Ца́цка — прадмет, прызначаны для гульні. Для вырабу цацак выкарыстоўваюцца розныя матэрыялы, такія як дрэва, гліна, папера, плястык. Новыя формы цацак уключаюць у сябе інтэрактыўныя лічбавыя забавы, то бок кампутарныя гульні. Некаторыя цацкі вырабляюцца ў першую чаргу як калекцыйныя і яны не прызначаны для гульняў.

Цацка

Узнаўляючы рэальныя і ўяўныя прадметы, выявы, цацка служыць мэтам разумовага, маральнага, эстэтычнага і фізычнага выхаваньня. Цацка дапамагае дзіцяці пазнаваць навакольны сьвет, прывучае яго да мэтанакіраванай, асэнсаванай дзейнасьці, спрыяе разьвіцьцю мысьленьня, памяці, мовы, эмоцыяў. Цацка шырока выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчай працы зь дзецьмі, у прыватнасьці для разьвіцьця дзіцячай, тэхнічнай і мастацкай творчасьці. Тыпы, характар, зьмест і афармленьне цацкі вызначаюцца пэўнымі выхаваўчымі задачамі ў дачыненьні да ўзросту дзяцей з улікам іх разьвіцьця і інтарэсаў. Як творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва цацкі, асабліва нацыянальна-традыцыйныя, выкарыстоўваюцца ў якасьці дэкаратыўных элемэнтаў у сучасным інтэр’еры.

Зьмест і форма цацкі знаходзяцца ў непасрэднай сувязі з сацыяльным ладам грамадзтва, з узроўнем ягонай культуры. Таксама, цацкі дазваляюць болей натуральна арганізаваць зносіны дзіцяці з бацькамі, што зьяўляецца ў сучасным сьвеце актуальнай праблемай.

Гісторыя

рэдагаваць

Цацкі вядомыя чалавецтву з глыбокай старажытнасьці, яны былі выяўленыя археолягамі пры раскопках рэшткаў старажытных цывілізацыяў. Цацкі, знойдзеныя пры раскопках Індзкай цывілізацыі (3000—1500 да н. э.), уключаюць маленькія калёсы, сьвісткі ў выглядзе птушак і цацачных малпачак, якія могуць спаўзаць па вяроўцы[1].

Самыя старажытныя цацкі зробленыя з даступных прыродных матэрыялаў, камянёў, палак і гліны. Тысячы гадоў таму эгіпецкія дзеці гулялі ў лялькі, у якіх былі парыкі і рухомыя канцавіны, яны былі зроблены з каменьня, керамікі і дрэва[2]. У Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме дзеці гулялі зь лялькамі, зробленымі з воску і тэракоты, лукам і стрэламі, ё-ё. У Грэцыі, калі дзеці, асабліва дзяўчынкі, дасягалі паўналецьця, было прынята прыносіць цацкі дзяцінства ў ахвяру багам. Напярэдадні вясельля дзяўчыны ўзросту каля чатырнаццаці гадоў у якасьці абраду прысьвячэньня ў дарослае жыцьцё прыносілі свае цацкі ў храм[3][4].

Самыя старыя вядомыя мэханічныя мазгатні таксама зыходзіць з Грэцыі і зьявіліся ў III стагодзьдзі да н. э. Гульня складалася з квадрату, падзеленага на 14 частак, і мэта складалася ў тым, каб стварыць розныя формы з гэтых частак.

Эпоха Асьветы

рэдагаваць

Цацкі атрымалі больш шырокае распаўсюджаньне са зьмяненьнем стаўленьня да дзяцей у эпоху Асьветы. Разнастайнасьць і колькасьць цацак, якія былі выраблены ў XVIII стагодзьдзі няўхільна расьлі. Ангельскі картограф Джон Сьпілсбэры вынайшаў першы пазл у 1767 годзе, каб дапамагчы дзецям вывучаць геаграфію. Ён стварыў пазлы, якія адлюстроўвалі мапы сьвету, Эўропы, Азіі, Афрыкі, Амэрыкі, Ангельшчыны, Ўэйлзу, Ірляндыі і Шатляндыі.

Стварэньне мыльных бурбалак ад рэшткаў мыла стала папулярным баўленьнем часу, як паказана ў карціне «Мыльныя бурбалкі» (1739) Жан-Батыста Шардэна. Іншымі папулярнымі цацкамі таго часу былі абручы, цацачныя вагоны, паветраныя зьмеі і лялькі. Першыя настольныя гульні былі выпушчаныя Джонам Джэфэрысам у 1750-х гадох, у тым ліку гульня «Падарожжа па Эўропе». Гульня была вельмі падобная на сучасныя настольныя гульні, дзе фішкі гульцоў праходзілі па гульнявому полю па дарожцы з кідком кубіку[5].

У XIX стагодзьдзі акцэнт быў зроблены на цацкі, якія мелі адукацыйную мэту. Да такіх цацак адносяцца мазгатні, кнігі, мапы і настольныя гульні. Рэлігійныя цацкі былі таксама папулярныя, у тым ліку фігуркі мініятурных жывёлаў і прадметаў з Ноевага каўчэга і іншых сцэнаў зь Бібліі. З ростам дабрабыту сярэдняй клясы, дзеці з гэтых сямей мелі больш вольнага часу, што павялічыла попыт на цацкі, і, такім чынам, прывяло да росквіту сфэры вытворчасьці цацак[5].

Зь цягам часу былі створаны больш складаныя мэханічныя і аптычныя цацкі. Ангельскія вынаходцы Карпэнтэр і Ўэстлі пачалі масавую вытворчасьць калейдаскопу, які быў вынайдзены сэрам Дэйвідам Брустэрам у 1817 годзе. За першыя тры месяцы было прададзена больш за 200 тысячаў асобнікаў гэтай цацкі ў Лёндане і Парыжы. Сучасны заатроп быў вынайдзены ў 1833 годзе брытанскім матэматыкам Ўільямам Джорджам Горнэрам і набыў папулярнасьць у 1860-х гадох[6]. Для дзяўчынак ствараліся мініятурныя лялечныя хаткі зь лялькамі, а для хлопчыкаў выпускаліся цацачныя цягнікі.

Музэі цацак

рэдагаваць

У шматлікіх краінах адчыненыя музэі цацак. Першы ў сьвеце Нямецкі музэй цацкі быў створаны ў 1901 годзе ў турынскім Зонэбэргу. Адным з найвядомых зьяўляецца таксама Нюрнбэрскі музэй цацкі.

  1. ^ MrDonn.org — Daily Life in Ancient India, including the mysterious Indus Valley Civilization
  2. ^ Maspero, Gaston Camille Charles. «Manual of Egyptian Archaeology and Guide to the Study of Antiquities in Egypt». Project Gutenberg.
  3. ^ Powell, Barry B. (2001). «Classical Myth»; Third Edition. Upper Saddle River, NJ: Prentice Hall. pp. 33–34. ISBN 0-13-088442-1.
  4. ^ «History Of The Yo-Yo». Spintastics Skill Toys, Inc.. Праверана 2006-10-30 г. Архіўная копія ад 2006-08-09 г.
  5. ^ а б «History of Toys». Every Day Toys.
  6. ^ Bordwell, David and Kristin Thompson, «Film History: An Introduction», 3rd edition (New York: McGraw-Hill, 2010), 4. ISBN 978-0-07-338613-3

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Цацкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў