Калоскі дабравест
Каардынаты: 53°41′4″ пн. ш. 23°50′28″ у. д. / 53.68444° пн. ш. 23.84111° у. д.
«Кало́скі дабраве́ст» — міжнародны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў, які штолюты ладзіцца ў Горадні з 2002 году.
«Калоскі дабравест» | |
наркам. Каложскі дабравест | |
Гады | з 2002-га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Горад | Горадня |
Мова(-ы) | беларуская і іншыя |
Жанр | духоўная песьня |
Псэўданім | Каложа |
Тэматыка | песьня |
Лэйбл | Гарадзенская япархія |
Склад | Хор Храма ўсіх сьвятых (Менск) |
Суарганізатарамі фэсту выступаюць Гарадзенская япархія і Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт пры адначасным дафінансаваньні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адкрыцьцё і закрыцьцё прымае Гарадзенскі абласны драматычны тэатар[1]. Папярэдне ў студзені праводзіцца адборачнае праслухоўваньне хароў Гарадзенскай япархіі. Конкурснае праслухоўваньне з удзелам замежных хароў прымае сабор Пакрова Багародзіцы[2].
Лік удзельнікаў абмяжоўвалі 45 харамі. Працягласьць выступу мела складаць да 20 хвілінаў для дарослых і да 15 хвілінаў для дзіцячых хароў. Песьнясьпевы мелі ўлучаць: 1) духоўныя творы беларускіх кампазытараў; 2) творы Аляксандра Архангельскага, Сяргея Рахманінава, Пятра Чайкоўскага і Паўла Часнакова (рамантычны пэрыяд); 3) партэсныя сьпевы Зьмітра Бартнянскага, Максіма Беразоўскага і Сьцяпана Дзегцярова (харавая клясыка); 4) хатнія сьпевы; 5) расьпеў не ў гарманізацыі — баўгарскі, грэцкі, знакавы, кіеўскі або хатні[3].
Намінацыі
рэдагавацьНа 2021 год на «Калоскім дабравесьце» прысуджалі ўзнагароды ў 8 намінацыях:
- царкоўныя хары япархіі і раённых цэнтраў (ад 9 чалавек);
- царкоўныя ансамблі япархіі (да 8 чалавек);
- царкоўныя хары (ад 12 чалавек) і ансамблі (да 12 чалавек) абласных гарадоў;
- хары сьвятароў і духоўных школ;
- сьвецкія прафэсійныя гурты;
- сьвецкія аматарскія гурты;
- дзіцячыя царкоўныя гурты;
- дзіцячыя сьвецкія гурты[4].
Журы
рэдагавацьНа 2021 год міжнароднае журы «Калоскага дабравесту» зь 10 асобаў ад пачатку ўзначальваў клірык сабору Пакрова Багародзіцы Андрэй Бандарэнка. У склад журы ўваходзіў старшыня аргкамітэту фэстывалю Анатоль Ненартовіч, які ўзначальваў царкву Сабору ўсіх беларускіх сьвятых, а таксама музыказнаўцы і сьвятары з 6 краінаў Эўропы: Латвіі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Украіны і Францыі[5].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 2002 годзе ў Горадні прайшоў 1-ы фэстываль «Калоскi дабравест», прымеркаваны да 10-годзьдзя адраджэньня Гарадзенскай япархіі. У лютым 2008 году 7-ы абласны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў, які ў той год атрымаў назву «Калоскі дабравест», сабраў 39 царкоўных і сьвецкіх хароў з 6 краінаў Эўропы — Беларусі, Летувы, Польшчы, Расеі, Украіны і Сэрбіі. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі 4-х краінаў. Нязьменным старшынёй журы быў сьвятар і кампазытар Андрэй Бандарэнка. Пасьля дня Божага Нараджэньня цягам калядных сьвятаў журы адбірала ўдзельнікаў фэсту сярод усіх царкоўнапрыходзкіх хароў Гарадзенскай вобласьці. Сьвецкія хоры дасылалі заяўкі на ўдзел самі. У межах «Калоскага дабравесту» ладзілі навуковую канфэрэнцыю з удзелам адмыслоўцаў Мікалай Шыманскага зь Менску і Мікалая Дзянісава з Масквы. Працягласьць фэсту павялічылі да 4-х дзён за кошт урачыстага адкрыцьця з гала-канцэртам. Пастаяннымі сябрамі журы былі начальнікі кіраўніцтва культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандар Лойка і кіраўнік Гайнаўскага фэсту на Падляшшы пратаярэй Міхаіл Нігярэвіч. Сябрам аргкамітэту фэсту быў начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Папоў. Зь Летувы прыехаў хор Клайпедзкага дабрачыньня «Іверская сьвечка» пры Сьвята-Мікалаеўскай царкве ў Цельшах. З Сэрбіі — хор Дзьбюрдава. У рамках фэсту ў Гарадзкой выставачнай залі Горадні правялі фотавыставу «Праваслаўны храмы Гарадзеншчыны». Гала-канцэрт закрыцьця прайшоў з аншлягам. Спаборніцтва праходзіла ў намінацыях сярод хароў сьвятароў і духоўных школ, царкоўных ансамбляў Гарадзенскай япархіі, дзіцячых царкоўных калектываў, а таксама сьвецкіх аматарскіх асобна для дарослых і дзіцяча-юнацкіх. Пераможцаў узнагароджвалі тэлевізарамі, магнітафонамі і прагравальнікамі лічбавых відэадыскаў. Галоўную ўзнагароду атрымаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага, які выканаў творы беларускіх кампазытараў Аляксея Туранкова, Мікалая Шчаглова, Андрэй Бандарэнкі і Мікалая Бутомы[6].
8—21 лютага 2009 году на 8-ы фэстываль «Калоскі дабравест» завіталі звыш 40 хароў з суседніх Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Ад Беларусі выступілі хор тэалягічнага факультэту БДУ, прыходзкія хоры япархіяў Беларусі і хоры зь Берасьця, Воршы і Гомлю. У склад журы ўвайшлі ярэй Андрэй Бандарэнка, народны артыст Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Міжнароднага харавога фэстывалю ў Эстоніі Валеры Пятроў, сакратар Саюзу кампазытараў Украіны Іван Тараненка і расейскі кампазытар Мікалай Дзянісаў. Заключны гала-канцэрт у залі Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру прайшоў з аншлягам. Узнагароды атрымалі хоры з Горадні, Калініграду і Луцка (Валынская вобласьць)[7].
10—13 лютага 2010 году ў 9-м фэсьце «Калоскі дабравест» удзельнічалі 39 хароў зь Беларусі і суседніх Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Упершыню завіталі жаночы ансамбль манастыра сьвятога Герарда ў Ерэване (Армэнія) і хор «Бранка» сабору ў Нішы (Сэрбія). На канцэртах фэсту выступілі Дзяржаўны камэрны хор Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча і хор сьвятароў Гарадзенскай япархіі пад кіраўніцтвам Андрэя Бандарэнкі[8]. Галоўную ўзнагароду атрымаў хор манастыра сьвятога Герарда пад кіраўніцтвам Мгера Наваяна[9].
16—19 лютага 2011 году адбыўся 10-ы фэст «Калоскі дабравест», які адкрываў Міхась Дрынеўскі[10]. У 2011 годзе фэстываль атрымаў званьне міжнароднага ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У лютым 2012 году 11-ы фэст сабраў 45 хароў з 8 краінаў Эўропы — Беларусі, Грэцыі (упершыню), Летувы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіны. Узнагароды прысудзілі ў 3-х ступенях па 9 намінацыях. Галоўную ўзнагароду атрымаў дзіцячы хор «Натхненьне» музычна-харавой школы № 106 у Маскве (Расея), якім кіравала Вольга Скварцова[11]. Пераможцаў уганаравалі бронзавай статуэткай у выглядзе сымбалю фэста, выкананай скульптарам Уладзімер Панцялееў. Спадарожна праводзіліся вечары паэзіі, выставы і кіналекторыі[12]. Фэстываль «Калоскі дабравест» фінансавалі Гарадзенскі аблвыканкам і Гарадзенская япархія[13].
27 лютага — 2 сакавіка 2013 году прайшоў 12-ы «Калоскі дабравест». Папярэдне ў студзені падчас калядных сьвятаў зладзілі адбор сярод прыходзкіх хароў Гарадзенскай япархіі. З-за мяжу да ўдзелу запрасілі хары зь 7 краінаў Эўропы — Летувы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Францыі. Агулам у фэсьце ўдзельнічала 45 хароў. Пераважна выконваліся творы беларускіх аўтараў і мясцовых напеваў, а таксама знакавы, шляхавы, хатні, кіеўскі, баўгарскі і грэцкі расьпеў, як і штодзённы песьнясьпеў. Спадарожна праводзіліся: выстава з фондаў Гарадзенскага дзяржаўнага музэю гісторыі рэлігіі, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песьні, кіналекторый, мастацкія выставы ў Гарадзенскай выставачнай залі і музэі Гарадзенскага абласнога мэтадычнага цэнтру народнай творчасьці, а таксама фотавыстава «Праваслаўны сьвет». 28 лютага ладзілі канцэрт студэнцкага хору Маскоўскай дзяржаўнай кансэрваторыі (Расея), а 1 сакавіка — Архірэйскага хору сабору Аляксандра Неўскага ў Парыжы (Францыя) і хору сьпеўных стараверскіх прыходаў Сыбіры[14].
19—22 лютага 2014 году адбыўся 13-ы «Калоскi дабравест»[15]. У фэсьце прынялі ўдзел 37 хроў з 6 краінаў[16]. Адкрыцьцё і закрыцьцё правялі ў Гарадзенскім абласным драмтэатры, а спаборнае праслухоўваньне — у саборы Пакрова Багародзіцы. 20—21 лютага ў Гарадзенскім музычным каледжы і Новым замку ладзілі канцэрты хароў з Армэніі, Расеі і Ўкраіны. У спаборніцтве ўдзелічалі 4 хары з Расеі, 3 з Польшчы, 2 з Украіны і па 1 з Армэніі і Румыніі[17]. На адкрыцьці выступіў студэнцкі хор Маскоўскай кансэрваторыі пад кіраўніцтва Станіслава Калініна. Ладзіліся фотавыстава «Нашыя храмы» фотаклюбу «Горадня», асабістая фотавыстава Ўладзімера Лябецкага «Праваслаўная Сэрбія вачыма беларусаў» і выства абразоў Міколы Цудатворцы ў Гарадзенскім музэі рэлігіі. У закрыцьці ўзяў удзел беларускі экзарх Павал[18]. Таксама ладзілі кінапаказы фільмаў «Вялікі пост» і «Ікона». У рамках фэсту прадставілі кнігу Ларысы Густавай «Царкоўны сьпевы. Беларуская сьпеўная культура праваслаўнай традыцыі»[19]. Сярод іншага выступілі мужчынскі хор стараабрадніцкага сабора Пакрова Багародзіцы ў Маскве і жаночы хор «Аватамк» царквы Рыгора Асьветніка Эміядзінскага манастыра (Армэнія)[20]. Галоўную ўзнагароду атрымаў студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансэрваторыі (Рэспубліка Татарстан, Расея).
11—14 лютага 2015 году «Калоскі дабравест» сабраў 20 хароў зь Беларусі і яшчэ 20 з 6 іншых краінаў Эўропы — Летувы, Малдовы (упершыню, сьвецкі і царкоўны), Польшчы, Расеі, Румыніі і Ўкраіны. Сярод іншых запрасілі студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і хор «За веру і айчыну» інжынэрных войскаў Расеі. 8—12 студзеня праводзілі адборачнае праслухоўваньне хароў Гарадзенскай япархіі ў Сьвіслачы, Росі (Ваўкавыскі раён), Мастах і Азёрах (Гарадзенскі раён). Спадарожна ў Калоскай царкве Барыса і Глеба праходзіла выстава сучасных абразоў зь Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Таксама прадставілі альбом Алёны Шацько «Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі». У склад журы ўвайшлі выкладнікі і сьвятары Беларусі, Расеі, Румыніі і Францыі. Пераможцаў вызначалі ў 8 намінацыях[21].
25—27 лютага 2016 году на 15-ы «Калоскі дабравест» завіталі 35 хароў з Армэніі, Беларусі, Малдовы, Польшчы, Расеі, Сэрбіі, Узбэкістану (упершыню) і Францыі. З Ташкента прыехаў хор сабора Ўсьпеньня Багародзіцы[22]. 6—11 лютага 2017 году на 16-м фэстывалі выступіла 38 хароў зь 7 краінаў[23] — Армэніі, Беларусі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіны[24]. Спадарожна ў Гарадзенскім абласным мэтадычным цэнтры народнай творчасьці прайшла выстава графікі, керамікі і жывапісу «Прыгажосьць Боскага сьвету», якую ладзіў Цэнтар творчасьці дзяцей і моладзі «Прамень» Кастрычніцкага раёну Горадні[25]. Галоўную ўзнагароду атрымаў Акадэмічны хор Расейскай акадэміі музыкі з Масквы пад кіраўніцтвам Зьмітра Анегіна. Таксама ляўрэатамі сталі 9 хароў Гарадзенскай вобласьці[26]. У Сеціве сьпевы хароў паглядзела звыш 5000 чалавек[27].
7—10 лютага 2018 году на 17-ы «Калоскі дабравест» завіталі 35 хароў з 8 краінаў — Беларусі, Македоніі (упершыню), Польшчы, Расеі, Румыніі, Узбэкістану, Украіны і Чарнагорыі (упершыню). Сярод іншага выступіла 10 дзіцячых хароў[28]. 20—23 лютага 2019 году ў 18-м фэстывалі ўзялі ўдзел звыш 40 хароў з 8 краінаў — Беларусі, Латвіі (упершыню), Летувы, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сэрбіі і Ўкраіны[29]. На адкрыцьці выступіла Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы[30]. Перамогу на спаборніцтве здабыў Усіхсьвяцкі хор Храма ўсіх сьвятых у Менску[31].
19—22 лютага 2020 году 19-ы фэстываль сабраў 37 хароў з 11 краінаў, у тым ліку ўпершыню зь Нідэрляндаў, Фінляндыі і Эстоніі. У папярэднім адборы ўзялі ўдзел звыш 800 хароў[32]. Кіраўніцай фэсту выступіла Натальля Гаплінчык[33]. Сярод іншага ў рамках фэсту сьвятар Павал Касьпяровіч прадставіў зборнік беларускай паэзіі «Калоскі дабравест» пад рэдакцыяй Анатоля Брусевіча. Зборнік улучыў вершы 9 паэтак і паэтаў, у тым ліку такіх як Данута Бічэль, Юрка Голуб, Андрэй Мельнікаў, Ала Нікіпорчык, Рычард Белячыц, Аліна Паўлоўская і манах Ян Бембель пад псэўданімам Зьніч[34].
Галоўная ўзнагарода
рэдагавацьГод | № | Хор | Краіна |
2020 | 19 | ||
2019 | 18 | Хор Храма ўсіх сьвятых (Менск) | Беларусь |
2018 | 17 | ||
2017 | 16 | Акадэмічны хор Расейскай акадэміі музыкі (Масква) | Расея |
2016 | 15 | ||
2015 | 14 | ||
2014 | 13 | Студэнцкі хор Казанскай дзяржаўнай кансэрваторыі (Татарстан) | Расея |
2013 | 12 | ||
2012 | 11 | «Натхненьне» музычна-харавой школы № 106 (Масква) | Расея |
2011 | 10 | ||
2010 | 9 | Хор манастыра сьвятога Герарда (Ерэван) | Армэнія |
2009 | 8 | — | |
2008 | 7 | Народны хор імя Цітовіча | Беларусь |
2007 | 6 | ||
2006 | 5 | ||
2005 | 4 | ||
2004 | 3 | ||
2003 | 2 | ||
2002 | 1 |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ У Гародні – апошні дзень XIV фэстывалю «Калоскі дабравест» // Радыё «Рацыя», люты 2015 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Якуб Сушчынскі. «Калоскі дабравест» адбудзецца ў Гародні // Радыё «Рацыя», люты 2020 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Палажэньне аб міжнародным фэстывалі «Калоскі дабравест» (рас.) // Гарадзенская япархія, 17 чэрвеня 2019 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Гісторыя фэстывалю «Калоскі дабравест» (рас.) // Гарадзенская япархія, 2021 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Міжнароднае журы фэстывалю «Калоскі дабравест» (рас.) // Гарадзенская япархія, 6 верасьня 2019 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Надзея Бунцэвіч. «Калоскi дабравест»: курс на Ўсход і на Захад // Культура : газэта. — 15 сакавіка 2008. — № 11 (829).
- ^ Аляксандра Дубравіна. Склікае Каложа // Культура. — 28 лютага 2009. — № 9 (877).
- ^ Песьню пяе Каложа // Культура. — 13 лютага 2010. — № 7 (927).
- ^ Хор манастыра Герарда атрымаў Гран-пры на фэстывалі духоўнай музыкі ў Беларусі (рас.) // Вікінавіны, 19 лютага 2010 г. Праверана 5 студзеня 2021 г.
- ^ Надзея Бунцэвіч. Мэтрыка для песьні // Культура. — 12 лютага 2011. — № 7 (979).
- ^ Дар'я Чаркес. «Натхненьне» на «Дабравесьце» // Культура. — 10 сакавіка 2012. — № 10 (1033).
- ^ Алена Стасюкевіч. Уладальнікам Гран-пры «Калоскага дабравеста» стаў дзіцячы хор з Масквы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 лютага 2012 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Яўген Рагін. У грыбы на бібліёбусе // Культура. — 12 студзеня 2013. — № 2 (1076).
- ^ Алена Стасюкевіч. Фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў «Калоскі дабравест» зьбярэ ў Горадні калектывы з 8 краін // БелТА, 13 лютага 2013 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 235 (27600). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сёньня стартуе міжнародны фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў «Калоскі дабравест» // Белтэлерадыёкампанія, 19 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ У XIII Міжнародным фэстывалі праваслаўных песьнясьпеваў прымуць удзел калектывы з шасьці краін // Газэта «Зьвязда», 6 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Аляксандар Саенка. У Горадні ўрачыста адкрыўся XIII Міжнародны фэстываль праваслаўных сьпеваў «Калоскі звон» // БелаПАН, 20 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Барыс Пракопчык. Песьнясьпевы «Калоскага дабравеста» // Зьвязда. — 18 лютага 2014. — № 30 (27640). — С. 5.
- ^ На «Калоскім дабравесьце» выступілі хоры стараабраднікаў і Армянскай царквы // Газэта «Новы час», 23 лютага 2014 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Тацяна Вішнеўская. Фэстываль праваслаўных песьнясьпеваў «Калоскі дабравест» адбудзецца 11-14 лютага ў Горадні // БелТА, 6 студзеня 2015 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Горадні адкрыўся міжнародны фэстываль праваслаўных сьпеваў «Калоскі дабравест» // Белтэлерадыёкампанія, 25 лютага 2016 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Тацяна Вішнеўская. Фэстываль «Калоскі дабравест» праходзіць у Горадні // БелТА, 9 лютага 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дайджэст навін рэгіёнаў // Белтэлерадыёкампанія, 11 лютага 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Яўген Рагін. Пра краязнаўчы факультатыў, моладзевую сталіцу і «Сьвяткі.by» // Культура. — 4 лютага 2017. — № 5 (1288).
- ^ Мікалай Шаўчэнка. Пра «Скарбніцу Падняпроўя», ДК на колах і нішчымны пірог // Культура. — 18 лютага 2017. — № 5 (1290).
- ^ Якуб Сушчынскі. «Калоскі дабравест – 2017» // Радыё «Рацыя», люты 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ «Калоскі дабравест» сабраў у Горадні калектывы з 8 краін // БелТА, 9 лютага 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Яўген Рагін. Нам, царам, бязь юшкі аніяк // Культура. — 16 лютага 2019. — № 7 (1394).
- ^ Леанід Шчаглоў. XVIII Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў «Калоскі дабравест» адкрыўся ў Горадні // БелТА, 20 лютага 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Вікторыя Захарава. Усе хары ў госьці да нас // Ігуменскі тракт. — 4 лютага 2020. — № 2 (245).
- ^ Ала Бялькевіч. «Калоскі дабравест»: музыка па-за часам // Культура. — 25 студзеня 2020. — № 4 (1443).
- ^ Фэстываль «Калоскі дабравест» у Горадні будзе рэкордным па колькасьці краін-удзельніц // БелТА, 14 лютага 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- ^ Якуб Сушчынскі. Новы зборнік беларускай паэзіі «Калоскі дабравест» // Радыё «Рацыя», люты 2020 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Калоскі дабравест // Газэта «Новы час», 23 сакавіка 2018 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- Фотафакт: фэстываль «Калоскі дабравест» у Горадні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 лютага 2020 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- Фэстываль «Калоскі дабравест» (рас.) // Гарадзенская япархія, 17 чэрвеня 2020 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.
- Заяўкі на ўдзел (рас.)
- Навіны
- Аўдыёзапісы
- Хор // Калоская царква Барыса і Глеба ў Горадні, 11 лютага 2017 г. Праверана 6 студзеня 2021 г.