Эўра
Э́ўра (Euro) — валюта Эўрапейскага валютнага зьвязу і пасьля амэрыканскага даляра другі па значнасьці грашовы сродак у сусьветнай валютнай сыстэме. Кантроль над эўра ажыцьцяўляецца Эўрапейскім цэнтральным банкам у Франкфурце-на-Майне. На сёньняшні час эўра зьяўляецца афіцыйнай валютай у 19 з 28 краін-удзельніц Эўразьвязу (Аўстрыі, Бэльгіі, Грэцыі, Гішпаніі, Ірляндыі, Італіі, Кіпры, Латвіі, Летувы, Люксэмбургу, Мальце, Нідэрляндах, Нямеччыне, Партугаліі, Славаччыне, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Эстоніі), таксама валюта выкарыстоўваецца яшчэ ў 9 дзяржавах, 7 зь якіх — эўрапейскія.
Эўра | |
![]() | |
Краіна | Эўрапейскі Зьвяз |
---|---|
Падзел | эўрацэнт |
Код ISO-4217 | EUR |
Скарачэньне | € |
Абменны курс: (31 сьнежня 2014) | 1,2140 USD |
Эўра ёсьць другой паводле велічыні рэзэрвовай валютай, а таксама другой самай гандляванай валютай у сьвеце пасьля амэрыканскай валюты даляра ЗША[1][2][3]. Па стане на жнівень 2018 году ў абарачэньні знаходзілася больш за 1,2 трлн эўра.
ГісторыяРэдагаваць
У 1994 годзе ў Франкфурце-на-Майне быў заснаваны Эўрапейскі валютны інстытут, у задачы якога ўваходзіла кіраўніцтва праектам стварэньня адзінай валюты і назіраньне за эканамічнымі працэсамі ў краінах-сябрах ЭЗ. Эканамістамі, якія дапамаглі стварыць або зрабілі важкі ўнёсак у эўра, былі Робэрт Мандэл, Вім Дуйзэнбэрг, Робэрт Толісан, Нэйл Даўлінг і Тамаза Падоа-Счыёпа. Афіцыйны сцэнар пераходу да адзінай валюты быў прыняты на саміце ў Мадрыдзе 15—16 сьнежня 1995 году, таксама была ўстаноўлена назва новай валюты «эўра».
У 1997—1998 гадох быў праведзены конкурс у некалькі тураў на лепшы дызайн наяўных эўра, пераможцам якога стаў Робэрт Каліна, галоўны дызайнэр Цэнтральнага банка Аўстрыі. У лютым 1998 году дызайн і спэцыфікацыі банкнотаў былі ўхвалены Радай Эўрапейскага валютнага зьвязу. У жніўні 1998 году былі праведзены асноўныя выпрабаваньні па друку ўсіх наміналаў банкнотаў для канчатковага вырашэньня праблем выпуску. У дызайне банкнот выкарыстаны выявы выбітных помнікаў Эўропы. Вокны і дзьверы, намаляваныя на адным баку, сымбалізуюць дух адкрытасьці і каапэрацыі ўнутры Эўрапейскай Супольнасьці. На адваротным баку кожнай з банкнотаў намаляваны мост як мэтафара зносінаў людзей у ЭЗ і за ягонымі межамі. Усе банкноты маюць асаблівую абарону ад падробак. У тэндэры на пастаўку мэталу для біцьця манэтаў эўра перамогу атрымаў Кітай, Лаянскі мэдны завод у цэнтральнай правінцыі Хэнань.
Паводле крытэраў далучэньня да новай валюты 2 траўня 1998 году для ўдзелу ў «зоне эўра» Радай ЭЗ былі дапушчаныя Аўстрыя, Бэльгія, Нямеччына, Ірляндыя, Гішпанія, Італія, Люксэмбург, Нідэрлянды, Партугалія, Фінляндыя і Францыя. Дзьве краіны, як то Вялікабрытанія і Швэцыя, таксама ўкладваліся ў большасьць названых крытэраў, але адмовіліся ад удзелу ў «зоне эўра» як першыя ейныя ўдзельнікі. У Даніі паўсталі канстытуцыйныя праблемы, а ў Грэцыі фінансавыя паказчыкі не адпавядалі неабходным патрабаваньням. Пры гэтым у Швэцыі і Даніі прайшлі рэфэрэндумы, на якіх большасьць выказалася супраць прыняцьця эўра.
1 чэрвеня 1998 году быў заснаваны Эўрапейскі цэнтральны банк (ЭЦБ). Ягоная штаб-кватэра знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне. Задачамі банку зьяўляецца падтрыманьне коштавай стабільнасьці і правядзеньне адзінай манэтарнай палітыкі на ўсёй тэрыторыі эўразоны. Эўра для безнаяўных разьлікаў быў уведзены ў 1999 годзе. 1 студзеня 2002 году зьявіліся банкноты і манэты. Наяўны эўра замянілі нацыянальныя валюты 19 з 28 краінаў Эўрапейскага зьвязу. Латвія і Летува плянавалі перайсьці на эўра ў 2009 годзе, але з прычыны эканамічнага крызісу гэты пераход прыйшлося адкласьці, аднак у канчатковым выніку ў 2014 годзе Латвія перайшла да выкарыстаньня эўра, Летува перайшла на эўра 1 студзеня 2015 году. У адрозьненьне ад Летувы і Латвіі, Эстонія адразу здолела споўніць усе крытэры, неабходныя для пераходу на эўра, да 2011 году, і 12 траўня 2010 году Эўракамісія выступіла з афіцыйнай прапановай аб далучэньні гэтай краіны да эўразоны 1 студзеня 2011 году, што Эстонія і зрабіла[4]. Чэхія плянавала ўступіць у эўразону пасьля 2015 году, а магчыма нават у 2019 годзе, але па стане на 2019 год краіна адмовілася вызначыць дакладны тэрмін пераходу на эўра. Аналягічная сытуацыя і ў Польшчы й Вугоршчыне. Баўгарыя і Румынія плянуюць перайсьці да агульнаэўрапейскае валюты да пачатку 2022 году. Плянуе пераход на эўра і Харватыя.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ «Triennial Central Bank Survey 2007». BIS.
- ^ Aristovnik, Aleksander; Čeč, Tanja (30 March 2010). «Compositional Analysis of Foreign Currency Reserves in the 1999–2007 Period. The Euro vs. The Dollar As Leading Reserve Currency». Munich Personal RePEc Archive
- ^ «There Are Only Two Real Threats To The US Dollar's Status As The International Reserve Currency». Business Insider.
- ^ «Эстонія пераходзіць на эўра». Радыё Свабода
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Эўра — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Эўрапейскі цэнтральны банк
- Эўра - банкноты і гісторыя (анг.) (ням.)