Ворша

горад у Беларусі
(Перанакіравана з «Ворша (горад)»)

Во́рша — места ў Беларусі, у вярхоўі Дняпра пры ўтоку ў яго ракі Аршыцы. Адміністрацыйны цэнтар Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 115 052 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 93 км ад Віцебску. Вузел чыгунак (лініі на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог.

Ворша
лац. Vorša
Віды Воршы
Віды Воршы
Герб Воршы Сьцяг Воршы
Першыя згадкі: 1067
Магдэбурскае права: 13 сьнежня 1620
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Аршанскі
Плошча: 36 км²
Вышыня: 192 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 115 052 чал.[1]
шчыльнасьць: 3195,89 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 216
Паштовыя індэксы: 211030, 211381—211394, 211396—211398
СААТА: 2236501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°30′33″ пн. ш. 30°25′33″ у. д. / 54.50917° пн. ш. 30.42583° у. д. / 54.50917; 30.42583Каардынаты: 54°30′33″ пн. ш. 30°25′33″ у. д. / 54.50917° пн. ш. 30.42583° у. д. / 54.50917; 30.42583
Ворша на мапе Беларусі ±
Ворша
Ворша
Ворша
Ворша
Ворша
Ворша
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://orsha.vitebsk-region.gov.by/ru

Ворша — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі магілёўскага барока комплекс Куцеінскага Богаяўленскага манастыра з царквой Сьвятой Тройцы, барокавыя езуіцкі калегіюм, манастыр базылянаў, кляштары бэрнардынаў, трынітарыяў і францішканаў, барокава-клясыцыстычны дамініканскі касьцёл Сьвятога Язэпа, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваны замак[2], касьцёлы Сьвятога Міхала Арханёла (езуіцкі) і Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (бэрнардынскі), помнікі архітэктуры XV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: комплекс Куцеінскага Прачысьценскага манастыра ў стылі магілёўскага барока, касьцёлы Сьвятога Антонія (францішканскі) і Найсьвяцейшай Тройцы (трынітарскі), цэрквы Раства Багародзіцы, базылянскую Покрыва Багародзіцы (віленскае барока) і могілкавую Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў.

 
Рша, 1539 г.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Ворша ўтварыўся ад назвы ракі Ршы (сьпярша так звалі цяперашнюю Аршыцу). Тым часам гідронім можна прымеркаваць да часта ўжываных назваў Ржа, Ржанка[3]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім мае балтыйскае (ад найменьня ляшчыны) або фінска-вугорскае паходжаньне (у перакладзе «вада, якая бяжыць у рэчышчы» — рака)[4].

 
Арша, 1568 г.

Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя назвы места: пачатковае Рша (Ръшa) праз форму Арша́ і далейшы перанос націску на першы склад аформілася ў мясцовых гаворках і беларускай мове (клясычны правапіс) з устаўным зычным «в» — Ворша[5]. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назва места — Орша. Беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка паказвае на тое, што пачатковае «О-» ў форме Орша немагчыма вымавіць з прыназоўнікам «у» — «у Оршы», што відаць, гістарычна прычынілася да зьяўленьня прыстаўнога «В-». Увогуле, далучэньне «в-» да словаў з пачатковымі «о-» ёсьць правілам для ўласнабеларускай лексыкі (вобмаль, Восіп, Вольга, вох, вой), тым часам пачатковае «О-» — часты індыкатар небеларускасьці назвы (Ош, Омск і іншае)[6].

Гісторыя

рэдагаваць

Раньнія часы

рэдагаваць
 
Аршанскі замак з мапы XVI ст.
 
Усяслаў Чарадзей

Дзядзінец старажытнай Воршы (плошча 0,57 га) разьмяшчаецца ў пры ўтоку ракі Аршыцы ў Дняпро, дзе археолягі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[7]. Як адзін з памежных фарпостаў на ўсходных рубяжах Полацкай зямлі Ворша ўзьнікла, імаверна, каля 1021 году, калі князь кіеўскі Яраслаў Мудры саступіў князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Ўсьвяты[8].

Першы пісьмовы ўпамін пра Воршу (пад назвай Ръша) месьціцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 1067 годам: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перамовы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі існыя дамоўленасьці і ўзялі полацкага князя ў палон. Згодна зь зьвесткамі археалягічных раскопак, у тыя часы на месцы Воршы існавала невялікае паселішча, якое ўзьнікла на Шляху з варагаў у грэкі.

Паміж 1101 і 1116 гадамі князь менскі Глеб Усяславіч збудаваў тут фартэцыю. Адначасна мусіла вырасьці і места. З XII ст. — у складзе Смаленскага княства[9]. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Воршы жыў князь Андрэй Кабыла, далёкім нашчадкам якога (паводле меркаваньня М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі гаспадар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

З пачатку княжаньня ў Віцебску Альгерда (1320 год) Ворша далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[10] як цэнтар намесьніцтва ў Віцебскім княстве. З ініцыятывы вялікага князя ў першай палове XIV ст. вакол места ўзьвялі абарончыя ўмацаваньні, а ў 1398—1407 гадох ужо на загад Вітаўта тут збудавалі мураваны замак. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Ворша значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве (15.7.1410). З дакумэнтаў XV ст. вядома, што ў месьце дзеяла мытня.

 
Бітва пад Воршай 8 верасьня 1514 г.
 
Радзівіл «Чорны»

У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) непадалёк ад Воршы 8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбольшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Эўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэтую перамогу ў 1520—1530-я гады невядомы мастак напісаў першую ўва Ўсходняй Эўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музэі Польшчы). Яе копію можна пабачыць у Аршанскім дамініканскім касьцёле. Апроч таго, слава гэтай перамогі ўслаўляецца ў беларускай народнай песьні: «Слава Воршы ўжо ня горша сярод мест літоўскіх»[11].

У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзяяч Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў у Воршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. Неўзабаве аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва, зацьверджанае вялікім князем Жыгімонтам Вазам у 1592 годзе, а ў 1649 годзе ў месьце пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.

У 1558 годзе М. Струбіч надрукаваў мапу «Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», на якой упершыню значылася Ворша. У наступным 1559 годзе места атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасьціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У XVI ст. праз Воршу прайшоў буйны гандлёвы шлях — Вялікі галоўны гасьцінец, места стала сталіцай Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.

 
Панарама з Задняпроўя, каля 1840 г.
 
Магдэбурскі герб

У 1573 годзе ў Воршы зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі ў 1616 годзе адкрылі тут свой калегіюм. З 1740 году калегіюм меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філязофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, лёгіку. Пры калегіюме працавала музычная бурса і школьны тэатар. Аршанскі калегіюм езуітаў дзеяў да 1820 году.

23 лістапада 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Воршы грамату аб мескім органе самакіраваньня, а 13 сьнежня 1620 году места атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж»[12] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). 3 траўня 1621 году афіцыйна зацьвердзілі Аршанскі мескі статут. Атрымаўшы Магдэбурскае права, месьцічы збудавалі ратушу і гандлёвыя рады. Ратуша была зь вежай, гадзіньнікам і вялікім звонам. У ёй праходзілі паседжаньні магістрату і суду.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Воршы і ваколіцаў ліцьвінамі: «приехал к ним из Литвы литвин Илья Григорьев, а привез к ним от оршинского наместника… грамоту» (1562 год)[13], «…встретили нас на рубеже 2 литвина оршане, дети боярские, Свирид Пищалов да Юрья Залуский» (1606 год)[14], «…к литвину к оршанину к Грише Полтеву…» (1608 год)[15], «…у литвина у оршенина у Исачка Ермолина…» (1609 год)[16], «Аршанского повету <…> литвин шляхтич Семен Судовский» (1614 год)[17], «литвин Александр Лукомский… Аршанского повету, шляхтич» (1627 год)[18], «литвин Корнейко Круковский, уроженец Оршанского повету, шляхтич белоруские веры»[19], «литвин — сказался роженец де он Оршанской, а зовут де его Гришкою, прозвище Жакович», «литвин Гришка Романов… Оршанского повету, шляхецкий сын»[20], «литвин Степанко Глинский… шляхтич… Оршанского повету»[21] (усе 1632 год), «Комазов Федор Петров… литвин… Оршанского повета»[22], «Мацулин Яска… литвин… Оршанского повету»[23] (абодва 1635 год), «…в роспросе сказались: Игнашко Григорьев, родом он литвин[a] Оршанского повету»[26], «литвин <…> в роспросе сказался: Савастьяном зовут Иванов // Оршанского повету из-ыменья пана Казимеря Сапеги из Белынич»[27] (абодва 1636 год). У матрыкуле Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту пад 1713 годам значыцца Steph. Skrzebien, Litvanus, Orsensis, а пад 1729 годам — Joh. Boreyko et Stan. Czeczel, Litvani, Orsensis[28]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значыцца Lucas Suttovitz Lithvanus ex districtu Orsensi (1711—1714 гады)[29]. Паводле каталёгу ордэну трынітарыяў у Рэчы Паспалітай (1785 год), Jesu Ordyniec… Lithuanus, in districtu Orsanensi natus… Maria Wolknaowski… Lithuanus, in districtu Orsensi natus… Trinitate Espmont… Lithuanus, in districtu Orsanensi natus[30].

У XVI—XVIII стагодзьдзях у Воршы вялося маштабнае сакральнае будаваньне: касьцёл (1604 год) і калегіюм (1609 год), касьцёлы і кляштары бэрнардынаў (1636 год), дамініканаў (1649 год), францішканаў (1680 год), базылянаў (1758 і 1774 гады), трынітарыяў (1714 год), Куцеінскі Прачысьценскі манастыр (1631 год), царква Сьвятога Ільлі (1505 год), касьцёл Сьвятога Антонія (1680 год) і іншыя.

У XVII ст. Ворша стала адным з мастацкіх цэнтраў Беларусі; тут працавалі вядомыя разьбяры, цесьляры, ювэліры, бройнікі і мастакі. У 1630—1655 гадох пры Куцеінскім манастыры дзеяла друкарня асьветніка Сьпірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кнігаў на кірыліцы. Наклад некаторых выданьняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь».

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскае войска зруйнавала Воршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданьні палёгак месту ў зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі.

У XVII—XVIII стагодзьдзях Ворша мела аблічча манастырскага места. Амаль палову яе земляў займалі кляштары і манастыры, частка зь якіх знаходзілася па-за межамі места. 11 кляштараў і манастыроў зь велічнымі вежамі касьцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Воршы асабліва ўзьнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жыльля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага места такое архітэктурнае спалучэньне было рэдкай адметнасьцю.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права[8]. У гэты час тут было 309 будынкаў. У 1778 годзе зьявіўся праект пераплянаваньня Воршы, які прадугледжваў рэгуляваньне вулічнай сеткі, узбуйненьне кварталаў, стварэньне непадалёк ад цэнтру новага пляцу з гасьціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 году месту даравалі новы расейскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл». У 1812 годзе ў Воршы выявілі ўнікальны помнік пісьменнасьці — «Аршанскае Дабравесьце», якое датуецца XII—XIII стагодзьдзямі.

 
Езуіцкі калегіюм. Б. Лявэрнь, 1840 г.
 
Стэндаль

У вайну 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі яе. Мескім інтэндантам ў час францускага панаваньня быў Анры Бэйль[31], пазьней ужо вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. За часамі вайны ў Воршы збудавалі 2 масты цераз Дняпро. Новы плян забудовы места зацьвердзілі толькі ў 1848 годзе.

28 жніўня 1863 году згодна з выракам расейскага ваеннага суду ў Воршы расстралялі І. Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзелу, які дзеяў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады зачынілі ўсе кляштары, а большасьць касьцёлаў перадалі Маскоўскаму патрыярхату для перабудовы пад цэрквы з мэтай маскалізацыі краю.

У 1880 годзе ў Воршы працавала 5 навучальных установаў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў). З 1881 году пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракою да Магілёва. У гэты час у Воршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крамаў. У пачатку 1890 году ў месьце працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных установаў (657 вучняў у 1894 годзе), лякарня, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869 год) і меская публічная бібліятэка (1899 год), з 1906 году — рэальная вучэльня, з 1911 году — жаночая настаўніцкая сэмінарыя. З 1915 году выдавалася газэта «Оршанский вестник».

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Воршы апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі мэханічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У месьце вялася здабыча вапняку. Ворша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеньнікі». На рацэ Дняпро працавала прыстань, якая мела вялікае значэньне ў жыцьці места. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым — кастрычніку 1918 году Воршу займалі нямецкія войскі. У 1917—1920 гадох у месьце дзеялі органы і арганізацыі розных палітычных сілаў.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ворша абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце дзеялі рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты і рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[32]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай першага зьезду КП(б) Беларусі Ворша ўвайшла ў склад Беларускай ССР[33], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Толькі ў 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня БССР Ворша вярнулася ў склад Беларусі, дзе стала цэнтрам Аршанскай акругі (з 1930 году — раёну). З 1938 году — у Віцебскай вобласьці.

14 ліпеня 1941 году, у часы Другой Сусьветнай вайны, савецкая армія пасьпяхова ўжыла каля Воршы новую зброю — устаноўку залпавых стрэлаў «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюшаў» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 году Воршу занялі войскі Трэцяга Райху. У часы акупацыі існавала група партызанаў-падпольнікаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзеяла ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 году. Па сакавіку таго ж году К. Заслонаў мусіў схавацца ў лесе ад перасьледу нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваёй дзейнасьці; партызан загінуў 14 лістапада 1942 году. 27 чэрвеня 1944 году Воршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту.

   
Расейскі і савецкі гербы Воршы
 
У. Караткевіч

У 1950—1970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі царкву Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, царкву Раства Багародзіцы, францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя помнікі сакральнай архітэктуры, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVII—XX стагодзьдзяў. На месцы старажытнага места паўстала пустэча.

11 сакавіка 1971 году савецкія ўлады зацьвердзілі новы савецкі герб Воршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі. У чэрвені 1984 году за мужнасьць і стойкасьць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Воршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

19 верасьня 2008 году ў Воршы прайшоў штогадовы фэстываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да фэсту места значна ўпарадкавалі. Агулам збудавалі альбо рэканструявалі больш за 500 аб’ектаў. Рамантаваліся мескія гасьцініцы, мосту цераз Аршыцу, чыгуначнага і аўтамабільнага вакзалаў. У Воршы збудавалі стадыён і лазьню. Уздоўж берагу Дняпра ўтварыўся дзіцячы парк з атракцыёнамі і невялікім паўкругам. Праводзілася ўпарадкаваньне жытловага фонду цэнтру места, цэнтральнага пляцу і мескага парку, дзе праходзілі асноўныя імпрэзы сьвята. Частку старых дамоў зьнішчылі, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Воршы да сьвята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[34]. Працы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: рамонт даху ў езуіцкім калегіюме (помнік архітэктуры XVII ст.), рэканструкцыя 30-мэтровай вежы гэтага комплексу, на якой паставілі купал і гадзіньнік. Па заканчэньні працаў тут адкрыўся гістарычны музэй і бібліятэка. Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіюму будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косьці і кумпалы. За часамі СССР у гэтых будынках месьцілася вязьніца. Мяркуецца, што знойдзеныя парэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[35].

1 красавіка 2013 году Воршу пазбавілі афіцыйнага статусу гораду абласнога падпарадкаваньня і аб’ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку з Аршанскім раёнам — Аршанскі раён з адміністрацыйным цэнтрам у горадзе Воршы[36][37]. Пры гэтым Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў ліквідаваны, а яго паўнамоцтвы перададзены раённаму савету дэпутатаў[38].

Геаграфія

рэдагаваць
  Кліматычныя зьвесткі для Воршы  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C −4 −3 2 11 18 21 23 22 16 9 2 −2
Сярэдні мінімум t, °C −10 −10 −6 2 7 10 12 11 7 2 −3 −7
Норма ападкаў, мм 35 30 34 45 60 74 96 79 61 53 47 41 655
Крыніца: Клімат Воршы Праверана 4 сакавіка 2011 г.; Клімат Воршы (рас.) Праверана 4 сакавіка 2011 г.

Ворша знаходзіцца на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласьці прыкладна за 180 км на ўсход ад Менску, за 120 км на захад ад Смаленску, за 70 км на поўнач ад Магілёва і за 93 км на поўдзень ад абласнога цэнтру Віцебску. Геамарфалягічныя ўмовы тэрыторыі места характаразуюцца яго разьмяшчэньнем у межах Аршанскага ўзвышша Аршанска-Магілёўскай раўніны, і адначасна, даліны ракі Дняпра і яго прытокаў Аршыцы і Адрова. Гэтыя чыньнікі абумовілі ўзгорысты рэльеф зь вялікімі перападамі вышыняў, якія дасягаюць у заходняй частцы места 12—13 м, ува ўсходняй — 20 м. Сярэдняя вышыня над ўзроўнем мора складае каля 180 мэтраў.

Найбольш высокая частка Воршы — раён вуліцы Дамініканскай, дзе абсалютная адзнака вышыні складае 192,14 м. Больш роўная паверхня — гэта раён паміж чыгуначнымі станцыямі Ворша-Ўсходняя і Ворша-Заходняя. Агульны ўхіл тэрыторыі места ідзе ў бок рэчышчаў Дняпра, Аршыцы і Адрова, агульная даўжыня якіх у межах Воршы перавышае 6 км. Добра выражаны рэльеф практычна поўнасьцю забясьпечвае паверхневы сьцёк з тэрыторыі места. У даліне Дняпра знаходзіцца Аршанская мінэральная крыніца.

У ваколіцах Воршы растуць хваёвыя, яловыя, мяшаныя і дробналісьцевыя лясы.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVII стагодзьдзе: 1650 год — каля 5 тыс. чал.[10][39]; 1667 год — каля 1 тыс. чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1772 год — 793 чал.; 1776 год — 1700 чал.[8]
  • XIX стагодзьдзе: 1859 год — 4992 чал. (2629 муж. і 2363 жан.), у тым ліку праваслаўных 1042 муж. і 752 жан., каталікоў 152 муж. і 162 жан., юдэяў 1428 муж. і 1443 жан.; 1880 год — 5025 чал. (2606 муж. і 2419 жан.), у тым ліку 1321 праваслаўных, 220 каталікоў, 2484 юдэі[40]; 1881 год — 5025 чал.[8]; 1 студзеня 1896 году — 8338 чал. (4015 муж. і 4313 жан.), зь іх паводле веры: праваслаўных 4175, раскольнікаў 62, каталікоў 664, пратэстантаў 125, юдэяў 3231, іншых 71; паводле стану: мяшчанаў 6453, купцоў і ганаровых грамадзянаў 268, вайсковага стану 419, шляхты 245, духоўнага 161, сялянаў 722, іншых 60[41]; 1897 год — 13 161 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 14 764 чал.; 1912 год — 21 583 чал.[42]; 1923 год — 18 тыс. чал.[43]; 1939 год — 37 тыс. чал.; 1945 год — каля 3 тыс. чал.; 1959 год — 64 400 чал.; 1964 год — 79 тыс. чал..; 1970 год — 100,6 тыс. чал.; 1979 год — 111 тыс. чал.[44]; 1989 год — 123 тыс. чал.; 1995 год — 125 тыс. чал.; 2000 год — 123,9 тыс. чал.[45];
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 125 530 чал.; 2009 год — 122,2 тыс. чал.[46]Аршанскай аглямэрацыі — 139 тыс. чал.[47]) 51 нацыянальнасьці[48]; 2015 год — 116 583 чал.[49]; 2016 год — 116 552 чал.[50]; 2017 год — 115 938 чал.[51]; 2018 год — 115 052 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць
 
Кветкі ў Воршы

У Воршы працуюць 22 агульнаадукацыйныя сярэднія школы, 2 спэцыяльныя школы, 2 гімназіі, агульнаадукацыйны ліцэй (у Барані), 2 вячэрнія школы, навучальна-прамысловы камбінат (НПК), 44 дзіцячыя дашкольныя ўстановы. Сярэднюю адукацыю ў месьце атрымліваюць каля 18 тысячаў вучняў. Працуюць 3 школы мастацтваў і 5 спартовых школаў.

 
Езуіцкі калегіюм, адноўлены да Дажынак

У месьце працуюць пэдагагічны, мэханіка-эканамічны і мэдычны каледжы, каледж (былы тэхнікум) чыгуначнага транспарту, а таксама 3 ПТВ і 2 ліцэі. Найбольш значныя ўстановы:

  • Аршанскі пэдагагічны каледж — адна з найстарэйшых навучальных пэдагагічных установаў Беларусі. Яго гісторыя пачалася 11 ліпеня 1911 году, калі ўтварылася жаночая настаўніцкая сэмінарыя. У розныя часы яна звалася пэдагагічным тэхнікумам, вучэльняй, каледжам. У наш час установа мае назву «Аршанскі каледж УА „ВДУ імя П. М. Машэрава“» і зьяўляецца філіяй ВДУ імя П. Машэрава. У каледжы навучаецца 420 чалавек на 4 аддзяленьнях.
  • Аршанскі дзяржаўны мэханіка-эканамічны каледж (адкрыўся ў 1954 годзе). У ім навучаецца больш за 1500 чалавек на 6 аддзяленьнях (1 завочнае).
  • Аршанскі дзяржаўны тэхнікум чыгуначнага транспарту (працуе з 1929 году). Тут існуюць дзённае і завочнае аддзяленьні.

Дзее Аршанская філія Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ.

Мэдыцына

рэдагаваць

У Воршы дзеюць 3 паліклінікі для дарослых, 2 паліклінікі для дзяцей, 2 мескія лякарні, 1 радзільны дом, 2 жаночыя кансультацыі, 2 стаматалягічныя паліклінікі.

У канцы XX ст. у Воршы раптоўна ўзрасла колькасьць анкалягічных захворваньняў. Афіцыйныя мэдычныя ўлады ніяк не камэнтуюць гэты факт і нават замоўчваюць яго. Між тым толькі ў 2004 годзе фіксавалася 500 новых хворых на рак (у 1987 годзе такіх было менш за 100). Адна з вэрсіяў — уплыў на здароўе жыхароў Воршы радыёвыпраменьваньня ад РЛС ракетнай вайсковай часткі, якая знаходзілася амаль на мяжы места ў беспасярэдняй блізкасьці ад мікрараёнаў 1 і 2[52].

Культура

рэдагаваць
 
Брама ў цэнтры места

У Воршы дзее 10 бібліятэк: цэнтральная меская імя А. Пушкіна (заснаваная ў 1899 годзе), 3 дзіцячыя і 6 філіяў. У месьце ёсьць 2 паркі адпачынку, 6 палацаў і дамоў культуры, кінатэатар «Перамога».

Ворша — радзіма беларускага рок-гурта «Пані Хіда», некалькіх калектываў мастацкай самадзейнасьці і творчасьці.

Штогод у Воршы праходзяць літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя знакамітаму аршанцу Ўладзімеру Караткевічу.

 
Краявід места

У Воршы існуе мескі стадыён, 4 стадыёны, шмат спартовых заляў, 5 басэйнаў. У 5 ДЮСШ займаецца спортам больш за паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат.

Ворша мае свае спартовыя каманды:

  • Валейбольны клюб «Узьлёт» (мужчыны)
  • Футбольны клюб «Ворша» (мужчыны)
  • Хакейны клюб «Лякаматыў» (мужчыны)
  • Футзальны клюб «Вітэн» (мужчыны)

Раней існаваў жаночы гандбольны клюб «Ворша». З Воршы паходзяць срэбны (1994) і бронзавы (1988) прызэр Алімпійскіх гульняў Ігар Жалязоўскі (канькабежны спорт), 3-разовая чэмпіёнка сьвету Людміла Бядрыцкая (барацьба самба), чэмпіён сьвету Ігар Сумнікаў (роварны спорт), бронзавая (2015) прызэрка чэмпіянату сьвету Аліна Талай (лёгкая атлетыка).

Мас-мэдыя

рэдагаваць

У Воршы працуюць «Аршанскае радыё» (5 разоў на тыдзень, апроч серады і нядзелі) і тэлеканал «Скіф» (штодзённая трансьляцыя ідзе з 1992 году), выдаюцца газэты:

  • «Аршанская газета». Грамадзка-палітычнае выданьне, заснаванае ў 1917 годзе. Заснавальнік і выдавец — аршанскія мескія ўлады (Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў, Аршанскі раённы савет дэпутатаў, Аршанскі гарадзкі выканаўчы камітэт, Аршанскі раённы выканаўчы камітэт). Выдаецца ў аб’ёме 20 палосаў 3 разы на тыдзень, зь якіх 12 палосаў — у суботу. Наклад — у аўторак і чацьвер — 5447, у суботу — 6951 экзэмпляр. Рэгіён распаўсюджваньня — Ворша і Аршанскі раён.
  • «Трыбуна тэкстыльшчыка», заснаваная ў 1934 годзе. Заснавальнік — адміністрацыя РУП ВГП «Аршанскі ільнокамбінат». Выдаецца 1 раз на месяц. Наклад — 2000 экзэмпляраў. Распаўсюджваецца задарма.
  • «Телеком-экспрес», заснаваная 23 траўня 1994 году. Заснавальнік і выдавец — ТАА «Тэлеком-Гарант». Выдаецца ў аб’ёме 24 паласы штотыднёва ў чацьвер. Наклад газэты — 17 000 — 19 000 экзэмпляраў. Рэгіён распаўсюджваньня — Ворша, Аршанскі раён, Дуброўна, Дубровенскі раён, Талачын, Талачынскі раён.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Астроўскага вуліца Пацыянаўская вуліца (каля кляштару)[b]
Камсамольская вуліца (з 1925) Магілёўская вуліца
Карла Маркса вуліца Зялёная вуліца
Леніна вуліца (з 1925) Бабінавіцкая вуліца[53] Пецярбурская вуліца
Петраградзкая вуліца
Міра вуліца Красная вуліца[54] Вуліца Сталіна.
Пралетарская вуліца (з 1925) Шляхецкая вуліца[55]
Першая Слабадзкая вуліца[56]
Савецкая вуліца Магілёўская вуліца (частка)
Вакзальная вуліца (частка)
Францішка Скарыны вуліца Ільлінская вуліца
Чарняхоўскага вуліца (з 1945) Вясёлая вуліца
Энгельса вуліца Гараднянская вуліца
? Дубровенская вуліца
? Рынак пляц
? Смаленская вуліца

З урбананімічнай спадчыны Воршы да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Васкрасенская, Дамініканская і Замкавая.

Мясцовасьці

рэдагаваць

Гістарычныя мясцовасьці Воршы: Зааршыньне (Зааршынны пасад), Задняпроўе, прадмесьце Куцейна (Куцеінская слабада), Ільлінская слабада, Надняпроўе (Надняпроўскі пасад).

Эканоміка

рэдагаваць

Ворша — буйны прамысловы цэнтар Беларусі. У месьце працуе 25 прадпрыемстваў машынабудаваньня, мэталаапрацоўкі, лёгкай прамысловасьці, будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы мясной, малочнай і харчовай галінаў вытворчасьці.

Найбольшае прадпрыемства места — РУП ВГП «Аршанскі льнокамбінат» (заснаваны ў 1930 годзе). Ягоная доля ў мескай вытворчасьці складае прыкладна 50%. Камбінат зьяўляецца адзіным у Беларусі і найбуйнейшым у краінах СНД прадпрыемствам вытворчасьці ільняных тканінаў і вырабаў зь іх.

Найстарэйшым прадпрыемствам Воршы зьяўляецца РУПП «Станкабудаўнічы завод „Чырвоны барацьбіт“», заснаваны ў 1900 годзе.

Транспарт

рэдагаваць
   
Чыгуначная станцыя Ворша ў пач. XX ст. (налева) і ў наш час (па перабудове савецкімі ўладамі, направа)

Ворша — буйны транспартны і найперш чыгуначны вузел Беларусі.

Аршанскі чыгуначны вакзал знаходзіцца на ўскраіне места. З Воршы адыходзяць цягнікі ў 6 кірунках, асноўныя зь якіх: Масква — Бэрлін, Санкт-Пецярбург — Кіеў. Першая чыгунка Смаленск — Берасьце прайшла праз Воршу ў 1871 годзе. У 1902 годзе пачаўся рух на чыгунцы Новасакольнікі — Жлобін, у 1923 годзе адкрылася лінія Ворша — Крычаў, а ў 1927 годзе — Ворша — Лепель. Праз Аршанскі чыгуначны вузел праходзяць 85 пасажырскіх цягнікоў і адыходзяць 66 мясцовых.

 
Аўтамагістраль Берасьце — Масква (М1, E30) пад Воршай

У склад Аршанскай філіі Беларускай чыгункі ўваходзяць лякаматыўнае і вагоннае дэпо. Аршанская чыгунка мае рэйказварачны цягнік і рамонтны цягнік дзеля ліквідацыі вынікаў аварыяў на чыгунцы.

Ворша знаходзіцца на перакрыжаваньні аўтамабільных шляхоў на Менск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель. Аўтавакзал месьціцца ў цэнтры места. Таксама працуюць 2 аўтакасы. З Воршы адыходзяць прымескія і міжмескія аўтобусныя маршруты ў кірунках на Горкі, Магілёў, Дуброўна, Віцебск, Менск.

Грамадзкі транспарт улучае 16 мескіх аўтобусных маршрутаў. Значную частку пасажыраў абслугоўваюць мікрааўтобусы ў якасьці маршрутных таксі. Доля маршрутных таксі ў пасажырскіх перавозках Воршы складае 40%.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

Ворша — цэнтар турызму нацыянальнага значэньня, уваходзіць у турыстычны маршрут «Абаронцы і вызваліцелі Віцебскага краю»[57].

Спыніцца можна ў гасьцініцы «Ворша», санаторыі-прафілякторыі Аршанскага льнокамбінату, турыстычна-аздараўленчым прыватным УП «Ворша».

У месьце дзеюць Аршанскі мэмарыяльны музэй К. Заслонава, Аршанскі музэй гісторыі і культуры места, Аршанскі музэй У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музэй «Млын», Аршанскі музэй драўлянай скульптуры разьбяра С. Шаўрова, меская выстаўная заля.

Славутасьці

рэдагаваць

На тэрыторыі Воршы знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня — агаленьне горных пародаў «Ворша».

Апроч таго, статус гістарычна-культурных каштоўнасьцяў маюць мост цераз замкавы роў (1902 год), культурны пласт уздоўж вуліцы Менскай, культурны пласт пасаду Зааршыньня (у бок заводу «Чырвоны барацьбіт»), падмурак царквы Покрыва Багародзіцы пры базылянскім манастыры[58].

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Пры рэканструкцыі Воршы напярэдадні фэсту «Дажынкі» (2004—2008 гады) мескія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, зьнішчылі некалькі будынкаў — помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх дом №19 на вуліцы Менскай (уваходзіў у Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, помнік грамадзянскай архітэктуры апошняй чвэрці XVIII ст.)[60], драўляны будынак XIX ст. (колішні Дом рамёстваў)[61], афіцына езуіцкага кляштару — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, прывакзальны гатэль канца ХІХ ст., чыгуначная школа 1905 году пабудовы, частка жылога корпусу Куцеінскага манастыра (XVII—XVIII стагодзьдзі)[62].

Месты-сябры

рэдагаваць
Пералік местаў-сяброў Воршы

Нарадзіліся ў Воршы:

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[24] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[25]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  2. ^ Плян Трынітарскага кляштару 1835 году
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Купава М. Рамантычная загадка беларускай культуры // «Наша Вера» № 1(7), 1999.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 273.
  4. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. У 2 кн.
  5. ^ Іскрык В., Саўка З. (16 студзеня 2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВПраверана 9 чэрвеня 2011 г.
  6. ^ Вячорка В. Пад чым гетман Астроскі перамог 80000 маскавітаў?*, Радыё Свабода, 7 верасьня 2017 г.
  7. ^ Шынкевіч А. Орша // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 357.
  8. ^ а б в г Шынкевіч А. Орша // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 358.
  9. ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 354.
  10. ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 379.
  11. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 233.
  12. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 210.
  13. ^ Сборник Императорского русского исторического общества. Т. 71. — СПб., 1892. С. 47.
  14. ^ Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. 4. — М., 1912. С. 291.
  15. ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 2. — СПб., 1841. С. 123.
  16. ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 2. — СПб., 1841. С. 259.
  17. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 99.
  18. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 215.
  19. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 347.
  20. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 401.
  21. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 434.
  22. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск, 2000. С. 49.
  23. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск, 2000. С. 56.
  24. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  25. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  26. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 131.
  27. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 139.
  28. ^ Oliančyn D. Aus dem Kultur- und Geistesleben der Ukraine // Kyrios. Vierteljahresschrift für Kirchen- und Geistesgeschichte Osteuropas. Bd. 2, 1937. S. 270.
  29. ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
  30. ^ Asuncion A. Diccionario de escritores Trinitarios de Espana y Portugal. T. 2. — Roma, 1899. P. 531, 546, 567.
  31. ^ Корбут В. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона
  32. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  33. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  34. ^ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов (рас.). БелТА (14 лютага 2008 г.). Архіўная копія ад 15 лютага 2008 г.
  35. ^ Граблевский О. (24 ліпеня 2008) И дожинки, и докопки (рас.). Bulletinonline.orgПраверана 24 жніўня 2013 г.
  36. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр» (рас.) (pdf). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Праверана 7 лютага 2016 г.
  37. ^ Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 10. Віцебская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2018. — 696 с.: іл. ISBN 978-985-11-1062-5. С. 56
  38. ^ Полномочия Оршанского и Полоцкого городских советов депутатов переданы райсоветам // БелаПАН. (18 лютага 2013).
  39. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 86.
  40. ^ Krzywicki J. Orsza // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 598.
  41. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  42. ^ Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1. С. 201.
  43. ^ Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  44. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  45. ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 450.
  46. ^ Статыстычны весьнік Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь «Колькасьць насельніцтва РБ на 1 студзеня 2009 году» (рас.) Архіўная копія ад 11 ліпеня 2009 г.
  47. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек. «Наша Ніва» (26 сакавіка 2009). Архіўная копія ад 6 красавіка 2009 г.
  48. ^ Орша (рас.). Витебский облисполкомПраверана 3 лістапада 2010 г. Архіўная копія ад 27 мая 2010 г.
  49. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  50. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  51. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  52. ^ «В Орше тысячи людей умирают от рака» // «БДГ. Деловая газета», 20 студзеня 2006.
  53. ^ Русецкі Ю. А. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X — XIX стагоддзі. — Менск: БелЭн, 2002. С. 125.
  54. ^ Шинкевич А.Н. Очерки о земле Оршанской. — Барань, 2013. С. 65.
  55. ^ Агеева Е. Откуда берутся названия улиц?(недаступная спасылка) // «Аршанская газета», 25 красавіка 2010
  56. ^ Шинкевич А.Н. Очерки о земле Оршанской. — Барань, 2013. С. 67.
  57. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  58. ^ Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 жніўня 2009 г. № 1088. [1]
  59. ^ Інэса Слюнькова. Базыльянскія кляштары на Беларусі. // Полымя : часопіс. — 1993. — № 5. — С. 235, 236. — ISSN 0130=8068.
  60. ^ У Воршы руйнуюць гістарычны будынак // «Радыё Свабода», 21 сакавіка 2008.
  61. ^ Помнік архітэктуры — ахвяра «Дажынак» // «Радыё Свабода», 1 жніўня 2008.
  62. ^ Аршыца Ю. Орша: чыноўнікі супраць гістарычнай спадчыны // «Народныя навіны Віцебска», 28 сьнежня 2007.

Літаратура

рэдагаваць
  • Аршанскі краязнаўчы зборнік / уклад. В. Лютынскі. — Ворша, 1997. — № 2. — 48 с.
  • Асіноўскі С. Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі — Менск, 1997. — 428 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 1999. — 384 с.: іл. ISBN 985-11-0156-7.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. У 2 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2000. — 528 с. ISBN 985-11-0170-2.
  • Русецкі Ю. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X — XIX стагоддзі. — Менск: БелЭн, 2002.
  • Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1.
  • Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  • Шынкевіч А. Аршанская даўніна. — Менск, 1992. — 141 с.
  • Шынкевіч А. Аршаншчына: спадчына мінулага. — Ворша, 1997. — 68 с.
  • Шынкевіч А. Падарожжа па Дняпры. Аршанскі гарадскі фонд аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Ворша, 1994. — 40 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
  • Яршоў І. Вежы над Дняпром. — Ворша, 1996. — 255 с.
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Orsza. // Encyklopedyja Powszechna. — Warszawa: Nakład, druk i własność S.Orgelbranda, Księgarza i Typografa, 1865. — Т. 20 (Optymacl — Polk.). — С. 70, 71.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
  • Левко О. Средневековая Орша и ее округа: историко-археологический очерк. — Орша, 1993. — 52 с.
  • Мацкевич Д. И. Путевые заметки. — Киев: Университетская типография, 1856. — С. 231—239. — 307 с.
  • Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
  • Шинкевич А. Н. Очерки о земле Оршанской Природа, история, народные предания, старина. — Барань, 2013. — 844 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць