Мухавец

рака ў Беларусі

Мухаве́ц[1], Бе́лы Мухаве́ц — рака ў Беларусі, правы прыток Бугу (басэйн Віслы). Цячэ ў Берасьцейскай вобласьці. Даўжыня 150 км. Плошча вадазбору 6350 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2‰. Выдатак вады 33,6 м³/с.

Рака
Мухавец
лац. Muchaviec
Рака Мухавец
Рака Мухавец
Агульныя зьвесткі
Выток сутокі Мухі і кан. Вец
Вусьце Заходні Буг
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Берасьцейская вобласьць
Даўжыня 150 км
Сярэднегадавы сьцёк 33,6 м³/с
Плошча басэйну 6350 км²
Нахіл воднай паверхні 0,2 ‰

Асноўныя прытокі

рэдагаваць

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Пачынаецца ў сутоках ракі Мухі і каналу Вецу ў месьце Пружанах. Цячэ Прыбужанскай раўнінай (вярхоўе) і Берасьцейскім Палесьсем, вусьце ў межах места Берасьця (у вусьці глухая грэбля).

Даліна ў верхняй плыні невыразная, шырыня яе ў сярэдняй плыні 400—600 м, ніжэй 1,5—2 км. Схілы мерна стромкія, вышынёй 4—8 м (у ніжняй плыні 3—6 м), адкрытыя, месцамі разараныя або пад лесам. Абалона двухбаковая, нізкая, месцамі забалочаная, шырыня да вёскі Шэбрына 200—400 м, ніжэй 1—1,5 км; у разводзьдзе і пры паводках затапляецца на глыбіню 0,2—0,8 м у вярхоўі і да 1—2 м у ніжняй плыні. Рэчышча каналізаванае. Берагі нізкія, вышынёй у 0,5—2 м, абрывістыя, ніжэй за ўток Рыты разбураюцца, на суднаходнай дзялянцы абвалаваныя.

Шырыня ракі ў межань у верхняй плыні 4—8 м, ніжэй за ўток Дняпроўска-Бужанскага канала 20—35 м, у вусьці 60—70 м. Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў сярэдзіне сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,5—2,4 м, найбольшая 2—3,8 м (1951, 1958). Замярзае ў сярэдзіне сьнежня, лёд трымаецца да 2-й паловы сакавіка[2].

Рака Мухавец у Берасьці

Вадазбор разьмяшчаецца на паўночна-заходняй ускраіне Палескай нізіны (Берасьцейскае Палесьсе), якая пераходзіць у Прыбужанскую раўніну.

Рэльеф дробнаўзгорысты зь дзялянкамі згладжаных канцова-марэнавых градаў і ўзгоркаў вышынёй 5—15 м. Больш прыпаднятая ўсходняя частка разьмяшчаецца на заходняй пэрыфэрыі плятопадобнай водна-ледавіковай раўніны Загародзьдзе.

Азёрнасьць не перавышае 2%. Азёры разьмяшчаюцца на поўдні вадазбору. Найбольшыя зь іх — Сьвіцязь, Пулямецкае, Астроўскае і Арэхаўскае.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Лясы мяшаныя, сустракаюцца невялікімі гаямі або хваёвымі борамі, найбольш значныя зь іх у паўднёвай частцы левабярэжжа. Раўніннасьць рэльефу, недастатковая водапранікальнасьць верхняга пласту покрыўных пародаў спрыяюць шырокаму разьвіцьцю балотаў і забалочаных земляў, якія займаюць паўднёвую і паўднёва-ўсходнюю часткі вадазбору. Балоты нізінныя, зь іх значная частка асушаная.

Гаспадарчая дзейнасьць

рэдагаваць

Мухавец — судаходная рака (ад Кобрыню да Берасьцейскага рачнога порту, ніжэй за які разьмяшчаецца грэбля). Працягласьць навігацыйнага пэрыяду 230—240 дзён. Рака злучаецца Дняпроўска-Бужанскім каналам з ракой Прыпяцьцю (такім чынам злучае Балтыйскае і Чорнае моры[3]).

Значная плошча басэйну (27%) у межах Беларусі на 1 студзеня 2006 году мэліяраваная, здадзеныя ў эксплюатацыю каля 8300 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў[4].

У зьвязку з тым, што рэчышча зашлюзаванае і каналізаванае, натуральны рэжым ракі скажоны.

  1. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 42.
  2. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 253—254.
  3. ^ Krzywicki J. Muchawiec // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 790.
  4. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 3: Катэнарыя ― Недайка / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — 485 с.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць