Глеб Усяславіч
Глеб Усяславіч, Глеб Менскі (? — 13 верасьня 1119, Кіеў) — князь менскі (1101—1119). Сын Усяслава Чарадзея, родапачынальнік менскай галіны Рагвалодавічаў.
Глеб Усяславіч Глеб Менскі Вялікі | |
![]() | |
Выява Глеба Менскага на манэце НББ | |
Князь менскі | |
1101 — 1119 | |
Папярэднік | Усяслаў Чарадзей |
Наступнік | Расьціслаў Глебавіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | каля 1070 |
Памёр | 13 верасьня 1119, Кіеў |
Нашчадкі | |
Дынастыя | Рагвалодавічы |
Жонка | Анастасія Яраполкаўна, дачка ўладзімера-валынскага князя Яраполка Ізяславіча |
Бацька | Усяслаў Чарадзей |
БіяграфіяРэдагаваць
Сын Усяслава Брачыславіча Чарадзея, верагодна, другі па старшынстве пасьля Барыса Ўсяславіча. Па адной з вэрсіяў, у 1073 року Глеб, верагодна, быў заручаны з дачкой уладзімера-валынска князя Яраполка Ізяславіча — Анастасіяй, за якой, магчыма, і атрымаў Менск[5], які пасьля сьмерці бацькі (1101) стаў яго ўдзелам. Па іншай жа, больш праўдападобнай вэрсіі, шлюб адбыўся ў 1090 року, пры гэтым Менск належаў полацкаму княству.
Перад сьмерцю Ўсяслаў Чарадзей падзяліў Полацкае княства на ўдзелы, Глеб атрымае Менскае княства. Глеб імкнуўся пашырыць свой удзел і амаль адразу па сьмерці бацькі пачаў вайну з братамі — выгнаў Давыда і, магчыма, Рамана. У 1104[6]/1105 року да Менску прыйшло аб’яднанае войска рускіх князёў — вялікі князь кіеўскі Сьвятаполк накіраваў супраць Глеба ваяводу Пуцяту, Уладзімер Усеваладавіч свайго сына Яраполка, чарнігаўскі князь Алег Сьвятаславіч хадзіў сам і прывёў з сабой глебавага брата Давыда Ўсяславіча. Мэтай, верагодна, было вяртаньне Давыду ўдзела[7]. Аднак паход на Менск ня меў посьпеху, болей за тое Глеб далучыў да сваіх уладаньняў землі па берагах Дняпра, дзе пабудаваў крэпасьці ў Воршы і Копысі і іншых гарадах[8]. Таксама Глеб далучыў да Менску Друцк[9]. У 1106 року Глеб удзельнічаў у паходзе на балцкае племя земгалаў. Як сьведчаць легенды, у 1114 року Глеб зьдзейсьніў набег на Літву, Жывібунд II з Даўспрунгаў адбіў набег на Літву Глеба, пасьля чаго напаў на Менскае княства, разруйнаваў яго й спаліў горад Менск.
Па сьмерці Сьвятаполка (16 траўня 1113), вялікім князем кіеўскім быў абраны Ўладзімер Усеваладавіч — асноўны праціўнік Сьвятаполка й Глеба, які разыходзіўся зь імі па многіх пытаньнях рускай унутранай палітыкі, у тым ліку пра спадчыну стальцоў. Абвастрэньне канфлікту было непазьбежным. У 1116 року Глеб напаў на зямлю дрыгавічоў і спаліў горад Слуцак, які належаў непасрэдна Ўладзімеру. Уладзімер, быццам угаворваў Глеба вырашыць пытаньні мірам, але Глеб быццам не хацеў прызнаваць сябе вінаватым і абвінавачваў ва ўсім самога Ўладзімера. На Менскае княства быў накіраваны ўдар шматлікага войска з трох бакоў. Смаленскі князь Вячаслаў, сын Уладзімера, захапіў Воршу й Копысь. Аб’яднанае войска сыноў Уладзімера Давыда і Яраполка — князя пераяслаўскага, узяло прыступам Друцак. Сам Уладзімер накіраваўся да Менску і аблажыў горад. Двухмесячная аблога не дала посьпеху, але Ўладзімер хацеў працягваць аблогу, загадаў будаваць пад менскім дзядзінцам сабе хату на зіму.
Глеб Усяславіч убачыў падрыхтоўку да вельмі працяглай аблогі і накіраваў паслоў да Ўладзімера, які згадзіўся на мірныя перамовы. Менскі князь выйшаў з гораду зь дзецьмі і дружынай і паабяцаў ва ўсім слухацца. Уладзімер павучаў Глеба як ён павінен паводзіць сябе, даў яму, паводле летапісу, Менск, такім чынам, як лічаць некаторыя дасьледчыкі[10], забраў значную частку ўладаньняў, у тым ліку Друцак і Падняпроўе. Сын Уладзімера Яраполк вывеў у палон жыхароў захоплена Друцака й пасяліў іх у сваім Пераяслаўскім княстве пабудаваўшы горад Жэлні. Глеб нядоўга трымаўся павучаньняў Уладзімера, у 1117 року напаў на смаленскія й наўгародзкія воласьці. Гэтым разам Уладзімер паслаў свайго сына Мсьціслава зь вялікім войскам, ён аблажыў і ўзяў Менск, Глеб трапіў у палон і адвезены ў Кіеў, дзе ён памёр у 1119 року.
НашчадкіРэдагаваць
- Расьціслаў — князь Менскі і Полацкі.
- Валадар — князь Гарадцоўскі, Менскі і Полацкі.
- Усевалад — князь Ізяслаўскі і Стрыжэўскі.
- Ізяслаў
Папярэднік Усяслаў Чарадзей |
Князь менскі 1101—1119 |
Наступнік Расьціслаў Глебавіч |
Крыніцы і заўвагіРэдагаваць
- ^ а б в г Глеб Всеславич // Русский биографический словарь / пад рэд. A. Polovtsov — СПб.: 1905. — Т. 14. — С. 400—401.
- ^ а б Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия (рас.) — Киев: 1896. — С. 71. — 260 с.
- ^ а б в г Данилевич В. Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия (рас.) — Киев: 1896. — С. 75. — 260 с.
- ^ а б в г А. Э. Глеб Всеславич (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. VIIIа. — С. 915.
- ^ Заяц Ю. Л. Менская зямля… С. 10.
- ^ Іпацьеўскі летапіс
- ^ Рапаў…
- ^ Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае… С. 174—175.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. с. 8
- ^ Загарульскі, Ермаловіч …
ЛітаратураРэдагаваць
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998, − 260 с.
- Заяц Ю. Л. Менская зямля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4.
- Ляўко В. М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // ГАЗ — № 12. — Мн., 1997.