Бітва пад Воршай
Бі́тва пад Во́ршай, Арша́нская бітва — найбуйнейшая бітва вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 гадоў паміж літоўскім і маскоўскім войскамі, якая адбылася 8 верасьня 1514 году на паўночным усходзе ад Воршы, на рацэ Крапіўне.
Бітва пад Воршай | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Вялікае Княства Літоўскае, Каралеўства Польскае | Маскоўская дзяржава | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Канстантын Астроскі | Іван Чаляднін | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
30 тыс. літоўскіх і 4 тыс. польскіх ваяроў[1][a] 17 тыс. ваяроў (12 тыс. ліцьвінаў і 2 тысячы палякаў, 3 тыс. пяхоты)[3] | 80 тыс. ваяроў[4][5][6][7][8][9][10][11][b] (?[3]) | ||||||||
Страты | |||||||||
4 тыс. забітымі[1] | 40 тыс. забітымі[4][13][14][15][16], у палон трапілі 10 ваяводаў, 17 вайскаводаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. ваяроў[4][13] | ||||||||
Аршанская бітва — адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы ў пачатку XVI стагодзьдзя[4]. Перамога ў ёй дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасьць вярнуць захопленыя супраціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў[4][17]. Па бітве да 1518 году не адбывалася ўварваньня на Беларусь маскоўскіх войскаў (з выняткам асобных набегаў)[4]. Перамога пад Воршай разглядаецца як адна зь першых у шэрагу трыюмфаў літоўскае (беларускае) зброі — Сінія Воды, Грунвальд, Кірхгольм, бітва пад Клецкам[1].
Штогод 8 верасьня беларусы адзначаюць нацыянальнае сьвята — Дзень беларускай вайсковай славы[18] — вялікай перамогі над намнога большым войскам маскоўскіх захопнікаў, здабытай у абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім, праваслаўным гетманам[19].
Перадгісторыя
рэдагавацьУвосень 1512 году Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за землі, якія лічыла «спрадвеку сваімі» (рас. исконно русские земли) — сучасныя Беларусь і Ўкраіну, хоць яны ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага й пад уладаю Масквы ніколі не былі[20].
Фарпостам Вялікага Княства Літоўскага на ўсходзе быў адміністрацыйны цэнтар аднайменнага ваяводзтва горад Смаленск. Двойчы з пачатку вайны (у 1512 і 1513) ён вытрымаў маскоўскія атакі. У трэці раз велізарнае 80-тысячнае войска маскавітаў, папоўненае наймітамі з заходнеэўрапейскіх краінаў, узяло яго ў аблогу ў ліпені 1514 году[20]. Па гарадзкіх сьценах амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. 1 жніўня ваявода Юры Салагуб капітуляваў па месячнай аблозе і абстрэле[20].
Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі ўглыб Літвы. Неўзабаве ўсьлед за Смаленскам захопнікі ўзялі Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўну. Пра ўпэўненасьць маскоўскага валадара ў перамозе сьведчыць ягоны загад сваім ваяводам ў часе адной з застоліцаў: «войскі літоўскія й польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць»[20].
Такім парадкам, зьявілася небясьпека існаваньню самога Вялікага Княства Літоўскага[20].
Сілы бакоў
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьВялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сьцягі ў Менску крыху болей за 35 тысячаў ваяроў. Тут былі 16 тысячаў коньнікаў паспалітага рушаньня Вялікага Княства пад камандаваньнем славутага гетмана Канстантына Астроскага, 14 тысячаў польскіх конных жаўнераў, 3000 найманай пяхоты й 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы[4][5]. Жыгімонт Стары з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы (больш за 30 тыс. чал.[2][5]) на чале з Канстантынам Астроскім рушылі насустрач маскоўскім захопнікам. Аддзеламі войскаў камандавалі Юры Радзівіл, Юры Алелькавіч, Януш Сьвярчоўскі ды іншыя, значную яго колькасьць складалі літоўскія ваяры[4][5].
Маскоўскае княства
рэдагавацьАгульная колькасьць маскоўскага коннага войска пад камандаю ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тысячаў чалавек[4][5][21][6][10][11][12][c]. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з коньніцы фэўдальнага апалчэньня і мела артылерыю нявызначанага складу й колькасьці, але бязь цяжкіх гарматаў[d].
Перад бітвай
рэдагавацьПа некалькіх паразах (пры канцы жніўня адбыліся сутычкі на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці[4]) маскоўскія водцы адвялі войскі на левы бераг Дняпра і спыніліся паміж Воршай і Дуброўнай на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, на рэчцы Крапіўне. Такім пардкам, для рухаў свайго непрыяцеля маскоўскія ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Воршы і спадзяваліся ў вальнай бітве разьбіць колькасна слабейшае войска ВКЛ і скончыць вайну.
Войска ВКЛ падышло да Дняпра 7 верасьня каля Воршы, і Канстантын Астроскі, не зважаючы на сілы бакоў, таксама пастанавіў даць вальную бітву. Каб не перапраўляцца пад абстрэлам, ён правёў дэманстрацыйны манэўр зь пераправай цераз Дняпро на вачах маскавітаў некалькіх тысячаў коньнікаў[20]. Тым часам асноўная частка войска ўвечары была перасунутая віцебскай дарогай на поўнач, а ўночы на 8 верасьня ўпотай пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам аршанскай крэпасьці[4]. Па гэтым войска сканцэнтравалася каля вёскі Пашына. Тут і адбылася вызначальная бітва.
Чаляднін даведаўся пра пераправу з спазьненьнем і не згадзіўся з прапановай сваіх ваяводаў атакаваць ужо перапраўленую частку войска ВКЛ. Лічыцца, што Чаляднін спадзяваўся на вялікую колькасную перавагу і жадаў бітвы адразу з усім войскам Канстантына Астроскага.
Бітва
рэдагавацьВаявода Іван Чаляднін надумаў адным ударам пакончыць зь літоўскім войскам і ў сваёй перамозе не сумняваўся[1]:
|
Палкі Канстантына Астроскага пачалі шыхтавацца насупраць стану маскавітаў уночы з 7 на 8 верасьня. Яны занялі пазыцыі абапал яру, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Дняпро. Наперадзе свайго войска гетман паставіў два конныя гуфы (палкі), свой і каронны В. Сампаліньскага, паміж якімі разьмяшчалася ўзброеная пальнай зброяй (стрэльбамі і пішчалямі) пяхота. Вершнікі стаялі і ў другой лініі: літоўскі полк Юрыя Радзівіла і польскі Януша Сьвярчоўскага. Флянгі трымалі па тры дапаможныя (рэзэрвовыя) палкі (харугвы) коньніцы зь лягчэйшым узбраеньнем. Акурат на правым краі на ўзьлеску гетман прыхаваў пад заслонаю пяхоты артылерыю (рушніцы і самапалы)[1].
Войска Маскоўскай дзяржавы было пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаў полк перадавой варты, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флянгу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаяў полк тылавой стражы (рэзэрв). Баявыя парадкі маскоўскага войска былі расьцягнутымі ў спадзяваньні на ахоп і акружэньне больш малалікага войска ВКЛ.
Бітва распачалася ў полі на беразе Дняпра ў тры кілямэтры ўздоўж ракі, за 200—400 мэтраў ад берага ў першай фазе бою і за тры з паловай кілямэтры ў другой ягонай фазе, за пяць вёрстаў ад Воршы а 9 гадзіне раніцай 8 верасьня 1514 году. Углыбкі абодвух франтоў поле бою таксама складала прыблізна тры кілямэтры, пры гэтым ня ўсе войскі займалі гэтую прастору — частка іх уводзілася ў бой паступова[1].
