Аршанскі льнокамбінат

Аршанскі льнокамбінат — урадавае прадпрыемства Беларусі па вырабе льняной тканіны, заснаванае ў сьнежні 1930 г. у Воршы. На 2016 г. улучаў 5 фабрык. 1-я фабрыка вырабляла з кароткага льновалакна тарную тканіну для дываноў і мяхоў. 2-я і 3-я фабрыкі выраблялі з доўгага льновалакна пражу і сураўя(ru) для абрусаў, касьцюмаў, кашуляў, мэблі, прастыняў, ручнікоў і сукенак. Аздобная фабрыка ажыцьцяўляла зьмякчэньне, усадку і фарбаваньне тканіны, наданьне глянцу і матавага адценьня, нанясеньне рысунка для вырабу гатовай побытавай тканіны. Швейная фабрыка вырабляла хатні тэкстыль: абрусы, коўдры, навалачкі, ручнікі, торбы, фіранкі і шалікі. У Беларусі працавалі 9 уласных крамаў «Беларускі лён»: Берасьце, Горадня, Віцебск (2), Ворша (2), Магілёў, Менск (2). Таксама ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі працавалі гандлёвыя прадстаўніцтвы. За мяжой налічвалася 8 прадстаўніцтваў у 4 краінах: Польшча (Варшава), Расея (Іванава; Пецярбург; пасёлак Акцябрскі, Любярэцкі раён, Маскоўская вобласьць), Украіна (Адэса, Роўна), Эстонія (Талін).

Аршанскі льнокамбінат
Тып Унітарнае прадпрыемства
Заснаваная сьнежань 1930
Краіна
Разьмяшчэньне Ворша, Віцебская вобласьць (Беларусь)
Ключавыя фігуры Уладзімер Несьцярэнка(ru)
Галіна Лёгкая прамысловасьць
Прадукцыя Абрус, коўдра, навалачка, насоўка, прастыня, ручнік, сукенка, пража, тканіна, халат
Абарачэньне 846,5 млрд (2015; $52,081 млн)[1]
Апэрацыйны прыбытак 159,5 млрд ($9,813 млн)
Чысты прыбытак 59,7 млрд ($3,673 млн)
Лік супрацоўнікаў 4366 (2016)
Матчына кампанія «Беллегпрам» (Менск)

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1928 г. пачалі будаваць Аршанскую льночасальную фабрыку, якую пусьцілі ў сьнежні 1930 году. Архітэктурны праект камбіната распрацавалі Анатоль Фісенка(ru) (1902—1982) і Іван Сяргеевіч Нікалаеў(ru) (1901—1979). У 1937 г. пабудавалі цэхі аздобнай, прадзільнай і ткацкай вытворчасьцяў (1-я чарга). У 1944 г. Аршанскі льнокамбінат аднавілі пасьля разбурэньня падчас Нямецка-савецкай вайны. У 1961 г. адчынілі бельнааздобную, льночасальную, прадзільную і ткацкую вытворчасьці 2-й чаргі (фабрыкі) камбіната, дзе пачалі вырабляць побытавую льняную тканіну. У 1972 г. пабудавалі 3-ю чаргу (фабрыку) са льночасальным, прадзільным і ткацкім цэхамі для выпуску тонкай побытавай тканіны. У 1973 г. у склад прадпрыемства ўвайшла льнопрадзільная фабрыка «Дняпро» (Ворша), што вырабляе дывановую пражу. У 1975 г. «Аршанскі льнокамбінат» стаў вытворчым аб’яднаньнем. У 1989 г. вырабілі 215 тыс. м² ільняной тканіны (найбольш за час існаваньня). У 1990 г. «Аршанскі льнокамбінат» стаў арэндным прадпрыемствам. У 1994 г. 41 тыс. м² ільняной тканіны. У 1995 г. «Аршанскі льнокамбінат» вырабляў побытавую, тарную і тэхнічную тканіну. На 1996 г. пры камбінаце працавалі тэхнікум і прафэсійна-тэхнічная вучэльня тэкстыльнікаў[2].

 
Абсталяваньне «Аршанскага льнокамбінату» (2013 г.)

У 2008 г. «Аршанскі льнокамбінат» вырабіў 8% ільняных тканінаў у сьвеце, 70% якіх прадаў за мяжу. На прадпрыемстве працавалі звыш 5000 чалавек. За 2008 г. перапрацавалі 25 тыс. тонаў ільновалакна. У 2009 г. камбінат улучаў 3 фабрыкі для перапрацоўкі льновалакна і аздобную фабрыку для апрацоўкі льняной тканіны[3]. На сакавік 2012 г. на камбінаце працавалі каля 6 тыс. чалавек, якія складалі 30% занятых у прамысловасьці Воршы. «Аршанскі льнокамбінат» быў найбольшым у Беларусі вытворцам і экспартэрам ільняных тканінаў. Камбінат набываў ільносыравіну ў 10 льнозаводаў Віцебскай вобласьці па ўнутранай закупачнай цане, заніжанай на 1/4 ад сусьветнай цаны[4]. У пачатку 2013 г. прадпрыемства наймала 6290 супрацоўнікаў. 24 жніўня 2015 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 709 вылучыў $9147,3 тыс. на павелічэньне статутнага фонду «Аршанскага льнокамбіната» для набыцьця абсталяваньня[5]. У 2015 г. вырабілі 24,8 млн м² тканіны, зь іх 75% вырабаў прадалі за мяжу ($41 млн). Рэнтабэльнасьць вырасла з 5,5% у 2014 г. да 17,9% у 2015-ым. На «Аршанскі льнокамбінат» прыпадала 3% сусьветнага рынку льняной тканіны, у тым ліку 8% тэхнічнай тканіны з ільну[6].

Знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі з траўня 2023 году[7].

 
Ільняны плед вытворчасьці «Аршанскага льнокамбінату» (2013 г.)

Кіраўнікі

рэдагаваць
  • Ліпчук (з 1930 г.)
  • Негнявіцкі
  • Козелеў
  • Радзіцелеў
  • Георгі Сямёнаў(ru) (травень 1941 — 1954, 1957 — 9 жніўня 1972)
  • Уладзімер Лахцін (10 жніўня 1972 — кастрычнік 1976)
  • Васіль Мельнікаў (кастрычнік 1976 — сакавік 1988)
  • Георгі Какарэка (сакавік 1988 — 18 красавіка 1996)
  • Валер Шаткоў (19 красавіка 1996 — 21 траўня 2007)
  • Віктар Гаўрыленка (22 траўня 2007 — 5 чэрвеня 2009)
  • Уладзімер Несьцярэнка(ru) (з 5 чэрвеня 2009 г.)
  1. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 15 ліпеня 2016 г.
  2. ^ Аршанскі льнокабмінат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 540-541. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  3. ^ Марына Носава. На далейшую тэхнічную мадэрнізацыю Аршанскага льнокамбіната будзе выдзелена прыкладна 120 млрд. рублёў // БелаПАН, 24 верасьня 2009 г. Праверана 15 ліпеня 2016 г.
  4. ^ Аляксандар Пукшанскі. Беларускія джынсы — экспартная «фішка» // Зьвязда : газэта. — 6 сакавіка 2012. — № 44 (27159). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Аляксей Аляксандраў. Саўмін павялічыў статутны фонд Аршанскага льнокамбіната // БелаПАН, 25 жніўня 2015 г. Праверана 15 ліпеня 2016 г.
  6. ^ Вольга Кручанкова. Лён гучыць модна // Беларусь : часопіс. — Люты 2016. — № 2 (989).
  7. ^ Республіканське унітарне виробничо-торгове підприємство "Оршанский льонокомбінат"