Дрывяты
Дрывя́ты — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Друйкі. Знаходзіцца каля паўднёвай ускраіны Браслава. Належыць да групы Браслаўскіх азёр. Плошча паверхні возера складае 36,1 км². Даўжыня 9,86 км, найбольшая шырыня 4,5 км. Найбольшая глыбіня дасягае 12 м, сярэдняя складае 6,1 м. Даўжыня берагавой лініі 37,6 км[1].
Возера
Дрывяты
лац. Dryviaty
Дрывяты | |||||||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Апісаньне
рэдагавацьНалежыць да ліку неглыбокіх, але вялікіх па плошчы азёраў. Аб’ём вады ў возеры складае 223,5 млн м³, плошча вадазбору — 459 км². 20% плошчы вадазбору пад лесам і хмызьняком, 10% пад балотамі. На вадазборы знаходзіцца 37 азёраў, агульнай плошчай 30 км², злучаных паміж сабой рэкамі і ручаінамі.
Мае авальную катлавіну, выцягнутую з усходу на захад амаль на 10 км. Сярэдняя шырыня катлавіны складае 3,67 км. Усходняя частка вылучаецца значнай зрэзанасьцю. Ва ўсходняй частцы разьмяшчаюцца мелкаводныя лукі — Разета і Дукельская.
Катлавіна асымэтрычная. На поўначы схілы катлавіны вышынёй 30—37 мэтраў, круцізной каля 20—25°, маюць выгляд пясковых узгоркаў — камаў, пакрытых марэннымі суглінкамі, месцамі разараныя, На поўдні схілы нізкія, да 5 мэтраў вышынёй і месцамі забалочаныя. Схілы знаходзяцца пераважна пад лесам. На поўдні і паўднёвым усходзе знаходзяцца тры вялікія затокі. У паўночна-ўсходняй частцы возера пачатк бярэ рака Друйка.
Берагі на ўсёй сваёй даўжыні нізкія, у шматлікіх месцах забалочаныя. Забалочанасьць берагоў узьнікла ў першую чаргу праз штучнае паніжэньне ўзроўню вады ў возеры.
Мелкаводная зона спадзістая і дастаткова шырокая, складае 150—300 мэтраў. Глыбакаводная зона — узгорыстая: упадзіны глыбінёй 10—12 мэтраў чаргуюцца з падняцьцямі. Да глыбіні 3,5—5 мэтраў дно высланае пяскамі, глыбей — глеем і сапрапэлем. Агульная магутнасьць адкладаньняў дасягае 11 мэтраў. Найбольшую плошчу займаюць 6—8-мэтровыя глыбіні.
Выспы
рэдагавацьНа возеры знаходзяцца 6 выспаў агульнай плошчай 0,92 км².
На ўзровень вады ў возеры ў значнай ступені падзейнічалі паглыбленае рэчышча, а таксама будаваньне плаціны на Друйцы: у 1926 годзе ўзровень возера складаў 132 мэтры з агульнай плошчай возера 38,2 км². У той час на возеры былі 3 выспы. У 1958 годзе ўзровень вады ў возеры знаходзіўся на вышыні ў 129 мэтраў, плошча возера складала 32,6 км² і на возеры было ўжо 11 выспаў[2].
Вада
рэдагавацьВада ў возеры чыстая. Празрыстасьць вады сягае 3 мэтраў улетку і 4,5 мэтраў узімку. Каляровасьць вады пры гэтым не перавышае 25—30°. Дрывяты адносяцца да ліку сярэднемінэралізаваных вадаёмаў. Сярэдняя мінэралізацыя вады ў возеры складае 200 мг/л.
Возера мае значную плошчу люстра і аб’ём вады, таму яно адносіцца да ліку слабапрацёкавых. Узровень вады ў возеры, як і ва ўсіх Браслаўскіх азёрах, штучна зарэгуляваны плацінай Браслаўскай ГЭС, якая знаходзіцца на рацэ Друйцы каля вёскі Чэрнева.
Да глыбіні ў 7 мэтраў сярэднемесячная тэмпэратура вады ў чэрвені складае 17,2 °C, у ліпені — 18,8 °C, у жніўні — 17,8 °C. Узімку тэмпэратура вады ў паверхневых пластох складае 0,1—0,2 °C, у прыдонных пластох — 3—3,8 °C. Замярзае возера напрыканцы лістападу ці ў пачатку сьнежня. Звычайна лёд на возеры трымаецца да канца сакавіка, але часам — да сярэдзіны красавіка—пачатку траўня.
Флёра і фаўна
рэдагавацьШырыня паласы расьліннасьці ўздоўж берагоў складае ад 35 да 200 мэтраў. Тут растуць рэдкія для Беларусі віды расьлінаў: наяда гнуткая, наяда малая, гідрыла кальчаковая.
Водныя расьліны дасягаюць глыбіні 4 мэтраў. З надводных расьлінаў найбольш шырыцца трысьнёг. Ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх затоках, а таксама ўздоўж паўднёвых берагоў трысьнёгава-чаротавая паласа сягае шырыні ў 50—100 мэтраў. Трысьце і чарот пакрываюць каля 4% плошчы паверхні возера. Агульная плошча зарастаньня складае 10—12%. У возеры адзначаныя 169 відаў ніжэйшых водарасьцяў, сярод якіх пераважаць сіне-зялёныя. Агульная біямаса складае 4,8 г/м³.
Агульная біямаса зааплянктону складае 1—3 г/м³.
У возеры водзяцца каля 20 відаў рыбаў: ляшчы, судакі, акуні, платва, ліны, сялява, мянтуз, верхаводка, карасі, язі, шчупакі і іншыя віды. Таксама часам сустракаюцца вугры. Браслаўская азёрна-таварная гаспадарка вядзе прамысловае вылоўліваньне рыбы.
На Дрывятах адзначаецца гнездаваньне ахоўнай птушкі — лебедзя-шыпуна.
Прытокі
рэдагавацьУ возера ўпадаюць рэчкі Усьвіца, якая злучае Дрывяты з возерам Іказьню, Золвіца, Акунёўка, Рака, якая злучае возера Раку з Дрывятамі, а таксама 6 ручаёў.
Рэкрэацыя і антрапагенны фактар
рэдагавацьУваходзіць у зону адпачынку «Браслаў», на паўночным беразе разьмяшчаецца турыстычная база «Браслаўскія азёры», на паўднёва-ўсходнім — Ахрэмавецкі парк «Бяльмонт». На поўнач ад возера знаходзіцца санаторыя «Браслаў».
Возера выступае крыніцай вады для прамысловых і побытавых патрэбаў. Дзеля захаваньня возера, на Дрывятах забараняецца выкарыстаньне лодкавых матораў.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагавацьУ Браславе на перашыйку паміж вёскай і возерам Навятамі знаходзіцца археялягічны помнік — гарадзішча. Каля паўднёва-ўсходняга берага, за 0,5 км на поўдзень ад вёскі Ахрэмаўцаў разьмяшчаецца курганны магільнік.
На возеры дзейнічае гідралягічны пост.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 216.
- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 217.
Літаратура
рэдагаваць- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
- Якушко О. Ф. и др. Азёры Беларусі = Озёра Белоруссии. — Мн.: Ураджай, 1988. — 216 с.