Менскі гадзіньнікавы завод
Менскі гадзіньнікавы завод (МГЗ) — адзіны гадзіньнікавы завод Беларусі, заснаваны ў 1955 годзе. З чэрвеня 1992 году ААТ. З 2010 году кіроўны пакет акцыяў прадпрыемства належыць швайцарскаму вытворцу гадзіньнікаў «Франк Мюлер» (80% на 2014 г.). Вырабляе аўтамабільныя, кішэнныя, наручныя і настольныя гадзіньнікі (больш за 150 тыс. у 2012 г.), маномэтры, спадарожнікавыя навігатары і друкаваныя платы.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Час вылучацца |
Заснаваная | 14 сьнежня 1955 (68 гадоў таму) |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, пр. Незалежнасьці, д. 95 |
Ключавыя фігуры | Эге Цібін, Сяргей Саклакоў |
Галіна | прыборабудаваньне |
Прадукцыя | гадзіньнік, маномэтар, спадарожнікавы навігатар(en) і друкаваная плата |
Абарачэньне | 58,842 млрд рублёў[1] (2013; $6,559 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | 11,668 млрд руб ($1,301 млн) |
Чысты прыбытак | 11,583 млрд руб ($1,291 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 679 (2013) |
Матчына кампанія | «Франк Мюлер»(en) (Жэнэва, Швайцарыя; 80%) |
Гісторыя
рэдагавацьСьпярша на заводзе вырабляліся жаночыя наручныя гадзіньнікі «Зара». З 1963—1964 гг. — мужчынскія і жаночыя наручныя гадзіньнікі «Прамень». З 1973 году — аўтамабільныя і электронна-мэханічныя мужчынскія гадзіньнікі. З 1981 году — мініяцюрныя будзільнікі. З 1986 году — мужчынскія і жаночыя кварцавыя ды з сыгналам. На 1999 год завод вырабляў будзільнікі, аўтамабільныя гадзіньнікі, наручныя пазалочаныя, храмаваныя гадзіньнікі і з пакрыцьцём нітрыд-тытанам, маномэтры. На 2000 год працавалі вытворчасьці: зборачная, мэханазборачная і электронікі. Цэхі — зьнешняга аздабленьня гадзіньнікаў і інструмэнтальны. Аддзелы — аўтаматызацыі і станкабудаваньня[3].
У жніўні 2006 году гаспадарчы суд Менску прызначыў заводу антыкрызіснага кіраўніка. На 2009 г. прадпрыемства мела больш за 1000 супрацоўнікаў і разьлічаную магутнасьць вытворчасьці за год 5 млн гадзіньнікаў. За 9 месяцаў вырабілі 285,9 тыс. гадзіньнікаў (8% ад магутнасьці). На кастрычнік складзкія запасы коштам 33 млрд рублёў[4] ($11,77 млн) перавысілі ў 35,8 разу сярэднямесячны аб’ём вытворчасьці (трохгадовы запас)[5].
10 студзеня 2009 году А. Лукашэнка Ўказам № 24 перавёў завод за кошт падатковай запазычанасьці ў 33,68 млрд рублёў ($12,02 млн[6]; з агульнай запазычанасьці ў Br52 млрд) ва ўласнасьць Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Рэспублікі Беларусь. 29 траўня 2009 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 696 загадаў Міністэрству фінансаў цягам году пакрыць запазычанасьць заводу на 1 ліпеня 2008 году ў Br8,632 млрд ($3,079 млн)[7]: 5,002 млрд руб перад «Менскэнэрга» за электрычнасьць і абагрэў, 3,129 млрд руб перад «Белпрамбудбанкам» за адсоткі па пазыцы ад 18 верасьня 1996 году і 500,9 млн руб перад «Менскводаканалам» за водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне[8].
1 сакавіка 2010 году А. Лукашэнка Ўказам № 109 вызваліў прадпрыемства ад сплаты падатка на прыбытак да 2020 году[9]. 28 кастрычніка 2010 году швайцарскае прадпрыемства «Франк Мюлер» набыла 52% паёў заводу за $12,2 млн (Br36,52 млрд)[10]. У 2010 г. на завод прыпала звыш 30% продажаў гадзіньнікаў у Беларусі. Палова зь іх мела ўвазныя мэханізмы з аўтападзаводам, што сілкуюцца ад руху рукі без патрэбы штодзённага заводу (пры штодзённым знаходжаньні на руцэ прынамсі цягам 10 гадзінаў) і замены батарэйкі[11]. На лістапад 2012 году дзель паёў «Франк Мюлер» налічвала 80%[12].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2013 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Менскі гадзіньнікавы завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 435. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
- ^ У гэтыя хвіліны прэзыдэнт наведвае Менскі гадзіньнікавы завод // Белтэлерадыёкампанія, 16 кастрычніка 2009 г. Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Зьміцер Уласаў. Швайцарскі інвэстар да 15 сьнежня падасьць праекты дакумэнтаў аб стварэньні СП на базе Менскага гадзіннікавага заводу // БелаПАН, 16 кастрычніка 2009 г. Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2009 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2008 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Марына Носава. Запазычанасьць ААТ «Менскі гадзіньнікавы завод» будзе пагашаная за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту // БелаПАН, 3 чэрвеня 2009 г. Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Марына Носава. Падпісаны ўказ прэзыдэнта аб продажы кантрольнага пакета акцыяў Менскага гадзіннікавага заводу кампаніі «Франк Мюлер» // БелаПАН, 4 сакавіка 2010 г. Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 24 верасьня 2014 г.
- ^ Іван Бараноўскі. «Прамень» вяртае былую славу // Зьвязда : газэта. — 22 сакавіка 2011. — № 52 (26916). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
- ^ Марына Носава. У Менску адкрыўся новы фірменны магазін гадзіньнікавага заводу «Прамень» // БелаПАН, 26 лістапада 2012 г. Праверана 24 верасьня 2014 г.