По́суд — абагульненая назва розных паводле формы й афармленьня ёмішчаў для вадкіх або сыпкіх целаў, напрыклад, пляшка, біклага, гаршок і іншых, якія маюць дэкаратыўнае або (і) ўтылітарнае прызначэньне. Вырабляецца посуд звычайна з гліны, шкла, мэталу, плястыку ці іншых матэрыялаў. Выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі або падачы ежы, напояў і гэтак далей, а таксама дзеля захоўваньня харчовых прадуктаў. У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве на пазначэньне пасудзіны часта выкарыстоўваецца панятак «ваза».

пасудзіна
Падкляса адкухеннае начыньне Рэдагаваць
Частка адхарчаваньне, побытавая культура Рэдагаваць
Сэрвіраваны стол

Набор посуду часьцяком называюць сэрвізам. Такі набор уключае талеркі, сталовыя прыборы, а таксама шклянкі, якія выкарыстоўваюцца асобамі за фармальнай і нефармальнай вячэрай.

Матэрыял

рэдагаваць

Вылучаюць 12 асноўных матэрыялаў вырабу посуду: алюмін, кераміка, крышталь, медзь, мэлямін, нержавейная сталь, плястык, сылікон, тэфлён, чыгун, шкло і эмаль.

  • Алюмін. Пры награваньні алюмінавы посуд вылучае алюмін, які трапляе ў ваду і малако пры кіпячэньні. Бясьпечнай дозай лічаць 2 міліграмы алюміну на 1 кг вагі чалавека за тыдзень. Пры большай дозе алюмін пашкоджвае нэрвы, што выклікае хваробу белага рэчыва, Альцгаймэра і Паркінсона, а таксама сындром Фара. Сярод іншага, лішкавы алюмін душыць працу імуннай сыстэмы і шкодзіць ныркам, печані і сэрцу. Найбольшае вылучэньне алюміну адбываецца пры варцы яблыкаў і ягадаў, якія зьмяшчаюць шмат арганічных кісьляў, што ўтвараюць солі алюміну. У дзіцячых садах забараняецца выкарыстаньне алюміну праз шкоду пры ныркавай недастатковасьці.
  • Кераміка. Нагадвае гліняны посуд з фарбавальнікам. Найлепшы керамічны посуд вырабляюць на натуральнага сьветлага матэрыялу. Пры крышэньні могуць утварацца сколы і дробкі, якія трапляюць у ежу. Пакрыцьцё зь яркай глазуры часта зьмяшчае шмат волава і кадму, якія назапашваюцца ў арганізьме, што найбольш небясьпечна для дзяцей. Кадм выводзіцца з арганізма больш як 10 гадоў і парушае фосфарна-вапнавы абмен. Волава разладжвае каардынацыю і парушае здольнасьць да навучаньня.
  • Крышталь. Вырабляюць шляхам даданьня аксыду волава для зьмяненьня пераламленьня сьвятла. Калі пакінуць віно або воцат у крыштальным посудзе больш як на содні, у вадкасьць вылучаецца 0,0001 грама волава на літар. Штодзённае піцьцё вады і соку з крыштальнай шклянкі выключае атрыманьне атрутнай дозы.
  • Медзь. Нішчыць дрожджы і цьвіль, калі ўтрымлівае 99,9 % медзі маркі М1. Медзяны посуд вылучае іёны, якія акісьляюць іншыя мэталы ў арганізьме. Найчасьцей вырабляюць з даданьнем да 30 % дамешкаў, у тым ліку волава цыну для большай падатнасьці. Дазваляе хутчэй гатаваць.
  • Мэлямін. У посуд варта наліваць негарачыя і някіслыя стравы. Таксама мэлямінавы посуд не выкарыстоўваюць у мікрахвалёвай печы, бо пры пераграве ў ежу вылучаецца шмат фармальдэгіду і разбураецца палімэр. Фармальдэгід выклікае акісьленьне і зьніжае імунітэт, а таксама спрыяе алергіі і раку. Таму гэты посуд не набываюць для дзяцей. Урэшце, у яго размалёўцы часта выкарыстоўваюць цяжкія мэталы.
  • Нержавейная сталь. Пры бясьпечным складзе зьмяшчае да 18 % хрому і 10 % нікелю, утрыманьне якіх пішуць на ўпакоўцы. У найлепшым нержавейным посудзе нікель адсутнічае. У завялікай колькасьці іёны нікелю парушаюць утварэньне норадрэналіну з дапаміну, што павялічвае трывожнасьць і турботу, а таксама разьвівае сындром хранічнай стомленасьці. Таксама паніжаецца выпрацоўка макрафагамі лізацыму, які бароніць ад бактэрыяў і вірусаў, што ў выніку паніжае імунітэт. Празьмернасьць 3- і асабліва 6-валентнага хрому вядзе да паносу і дысбактэрыёзу праз шкоду мікрафлёры страўніка. Таксама пашкоджваюцца ныркі, а пры ўдыханьні хром служыць прычынай бронхавай астмы. Пры высокай тэмпэратуры нікель і хром вылучаюцца ў ежу. Перад выкарыстаньнем нержавейны посуд варта двойчы пракіпяціць, бо пры першым працяглым кіпячэньні цягам 6 гадзінаў вылучэньне нікелю ўзрастае 26-кратна, а хрому — 7-кратна. Пасьля 10-й варкі вылучэньне мэталаў шматкроць скарачалася. Выкарыстоўваецца для варкі і смажаньня.
  • Плястык. Лёгкі і танны. Нагадвае кераміку і шкло. Плястыкавы посуд варта набываць з харчовым значком лыжкі з кілішкам. Для наданьня гнуткасьці харчовы плястык зьмяшчае бісфэнол, які спрыяе ўзьнікненьню рака і павышае верагоднасьць выкідка. Таксама існуе посуд, у якім адсутнічае бісфэнол.
  • Сылікон. Гнуткі і ўстойлівы да нагрэву палімэр з крэмну і тлену. Сыліконавы посуд варта награваць да менш як +150 °C, бо пры большай гарачыні могуць вылучацца фальмальдэгід і фэнол. Харчовы сылікон ня мае пахнуць гумай. Пажадана выкарыстоўваць посуд натуральных белага, бэжавага і шэрага адценьняў, бо для аранжавага, зялёнага і жоўтага часта выкарыстоўваюць атрутныя рэчывы. Пасуе для замарозкі, захоўваньня і запяканьня.
  • Тэфлён. Выкарыстоўваюць у якасьці супрацьпрыгарнага пакрыцьця. Зьмяшчае пэрфтарактанавую кісьлю, перавышэньне зьмяшчэньня якой на 70 % адзначаецца ў людзей з хваробамі нырак, печані і сэрца, а таксама ў дзяцей з затрымкай разьвіцьця і жанчынаў са складанасьцямі нараджэньня. Пры награваньні да +220 °C тэфлёнавы посуд вылучае бэнзоль, таму яго раюць награваць менш як да +200 °C. Пры ўзьнікненьні драпінаў патрабуе істотна больш алею для прыгатаваньня.
  • Чыгун. Стопак жалеза з вугляродам ёсьць даўгавечным і неатрутным матэрыялам, устойлівым да перападу тэмпэратуры і дэфармацыі. Чыгунны посуд прамасьліваюць для стварэньня ахоўнага пляста супраць іржавеньня. Перад выкарыстаньнем посуд выграваюць. Пры адсутнасьці згадкі апрацоўкі ва ўказаньнях посуд рыхтуюць самастойна. Чыгунны посуд ня мыюць у посудамыечнай машыне. Таксама на ягонай паверхні ня варта пакідаць кропляў.
  • Шкло. Лёгка б'ецца. Калі ў загартаваным шкле застаюцца шарыкі паветра або ўтвараецца залішняя напруга ўсярэдзіне, то шкляны посуд можа разбурыцца. У гарачатрывалым шкле захоўваюць і гатуюць ежу з улікам варачнай паверхні.
  • Эмаль. Тонкае шкелістае пакрыцьцё, нанесенае на мэтал пры высокай тэмпэратуры. Парашок з сумесі шкла і аксыду мэталу зьмешваюць з вадой, каб атрымаць суспэнзію, якую апускаюць у мэталічную загатоўку. За гадзіну ў печы пры +850 °C эмаль злучаецца з мэталам. Праз грунтоўку паверхня 1-га плясту цямнее. Сумесь шкла і пігмэнта наносяць 2-м плястом, пасьля чаго эмаляваны посуд абпальваюць паўторна. У выніку атрымліваюць трывалае яркае і гладкае пакрыцьцё, якое добра мыецца. Урэшце, наносяць малюнак і абпальваюць 3-і раз. Пры выкарыстаньні пігмэнта без таксіну эмаляваны посуд будзе бясьпечым. Пры гэтым варта ўлічваць асьцярогі да скарыстанага для злучэньня мэталу, як то алюміну або сталі[1].


  1. ^ Юлія Ваўчок. Які посуд лепш не купляць // Партал «Слушна», 24 лістапада 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць