Гісторыя Воршы
Ворша — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі магілёўскага барока комплекс Куцеінскага Богаяўленскага манастыра з царквой Сьвятой Тройцы, барокавыя езуіцкі калегіюм, манастыр базылянаў, кляштары бэрнардынаў, трынітарыяў і францішканаў, барокава-клясыцыстычны дамініканскі касьцёл Сьвятога Язэпа, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся мураваны замак[1], касьцёлы Сьвятога Міхала Арханёла (езуіцкі) і Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (бэрнардынскі), помнікі архітэктуры XV—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі. Значную частку мясцовых славутасьцяў зьнішчылі за савецкімі часам: комплекс Куцеінскага Прачысьценскага манастыра ў стылі магілёўскага барока, касьцёлы Сьвятога Антонія (францішканскі) і Найсьвяцейшай Тройцы (трынітарскі), цэрквы Раства Багародзіцы, базылянскую Покрыва Багародзіцы (віленскае барока) і могілкавую Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў.
Раньнія часы
рэдагавацьДзядзінец старажытнай Воршы (плошча 0,57 га) разьмяшчаецца ў пры ўтоку ракі Аршыцы ў Дняпро, дзе археолягі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[2]. Як адзін з памежных фарпостаў на ўсходных рубяжах Полацкай зямлі Ворша ўзьнікла, імаверна, каля 1021 году, калі князь кіеўскі Яраслаў Мудры саступіў князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Ўсьвяты[3].
Першы пісьмовы ўпамін пра Воршу (пад назвай Ръша) месьціцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуецца 1067 годам: 10 ліпеня сюды прыехаў Усяслаў Чарадзей на перамовы з кіеўскімі князямі, аднак яны парушылі існыя дамоўленасьці і ўзялі полацкага князя ў палон. Згодна зь зьвесткамі археалягічных раскопак, у тыя часы на месцы Воршы існавала невялікае паселішча, якое ўзьнікла на Шляху з варагаў у грэкі.
Паміж 1101 і 1116 гадамі князь менскі Глеб Усяславіч збудаваў тут фартэцыю. Адначасна мусіла вырасьці і места. З XII ст. — у складзе Смаленскага княства[4], якое атрымала Воршу з ваколіцамі ў абмен за падтрымку палітыкі кіеўскіх князёў супраць Менскага княства. Навакольле працягвала захоўвацца ў складзе Смаленскага княства, хоць пад пачатак ХІІІ ст. мясьціна выступае як частка Друцкага княства — удзелу Полацкае зямлі. У XIII ст. у сваім маёнтку каля Воршы жыў князь Андрэй Кабыла, далёкім нашчадкам якога (паводле меркаваньня М. Карамзіна і У. Караткевіча) быў маскоўскі гаспадар Міхаіл Фёдаравіч — заснавальнік дынастыі Раманавых.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗ пачатку княжаньня ў Віцебску Альгерда (1320 год) Ворша далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[5] як цэнтар намесьніцтва ў Віцебскім княстве. Да далучэньня да ВКЛ места з навакольлем знаходзілася, відаць, у складзе Друцкага княства, хоць пазьнейшыя палітычныя падзеі паказваюць на знаходжаньне места ў складзе Віцебскага княства. З ініцыятывы вялікага князя ў першай палове XIV ст. вакол места ўзьвялі абарончыя ўмацаваньні, а ў 1398—1407 гадох ужо на загад Вітаўта тут збудавалі мураваны замак. Па 1392 годзе у рамках сваёй цэнтралізатарскае палітыкі Вітаўт, скарыстаўшыся сьмерцю віцебскае княгіні Ўльяны, даслаў у Віцебскую зямлю намесьніка, у зьвязку з чым у месьце ўзьнік мяцеж у падтрымку Сьвідрыгайлы, які намагаўся захапіць уладу ў Віцебскай зямлі. Нягледзячы на супраціў месьцічаў, мяцеж быў здушаны. У пазьнейшых актах да адміністрацыйнае рэформы 1564—1566 гадоў места выступае як цэнтар аднайменнага павету (намесьніцтва). У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Ворша значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве (15.7.1410). З дакумэнтаў XV ст. вядома, што ў месьце дзеяла мытня.
У часе фэўдальнае вайны між прэтэндэнтамі на вялікае княжаньне літоўскае, Жыгімонтам Кейстутавічам і Сьвідрыгайлам, па зрынаньні апошняга Ворша падтрымала Сьвідрыгайлу. Каля 1434 году места пацярпела ў выніку пасьпяховае выправы сына Жыгімонта Кейстутавіча Міхаіла, але ўзятае не было («Хроніка Быхаўца», аднак, аспрэчвае гэтыя зьвесткі).
У вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) непадалёк ад Воршы 8 верасьня 1514 году адбылася адна з найбольшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Эўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэтую перамогу ў 1520—1530-я гады невядомы мастак напісаў першую ўва Ўсходняй Эўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музэі Польшчы). Яе копію можна пабачыць у Аршанскім дамініканскім касьцёле. Апроч таго, слава гэтай перамогі ўслаўляецца ў беларускай народнай песьні: «Слава Воршы ўжо ня горша сярод мест літоўскіх»[6].
У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзяяч Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў у Воршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі закон кальвіністаў. Неўзабаве аршанцы стварылі праваслаўнае брацтва, зацьверджанае вялікім князем Жыгімонтам Вазам у 1592 годзе, а ў 1649 годзе ў месьце пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.
У 1558 годзе М. Струбіч надрукаваў мапу «Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», на якой упершыню значылася Ворша. У наступным 1559 годзе места атрымала частковае самакіраваньне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасьціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У XVI ст. праз Воршу прайшоў буйны гандлёвы шлях — Вялікі галоўны гасьцінец, места стала сталіцай Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У 1573 годзе ў Воршы зьявіліся езуіты, якія пры дапамозе Льва Сапегі ў 1616 годзе адкрылі тут свой калегіюм. З 1740 году калегіюм меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філязофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, лёгіку. Пры калегіюме працавала музычная бурса і школьны тэатар. Аршанскі калегіюм езуітаў дзеяў да 1820 году.
23 лістапада 1593 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Воршы грамату аб мескім органе самакіраваньня, а 13 сьнежня 1620 году места атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж»[7] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). 3 траўня 1621 году афіцыйна зацьвердзілі Аршанскі мескі статут. Атрымаўшы Магдэбурскае права, месьцічы збудавалі ратушу і гандлёвыя рады. Ратуша была зь вежай, гадзіньнікам і вялікім звонам. У ёй праходзілі паседжаньні магістрату і суду.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Воршы і ваколіцаў ліцьвінамі: «приехал к ним из Литвы литвин Илья Григорьев, а привез к ним от оршинского наместника… грамоту» (1562 год)[8], «…встретили нас на рубеже 2 литвина оршане, дети боярские, Свирид Пищалов да Юрья Залуский» (1606 год)[9], «…к литвину к оршанину к Грише Полтеву…» (1608 год)[10], «…у литвина у оршенина у Исачка Ермолина…» (1609 год)[11], «Аршанского повету <…> литвин шляхтич Семен Судовский» (1614 год)[12], «литвин Александр Лукомский… Аршанского повету, шляхтич» (1627 год)[13], «литвин Корнейко Круковский, уроженец Оршанского повету, шляхтич белоруские веры»[14], «литвин — сказался роженец де он Оршанской, а зовут де его Гришкою, прозвище Жакович», «литвин Гришка Романов… Оршанского повету, шляхецкий сын»[15], «литвин Степанко Глинский… шляхтич… Оршанского повету»[16] (усе 1632 год), «Комазов Федор Петров… литвин… Оршанского повета»[17], «Мацулин Яска… литвин… Оршанского повету»[18] (абодва 1635 год), «…в роспросе сказались: Игнашко Григорьев, родом он литвин[a] Оршанского повету»[21], «литвин <…> в роспросе сказался: Савастьяном зовут Иванов // Оршанского повету из-ыменья пана Казимеря Сапеги из Белынич»[22] (абодва 1636 год). У матрыкуле Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту пад 1713 годам значыцца Steph. Skrzebien, Litvanus, Orsensis, а пад 1729 годам — Joh. Boreyko et Stan. Czeczel, Litvani, Orsensis[23]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значыцца Lucas Suttovitz Lithvanus ex districtu Orsensi (1711—1714 гады)[24]. Паводле каталёгу ордэну трынітарыяў у Рэчы Паспалітай (1785 год), Jesu Ordyniec… Lithuanus, in districtu Orsanensi natus… Maria Wolknaowski… Lithuanus, in districtu Orsensi natus… Trinitate Espmont… Lithuanus, in districtu Orsanensi natus[25].
У XVI—XVIII стагодзьдзях у Воршы вялося маштабнае сакральнае будаваньне: касьцёл (1604 год) і калегіюм (1609 год), касьцёлы і кляштары бэрнардынаў (1636 год), дамініканаў (1649 год), францішканаў (1680 год), базылянаў (1758 і 1774 гады), трынітарыяў (1714 год), Куцеінскі Прачысьценскі манастыр (1631 год), царква Сьвятога Ільлі (1505 год), касьцёл Сьвятога Антонія (1680 год) і іншыя.
У XVII ст. Ворша стала адным з мастацкіх цэнтраў Беларусі; тут працавалі вядомыя разьбяры, цесьляры, ювэліры, бройнікі і мастакі. У 1630—1655 гадох пры Куцеінскім манастыры дзеяла друкарня асьветніка Сьпірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кнігаў на кірыліцы. Наклад некаторых выданьняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь».
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскае войска зруйнавала Воршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданьні палёгак месту ў зьвязку з ваеннымі спусташэньнямі.
У XVII—XVIII стагодзьдзях Ворша мела аблічча манастырскага места. Амаль палову яе земляў займалі кляштары і манастыры, частка зь якіх знаходзілася па-за межамі места. 11 кляштараў і манастыроў зь велічнымі вежамі касьцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Воршы асабліва ўзьнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жыльля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага места такое архітэктурнае спалучэньне было рэдкай адметнасьцю.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам Аршанскай правінцыі (з 1802 году — павету) Магілёўскай губэрні. У 1776 годзе расейскія ўлады пазбавілі места Магдэбурскага права[3]. У гэты час тут было 309 будынкаў. У 1778 годзе зьявіўся праект пераплянаваньня Воршы, які прадугледжваў рэгуляваньне вулічнай сеткі, узбуйненьне кварталаў, стварэньне непадалёк ад цэнтру новага пляцу з гасьціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 году месту даравалі новы расейскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расеі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл». У 1812 годзе ў Воршы выявілі ўнікальны помнік пісьменнасьці — «Аршанскае Дабравесьце», якое датуецца XII—XIII стагодзьдзямі.
У вайну 1812 году французы занялі Воршу і пры адступленьні спалілі яе. Мескім інтэндантам ў час францускага панаваньня быў Анры Бэйль[26], пазьней ужо вядомы як францускі пісьменьнік Стэндаль. За часамі вайны ў Воршы збудавалі 2 масты цераз Дняпро. Новы плян забудовы места зацьвердзілі толькі ў 1848 годзе.
28 жніўня 1863 году згодна з выракам расейскага ваеннага суду ў Воршы расстралялі І. Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзелу, які дзеяў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады зачынілі ўсе кляштары, а большасьць касьцёлаў перадалі Маскоўскаму патрыярхату для перабудовы пад цэрквы з мэтай маскалізацыі краю.
У 1880 годзе ў Воршы працавала 5 навучальных установаў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў). З 1881 году пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракою да Магілёва. У гэты час у Воршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крамаў. У пачатку 1890 году ў месьце працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных установаў (657 вучняў у 1894 годзе), лякарня, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869 год) і меская публічная бібліятэка (1899 год), з 1906 году — рэальная вучэльня, з 1911 году — жаночая настаўніцкая сэмінарыя. З 1915 году выдавалася газэта «Оршанский вестник».
У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Воршы апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі мэханічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У месьце вялася здабыча вапняку. Ворша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеньнікі». На рацэ Дняпро працавала прыстань, якая мела вялікае значэньне ў жыцьці места. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым — кастрычніку 1918 году Воршу займалі нямецкія войскі. У 1917—1920 гадох у месьце дзеялі органы і арганізацыі розных палітычных сілаў.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ворша абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце дзеялі рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты і рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[27]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай першага зьезду КП(б) Беларусі Ворша ўвайшла ў склад Беларускай ССР[28], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. Толькі ў 1924 годзе ў выніку ўзбуйненьня БССР Ворша вярнулася ў склад Беларусі, дзе стала цэнтрам Аршанскай акругі (з 1930 году — раёну). З 1938 году — у Віцебскай вобласьці.
14 ліпеня 1941 году, у часы Другой Сусьветнай вайны, савецкая армія пасьпяхова ўжыла каля Воршы новую зброю — устаноўку залпавых стрэлаў «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюшаў» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 году Воршу занялі войскі Трэцяга Райху. У часы акупацыі існавала група партызанаў-падпольнікаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзеяла ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 году. Па сакавіку таго ж году К. Заслонаў мусіў схавацца ў лесе ад перасьледу нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваёй дзейнасьці; партызан загінуў 14 лістапада 1942 году. 27 чэрвеня 1944 году Воршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту.
У 1950—1970-я гады савецкія ўлады зьнішчылі царкву Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, царкву Раства Багародзіцы, францішканскі касьцёл Сьвятога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя помнікі сакральнай архітэктуры, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVII—XX стагодзьдзяў. На месцы старажытнага места паўстала пустэча.
11 сакавіка 1971 году савецкія ўлады зацьвердзілі новы савецкі герб Воршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі. У чэрвені 1984 году за мужнасьць і стойкасьць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Воршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
1 сакавіка 2010 году пасёлак Лясны перайшоў у адміністрацыйнае падпарадкаваньне Аршанскага гарадзкога савету і ўвайшоў у склад Воршы[29].
19 верасьня 2008 году ў Воршы прайшоў штогадовы фэстываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да фэсту места значна ўпарадкавалі. Агулам збудавалі альбо рэканструявалі больш за 500 аб’ектаў. Рамантаваліся мескія гасьцініцы, мосту цераз Аршыцу, чыгуначнага і аўтамабільнага вакзалаў. У Воршы збудавалі стадыён і лазьню. Уздоўж берагу Дняпра ўтварыўся дзіцячы парк з атракцыёнамі і невялікім паўкругам. Праводзілася ўпарадкаваньне жытловага фонду цэнтру места, цэнтральнага пляцу і мескага парку, дзе праходзілі асноўныя імпрэзы сьвята. Частку старых дамоў зьнішчылі, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Воршы да сьвята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[30]. Працы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: рамонт даху ў езуіцкім калегіюме (помнік архітэктуры XVII ст.), рэканструкцыя 30-мэтровай вежы гэтага комплексу, на якой паставілі купал і гадзіньнік. Па заканчэньні працаў тут адкрыўся гістарычны музэй і бібліятэка. Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіюму будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косьці і кумпалы. За часамі СССР у гэтых будынках месьцілася вязьніца. Мяркуецца, што знойдзеныя парэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[31].
1 красавіка 2013 году Воршу пазбавілі афіцыйнага статусу гораду абласнога падпарадкаваньня і аб’ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку з Аршанскім раёнам — Аршанскі раён з адміністрацыйным цэнтрам у горадзе Воршы[32][33]. Пры гэтым Аршанскі гарадзкі савет дэпутатаў ліквідаваны, а яго паўнамоцтвы перададзены раённаму савету дэпутатаў[34].
Галерэя
рэдагавацьАгульны выгляд
рэдагаваць-
да 1900 г.
-
да 1900 г.
-
1904 г.
-
1904 г.
-
1914 г.
-
1918 г.
Куцеінскія манастыры
рэдагаваць-
Прачысьценскі, 1910 г.
-
Прачысьценскі, да 1918 г.
-
Прачысьценскі, да 1918 г.
-
Яўленскі, 1905 г.
-
Яўленскі, 1909 г.
-
Яўленскі, да 1918 г.
Базылянскі манастыр
рэдагаваць-
1905 г.
-
1909 г.
-
1909 г.
-
1909 г.
-
1913 г.
-
1913 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1941 г.
-
1942 г.
Дамініканскі кляштар
рэдагаваць-
1910 г.
-
1913 г.
-
да 1918 г.
-
да 1945 г.
Трынітарскі кляштар
рэдагаваць-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1950 г.
Францішканскі кляштар
рэдагаваць-
1913 г.
-
да 1950 г.
-
да 1950 г.
-
1939 г.
-
1939 г.
-
да 1930 г.
Царква Раства Багародзіцы
рэдагаваць-
1907 г.
-
1914 г.
-
1914 г.
-
1904 г.
-
да 1918 г.
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
рэдагаваць-
1941 г.
-
да 1950 г.
-
да 1950 г.
Царква Сьвятога Ільлі
рэдагаваць-
1904 г.
-
1904 г.
-
1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
Чыгуначная станцыя
рэдагаваць-
1880-я гг.
-
1903 г.
-
1904 г.
-
1909 г.
-
да 1911 г.
-
1911 г.
-
1912 г.
-
да 1918 г.
Вуліцы і пляцы
рэдагаваць-
Бабінавіцкая
-
Бабінавіцкая
-
Бабінавіцкая
-
Магілёўская
-
Магілёўская
-
Магілёўская
-
Рынак
-
Рынак
-
Слабадзкая
-
Слабадзкая
Іншае
рэдагаваць-
Замчышча
-
Рэальная вучэльня
-
Дняпро
-
Жаночая гімназія
-
Жаночая гімназія
-
Мескі тэатар
-
Управа
-
Управа
-
Управа
-
Надняпроўе
-
Надняпроўе
-
Пошта
-
Задняпроўе
-
Задняпроўе
-
Сынагога
-
Сынагога
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[19] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[20]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Купава М. Рамантычная загадка беларускай культуры // «Наша Вера» № 1(7), 1999.
- ^ Шынкевіч А. Орша // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 357.
- ^ а б Шынкевіч А. Орша // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 358.
- ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 354.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 379.
- ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 233.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 210.
- ^ Сборник Императорского русского исторического общества. Т. 71. — СПб., 1892. С. 47.
- ^ Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. 4. — М., 1912. С. 291.
- ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 2. — СПб., 1841. С. 123.
- ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 2. — СПб., 1841. С. 259.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 99.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 215.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 347.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 401.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 434.
- ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск, 2000. С. 49.
- ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск, 2000. С. 56.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 131.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 139.
- ^ Oliančyn D. Aus dem Kultur- und Geistesleben der Ukraine // Kyrios. Vierteljahresschrift für Kirchen- und Geistesgeschichte Osteuropas. Bd. 2, 1937. S. 270.
- ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
- ^ Asuncion A. Diccionario de escritores Trinitarios de Espana y Portugal. T. 2. — Roma, 1899. P. 531, 546, 567.
- ^ Корбут В. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Указ президента Республики Беларусь от 01.03.2010 г. №124 «О некоторых вопросах административно-территориального устройства г. Орши и Оршанского района»
- ^ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов (рас.). БелТА (14 лютага 2008 г.). Архіўная копія ад 15 лютага 2008 г.
- ^ Граблевский О. (24 ліпеня 2008) И дожинки, и докопки (рас.). Bulletinonline.org. Праверана 24 жніўня 2013 г.
- ^ Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр» (рас.) (pdf). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Праверана 7 лютага 2016 г.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 10. Віцебская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2018. — 696 с.: іл. ISBN 978-985-11-1062-5. С. 56
- ^ Полномочия Оршанского и Полоцкого городских советов депутатов переданы райсоветам, БелаПАН, 18 лютага 2013 г.
Літаратура
рэдагаваць- Аршанскі краязнаўчы зборнік / уклад. В. Лютынскі. — Ворша, 1997. — № 2. — 48 с.
- Асіноўскі С. Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі / С. М. Асіноўскі. — Менск, 1997. — 428 с.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 1999. — 384 с.: іл. ISBN 985-11-0156-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. У 2 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2000. — 528 с. ISBN 985-11-0170-2.
- Русецкі Ю. А. Мастацкая культура Аршанскай зямлі ў канцы X—XIX стагоддзі. — Менск: БелЭн, 2002.
- Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн. : Беларусь, 2001. — 256 с. : ил. — ISBN 985-01-0353-1.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Шынкевіч А. Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. — Менск, 1992. — 141 с.
- Шынкевіч А. Аршаншчына: спадчына мінулага / А. Шынкевіч. — Ворша, 1997. — 68 с.
- Шынкевіч А. Падарожжа па Дняпры. Аршанскі гарадскі фонд аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Ворша, 1994. — 40 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Яршоў І. Вежы над Дняпром / І. А. Яршоў. — Ворша, 1996. — 255 с.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat. — Warszawa, 1886.
- Левко О. Средневековая Орша и ее округа: историко-археологический очерк / О. Левко. — Орша, 1993. — 52 с.
- Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
- Шинкевич А. Н. Очерки о земле Оршанской Природа, история, народные предания, старина. — Барань, 2013. — 844 с.