Мілавіца (кампанія)
«Мілаві́ца» — найбольшая швейная фабрыка бялізны ў Эўропе, заснаваная ў 1908 годзе ў Менску (Беларусь).
«Мілавіца» | |
Тып | закрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Як проста быць жаноцкай |
Заснаваная | 8 лістапада 1908 (116 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Жан і Франсуа Турнье |
Разьмяшчэньне | Менск, вул. Нававіленская, д. 28 |
Ключавыя фігуры | Алена Ткачэнка |
Галіна | лёгкая прамысловасьць |
Прадукцыя | жаночая ніжняя бялізна, купальнік, майткі, гарсэт, гарсаж |
Абарачэньне | 78 млн эўра (2011) |
Апэрацыйны прыбытак | 20 млн эўра (2011) |
Лік супрацоўнікаў | 1800 (2015) |
Матчына кампанія | «Сільвана Фэшн» (Талін, Эстонія) |
На 2015 год вырабляла мужчынскую бялізну пад таварным знакам «Ідальга» (гішп. Hidalgo), жаночую — «Мілавіца». Гарсэты, выпраўляльная бялізна і паясы вырабляліся пад таварным знакам «Авэлін» (франц. Aveline). Таксама паводле дазволу выпускалася бялізна пад францускім таварным знакам «Алізэ» (фр. Alisee). Пад таварным знакам «Мілавіца» працавалі 654 крамы ў 16 краінах Эўропы і 7 краінах Азіі, у тым ліку 394 крамы ў Расеі (60% ад агульнага ліку) і 87 (13%) — ва Ўкраіне. У 23 найбольшых гарадах Беларусі ва ўсіх 6 абласьцях знаходзіліся 56 уласных крамаў[1], у тым ліку 37 (66%) па-за сталіцай. Таксама больш за 10 крамаў працавалі ў Казахстане (54; 8%) і Малдове (22; 3%). Менш за 10 крамаў: 6 — Кыргыстан; па 4 — Азэрбайджан і Ўзбэкістан; па 3 — Армэнія, Чэхія і Эстонія; па 2 — Баўгарыя, Бахрэйн, Ізраіль, Латвія і Турэччына; па 1 — Бэльгія (Льеж), Гішпанія (Марбэльля, аўтаномная супольнасьць Андалюзія), Грузія (Тбілісі), Летува (Вільня), Нямеччына (Нагольд(de), зямля Бадэн-Вюртэмбэрг), Сэрбія (Бялград) і Туркмэністан (Ашгабад).
Мінуўшчына
рэдагаваць8 лістапада 1908 году францускія грамадзяне Жан і Франсуа-Віктор Турнье-Калет, якія былі братамі, атрымалі ад кіраўніцтва Менскай губэрні (Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя) дазвол на адкрыцьцё ў Менску галянтарэйнай фабрыкі «Франсуа Турнье» для вырабу цэлюлёідных грабянцоў і гузікаў. Для электрычнага асьвятленьня на прадпрыемстве паставілі дынама-машыну магутнасьцю ў 25 конскіх сілаў. У 1911 годзе фабрыку ператварылі ў таварыства з удзелам менскіх купца Саламона Білімовіча і інжынэраў Шмэрлінга і Майсея Калецкага. У 1913 годзе паставілі рухавік магутнасьцю ў 60 конскіх сілаў і задзейнічалі каля 200 работнікаў, у тым ліку 18 францускіх гравёраў. Фабрыка вырабіла 23 тыс. грабянёў на 254,2 тыс. расейскіх рублёў. Уласьнікамі прадпрыемства засталіся Саламон Білімовіч і Майсей Калецкі. У 1915 годзе абсталяваньне разам з работнікамі вывезьлі на ўсход у сувязі нямецкім наступленьнем у Першую сусьветную вайну. У 1917 годзе цэхі фабрыкі разбурылі. Пасьля кастрычніцкага перавароту прадпрыемства нацыяналізавалі бальшавікі.
У 1925 годзе былыя работнікі фабрыкі стварылі ў Менску талаку «Спартак» для вытворчасьці плястмасавых грабянцоў і гузікаў. Прадпрыемства ўвайшло ў склад Беларускага саюзу саматужна-прамысловай каапэрацыі. У 1927 годзе зацьвердзілі статут талакі «Спартак». 1 сакавіка 1929 году ў выніку паўторнай нацыяналізацыі талаку ператварылі ў фабрыку «Беларуска», якая стала першым дзяржаўным галянтарэйным прадпрыемствам у СССР. 7 лістапада 1932 году прадпрыемства пераназвалі ў фабрыку імя Міхаіла Фрунзэ. За 1933 год вырабілі 1 573 800 грабянёў, 3400 грабянцоў і 130 879 гузікаў. 23 чэрвеня 1941 году, на 2-і дзень нямецкага ўварваньня ў СССР, нямецкая авіяцыя разбамбіла цэхі прадпрыемства. У 1945 годзе вытворчасьць аднавілі ў памяшканьнях былога дражджавога завода. У 1950 годзе прадпрыемства пачало выпускаць торбы са скуразамяняльніка, прагумаваныя плашчы і накідкі. У 1960 годзе Савет міністраў Беларускай ССР пастанавіў фабрыцы адмыслоўвацца на вытворчасьці швейнай галянтарэі, спражак і гузікаў.
У 1964 годзе прадпрыемства перайшло да пашыву гарсэтаў і стала найбольшым вытворцам ніжняй бялізны ў Беларусі. 11 верасьня 1969 году Міністэрства лёгкай прамысловасьці сваім загадам пераназвала фабрыку ў вытворчае аб’яднаньне «Камсамолка». Прадпрыемства стала вырабляць баваўняныя, палатняныя і шаўковыя грацыі(en), бюстгальтары, дзіцячую бялізну, гальштукі, паўгарсэты і паясы. У лістападзе 1970 году адчыніўся сучасны вытворчы корпус па вул. Нававіленскай, д. 28. У 1991 годзе на прапанову пісьменьніка Ўладзімера Паўлава прадпрыемства зьмяніла назоў на «Мілавіца» паводле ўласнабеларускага найменьня плянэты Вэнэра. У 1992 годзе фабрыка стала акцыянэрным таварыствам ва ўласнасьці работнікаў і адчыніла першую ўласную краму. У 1995 годзе пачаўся выраб купальнікаў. У 1996 годзе прадпрыемства стала закрытым акцыянэрным таварыствам. У 2000 годзе «Мілавіца» стала сумесным прадпрыемствам, 31% акцыяў якога набыў Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. У 2005 годзе больш за 70% вырабаў паставілі за мяжу, зь якіх 82% у Расею, 9% у Казахстан і 3% ва Ўкраіну[2]. У Беларусі налічвалася 13 уласных крамаў[3].
У 2006 годзе эстонскае прадпрыемства «Сільвана Фэшн» (Талін) набыло 64% акцыяў прадпрыемства. У 2008 годзе «Сільвана Фэшн» ужо валодала 78% паёў. На 2011 год «Мілавіца» мела больш за 450 крамаў у 16 краінах пад уласным таварным знакам. У 2011 г. абарачэньне склала каля 78 млн эўра, прыбытак каля 20 млн эўра, 75% вырабаў пайшло на экспарт[4]. На канец 2014 г. «Мілавіца» мела больш за 1800 работнікаў, 46 уласных крамаў у Беларусі і 20 — у Латвіі. Таксама пад таварным знакам «Мілавіца» працавалі 574 крамы ў 19 іншых краінах, што пераважна знаходзіліся ва ўласнасьці матчынага прадпрыемства «Сільвана Фэшн». За 2014 г. «Мілавіца» выпусьціла больш за 20 млн адзінак бялізны, што зрабіла прадпрыемства найбольшай швейнай фабрыкай бялізны ў Эўропе.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сьвятлана Барысенка. Новы інтэр’ер для дамскай бялізны // Зьвязда : газэта. — 25 лютага 2015. — № 36 (27894). — С. 9. — ISSN 1990-763x.
- ^ Інга Міндалёва. У пашане сярэдні клас // Зьвязда. — 8 сьнежня 2005. — № 240 (25572).
- ^ Інга Міндалёва. Бялізна з эфэктам // Зьвязда. — 21 красавіка 2005. — № 70 (25402).
- ^ Савет па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь сваё чарговае пасяджэньне правёў на базе ЗАТ «Мілавіца» // Зьвязда. — 6 сьнежня 2011. — № 232 (27096). — С. 8.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Сільвана Фэшн» (анг.)