Помнік абарончай архітэктуры
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Краіна Беларусь
Вёска Гальшаны
Каардынаты 54°15′4.55″ пн. ш. 26°01′13.05″ у. д. / 54.2512639° пн. ш. 26.0202917° у. д. / 54.2512639; 26.0202917Каардынаты: 54°15′4.55″ пн. ш. 26°01′13.05″ у. д. / 54.2512639° пн. ш. 26.0202917° у. д. / 54.2512639; 26.0202917
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Гальшанскі замак на мапе Беларусі
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак на Вікісховішчы

Гальша́нскі за́мак або Гальша́нскі пала́цава-за́мкавы ко́мплекс Сапе́гаў — помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Гальшанах. Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне колішняга мястэчка пры Замкавай вуліцы, на левым беразе ракі Гальшанкі. Твор архітэктуры рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Драўляны замак князёў Гальшанскіх упамінаецца ў летапісах з XIII стагодзьдзя. Ён узьнік на высокай Чырвонай гары па-над ракой Караблём (левым прытокам ракі Гальшанкі), за 1,5 км на ўсход ад мястэчка Гальшанаў. Па сьмерці Сямёна Гальшанскага (1556 год) і яго жонкі (1558 год) замак перайшоў у валоданьне Мікалая і Багдана Сапегаў — дзяцей князёўны Алены Гальшанскай і Паўла Сапегі.

У другой палове XVI ст. ашмянскі староста Павал Стэфан Сапега перанёс сваю рэзыдэнцыю з старога замчышча на бераг ракі Лусты (Жыганкі), дзе і пачаў будаваць мураваны палацава-замкавы комплекс. Ён стаў прыкладам значных зьменаў у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагодзьдзя. Гаспадары трымалі залогу — дзясяткі слуг і сотню вартаўнікоў. А ў вялікіх склепах замка, якія на некалькіх паверхаў сыходзілі пад зямлю, зьберагаліся загатаваныя правіянт і зброя. Там жа жыла княская чэлядзь, знаходзіліся кашары, скарбніца, падземная стайня.

У другой палове XVIII ст. праводзілася рэканструкцыя замка[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Мястэчка і замак, 1821—1822 гг.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Гальшаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка. Па ўдзеле Сапегаў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні расейскія ўлады адабралі ўсю іхную маёмасьць. Сапегі мусілі эміграваць у Францыю.

Расейскія ўлады перадалі Гальшаны разам з замкам перадалі расейскаму абшарніку Гарбанёву, які ў 1880 годзе стаў узрываць вежы і гандляваць замкавай цэглай[2].

Найноўшы час

рэдагаваць

За савецкім часам замак працягвалі разбураць. Спачатку ва ўсходнім крыле разьмяшчалася пчалярская вучэльня. Але адначасна разьбіраліся сьцены ў іншай частцы замка. На загад дырэктара вучэльні кожны вучань мусіў здабыць 80 цаглінаў дзеля будаваньня Дома культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы адпачынак дадому. Шмат гадоў на тэрыторыі замка знаходзіўся кароўнік. Працягваўся разбор сьценаў «на патрэбы» тутэйшай гаспадаркі.

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі руіны замка ўзялі пад ахову Міністэрства культуры. Але тэрыторыя замка заставалася пакрытай пустазеллем і сьмецьцем. Сьцены прасядалі, цэгла крышылася. Замак патрабаваў неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі

У 2010 годзе ў Гальшанскім замку пачалі штогод ладзіць аднайменны фэстываль. Конна-гістарычны клюб «Залатая шпора» ладзіў рэканструкцыю коньніцы 4-х эпохаў: вершнікаў Полацкага княства, ваяроў Вялікага Княства Літоўскага на чале зь вялікім князем Вітаўтам у ходзе Грунвальдзкай бітвы, крылатых гусараў Рэчы Паспалітай і ўланаў ВКЛ 1812 году. На рысталішчы ладзілі рыцарскія баі. У кузьні каваль прапаноўваў выкаваць падкову. У траўні 2014 году на фэсьце паказалі 1-ы беларускі нацыянальны мюзыкл «Соф'я Гальшанская». Сярод іншага, ладзілі майстар-клясу ў старабеларускіх і сярэднявечных танцах, якія ўлучалі «Ойру», «Прачак», «Кракавяк» і «Дарогу Дракулы». Галоўным госьцем фэсту часта выступаў гурт «Стары Ольса»[3].

Аднаўленчыя працы ў замку пачаліся ў 2018 годзе: правялі гідраізаляцыя падмуркаў, адбудавалі сьцены паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзьвярныя праёмы. Муры вежы дзеля ўмацаваньня сьцягнулі сьпіралепадобнымі стрыжнямі, між’ярусныя перакрыцьці — таксама ўмацавалі, а наверсе паставілі дах з флюгерам. У 2019 годзе правялі рэканструкцыю фрагмэнтаў сьценаў, якія прылягаюць да вежы[4]. 6 траўня 2021 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Паўночнай вежы замка і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра пры ім.

Архітэктура

рэдагаваць
 
Адна з гіпатэтычнах рэканструкцыяў выгляду замка

Замак — прастакутны замкнёны будынак з жылымі корпусамі і вежамі на кутох. Сваёй плянава-кампазыцыйнай схемай нагадвае галяндзкія замкі Бэсэнштайн і Кляйдаэль каля Антвэрпэну. Гэта тлумачыцца тым, што Вялікае Княства Літоўскае адчувала ўплыў галяндзка-флямандзкай архітэктуры, што было вынікам ажыўленых повязяў з краінамі Заходняй Эўропы.

Магутныя абарончыя сьцены, характэрныя для замкавага будаваньня XVI стагодзьдзя, саступілі месца фасаду жылога будынка, дзе няма надбрамнай вежы, а вонкавыя 6-гранныя вежы былі меншых памераў. Сьцены замка з цэглы-«пальчаткі». Галоўную абарончую ролю выконвалі магутныя земляныя валы і вадзяныя равы, якія атачалі замак. Уязная брама разьмяшчалася ў цэнтры паўночна-ўсходняга фасаду. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка, знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.

Направа ад уваходу ў замак знаходзілася вялікая квадратная заля з 4 калёнамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпеньні. Сьцены залі пакрываліся багатым малярствам: на іх віселі партрэты прадстаўнікоў роду Сапегаў, маляўнічыя палотны, зброя. Вокны мелі вітражы з тоўстага каляровага шкла. Пакоі аздабляліся дарагімі дыванамі, раскошнай мэбляй, разнастайнай ляпнінай. Значную дэкаратыўную ролю выконвалі кафляныя грубкі, абрамленьні камінаў і стольі ў тэхніцы стука, падлога памяшканьняў з керамічных тэракотавых і паліваных зялёных крыжа-, зоркападобных, квадратных і прастакутных плітак[5].

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 490.
  2. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 57.
  3. ^ Дыяна Серадзюк. «Гэй, ліцьвіны! Бог нам радзіць» // Ігуменскі тракт. — 27 траўня 2014. — № 18 (76).
  4. ^ Рудак А. Дзе карані сплятаюцца з мурамі // Культура. № 7 (1394), 16 лютага 2019 — 23 лютага 2019 г.
  5. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 142.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000064