Першая фаза
рэдагавацьНа досьвітку маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. Канстантын Астроскі пад дзяржаўным сьцягам з Пагоняй і выявай Багародзіцы[21] зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай прамовай: «Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькаў!..»[20] — і загадаў конным палкам павольна рухацца наперад. Гэты рух маскоўскія ваяводы палічылі за сыгнал да атакі і ў сваю чаргу перайшлі ў агульны наступ. Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарыў на левае крыло войска ВКЛ. Полк левай рукі наступаў на правае крыло войска ВКЛ, але безь вялікага імпэту, што дазволіла Канстантыну Астроскаму вызваліць там частку сіл. Іншыя палкі былі пасланыя ў абыход.
Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбіла атаку і перайшло ў контратаку, атрымаўшы падмацаваньне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага прайшоў перад фронтам і ўдарыў на маскоўскі полк правай рукі з флянгу.
Няўдача першай атакі ня надта зьбянтэжыла Чалядніна й Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага — 80 тысячаў супроць 30[20]. Такая самаўпэўненасьць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска ўзаемадзеялі й нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму[20]. Калі ваяры Канстантына Астроскага ўдарылі па палкох Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ўхіліўся, а калі ўдар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым самым[20].
Спроба абысьці войска Вялікага Княства Літоўскага і наляцець з тылу не ўдалася, і па поўдні маскоўскія ваяводы кінулі на супраціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў[20].
Другая фаза
рэдагавацьУдалым манэўрам пад выглядам адступленьня Канстантын Астроскі ўцягнуў супраціўніка ў пагоню і вывеў яго пад агонь сваіх замаскаваных гарматаў. Чаляднін кінуў у перасьледаваньне ўсе свае сілы. Але выявілася, што ўцёкі коньніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасьцю, якая вывела пагоню маскоўскага войска на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчаляў нанесьлі ўдары па палкох Булгакава-Голіцы і ўшчэнт разьбілі іх, частка ваяроў трапіла ў палон, рэшта кінулася наўцёкі. Таксама былі разгромленыя і палкі Чалядзіна[4].
У маскоўскім войску пачалася паніка, многія з уцекачоў загінулі ў Дняпры і Крапіўне[4]. Зацятае перасьледаваньне і жорсткае вынішчэньне ўцекачоў цягнулася да заходу сонца, а часам і назаўтра. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві ды, паводле паданьня, выйшла зь берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку[20].
Страты бакоў
рэдагавацьСтраты войска Вялікага Княства Літоўскага падаюцца заходнімі гісторыкамі як «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых жаўнераў[e]), невядомая колькасьць простых жаўнераў[f].
Летапісы й хронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў[4]. Вялікі князь Жыгімонт Стары у сваіх лістах да эўрапейскіх удадароў, у тым ліку да лівонскага ляндмайстра Тэўтонскага ордэну пра Аршанскую перамогу, пісаў, што літоўцы ўзялі ў палон 8 (з 11) вярхоўных ваяводаў (у тым ліку Чаляднін і Булгакаў-Голіца), 37 другарадных кіраўнікоў і 1,5 тысячы баяраў, усяго забітых і паланёных расейцаў, было 30 тысячаў з 80-тысячнага войску[22].
У рукі пераможцаў трапіў маскоўскі абоз, пальная зброя, баявыя сьцягі. Захопленых коней і палову вайсковага абозу Канстантын Астроскі раздаў сваім ваярам у падзяку за мужнасьць. Сярод трафэяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцьвінаў[1].
Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што для яго «той, хто трапіў у палон, — мёртвы», і кінуў іх на вырак лёсу[4]. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.
Як пісаў вядомы гісторык М. Карамзін у сваёй працы «История государства Российского»[1][23]:
|
«Хроніка літоўская і жамойцкая» апісвае бітву пад Воршай наступным чынам:
Литовское войско вѣдаючи, иж не могут иначей Днепра перебыти, тылко в том мѣстцу, где москва обозом стала, зараз починили мосты з плытов и з шугалѣев, през которые мосты дѣла и гаковницы в цѣлости перепровадили. Комонник зас литовский, котрого было 16 000, тыи просто през Днѣпр в брод А под Оршею порадным шиком з веселым серцем охотне переправилися всѣ в цѣлости, тылко з них еден утонул. Видячи теж и полское войско над которым был гетман Ян Свирщевский, за литвою сщасливе Днѣпр перебыли, а москва в трубы и бубны свои ударили, прапорцы и корогви свои бучне роспустивши, скочили на литву… А Константин Острозский зараз им дал отпор, мужне сам стоячи на чолѣ, напоминаючи своих до бою, же сором утѣкати, бо маете ли гинути по лѣсах и дорогах, то лѣпше на пляцу лечи з несмертелною славою. А тая война была в пяток на Рожесто Пресвятыя Богородицы и была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали… а дѣтей боярских живых приведено личбою 596; тых всѣх послано по замках литовских до вязеня, а иншии москалѣ вси побиты, и сам гетман их Иван Андрѣевичь Челядин зостал на пляцу забитый есть. | ||
Вынікі
рэдагавацьАршанская бітва была адной з найбуйнейшых у Эўропе ў пачатку ХVІ стагодзьдзя. У Нюрнбэргу гэтай падзеі прысьвячаецца асобны друкаваны аркуш[24]. Па гэтай перамозе літоўскае войска пачало вяртаць занятыя маскавітамі гарады: Друцак, Дуброўну, Крычаў, Амсьціслаў.
Дзякуючы ўдалай дыпляматычнай палітыцы Вялікага Княства Літоўскага пачаў развальвацца накіраваны супраць Польшчы й ВКЛ таемны альянс Масковіі ды эўрапейскіх дзяржаваў. На Венскім зьезьдзе 1515 году Ягелоны і Габсбургі дасягнулі поўнага ўзаемаразуменьня, Лівонская канфэдэрацыя трапіла пад уплыў Вялікага Княства Літоўскага. У Эўропе пачаў складацца нэгатыўны выгляд Маскоўскае дзяржавы[25]. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Вялікае Княства і павярнулі сваіх коней у бок Масковіі.
Аднак асноўная мэта кампаніі — вяртаньне ў склад Вялікага Княства Літоўскага Смаленску — засталася недасяжнай з шэрагу прычынаў[1]:
- Кепскае надвор’е запаволіла рушаньне вялікалітоўскага войска, у дарозе захварэла шмат ваяроў.
- Смаленскі ваявода В. Шуйскі выкрыў змову месьцічаў на чале з уладыкам Варсанофіем, што прагнулі вяртаньня ў склад Вялікага Княства Літоўскага; уладыка Варсанофі апынуўся ў вязьніцы, а астатніх змоўцаў Шуйскі павесіў на гарадзкіх мурах.
- Маскавіты спустошылі смаленскія прадмесьці, таму не было чым карміць войска.
У выніку аблога была беспасьпяховай, і Смаленск разам з шэрагам іншых тэрыторыяў (агулам 23 тысячы км²) паводле дамовы 1522 году застаўся ў складзе Маскоўскае дзяржавы.
Памяць
рэдагавацьУ сьнежні 1514 году вялікі гетман Канстантын Астроскі трыюмфальна ўступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там збудавалі праваслаўныя цэрквы Сьвятой Тройцы й Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.
У гонар Аршанскага трыюмфу выйшлі брашуры лацінскаю і нямецкаю мовамі, у якіх кароль Жыгімонт Стары і папскі нунцы Пізо апавядалі пра бітву Папу Рымскаму Льву Х. У самой апостальскай сталіцы Рыме прайшло ўдзячнае набажэнства за аршанскі трыюмф[1]. У другой палове 1514 году ў Нюрнбэргу выйшаў адмысловы лісток з апісаньнем бітвы, перавыдадзены ў 1515 годзе.
Пра славутую перамогу апавядалі руска-літоўскія і, асабліва, польскія хронікі, найперш Б. Вапоўскага, М. Бельскага, М. Стрыйкоўскага, Ю. Дэцыя. У іх Аршанская бітва параўноўвалася зь перамогаю рымскага вайскавода Сцыпіёна Афрыканскага над славутым картагенскім вайскаводам Ганібалам пры Замі (202 год да нашай эры), называлі князя Канстантына І «Сцыпіёнам руськім». Бітву занатавалі таксама маскоўскія і наўгародзкія летапісы.
Аршанская бітва пакінула глыбокі сьлед у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе зьмяшчаецца «Пахвала князю Астроскаму» — сапраўдны літаратурны твор, узбагачаны прыкладамі і цытатамі з Бібліі і старажытнай гісторыі. Канстантын Астроскі параўноўваецца зь біблейскім героем Авіем, сынам Раваама, які ваяваў зь дзесяцьцю каленамі Ізраільскімі і за адзін дзень забіў 500 000 дужых людзей. Пахвала заканчваецца ўслаўленьнем караля Жыгімонта Старога і князя Канстантына Астроскага[1]:
Великославному господарю королю Жикгимонту Казимировичу буди честь и слава на векы, победившему недруга своего великого князя Василиа московского, а гетману его, вдатному князю Костянтину Ивановичу Острозскому дай Боже здоровье и щастье вперед лепшее как ныне, побил силу великую московскую, абы так побивал силную рать татарскую, проливаючы кров их бесурменскую. | ||
Празь некалькі гадоў па перамозе невядомы майстар (хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы, вучань вядомага мастака Люкаса Кранаха Старэйшага[1]) стварыў маляўнічае батальнае палатно, на якім у характэрнай для сярэднявечнага малярства кантынуацыйнай манеры адлюстроўваюцца ўсе эпізоды сечы, якія быццам адбываюцца адначасна[26]. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэі ў Варшаве, на коп’ях літоўскай кавалерыі можна ўбачыць дзяржаўны сьцяг Вялікага Княства Літоўскага з выявай Пагоні і баявыя флюгеры з чырвонай паласой на белым фоне, перакрыжаванай каля тронка другой чырвонай паласой[4]. Гэта — сьцяг Сьвятога Юрыя, які з усяго відаць, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга[27].
Аршанская бітва ўвайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня з намнога перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вызначальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі[28].
Бітва пад Воршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расеі. Як узор баявога майстэрства яна разглядаецца ў Расейскай ваеннай энцыкляпэдыі 1914 году[29]. Першым у беларускіх падручніках інфармацыю пра бітву напісаў Вацлаў Ластоўскі. У БССР пра бітву пад Воршай у сваіх падручніках пісалі Ўсевалад Ігнатоўскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі. «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ігнатоўскага меў чатыры выданьні ў 20-я гады ХХ ст. (1-е выд. — 1919 г.; 2-е і 3-е выд. — 1921 г. і 4-е выд. — 1926 г.). Па сталінскіх рэпрэсія' бітва ў падручніках ня згадвалася, і пісаць пра яе пачалі толькі па распадзе СССР[30].
Песьня
рэдагавацьВацлаў Ластоўскі запісаў народную песьню пра бітву, упершыню надрукаваную ў 1918 годзе ў кнізе «Выпісы зь беларускай літаратуры» разам зь некаторымі іншымі фальклёрнымі творамі. Аднак гістарычнасьць і народнасьць песьні сучаснымі гісторыкамі ставіцца пад сумнеў, бо ніякіх спасылак на крыніцу Ластоўскі не прывёў, таксама ён не пазначыў месца, дзе запісаў песьню[31]. Гэтая песьня не фіксуецца ў шматлікіх фальклёрных зборніках XIX—XX ст. Гісторыкі Яўхім Карскі й Канстантын Кабашнікаў адзначаюць, што беларускаму фальклёру не ўласьцівыя гераічныя песьні з дэталізаваным апісаньнем гістарычных падзеяў[31].
Песьня пашырылася ў друку за часамі беларусізацыі ў БССР, яна была надрукаваная ў кнізе Максіма Гарэцкага «Гісторыя беларускай літаратуры» ў разьдзеле «Гістарычныя песьні», якая мела статус навучальнага дапаможніка. Па згортваньні беларусізацыі й пачатку сталінскіх рэпрэсіяў песьня перастала друкавацца. У 1944 годзе песьня была перадрукаваная ў кнізе Язэпа Найдзюка «Беларусь учора і сяньня», якая прызначалася нацысцкімі ўладамі ў якасьці школьнага падручніка для акупаваных беларускіх тэрыторыяў. Па распадзе СССР песьня як «беларуская народная» друкавалася ў навукова-папулярных працах Уладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча, Вітаўта Чаропкі[31].
