Валожынскі раён
Вало́жынскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на захадзе Менскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 1,9 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 33 179 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Валожын.
Валожынскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Менская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Валожын |
Дата ўтварэньня | 15 студзеня 1940 |
Кіраўнік | Яўген Круковіч[d] |
Насельніцтва (2018) | 33 179[1] |
Шчыльнасьць | 17,3 чал./км² |
Плошча | 1919,16[2] км² |
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 167 м[3] |
Месцазнаходжаньне Валожынскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC +3 |
Тэлефонны код | +375-17-72 |
Паштовыя індэксы | 222 3хх |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьАд 1 студзеня 1919 году тэрыторыя раёну знаходзіцца ў навастворанай Беларускай ССР. Паводле пастановы СМ Польшчы ад 4 лютага 1921 году і Рыскае мірнае дамовы 18 сакавіка 1921 году — утвораная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка з цэнтрам у Валожыне, Валожынскі павет у складзе Наваградзкага ваяводзтва Польскае Рэспублікі. На пачатку Другой сусьветнай вайны Валожынскі павет ад верасьня 1939 году заняты войскамі Чырвонае арміі, і ў лістападзе 1939 году ўлучаны ў склад Беларускай ССР. Ад 4 сьнежня 1939 па 15 студзеня 1940 году — Валожынскі павет у складзе Баранавіцкай вобласьці Беларускай ССР. 15 студзеня 1940 году — Валожынскі павет скасаваны, і на ягонай тэрыторыі ўтвораны Валожынскі раён у складзе Баранавіцкай вобласьці Беларускай ССР. Напрыканцы чэрвеня 1941 году раён заняты нямецкімі войскамі (25 чэрвеня 1941 — Валожын). Напачатку ліпеня 1944 году раён наноў заняты савецкімі войскамі (5 ліпеня 1944 — Валожын), і 20 верасьня 1944 году Валожынскі раён узноўлены, гэтым разам у складзе Маладэчанскай вобласьці. Ад 20 студзеня 1960 году раён перадалучаны да Менскай вобласьці. 25 сьнежня 1962 году Валожынскі раён ліквідаваны (ягоныя тэрыторыі перададзеныя ў Маладэчанскі і Стаўпецкі раёны), але праз два гады адноўлены, 6 студзеня 1965 году.
Геаграфічнае становішча
рэдагавацьМяжуе з Маладэчанскім, Менскім, Койданаўскім і Стаўпецкім раёнамі Менскай вобласьці, на захадзе і паўночным захадзе зь Івейскім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі Гарадзенскай вобласьці.
Рэльеф і карысныя выкапні
рэдагавацьПаверхня хвалістая. На ўсходзе раёну разьмяшчаецца Менскае ўзвышша, на поўначы — адгор’і Ашмянскага ўзвышша, на паўднёвым захадзе — Нёманская нізіна. Пераважаюць вышыні 150—250 м, максымальная адзнака — 335 м (гара Маяк каля в. Шапавалы).
Клімат і расьліннасьць
рэдагавацьКлімат умерана кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня -6,7 °С, ліпеня 17,5 °С. Сярэдняя колькасьць ападкаў складае 659 мм. Вэгетацыйны пэрыяд доўжыцца 187 дзён.
Лясы (хваёвыя, яловыя, дробна- і шырокалістыя) займаюць 38% плошчы раёну. Пад балотамі 3,9 % тэрыторыі. Ляндшафтавы заказьнік дзяржаўнага значэньня Налібоцкі (частка).
Гідраграфія
рэдагавацьПа тэрыторыі раёну цячэ 36 рэчак, якія належаць да басэйну ракі Нёман. Найбуйнейшая рака — Заходняя Бярэзіна, шырыня якой дасягае 20—25 м, з прытокамі Альшанка, Волка, Іслач (з прытокамі Волма і Валожынка). Вадасховішча Сакаўшчынскае.
Насельніцтва
рэдагавацьГаспадарчая дзейнасьць
рэдагавацьМяса-малочная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, птушкагадоўля. Пасевы зерневых і кармавых культураў, бульбы, гародніны.
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Чыгунка Маладэчна — Ліда, аўтамабільныя дарогі Менск — Ліда, Валожын — Маладэчна, Валожын — Івянец — Стоўпцы. Транзытны газаправод Менск — Горадня з адгалінаваньнямі на Валожын і Пяршаі.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьЗахаваліся помнікі архітэктуры: касьцёл Сьвятога Міхала (1690) у в. Багданаў, касьцёл Сьвятога Язэпа (пач. ХІХ ст.) і палац Тышкевічаў (кан. XVIII — пач. XIX стагодзьдзя) у м. Валожын, Сьвята-Касма-Даміянаўская царква (1865) у в. Вялікія Крывічы, касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (XVII ст.) і Сьвята-Касма-Даміянаўская царква (кан. XIX ст.) ў в. Вішнеў, Сьвята-Пакроўская царква (1866) у в. Гародзькі, капліца (пачатак ХХ ст.) у в. Дзясятнікі, Спаса-Праабражэнская царква (1869) у в. Даўбені, Сьвята-Георгіеўская царква (1868) у в. Дубіна Баярская, Сьвята-Дабравешчанская царква (1867) у в. Забрэзьзе, сядзіба Яніцкіх (канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя) у в. Залесьсе, касьцёл Сьвятога Аляксея (пач. XX ст.) й касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла з кляштарам францішканцаў (XVIII ст.) у мяст. Івянец, Сьвята-Петра-Паўлаўская царква (1919) у в. Кіявец, Сьвята-Георгіеўская царква (1856) і касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Езуса (1930) у в. Глянец, каталіцкая капліца (ХІХ ст.) ў в. Падневічы, касьцёл Сьвятога Юрыя і Маці Божай (пач. ХХ ст.) у в. Пяршаі, капліца-пахавальня (2-я палова ХІХ ст.) у в. Пральнікі, былы касьцёл дамініканцаў (Спаса-Праабражэнская царква) (XVIII ст.), каталіцкая капліца сьвятой Ганны (1830) і Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (пач. XX ст.) у в. Ракаў, рэшткі палаца (канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя) у в. Рудня, Сьвята-Ільлінская царква (1878) у в. Сакаўшчына, капліца (пачатак ХХ стагодзьдзя) у в. Цьвіраўшчына, Спаса-Праабражэнская царква (кан. ХІХ ст.) у в. Яршэвічы.
Асобы
рэдагаваць- Павал Вэнт (1880, фальв. Крыніца — ?) — генэрал-маёр БНР.
- Міхал Грушвіцкі (1828—1904) — беларускі кампазытар
- Францішак Кушаль (в. Пяршаі — 1968) — беларускі вайсковы і палітычны дзяяч
- Ядвіга Паплаўская (нар. 1949) — беларуская сьпявачка і народная артыстка Беларусі
- Фэрдынанд Рушчыц (1870—1936) — жывапісец і графік
- Міхал Сапоцька (1888—1975) — блаславёны каталіцкі сьвятар
- Яўгенія Чаплінская (1925 в. Маршалкі - 2019) - пэдагог, культурніцкая дзяячка[7]
- Адольф Шніп (1906—1985) — беларускі каталіцкі сьвятар лацінскага і бізантыйскага абрадаў з Таварыства Ісуса, адзін з выдаўцоў беларускага рэлігійнага часопісу «Злучэньне», дзяяч дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас»
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ https://www.svaboda.org/a/31456467.html
Літаратура
рэдагаваць- Воложинский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0