Тураўскі малочны камбінат
Каардынаты: 52°3′45″ пн. ш. 27°45′45″ у. д. / 52.0625° пн. ш. 27.7625° у. д.
«Ту́раўскі мало́чны камбіна́т» («ТМК») — сыраробнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 2010 году ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці.
«Тураўскі малочны камбінат» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 4 студзеня 2010 (14 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Валянцін Байко, ААТ «Тураўшчына» |
Уласьнікі | Валянцін Байко, «Белаграпрамбанк» |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Гомельская вобласьць |
Адрас | Жыткавіцкі раён, Тураў, Ленінская вул., д. 154[1] |
Ключавыя фігуры | Вольга Луцко, Вадзім Калядзіч |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | сыр |
Абарачэньне | ▲271,7 млн рублёў (2020 год; 111 млн $) |
Чысты прыбытак | ▲46,2 млн рублёў (2020 год; 18,9 млн $) |
Лік супрацоўнікаў | 514 (2021 год) |
Матчына кампанія | «Белаграпрамбанк» |
Даччыныя кампаніі | УП «Малочная праўда» |
Ад траўня 2013 году вырабляла паўцьвёрдыя і мяккія італьянскія сыры. На 2021 год выпускаў 80 гатункаў сыроў. Сярод іх было 12 традыцыйных сыроў: выцяжны і вяршковы сыр, маскарпонэ, мацарэла і мацарэла піца, рыкота, вэнджаная і сьвежая скаморца, вэнджаная і сьвежая провала, правалета і правалета міні. Вытворчасьць ажыцьцяўлялі на італьянскім абсталяваньні з П’емонту («КМТ»). Прадпрыемства мела ўласную лябараторыю, якая магла праводзіць мікрабіялягічныя, радыялягічныя і фізыка-хімічныя выпрабаваньні малака і сыроў на адпаведнасьць гігіенічным і санітарна-эпідэміялягічным нарматывам. Звыш 80 % сыроў пастаўлялі за мяжу ў 15 краінаў Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, Ірак, Казахстан, Катар, Кітай, Кыргыстан, Манголію, Саудаўскую Арабію, Сынгапур, Туркмэністан, Узбэкістан, Японію і Ярданію, а таксама ў 3 краіны Эўропы — Малдову, Расею і Ўкраіну[2]. Кацельня прадпрыемства працавала на мэтане, вырабленым са спадарожнай малочнай сыроваткі[3]. Сыры выпускалі пад 3-ма таварнымі знакамі «Байкі пра сыр», «Бонфэста» і «Кукінг». Апошні зь іх прызначаўся для гасьцініцаў, кавярняў і страўняў[4].
Будова
рэдагавацьНа 2021 год «Тураўскі малочны камбінат» меў:
- 6 службаў — 1) вытворчую, 2) разьвіцьця і маркетынгу, 3) камэрцыйную, 4) разьвіцьця экспартных продажаў, 5) экспартных продажаў, 6) забесьпячэньня;
- управу продажаў і лягістыкі на ўнутраным рынку, бухгальтэрыю і аддзел кадраў;
- 2 прадстаўніцтвы — у Менску па Беларусі (прасп. Пераможцаў, д. 103) і замежнае ў Расеі[5];
- краму і кавярню пры заводзе[6].
«Тураўскі малочны камбінат» пераважна атрымліваў сыравіну ад сельскіх гаспадарак Жыткавіцкага і прылеглых раёнаў Гомельскай вобласьці. Таксама ў Жыткавіцкім раёне будавалі малочна-таварную фэрму на 2400 кароваў. Даччынае УП «Малочная праўда» кіравала 9-ю сельскімі гаспадаркамі ў 3-х абласьцях Беларусі:
- 5 у Гомельскай — ААТ «Прыазёрскае-Агра» (Дуброва, Марохараўскі сельсавет), «Дзякавічы», «Ураджайны» (Уборак, Лоеўскі раён), «Каўпень-Агра» (Лоеўскі раён) і УП «Камсамольск» (Дзюрдзеў, Рэчыцкі раён);
- 2 у Менскай — ААТ «Даўгінава» і «Новая Вяльля» (Селішча, Вялейскі раён]);
- 2 у Віцебскай — ААТ «Таргуны» (Докшыцкі раён) і УП «Гнязьдзілава-Агра» (Крыпульскі сельсавет, Докшыцкі раён)[7].
Мінуўшчына
рэдагаваць4 студзеня 2010 году ў Жыткавіцкім раёне Беларусі заснавалі ААТ «Тураўскі малочны камбінат»[8]. Асноўным заснавальнікам стаў уласьнік гарадзенскага «Контэ Спа» Валянцін Байко[9]. Сузаснавальнікам выступіла ААТ «Тураўшчына» (Азяраны, Жыткавіцкі раён), якое было даччыным прадпрыемствам «Белаграпрамбанку»[10]. Камбінат пабудавалі ў рамках Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Прыпяцкага Палесься[8] на 2010—2015 гады, зацьверджанай Указам ад 29 сакавіка 2010 году № 161[11]. У 2011—2012 гадах узьвялі будынкі камбінату. Абсталяваньне паставілі зь Італіі. На студзень 2013 году пастаўнікі дапамагалі зь яго ўсталёўкай і наладкай. Праектная магутнасьць абсталяваньня, якое абслугоўвала пара чалавек, складала 150 тонаў малака за содні. Абсталяваньне дазваляла выпускаць такія італьянскія сыры, як маскарпонэ, мацарэла і рыкота. Прыватныя ўкладаньні ў «Тураўскі малочны камбінат» перавысілі 50 млн эўра. Частку сродкаў вылучылі ў рамках Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Прыпяцкага Палесься. Для працаўнікоў пабудавалі шматкватэрны дом[12]. 13 траўня 2013 году запусьцілі вытворчасьць і адгрузілі 1-я гатовыя сыры. Прадпрыемства стала градаўтваральным для Турава і Жыткавіцкага раёну[8]. Асноўным пастаўніком малака на камбінат стала прадпрыемства-сузаснавальнік «Тураўшчына»[10]. У ліпені 2013 году пачаліся пастаўкі сыроў у Расею[13]. 5 верасьня 2013 году ўсталявалі абсталяваньне для вырабу сыра чыльеджыні ў шарыках з далейшым фасаваньнем па 100 грамаў пад назвай «Мацарэла міні»[14]. На 18 кастрычніка 2013 году сталі выпускаць вэнджаны і вяршковы сыр[15]. На 2 лістапада 2013 году сталі выпускаць адмысловую мацарэлу для піцы[16]. У сьнежні 2013 году «Тураўскі малочны камбінат» набыў 100 % паёў ААТ «Дзякавічы» і 73,5 % паёў «Прыазёрскае-Агра» (Дуброва, Марохараўскі сельсавет)[13].
На 3 лютага 2014 году вытворчасьць выцяжных сыроў пашырылі за кошт гатунку скаморца. «Тураўскі малочны камбінат» налічваў 225 працаўнікоў, зь якіх 80 % былі ў веку да 40 гадоў. У асноўным наймалі жыхароў Турава, Жыткавічаў і бліжэйшых вёсак Жыткавіцкага раёну. Сума ўкладаньняў у камбінат склала каля 40 млн эўра. Ад часу адкрыцьця вытворчасьці навучаньне беларускіх сыраробаў ладзіў італьянскі тэхноляг Рабэрта Пьяца. Пабочную ў вытворчасьці сыроватку ператваралі ў рыкоту[17]. Ад траўня камбінат прадаваў 150 тонаў мяккіх сыроў на рынку Беларусі, які складаў 200 тонаў за месяц. У чэрвені 2014 году «Тураўскі малочны камбінат» стаў 5-м прадпрыемствам Беларусі, якое атрымала пасьведчаньне сыстэмы харчовай бясьпекі (ПСХБ) паводле стандарту 22000 Міжнароднай арганізацыі стандартызацыі (Швацарыя)[18]. На 6 жніўня камбінат перапрацоўваў 90 тонаў малака за содні пры магутнасьці 1-й чаргі ў 250 тонаў. Загрузка вытворчай магутнасьці складала 37 % пры самаакупнасьці пераапрацоўкі ад 140 тонаў за дзень. Таксама вытворчасьць італьянскага сыру вымагала малака прынамсі 1-га гатунку з высокім утрыманьнем бялку[13]. На 25 жніўня 2021 году сыры сталі выпускаць пад таварным знакам «Бонфэста». Намесьніца кіраўніка «ТМК» Вольга Луцко заняла пасаду кіраўніцы. На камбінаце папрацавала звыш 100 італьянскіх адмыслоўцаў. Шторанак а 11:00 на камбінаце ладзілі дэгустацыю сьвежых і пратэрмінаваных сыроў. З адкідаў перапрацоўкі сыроваткіх у кацельні сталі выпрацоўваць пару і цеплыню[18]. У 2014 годзе за мяжу паставілі звыш 80 % сыроў. У 2015 годзе адправілі 1-ю партыю сыроў у Казахстан[19].
Улетку 2016 году «Тураўскі малочны камбінат» пачаў пастаўляць сыры ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Азэрбайджан[20]. 19 верасьня 2016 году «ТМК» атрымаў знак якасьці «Выбар Расеі» і ўзнагароду «Імпартазамяшчэньне-2016» на 44-й урачыстасьці «Эліта нацыянальнай эканомікі». За студзень-жнівень 2016 году ў Расею паставілі каля 5500 тонаў сыроў «Бонфэста», што склала каля 95 % экспарту. Большасьць паставак прыпала на Маскву, Санкт-Пецярбург і Калінінград[21]. Увосень 2016 году запусьцілі новы таварны знак «Кукінг» пад вяршковы сыр, маскарпонэ, мацарэлу для піцы і рыкоту. Пад гэтым таварным знакам сыр у кіляграмовых батонах і 2-кіляграмовых пачках пастаўлялі ў кавярні, піцэрыі і страўні. За 2016 год завод выйшаў на поўную загрузку 1-й перапрацоўчай чаргі магутнасьцю 250 тонаў малака за содні, зь якіх выраблялі 29 тонаў сыру. Пастаўкі пашырылі на Армэнію, Грузію, Кыргыстан і Сынгапур. У студзені 2017 году пачалі выпускаць паўкіляграмовыя бляшанкі зь вяршковым сырам, маскарпонэ і рыкотай[22]. 20 красавіка 2017 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі ўлучыла «Тураўскі малочны камбінат» у Гомельскі абласны пералік дамінантаў, якія ўтваралі алігаполію на малочным рынку вобласьці[23]. На 28 красавіка 2017 году «Тураўскі малочны камбінат» вырабляў звыш 60 гатункаў сыру. Стварылі новую лінейку дэсэртных сыроў «Рыкаціна» з карамэльным і шакалядным напаўняльнікамі. У рыкоту ў дадатак да напаўняльнікаў з дыні, грушы зь мёдам і печанага яблыка з карыцай сталі класьці вішню, лясныя ягады і сьліву. У вяршковы сыр разам з ранейшымі напаўняльнікамі з базыліка, часнака, мацярдушкі і шампіньёнаў сталі дадаваць хрэн, нэапалітанскую падліву і тар-тар[22]. У чэрвені 2017 году «ТМК» наладзіў пастаўкі ва Ўзбэкістан і ўзяў удзел у міжнароднай выставе «Белагра»[24]. Па выніках 1-га паўгодзьдзя экспарт перавысіў 20 млн даляраў ЗША, што 10-кратна павялічыла прыбытак[25]. На кастрычнік 2017 году камбінат узводзіў у Тураве 30-кватэрны дом для супрацоўнікаў[26]. На 11 сьнежня 2017 году «ТМК» налічываў 300 працаўнікоў, зь якіх 60 пражывала ў Жыткавічах[27]. 28 сьнежня 2017 году старшыня «Банку разьвіцьця Беларусі» Сяргей Румас паведаміў пра набыцьцё аблігацыяў «Тураўскага малочнага заводу» за кошт сродкаў сямейнага капіталу[28]. У 2017 год на «ТМК» прыпала 82 % экспарту Жыткавіцкага раёну. Рэнтабэльнасьць вырасла да 20,3 % у 2017 годзе параўнальна з 4,9 % у 2015-м[29]. Яго доля ў прамысловай вытворчасьці Жыткавіцкага раёну склала 75 %[30].
Пры канцы студзеня 2018 году пусьцілі 2-ю чаргу вытворчасьці камбінату[8], што павялічыла магчымасьці перапрацоўкі да 750 тонаў малака за содні[31]. Пры канцы лютага 2018 году крыгаход зьнёс пантон праз Прыпяць. У выніку штодзённы маршрут малакавозаў павялічыўся на 600 км у сувязі з аб’ездам праз Мазыр. Таксама 80 працаўнікоў з Жыткавічаў, у тым ліку кіраўніца камбінату, часова пераехалі гасьцініцы і сядзібы Турава[32]. На 27 красавіка 2018 году «ТМК» перапрацоўваў 400 тонаў малака за дзень. Сыр пастаўлялі ў 12 краінаў, у тым ліку ў Кітай і Ярданію. Сярэдні заробак 340 працаўнікоў складаў 1097 рублёў (537 $)[31]. Таксама ў красавіку ў Жыткавіцкім раёне паставілі паром даўжынёй 70 мэтраў, што дазволіла за раз перапраўляць цераз Прыпяць па 7 грузавікоў з камбінату[33]. 10 жніўня 2018 году «Тураўскі малочны камбінат» разьмясьціў на «Беларускай валютна-фондавай біржы» 5-гадовыя аблігацыі на 6 млн даляраў пад 6,5 % гадавых[34]. 14 жніўня 2018 году паставілі на ўлік 3-і выпуск аблігацыяў на 3 млн даляраў, продаж якіх пачаўся 22 жніўня[35]. За 2018 год вытворчасьць сыроў вырасла на 48 % да 15 600 тонаў. Каля 80 % сыроў паставілі за мяжу ў 14 краінаў[36]. У 2018 годзе «ТМК» набыў сельскагаспадарчае ААТ «Таргуны» ў Докшыцкім раёне (Віцебская вобласьць), дзе пачаў перабудову малочна-таваранай фэрмы (МТФ) «Гліннае» (Бярэзінскі сельсавет) і будоўлю МТФ «Вецяра» праз даччынанае УП «Малочная праўда», якім кіраваў Ігар Чарняўскі[37]. Да канца 2018 году пастаўкі пашырылі на Катар і Саудаўскую Арабію[38].
17—21 лютага 2019 году «ТМК» прадставіў свае сыры на выставе «Ежа заліва 2019» у Дубаі (ААЭ)[39]. На 25 сакавіка 2019 году камбінат перапрацоўваў штодня каля 400 тонаў малака і вырабляў звыш 1600 тонаў сыру за месяц. На расейскай выставе «Харчэкспа» ў Маскве мяккі вяршковы сыр «Бонфэста» зь неапалітанскім напаўняльнкам і міні-мацарэла вытворчасьці «ТМК» уганаравалі залатым мэдалём[36]. 19 траўня 2019 году «Тураўскі малочны камбінат» прадставіў свае сыры на Міжнароднай выставе харчаваньня (МВХ) ў Шанхаі (Кітай)[40]. На 26 траўня 2019 году сыры пастаўлялі ў 15 краінаў, у тым ліку ў Малдову і Японію. Ад пачатку 2019 году пасаду галоўнага інжынэра займаў 30-гадовы Аляксандар Рай, які загадваў 70 працаўнікамі і пачынаў працаваць на камбінаце майстрам. Штодня на камбінаце прымалі 500 тонаў малака вышэйшага і экстра гатункаў[38]. 25 чэрвеня 2019 году на конкурсе «Міжнароднай установы смаку» ў Брусэлі (Бэльгія) вяршковы і тварожны сыры «Тураўскага малочнага камбінату» атрымалі Ўзнагароду за найлепшы смак. Гэтыя сыры пачалі вырабляць на 2-й чарзе камбінату, запуск якой каштаваў 35 млн эўра[41].
У 2020 годзе павялічылі вытворчасьць вяршковых сыроў[8]. 17 жніўня 2020 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 486, паводле якой унёс «Тураўскі малочны камбінат» у Пералік прадпрыемствам, якім мелі паскорана вяртаць падатак на дададзеную вартасьць «на працягу 10 працоўных дзён з дня прыняцьця падатковым органам рашэньня»[42]. У 2020 годзе «Тураўскі малочны камбінат» нарасьціў выраб сыроў на 30 % да 28 600 тонаў. Выручка павысілася больш як на 1/3 з 200 млн да 271,7 млн рублёў (111 млн $). Прыбытак вырас у 2,4 разы праз рост рэнтабэльнасьці продажаў да 17 %. Выхад сыру з малака вырас з 13,8 да 14,1 %, выручка з тоны сыравіны вырасла да 1280 рублёў. Таксама ўсталявалі лініі перапрацоўкі і згушчэньня сыроваткі. Пастаўкі за мяжу склалі 80 % і вырасьлі на 20 % да 87 млн даляраў. Сыры пастаўлялі ў 16 краінаў, у тым ліку ў Ірак, Манголію і Туркмэністан. У студзені 2021 году сярэдні заробак дасягнуў 1500 рублёў (582 $)[43]. У 2021 годзе асучасьнілі лінію выцяжных сыроў. Перапрацоўчая магутнасьць прадпрыемства складала 650 тонаў малака за дзень. На «Тураўскім малочным камбінаце» працавала звыш 500 чалавек. Звыш 80 % сыроў пастаўлялі на замежныя рынкі[8]. На 3 лютага 2021 году дабудавалі малочна-таварную фэрму «Дзякавічы» на 2400 кароваў, разьлічаную на вытворчасьць каля 22 000 тонаў малака за год. На фэрму пасьпелі паставіць 262 каровы дойнага статку з Даніі. Надалей мелі пастаўляць да 300 цялушак штомесяц[44]. На 9 лютага 2021 году штодня перапрацоўвалі каля 650 тонаў малака. Камбінат меў 9 уласных малочных гаспадарак у Віцебскай, Гомельскай і Менскай абласьцях. Агульны абсяг укладаньняў склаў 115 млн эўра з тэрмінам акупнасьці 10 гадоў да 2023 году[43]. 4 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 129, якой унёс «ТМК» у Пералік малаказаводаў, якім пакрывалі частку адсоткаў па пазыках у 2021—2024 гадах[45].
Сацыяльны праект
рэдагаваць2 верасьня 2018 году на Дні беларускага пісьменства ў Янаве (Берасьцейская вобласьць) адкрылі міні-футбольную пляцоўку са штучным пакрыцьцём. Пляцоўку ўзьвялі ў рамках сацыяльнага праекту «Бонфэста дзецям», які сумесна вялі «Тураўскі малочны камбінат», Беларуская фэдэрацыя футболу (БФФ) і мясцовыя органы ўлады[46]. У адкрыцьці пляцоўкі ўзялі ўдзел намесьніца кіраўніка «ТМК» Натальля Чэрнік, генэральны сакратар БФФ Юры Вяргейчык, начальнік управы спорту і турызму Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Глушэня і міністар спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук, а таксама прадстаўнікі 2-х мясцовых дзіцяча-юнацкіх спартовых школ — Янаўскай ДЮСШ і Мотальскай СДЮШ алімпійскага рэзэрву[47]. 10 верасьня такое міні-футбольнае поле адкрылі падчас «Дажынак-2018» Берасьцейскай вобласьці ў Высокім (Камянецкі раён). Ва ўрачыстасьці на тэрыторыі Высокаўская сярэдняй школы ўдзельнічалі старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс і старшыня Беларускай фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў[48]. Да канца 2018 году такія пляцоўкі адкрылі ў яшчэ 8 гарадах Беларусі, у тым ліку ў Дрысе (Віцебская вобласьць) і Нясьвіжы[46].
17 кастрычніка 2019 году Браслаў (Віцебская вобласьць) стаў 12-м ад пачатку году горадам Беларусі, дзе адкрылі міні-футбольнае поле ў рамках праекту «Бонфэста дзецям»[49]. 11 жніўня 2020 году ў Крупках (Менская вобласьць) і Коханаве Талачынскага раёну (Віцебская вобласьць) адкрылі міні-футбольныя палі памерам 40х20 мэтраў. Перад гэтым у 2020 годзе адкрылі палі ў Пружанах (Берасьцейская вобласьць), Дуброўне (Віцебская вобласьць) і Ігумене (Менская вобласьць). Лік узьведзеных пляцовак дасягнуў 66. Да 2022 году ў рамках «Бонфэста дзецям» мелі абсталяваць 128 такіх палёў у кожным раёне Беларусі[50]. 28 жніўня 2020 году адчынілі футбольную пляцоўку 20 на 40 мэтраў у Верхнім горадзе Шуміліна (Віцебская вобласьць). «ТМК» выдаткаваў сродкі на штучны газон і яе абсталяваньне агароджай, брамамі і разьметкай[51]. 13 кастрычніка 2020 году ў Капылі пры фізкультурна-аздараўленчым цэнтры адчынілі міні-стадыён, які стаў 34-м ад пачатку году[52]. 4 сьнежня 2020 году ў Навасёлках Пастаўскага раёну (Віцебская вобласьць) міні-футбольную пляцоўку. На ўрачыстасьці начальнік Дэпартамэнту забесьпячэньня спартовых мерапрыемстваў БФФ Іван Гаравец паведаміў, што ў рамках праект «Бонфэста дзецям» ад пачатку году пабудавалі 7 поўнапамерных палёў і 32 аналягічныя пляцоўкі[53].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Завод у Тураве (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Вытворчасьць (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 15 ліпеня 2021 г.
- ^ Брэнды (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты службаў (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Кавярня і крама ў Тураве (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Сыравінная база (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в г д е Гісторыя (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Байко здаў адну пазыцыю // ТАА «Горадня Лайф Мэдыя», 2 красавіка 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Алена Даўжанок, Надзея Дрыла. Сэрца Прыпяцкага Палесься // Зьвязда : газэта. — 30 ліпеня 2013. — № 139 (27504). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Выратаваньне «мора Герадота» // Зьвязда. — 10 красавіка 2019. — № 67 (28934). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 24». На вялікай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнта абмяркоўваліся пытаньні мадэрнізацыі прадпрыемстваў // Белтэлерадыёкампанія, 21 студзеня 2013 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в Асартымэнт прадукцыі будзе пашырацца // Газэта «Новае Палесьсе» (Жыткавічы), 6 жніўня 2014 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ На «Тураўскім малочным камбінаце» вырабяць чыльеджыні // Газэта «Зьвязда», 5 верасьня 2013 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Кіраўнік дзяржавы працягвае знаёміцца з працай беларускіх рэгіёнаў // Белтэлерадыёкампанія, 18 кастрычніка 2013 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Яўген Рагін, Канстанцін Антановіч. Чым замок цалаваць, лепей кнігу пачытаць // Культура : газэта. — 2 лістапада 2013. — № 44 (1118).
- ^ Вольга Халадовіч. Зроблена ў Беларусі, але паводле італьянскай тэхналёгіі // Белтэлерадыёкампанія, 3 лютага 2014 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Маскарпонэ з тураўскай «прапіскай» // Зьвязда. — 26 жніўня 2014. — № 160 (27770). — С. 4.
- ^ Вольга Халадовіч, тэлеканал «Беларусь 1». Праграма разьвіцьця Прыпяцкага Палесься ў дзеяньні // Белтэлерадыёкампанія, 16 траўня 2015 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Перадача «Краіна», тэлеканал «Беларусь 1». «Тураўскі малочны камбінат» пашырае геаграфію экспарту // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2016 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ «Тураўскі малочны камбінат» прызнаны адным зь лепшых пастаўшчыкоў прадукцыі ў Расею // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 верасьня 2016 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Ірына Сідарок, Алена Даўжанок. Сырныя сакрэты тураўскай гаспадыні // Зьвязда. — 29 красавіка 2017. — № 81 (28445). — С. 5.
- ^ Міністэрства гандлю дала «дабро» на малочную манаполію ў Беларусі // Прэс-цэнтар «Хартыі’97», 20 красавіка 2017 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Тэма тыдня: «Белагра» («Тураўскі малочны камбінат» пачаў экспартаваць прадукцыю ў Сынгапур) // Газэта «Кліч Радзімы» (Шаркоўшчына), 12 чэрвеня 2017 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Прэм'ер-міністар праінспэктаваў, як выконваюцца даручэньні кіраўніка дзяржавы па ўборачнай // Белтэлерадыёкампанія, 9 жніўня 2017 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Паданьні старажытнага Турава // Сельская газэта. — 21 кастрычніка 2017. — № 20955.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Жыткавіцкім раёне функцыянуе пантонная пераправа побач з мостам, што трэснуў // Белтэлерадыёкампанія, 11 сьнежня 2017 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Румас расказаў, куды ў 2017 годзе накіроўваліся сродкі сямейнага капіталу // БелТА, 28 сьнежня 2017 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Вераніка Пуставіт. Не скупіцца на патрэбнае людзям // Зьвязда. — 28 красавіка 2018. — № 81 (28697). — С. 1.
- ^ З-за моцных маразоў на рацэ Прэзідэнт азнаёміўся з ходам прац па рэканструкцыі аварыйнага аўтамабільнага моста ў Жыткавіцкім раёне // Белтэлерадыёкампанія, 28 красавіка 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Лукашэнка даручыў прааналізаваць усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы па трох крытэрах // БелТА, 27 красавіка 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Ганна Кавалёва, тэлеканал «Беларусь 1». З-за моцных маразоў на рацэ Прыпяць цалкам спыненая праца пераправы // Белтэлерадыёкампанія, 28 лютага 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Ганна Кавалёва, тэлеканал «Беларусь 1». Жыткавічы і Тураў у чаканьні новага моста // Белтэлерадыёкампанія, 29 красавіка 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Аблігацыі ААТ «Тураўскі малочны камбінат» // ААТ «ААБ Беларусбанк», 14 жніўня 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ ААТ «ААБ Беларусбанк» прыступае да прыёму заявак на куплю аблігацый ААТ «Тураўскі малочны камбінат» 3-га і 4-га выпускаў // ААТ «ААБ Беларусбанк», 22 жніўня 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б «Тураўскі малочны камбінат» плянуе больш як на 50 працэнтаў павялічыць аб'ёмы вытворчасьці ў 2019 годзе // БелТА, 25 сакавіка 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Асноўны паказьнік паспяховасьці — рост зарплаты // «Настаўніцкая газэта», 30 красавіка 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Ганна Кавалёва, тэлеканал «Беларусь 1». Рэцэпт посьпеху «Тураўскага малочнага камбіната» // Белтэлерадыёкампанія, 26 траўня 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Беларускія прадукты харчаваньня прадстаўлены на выстаўцы «Ежа заліва» ў Дубаі // БелТА, 18 лютага 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Ян Пашкевіч, тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь прыняла ўдзел у прадуктовай выставе ў Азіі - «МВХ 2019» // Белтэлерадыёкампанія, 19 траўня 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Сьвятлана Лук’янюк, тэлеканал «Беларусь 1». У Брусэлі на міжнародным конкурсе адразу дзьве прэміі ў прадукцыі «Тураўскага малочнага камбіната» // Белтэлерадыёкампанія, 25 чэрвеня 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Саўмін пашырыў сьпіс кампаній, якім будуць паскорана вяртаць ПДВ // БелТА, 19 жніўня 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б «Тураўскі малочны камбінат» у 2020 годзе вырабіў на трэць больш сыроў і выручыў $110 млн // БелТА, 10 лютага 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Натальля Капрыленка. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей правёў рабочую нараду ў Жыткавіцкім раёне // Газэта «Зьвязда», 3 лютага 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Саўмін прадаставіць субсыдыі малочным заводам і нарыхтоўшчыкам ураджаю на выплату працэнтаў па крэдытах // БелТА, 10 сакавіка 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ а б Новае міні-футбольнае поле зьявілася ў Янаве // БелТА, 3 верасьня 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Спартовая пляцоўка — у падарунак // Газэта «Янаўскі край», 7 верасьня 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Новае міні-футбольнае поле адкрылася ў Высокім // БелТА, 10 верасьня 2018 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Тамара Пашкевіч. Спартовая пляцоўка для міні-футболу зьявілася ў Браславе // Газэта «Віцебскія весьці», 17 кастрычніка 2019 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ У Крупках і аграгарадку Коханава - новыя футбольныя пляцоўкі // БелТА, 11 жніўня 2020 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Аляксандар Шадзько. У Шуміліне адкрыта новая футбольная пляцоўка // Герой працы : газэта. — Шуміліна: 1 верасьня 2020. — № 68.
- ^ Павал Шэін. У 2020 годзе па ўсёй краіне ўжо пабудавалі 34 падобныя міні-стадыёны // Капыльскі раённы выканаўчы камітэт, 13 кастрычніка 2020 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- ^ Вераніка Філановіч. У аграгарадку Навасёлкі зьявілся футбольная міні-пляцоўка са штучным пакрыцьцём // Газэта «Пастаўскі край», 8 сьнежня 2020 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Водгукі (рас.) // ААТ «Тураўскі малочны камбінат», 2021 г. Праверана 16 ліпеня 2021 г.
- Навіны (рас.)
- Інфармаваньне
- Экскурсіі
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |