Жытло

пабудова для пражываньня

Жытло́ — памяшканьне, якое прызначана для сталага або часовага пасяленьня людзей, як то прыватная хата, кватэра, пакой у гатэлі, дача, садовы будынак, а таксама тыя ягоныя складовыя часткі, якія выкарыстоўваюцца для адпачынку, захоўваньня майна альбо задавальненьня іншых запатрабаваньняў чалавека, як то гаўбцы, веранды, каморы й іншае.

жытло
тып збудаваньня
Падкляса адбудынак, сховішча, збудаваньне, жылы будынак Рэдагаваць
Прызначэньнедом, сховішча, жыльлё Рэдагаваць
Матэрыялбудаўнічы матэрыял Рэдагаваць
Хэшцэтлікhouse Рэдагаваць
Сымбаль Юнікоду🏡 Рэдагаваць
Катэгорыя для відаў з элемэнтаўКатэгорыя:Віды з дамоў Рэдагаваць

Прыкметы

рэдагаваць

Жыльлё ёсьць пэўнае памяшканьне, звычайна збудаваньне капітальнага тыпу альбо ягоная частка. Жыльлё павінна мець сьцены, перакрыцьці, падлогу, столь, дах. Да жыльля прад’яўляюцца пэўныя санітарныя й тэхнічныя нормы, у найбольш агульным выглядзе замацаваныя ў Жыльлёвым кодэксе. Іншыя разуменьні й паняткі жыльля маюць суб’ектыўны характар і не ахопліваюцца прававым рэгуляваньнем жыльлёвых адносінаў.

Жыльлём зьяўляецца не любое памяшканьне, а менавіта тое, што прызначана для сталага альбо часовага пражываньня людзей. Асноўнае адрозьненьне жыльля ад нежылых памяшканьняў складаецца ў розным іхным прызначэньні. Першыя прызначаны для сталага альбо часовага пражываньня грамадзянаў, другія для патрэбаў прамысловага характару, аб’ектаў інфраструктуры, адміністрацыйных ўстановаў і гэтак далей. Прызначэньне любога будынка й памяшканьняў у ім вызначаецца ў тэхнічным пашпарце будынка або збудаваньня, які вядзецца па дадзеных тэхнічнай інвэнтарызацыі. У выпадку парушэньня санітарна-тэхнічнага стану й немагчымасьці ягонага аднаўленьня такое жыльлё падлягае зносу альбо пераводу ў нежыльлёвы фонд.

Будынак павінен быць дабудаваным, каб зьяўляцца жыльлём. Пра тое, што будаўніцтва зьяўляецца завершаным, у прыватнасьці, сьведчыць акт дзяржаўнай камісіі аб прыёмцы будынку ў эксплюатацыю. Памяшканьне павінна ва ўстаноўленым парадку быць аднесена да жыльлёвага фонду. У жыльлёвы фонд не ўваходзяць нежылыя памяшканьні ў жылых дамах, прызначаныя для гандлёвых, бытавых й іншых патрэбаў непрамысловага характару.

Беларусь

рэдагаваць
 
Драўляная хата ў Дакудаве (Лідзкі раён, 2008 год)

За савецкім часам непрыватызаваную кватэру дазвалялася толькі абмяняць. Ад жыльлёва-эксплюатацыйных службаў (ЖЭС) залежаў стан шматкватэрных дамоў. 16 красавіка 1992 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Закон «Аб прыватызацыі жыльлёгавага фонду Рэспублікі Беларусь», паводле якога жыхары атрымалі права ўласнасьці на свае кватэры і адначасна сталі саўладальнікамі ліфта, лесьвіцы, даху, сьценаў і падвала. Паводле Жыльлёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь 1999 году, на ўласьніках ляжала ўтрыманьне нерухомай уласнасьці, у тым ліку капітальны рамонт будынкаў. Пры наяўнасьці права ўласнасьці толькі на 1 жылое памяшканьне (кватэру, пакой) ў шматкватэрным доме ўласьнік вызваляўся ад падатку на нерухомасьць з такога жытла. Пры наяўнасьці больш як адной кватэры ўласьнік вызваляўся ад падатку на нерухомую маёмасьць з кватэры на яго выбар паводле пісьмовай заявы. Падатак на нерухомую маёмасьць у Менску складаў 0,2% ад ацэнкавай цаны паводле Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі (БТІ), якая была ніжэйшай за рынкавую цану. Па-за сталіцай падатак складаў 0,1% ад ацэнкавай цаны. Квартплата залежала ад ліку прапісаных у кватэры. Без завяшчаньня жытло пераходзіла ў спадчыну бліжэйшым сваякам. Суд мог выселіць наймальніка зь непрыватызаванага жытла, калі той не плаціў за яго ўтрыманьне звыш 6 месяцаў[1].

26 лістапада 2006 г. А.Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 18 «Аб дадатковых захадах дзяржаўнай абароны дзяцей у недабранадзейных сем’ях», паводле якога мясцовыя ўлады атрымалі паўнамоцтвы часова перасяляць у горшае жытло бацькоў, у якіх адабралі дзяцей. Вызваленае жытло мясцовыя ўлады ўпаўнаважваліся здаваць па найму зь пералічэньнем атрыманых грошай на рахунак дзіцячага дома, каб пакрыць выдаткі на ўтрыманьне такіх дзяцей. На 1 студзеня 2011 году ў Беларусі налічвалася 3960,6 тыс. кватэраў (у сярэднім 2,4 жыхара на кватэру) агульнай плошчай 224,8 млн кв.м (у сярэднім 56,7 кв.м. на кватэру). Прыватызаванымі былі 476,5 тыс. кватэраў (12%). На 2012 г. у Беларусі ва ўласнай маёмасьці жыхароў знаходзілася звыш 85% жытла. Урад Беларусі працягваў ажыцьцяўляць перакрыжаванае субсідаваньне жыльлёвых паслуг[1].

 
Шматпавярховік на вуліцы Макаёнка (Менск, 2021 год)

За 2011 г. у Беларусі пабудавалі 5,487 млн м² жытла, што на 17,2% (1,143 млн м²) менш, чым за 2010 год. У 2011 г. пабудавалі 68,3 тыс. кватэраў (-24% параўнальна з 2010 г.), у 2010 г. — 84,7 тыс. кватэраў. На вёсцы ў 2011 г. узьвялі 23,5% агульнай плошчы жытла (1,289 млн м²). Разьмеркаваньне будаўніцтва жытла між абласьцямі і сталіцай склалася наступным чынам: Берасьцейская вобласьць — 865,2 тыс м² (15,8%), Віцебская вобласьць — 689,7 тыс м² (8,9%), Гарадзенская вобласьць — 689,7 тыс м² (12,6%), Гомельская вобласьць — 829,8 тыс м² (15,1%), Магілёўская вобласьць — 500,6 тыс м² (9,1%), Менск — 1002,2 тыс м² (18,3%), Менская вобласьць — 1108,8 тыс м² (20,2%). Для людзей без жытла ва ўласнасьці ўзьвялі 3,498 млн м² (63,8% агульнай плошчы) жытла. У шматкватэрных дамах гарадоў для іх пабудавалі 2,649 млн м² жытла (85,3% аб’ёму ў шматкватэрных гарадзкіх дамах)[2].

2 сакавіка 2013 году набыў моц новы Жыльлёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь, які замяніў сабой кодэкс 1999 году. 25 студзеня 2023 году Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што за 2022 год у краіне пабудавалі 49 400 кватэраў агульнай плошчай 4,226 млн кв.м (па 85 кв.м у сярэднім). Пры гэтым 29 % (1,222 млн кв.м) плошчы ўзьвялі ў сельскіх паселішчах[3].

  1. ^ а б Выгоды і рызыкі ўласнай кватэры // Зьвязда : газэта. — 28 красавіка 2012. — № 82 (27197). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Сяргей Куркач. Летась было пабудавана амаль 5,5 млн квадратных мэтраў жыльля // Зьвязда. — 18 студзеня 2012. — № 10 (27125). — С. 1.
  3. ^ Амаль 50 тыс. кватэр пабудавана ў Беларусі ў 2022 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 студзеня 2023 г. Архіўная копія ад 25 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.