленьня ў Беларусі памірае звыш 15 тыс. чалавек[5]. На 2011 г. першая спроба тытунепаленьня ў Беларусі ў сярэднім прыпадала на ўзрост 12 гадоў[2]. У 2014 годзе доля курцоў сярод дарослага насельніцтва Беларусі скарацілася да 30,5 %[6].
У Беларусі тытунепаленьне ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту, у месцах гандлю, побытавога абслугоўваньня і грамадзкага харчаваньня, у памяшканьнях установаў дзяржаўнага кіраваньня, мясцовых выканаўчых і распарадчых установаў, на вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах, на станцыях мэтрапалітэна, у грамадзкім транспарце, вагонах цягнікоў, на водных суднах і ў самалётах[7] прадугледжвае спагнаньне да 4 базавых велічыняў[8].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Надзея Нікалаева. Цыгарэта адбірае ў жанчынаў 11 гадоў жыцьця // Краіна здароўя. — 20 траўня 2010. — № 18 (187). — С. 3.
- ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Тытунь ня будуць прадаваць на кожным кроку // Зьвязда : газэта. — 17 лістапада 2011. — № 219 (27083). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д е ё Алена Кравец. Брудныя бізнэс-гульні // Зьвязда. — 4 лютага 2023. — № 23 (29903). — С. 7.
- ^ Беларусь – 6-я сярод краінаў з самаю моцнаю залежнасьцю ад тытуню // Белсат, 2 сьнежня 2010 г. Праверана 16 красавіка 2014 г.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Байкі пра алькагалізм // Зьвязда. — 7 кастрычніка 2011. — № 192 (27055). — С. 7.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Ну вельмі дымна // Зьвязда : газэта. — 30 траўня 2014. — № 100 (27710). — С. 13. — ISSN 1990-763x.
- ^ А.Лукашэнка. Дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сьнежня 2002 г. № 28 (пункт 38) (рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 16 красавіка 2012 г. Праверана 20 жніўня 2013 г.
- ^ Артыкул 17.9 (Кодэкса аб адмін. правапарушэньнях). Паленьне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах // Управа ўнутраных справаў Гарадзенскага аблвыканкаму Праверана 20 жніўня 2013 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Tobacco.org (анг.)