Эўфрасіньня Полацкая
Эўфрасіньня Полацкая (Е(ў)фрасіньня; 1101, Полацак — 1167, Ерусалім) — полацкая князёўна і ігуменьня, беларуская сьвятая. Ушаноўваецца як асьветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі.
Эўфрасіньня Полацкая лац. Eŭfrasińnia Połackaja | |
Эўфрасіньня Полацкая лац. Eŭfrasińnia Połackaja | |
Сьвятая | |
---|---|
Сьвецкае імя | Прадслава |
Манаскае імя | Эўфрасіньня |
Нарадзілася | 25 студзеня 1101[1] Полацак, Полацкае княства |
Памерла | 23 або 25 траўня 1167 Ерусалім, Ерусалімскае каралеўства |
Шануецца | у Праваслаўнай і Грэка-каталіцкай царкве |
Кананізаваная | 1984[1] |
Галоўная сьвятыня | Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр (Полацак) |
Дзень памяці | 23 траўня (5 чэрвеня) |
Патрон | жаночага манаства |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася 25 студзеня 1101 году ў Полацку, які быў сталіцай Полацкага княства на чале зь яе дзедам Усяславам Чарадзеем (1044—1101). Паходзіла з роду полацкіх князёў з дынастыі Рурыкавічаў па мужчынскай лініі і з дынастыі Рагвалода па жаночай лініі: была нашчадкам вялікага князя кіеўскага Ўладзімера Сьвятаславіча, хрысьціцеля Русі, і полацкай князёўны Рагнеды ад іх старэйшага сына Ізяслава, якому прыходзілася прапраўнучкай. Дзедам Прадславы быў славуты полацкі (а некалі і кіеўскі) князь Усяслаў Чарадзей, а бацькам — яго малодшы сын Сьвятаслаў (хрысьціянскае імя Юры). Маці, Сафія, была дачкой кіеўскага князя Ўладзімера Манамаха.
Блізкімі сваякамі Прадславы былі бізантыйскія імпэратары, князі кіеўскія, тураўскія, пераяслаўскія, смаленскія, растова-суздальскія, уладзімера-валынскія, каралі Вугоршчыны.
Дзяцінства Прадславы
рэдагавацьМаленькая Прадслава была здольнай дзяўчынкай, мела ахвоту да навукі, цікавілася рукапіснымі кнігамі, да якіх як князёўна мела доступ. Як гэта было ў той час, яе настаўнікамі былі духоўныя асобы, перш за ўсё манахі. Таму пераважна яна чытала Біблію, малітоўныя і іншыя духоўныя кнігі, жыцьці сьвятых, знаёмілася ўставамі манаскага жыцьця.
Пры княскім двары была і іншая літаратура: антычная гісторыя, схалястычнае апісаньне прыроды, «Александрыя» і іншыя творы, якія былі распаўсюджаныя ў Бізантыі і ў княствах Русі. Для таго часу Прадслава атрымала вельмі добрую адукацыю. Як сьведчыць «Жытіе Евфросініі Полоцкой»: «Так любіла вучэньне яна, што дзівіўся бацька яе зь любові такой да навук. І па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасьць, і добрыя здольнасьці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам».
Але ведала яна і пра жыцьцё месьцічаў — рамесьнікаў і гандляроў, бачыла і народныя гуляньні, ведала ад сваіх нянек народныя казкі, абрадавыя песьні, замовы і заклёны.
Манаскі пострыг
рэдагавацьУ 1113 годзе, калі Прадславе споўнілася 12 гадоў, у адпаведнасьці з традыцыяй бацькі прымаюць рашэньне аддаць дачку замуж[2]. Тады дзяўчына адмовілася ад дынастычнага шлюбу і вырашыла пайсьці ў манастыр, дзе ігуменьняй была яе цётка, удава князя Рамана Ўсяславіча. Нягледзячы на ўгаворы бацькоў не пакідаць сьвецкае жыцьцё і выйсьці замуж, Прадслава рашуча выказала сваё жаданьне пайсьці ў манастыр. І бацькі вымушаныя былі ўрэшце даць сваю згоду на гэта.
Пострыг князёўны Прадславы адбыўся таемна, яна ўзяла сабе хрысьціянскае імя Эўфрасіньня, ахвяруючы сваё жыцьцё Хрысту. Як лічыць дасьледчык «Жыція» А. Мельнікаў, прыняцьце манаскага пострыгу найверагодней магло адбыцца 25 верасьня, у дзень сьвятой Эўфрасіньні Александрыйскай, пасьля 1116 году (калі памёр князь Раман Усяславіч, а яго ўдава стала празь некаторы час ігуменьняй). Празь некаторы час Эўфрасіньня папрасіла полацкага біскупа Ільлю, каб ён дазволіў ёй жыць пры саборнай царкве Сьвятой Сафіі ў Полацку ў мураванай кельлі. Пасяліўшыся там, Эўфрасіньня пачала «пісаць кнігі сваімі рукамі, і прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы».
Пасьля пострыгу пасялілася ў кельлі Сафійскага сабору ў Полацку, дзе ў скрыпторыі перапісвала кнігі[1].
Пачатак духоўнай дзейнасьці
рэдагавацьДалей у «Жыціі найпадобнейшай Эфрасінні» гаворыцца пра сон, які тройчы бачыла Эўфрасіньня. Анёл узяў яе за руку і адвёў у Сяльцо, што знаходзілася непадалёку ад Полацку, дзе стаяў драўляны храм Сьвятога Спасу. Тут ён сказаў Эўфрасіньні: «Тут належыць быць табе!» У тую ж ноч такі самы сон прысьніўся і біскупу Ільлі, якому анёл паведаміў, што на Эўфрасіньні «спачывае Дух Сьвяты».
Пасьля гэтага прароцтва біскуп Ільля, запрасіўшы полацкага князя Барыса, яе бацьку Сьвятаслава-Юрыя, манахіню Эўфрасіньню і знакамітых полацкіх баяраў, як сьведкаў, перадаў Эўфрасіньні Сяльцо з царквой Сьвятога Спаса (цяпер у Полацку). Тут Эўфрасіньня і заснавала жаночы манастыр, яшчэ пры жыцьці князя Барыса Ўсяславіча. Пры манастыры сабрала бібліятэку і стварыла школу, дзе навучала пісьму дзяўчынак[1]. Празь некаторы час пры царкве Багародзіцы заснавала яшчэ адзін манастыр — мужчынскі. Уставы для гэтых манастыроў напісала сама Эўфрасіньня. Пры полацкіх манастырах заснавала скрыпторыі — майстэрні, у якіх перапісваліся кнігі.
Манаскі пострыг Эўфрасіньні стаўся прыкладам для яе малодшай сястры Градславы (Гардзіславы), якая прыняла манаства да 1128 году пад імем Эўдакіі, і для яе стрыечнай сястры Зьвеніславы Барысаўны (манаскае імя Эўпраксія) у 1128 годзе. Спачатку Эўфрасіньня папрасіла бацьку прыслаць да яе сястру для навучаньня грамаце, а потым патаемна пастрыгла сястру ў манахіню, чым выклікала гнеў свайго бацькі, але потым зь ім памірылася. Зьвеніслава ж прыйшла ў манастыр сама і зрабіла багаты ўнёсак, ахвяраваўшы манастыру. Сёстры былі з Эўфрасіньняй усё наступнае жыцьцё. 3 Эўпраксіяй Эўфрасіньня паехала пазьней разам у Ерусалім, а Эўдакія засталася ў Полацку для кіраваньня жаночым манастыром Сьвятога Спаса. Перад ад’ездам у Ерусалім Эўфрасіньня намовіла сваіх пляменьніц, дачок брата Вячаслава — Вольгу і Кірыяну, таксама ўступіць у манастыр і загадала пастрыгчы іх. Кірыяна была названа Агатай, а Вольга — Эўфіміяй. Князь Вячаслаў спрабаваў угаварыць Эўфрасіньню не прымаць у манастыр дачок, але яго просьбы былі марныя. Эўфрасіньня ўладкавала, такім чынам, кіраваньне манастыром, забясьпечыўшы княскую апеку над ім.
Асьветніцтва
рэдагавацьАсьветніцкая дзейнасьць найвялебнай Эўфрасіньні была шматграннай. Адным з кірункаў яе дзейнасьці было спрыяньне ўзьвядзеньню храмаў. На замову Эўфрасіньні вядомы полацкі дойлід Ян, які быў манахам аднаго з полацкіх манастыроў, пабудаваў на месцы драўлянай царквы Сьвятога Спаса мураваны храм. Узьвядзеньне храму адбылося за 30 тыдняў. Расейскі гісторык Леанід Аляксееў назваў будаўніцтва Спаскай царквы «найбуйнейшаю падзеяй у полацкай і ва ўсёй старажытнарускай архітэктуры». Пры царкве сьв. Збаўцы разьмяшчаліся кельлі Эўфрасіньні і яе сястры Эўдакіі. Гэтая царква была багата ўпрыгожаная фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасьць. Разьмешчаны на беразе Палаты, гэты храм пакідае і цяпер уражаньне завершанасьці і адпаведнасьці ляндшафту. Заканчэньне будаўніцтва і асьвячэньне храму полацкім біскупам было адзначана сьвяткаваньнем княскай сям’і, баяраў, месьцічаў і сялянаў з навакольных вёсак.
Ёсьць меркаваньне, што дойлід Ян пры заснаваным Эўфрасіньняй мужчынскім манастыры пабудаваў таксама царкву Найсьвяцейшай Багародзіцы, для якой ігуменьня вырашыла набыць у Канстантынопалі ікону Багародзіцы Эфэскай. Эўфрасіньня паслала ў Канстантынопаль да бізантыйскага імпэратара Мануіла Комніна слугу свайго Міхала з каштоўнымі дарамі. Імпэратар выканаў просьбу сваячкі. 3ь Ерусаліму быў дастаўлены абраз. Канстантынопальскі патрыярх Лукаш у прысутнасьці біскупаў асьвяціў ікону Найсьвяцейшай Багародзіцы Эфэскай у Сафійскім саборы Канстантынопалю і перадаў яго Міхалу, які даставіў абраз у Полацак, дзе яго сталі называць іконай Адзігітрыі (Пуцяводнай) Полацкай. Цяпер гэты абраз знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу ў фондах Расейскага музэю.
Па замове Эўфрасіньні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе быў зроблены настольны шасьціканцовы крыж (даўжыня 51 сантымэтр) для царквы Сьвятога Спаса. Ён быў выраблены з кіпарысу. Да яго пярэдняй і адваротнай паверхняў прымацаваны залатыя, да бакавых срэбныя пласьціны. Крыж быў аздоблены каштоўнымі каменьнямі, упрыгожаны выявамі: на верхніх канцах крыжа разьмешчаныя пагрудныя выявы Ісуса Хрыста, Яна Прадвесьніка, Багародзіцы; у цэнтры ніжняга сяродкрыжжа — чатыры эвангелісты; на канцах — арханёлы Габрыель і Міхал, унізе крыжа — выявы сьвятых Эўфрасіньні, Сафіі, Юрыя (патронаў самой заказчыцы і яе бацькоў). У гістарычнай літаратуры ўсталявалася назва — крыж Эўфрасіньні Полацкай.
Заснаваныя Эўфрасіньняй Полацкай манастыры сталі асяродкамі асьветы ў Полацкім княстве. У іх знаходзіліся школы, дзе дзеці вучыліся чытаньню, пісьму, "цыфры", царкоўным сьпевам і нотнай грамаце. У больш старэйшым узросьце дзеці, акрамя царкоўнаславянскай мовы, вывучалі грэцкую мову, атрымлівалі зьвесткі з прыродазнаўства, мэдыцыны, рыторыкі і гісторыі, перш за ўсё гісторыі Полацкага княства. Да асьветніцкай дзейнасьці Эўфрасіньні Полацкай адносілася і адкрыцьцё бібліятэк са скрыпторыямі (дзе перапісваліся кнігі), іканапіснай і ювэлірнай майстэрань. Эўфрасіньня Полацкая складала і запісвала малітвы і пропаведзі.
Апошняе падарожжа ў Ерусалім
рэдагавацьУ адносна спакойныя для Полацкага княства гады ігуменьня Эўфрасіньня Полацкая вырашыла зьдзейсьніць духоўны чын — паломніцтва ў Сьвятую Зямлю. Перадаўшы ігуменства малодшай сястры, на пачатку 1167 году, пасьля сьвята Нараджэньня Хрыстовага, Эўфрасіньня Полацкая адправілася ў Ерусалім. Яе суправаджалі стрыечная сястра Эўпраксія і брат Давыд. Эўфрасіньня сустрэлася зь бізантыйскім імпэратарам Мануілам Комнінам. У Канстантынопалі яна з сваімі спадарожнікамі наведала катэдральны сабор сьвятой Сафіі і атрымала блаславеньне ад патрыярха Лукаша.
У канцы красавіка 1167 году паломнікі былі ўжо ў Ерусаліме, які ў той час быў сталіцай Ерусалімскага каралеўства, заснаванага на пачатку XII стагодзьдзя крыжакамі. Каралём Ерусаліму ў той час быў Амальрык I, з Анжуйскай дынастыі. Эўфрасіньня Полацкая была добра прынята ў Ерусаліме. Жыла там у манастыры Найсьвяцейшай Багародзіцы. Яна часта малілася ля Труны Гасподняй.
Зьнясіленая падарожжам па Сьвятой Зямлі, Эўфрасіньня захварэла. На дваццаць чацьверты дзень хваробы Эўфрасіньня Полацкая прыняла прычасьце і памерла (23 або 25 траўня 1167 году).
Месца спачыну і пачаткі культу
рэдагавацьАдносна месца спачыну Эўфрасіньні Полацкай на Сьвятой Зямлі існуе два меркаваньні. Паводле першага Эўфрасіньня памерла ў манастыры Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Ерусаліме.[3] Іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што Эўфрасіньню Полацкую пахавалі ў знакамітай Лаўры сьвятога Тэадосія Вялікага, якая знаходзіцца за 11 км на ўсход ад Бэтлеему. У гэтым вялікім манастыры (колькасьць манахаў там даходзіла да 700), дзе спыняліся шматлікія пілігрымы, што ішлі на Сьвятую Зямлю з усяго сьвету, у тым ліку і з Кіеўскай мітраполіі, і дзе нават службы правіліся па-царкоўнаславянску, больш верагодна, што маглі пахаваць Эўфрасіньню Полацкую ў царкве Найсьвяцейшай Багародзіцы гэтай лаўры. Сёньня там грэцкі праваслаўны манастыр і сярод іншых пахаваных там сьвятых захоўваецца памяць і пра беларускую сьвятую з Полацка.[4]
3 лістапада 1187 году Ерусалім быў захоплены войскамі султана Саладзіна, які загадаў хрысьціянам у 50-дзённы тэрмін пакінуць горад. Манахі пакінулі манастыр, дзе была пахавана ігуменьня, а рака зь целам полацкай ігуменьні была перанесеная рускімі манахамі ў Тэадосіеву пячору Кіеўскай лаўры. Мяркуюць, што апошняй воляй Эўфрасіньні была просьба пахаваць яе на Сьвятой Зямлі ў Лаўры сьвятога Тэадосія Вялікага, які лічыцца адным з заснавальнікаў усходняга манаства і пахаваны там, і менавіта гэта стала прычынай таго, што рака зь яе астанкамі была пакінута ў Кіеве, а ня вернута ў Полацак.
Толькі ў 1910 мошчы сьв. Эўфрасіньні Полацкай былі ўрачыста дастаўлены ў яе родны Полацак у заснаваны ёю манастыр. Там яе сьв. мошчы спачываюць і сёньня ў Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры.
Зьвестак пра жыцьцё Эўфрасіньні Полацкай мала. Адзінай гістарычнай крыніцай, у якой распавядаецца пра жыцьцё полацкай ігуменьні, зьяўляецца «Жытіе святой і найподобнейшей Евфросиніи», створанае ў канцы XII стагодзьдзя. Да гэтай дакумэнтальнай крыніцы далучаюцца зьвесткі зь летапісаў гэтага пэрыяду.
У Кіеўскай мітраполіі (праваслаўнай і ўніяцкай) Эўфрасіньня Полацкая ўшаноўвалася як сьвятая яшчэ з ХІІІ ст. У Расейскай Праваслаўнай Царкве — толькі пасьля 1684 году.
У часы Уніі культ сьв. Эўфрасіньні Полацкай пашыралі таксама базыляне. Шырока вядомай у той час была праца гісторыка Ўніяцкай Царквы базыляніна Ігната Сьцябельскага [5]
Сьвяты Сынод Расейскай Праваслаўнай Царквы афіцыйна залічыў яе да сьпісу расейскіх сьвятых як вялебную (прападобную) ў траўні 1910 году. У 1984 годзе Эўфрасіньня Полацкая залічана да Сабору Беларускіх сьвятых.
Прыжыцьцёвае становішча ў Полацкім княстве
рэдагавацьУ 12 стагодзьдзі Полацкае княства, нягледзячы на амаль пастаянную палітычную барацьбу і нават войны з Кіеўскім княствам і яго хаўрусьнікамі, заставалася самастойнай дзяржавай, хаця найбольшага ўздыму і росквіту яно дасягнула ў XI стагодзьдзі. У XII стагодзьдзі ў складзе Полацкага княства ствараюцца ўдзельныя княствы, у тым ліку Віцебскае, Друцкае, Заслаўскае, Менскае, Лагойскае. Яны перадаюцца полацкім князям у валоданьне сваім братом, сыном і пляменьнікам, якія станавіліся васаламі вялікага князя полацкага. І хаця пэўнае адзінства княства яшчэ захоўвалася, але цэнтрабежныя сілы аслаблялі гэтае адзінства.
Эўфрасіньня Полацкая была сучасьніцай палітычных падзеяў таго бурлівага веку. Ад самага маленства на княскім двары яна бачыла зборы ў вайсковыя паходы, была сьведкай ваенных дзеяў, якія суправаджаліся разбурэньнем вёсак і гарадоў, стратамі людзей ня толькі ў баях, але і сярод мірнага насельніцтва.
На пачатку 12 ст. полацкім князем быў яе дзядзька, Барыс Усяславіч (да хросту — Рагвалод). Пасьля няўдалага паходу гэтага князя на паўночны захад у зямлю зямгалаў у 1206 годзе. ён быў заменены полацкім вечам на брата Давыда. Давыд Усяславіч княжыў у Полацку ў 1106—1127 гадох. Яго зьмяніў Барыс Усяславіч, які вярнуўся на полацкі пасад, але ненадоўга. Ён памёр у 1128 годзе. Менавіта ў гэты час адбыўся напад кіеўскага князя Мсьціслава Ўладзімеравіча і яго хаўрусьнікаў на Полацкую зямлю. Князі полацкай дынастыі ў 1129 годзе былі высланыя ў Бізантыю да імпэратара, сваяка кіеўскага і полацкіх князёў.
Сярод высланых быў і бацька Эўфрасіньні князь Юры. У Полацку князі мяняліся. У 1132 годзе палачане выгналі з гораду князя Сьвятаполка Мсьціславіча, сына Мсьціслава, князя кіеўскага. На полацкі трон зноў былі пакліканы князі старажытнай полацкай дынастыі, якія вярнуліся зь Бізантыі. Полацкім князем у 1132 годзе веча выбрала Васільку Сьвятаславіча, роднага брата Эўфрасіньні Полацкай. Менавіта з гэтага часу полацкае веча набывае вялікую сілу і ўстойлівую традыцыю выбараў князя вечам — агульным сходам гараджан і сялянаў блізкіх ад Полацка вёсак. Каля 1144 году полацкім князем становіцца Рагвалод (Васіль) Барысавіч, стрыечны брат Эўфрасіньні. У 1151 годзе полацкае веча выслала свайго князя ў Менск, а запрасіла на больш высокі трон менскага князя Расьціслава Глебавіча, які таксама быў стрыечным братам Эўфрасіньні. Пасьля некалькіх гадоў княжаньня ў 1159 годзе зноў адбылася замена князя ў Полацку. Веча зноў выбрала полацкім князем Рагвалода Барысавіча, які вымушаны быў пакінуць трон у 1162 годзе, пасьля паразы, якую пацярпеў ад менскага князя Валадара Глебавіча. Полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч, родны пляменьнік Эўфрасіньні Полацкай.
У 1167 годзе адбываецца новая зьмена на полацкім пасадзе. Менскі князь Валадар Глебавіч выступіў супраць Усяслава Васількавіча, нанёс паразу яго войску і заняў полацкі трон. Пры гэтым ён заключыў з полацкім вечам дагавор. Але гэты князь вымушаны быў адступіць назад у Менск, і ў тым жа годзе Усяслаў Васількавіч вярнуўся на полацкі трон.
Такім чынам, Эўфрасіньня Полацкая з самага маленства добра ведала тагачасныя палітычныя ўмовы жыцьця ў фэўдальным грамадзтве, няўстойлівасьць княскай улады, палітычныя камбінацыі і таксама сілу полацкага веча ў грамадзкім жыцьці свайго краю. У гэтай атмасфэры яна гадавалася, і ўсе грамадзкія падзеі ўплывалі на яе сьветапогляд. Разам з тым традыцыі полацкай княжацкай сям’і нашчадкаў Рагвалода, нейкая адасобленасьць ад іншых членаў дынастыі Рурыкавічаў таксама ўплывалі на адчуваньне сьвету, абуджалі ў князёўны ня толькі цікавасьць да мінуўшчыны Полацкай зямлі, але і патрыятычныя пачуцьці, і княскую годнасьць, і належнасьць да сваёй зямлі крывічоў, да свайго вялікага па тэрыторыі княства.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 25 студзеня 2012. — № 15 (27130). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ П.Брыгадзін Матэрыялы па гісторыі Беларусі, Мн. 1997. С. 22
- ^ Преподобная Евфросиния, игумения Полоцкая (1173)
- ^ Свята Земля. Частина 28. Колиска чернецтва. Лавра преподобного Феодосія Великого
- ^ Stebelski Ignacy. Dwa wielkie światła na horyzoncie połockim z cieniów zakonnych powstające czyli żywoty śś. panien i matek Ewfrozyny i Parascewii zakonnic i hegumenij pod ustawą s. o. Bazylego W. w monastyrze s. Spasa za Połockiem żyjących, z chronologią i przydatkiem niektórych służących do tego pożytecznych krajowych wiadomości, z rozmaitych dziejopisów y pism zebranych. T. 1 (z 3-ech). Wilno 1781. W Drukarni Bazylianskiey.
Літаратура
рэдагаваць- Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. (серыя Святыя зямлі Беларускай). ISBN 5-340-01238-7.
- Гаранін С. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля: Гісторыя стасункаў і прычына канфлікту [2002] // Мельнікаў А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мельнікаў. — — Менск: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2.
- Мельнікаў А. Еўфрасіння Полацкая (Жыціе Еўфрасінні Полацкай з каментарыямі А. Мельнікава) // Мельнікаў А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мельнікаў. — Менск: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2.
- Stebelski I. Dwa wielkie światła na horyzoncie połockim z cieniów zakonnych powstające czyli żywoty śś. panien i matek Ewfrozyny i Parascewii zakonnic i hegumenij… Wydanie drugie. T. 1. — Lwów: Xięgarnia Zelmana Igla, 1866.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сяргей Тарасаў: «Больш, чым я сабраў пра Афрасіньню і яе Крыж, няма нідзе», Радыё Свабода, 20 чэрвеня 2021 г.