Ой, у нядзельку параненько |
||
Творы мастацкай літаратуры, прысьвечаныя Аршанскай бітве
рэдагаваць- Верш «Балада а перемозе»[32] (Алег Грушэцкі, 1994 г.)
- Верш «Шляхецкая»[33] (Андрэй Мельнікаў, 1992 г.)
- Песьня «На месцы Аршанскае бітвы» (Андрэй Мельнікаў, 1989 г.)
- Песьня «Аршанская бітва» (Андрэй Мельнікаў, гурт «Стары Ольса»)
Сучаснасьць
рэдагавацьУ Беларусі 8 верасьня ў якасьці Дня беларускае вайсковае славы пачалі адзначаць яшчэ за часамі Перабудовы[34]. А ў гадавіну вялікай перамогі ў 1992 годзе на плошчы Незалежнасьці ў Менску 12 беларускіх афіцэраў і каля 3000 салдатаў запасу ўрачыста прысягнулі на вернасьць свайму народу і Айчыне[20][35]. Удзельнікі гэтай прысягі адчувалі пэўны ціск з боку ўладаў, аднак празь непрацяглы час прысягу на вернасьць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі[36].
Пад Воршай, на гістарычным месцы Аршанскае бітвы 1514 году — левым беразе Дняпра, штогод адбываецца фэст «Аршанская бітва», у якім бяруць удзел вядомыя беларускія пісьменьнікі, мастакі, барды, музычныя выканаўцы, рыцарскія клюбы[37].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Расейскі гісторык Лобін называе лічбу 12—13 тыс. (4 тыс. літоўскіх і 9 тыс. польскіх ваяроў)[2]
- ^ Расейскі гісторык Лобін на падставе ўскосных падлікаў спрабуе аспрэчыць гэтыя зьвесткі і называе лічбу 12 тыс.[12]
- ^ З гэтымі лічбамі згаджаюцца Мацей Стрыйкоўскі, Аляксандар Гваньіні, рускія летапісы, Сяргей Салаўёў, вайсковыя гісторыкі XX ст.
- ^ Паводле сьведчаньня Мікалая Карамзіна
- ^ Паводле М. Бельскага
- ^ Паводле М. Стрыйкоўскага
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і к л Гарматны В. Аршанская бітва 8 верасня 1514 г. // ARCHE. №7—8 (70—71), ліпень — жнівень 2008.
- ^ а б Лобин А. Н. К вопросу о численности и составе польско-литовской армии в битве под Оршей в 1514 г. // Праблемы інтэграцыі і інкарпарацыі ў развіцці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў перыяд ранняга Новага часу. Менск, 2010. С. 18—42.
- ^ а б Казакоў А. Моцнае перабольшанне: колькі ваяроў насамрэч білася пад Оршай, Наша гісторыя, 28 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Грыцкевіч А. Аршанская бітва 1514 // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 187.
- ^ а б в г д Грыцкевіч А. Аршанская бітва 1514 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 249.
- ^ а б Lindner R. Historiker und Herrschaft: Nationsbildung und Geschichtspolitik im Weißrußland im 19. und 20. Jahrhundert. — München, 1999. S. 89.
- ^ Волков В. Войны и войска Московской Руси. — М., 2004. С. 57.
- ^ Zarys dziejów wojskowości Polski do roku 1864. T. I: Do roku 1648. — Warszawa, 1965. S. 331—336.
- ^ Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Т. V. Ч. 2. — М., 1959. С. 246.
- ^ а б Strahl P. C., Herrmann E. Geschichte des russischen Staates. Ausgabe 3. — Hamburg, 1846. S. 22.
- ^ а б Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 381.
- ^ а б Лобин А. Н. К вопросу о численности вооружённых сил Российского государства в XVI в. // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. № 1—2, 2009. С. 66.
- ^ а б Грыцкевіч А. Аршанская бітва 1514 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 250.
- ^ Bandtkie J. S. Dzieje narodu polskiego. — Wrocław, 1835. S. 92
- ^ Bronikowski A. Die Geschichte Polens. Bd. 2. — Dresden, 1827, S. 50
- ^ Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. Volume 2. — Warszawa, 1846. S. 386.
- ^ Грыцкевіч А. Аршанская бітва 1514 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 251.
- ^ Вячорка В. Якія гістарычныя даты павінны памятаць і шанаваць беларусы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 78.
- ^ 8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы. У чым унікальнасць беларускай перамогі ў бітве пад Оршай // Наша Ніва, 8 верасьня 2021 г. Праверана верасьня 2021 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м Арлоў У. 8 верасня 1514. Бітва пад Воршай // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 150.
- ^ Acta Tomiciana III, № 232, 288, 289, 293, 295, 298, 301.
- ^ Карамзин Н. М. История государства Российского. Т. VII. — СПб., 1819. С. 69—70.
- ^ Погорелый А. 500 лет битве под Оршей. Сможет ли чистое поле стать центром туризма? (рас.) // Аргументы и факты. — 30 красавіка 2014. — № 18.
- ^ Граля И. Мотивы «Оршанского триумфа» в Ягеллонской пропаганде // Проблемы отечественной истории и культуры периода феодализма: Чтения памяти В. Б. Кобрина. — М., 1992. С. 46—50.
- ^ Жигульский-мл. З. «Битва под Оршей» — структура картины // Rocznik Historii Sztuki. t. XII. — Wroclaw-Warszawa-Krakow-Gdansk, 1981. S. 85-132.
- ^ Ткачев М. Национальные символы: народ и история. // Гербовед. № 9 (21), 1997.
- ^ Сагановіч Г. Хто такі Кастусь Астрожскі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 22.
- ^ Военная энциклопедия. Т. XVII. Петроград, 1914. — С. 186—187.
- ^ Трусаў, Алег (3 верасьня 2014) Адлюстраванне Аршанскай бітвы на старонках беларускіх падручнікаў. pawet.net. Праверана 31 сьнежня 2015 г.
- ^ а б в г Ліцкевіч А. (сакавік 2009) «Слава Воршы ўжо не горша...» Гісторыя адной містыфікацыі. Беларуская Думка. Праверана 9 верасьня 2014 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20120302111250/http://vershy.ru/content/balada-peremoze
- ^ https://web.archive.org/web/20120302111000/http://vershy.ru/content/shlyakhetskaya
- ^ 8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы(недаступная спасылка), Наша Ніва, 8 верасьня 2007 г.
- ^ Івашкевіч, Стась (8.09.2003) Аршанская бітва: гісторыкі ваююць і па сёньня. Naviny.by. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- ^ Сёння Дзень беларускай вайсковай славы. Хартыя-97 (8.09.2008). Праверана 3 лістапада 2010 г.
- ^ Заўтра — Бітва пад Воршай. Horki.info (04.09.2009). Праверана 3 лістапада 2010 г.
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарматны В. Аршанская бітва 8 верасня 1514 г. // ARCHE Пачатак. №7—8 (70—71), ліпень — жнівень 2008.
- Казакоў А. Аршанская бітва 1514 г.: пра што спрачаюцца гісторыкі? // Беларускі гістарычны часопіс. № 11, 2017. С. 16—25.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Генадзь Сагановіч. Айчыну сваю баронячы (Канстанцін Астрожскі, 1460—1530). Жыве Беларусь. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Генадзь Сагановіч. Аршанская бітва 1514 г. — канфлікт гістарыяграфій і ідэнтычнасцяў. Жыве Беларусь. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Анатоль Грыцкевіч. Аршанская бітва 1514 года і яе ўдзельнікі. Жыве Беларусь. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Навіны фэсту беларускае аўтарскае песьні й паэзіі «Аршанская Бітва», што традыцыйна праходзіць на Крапівенскім полі Праверана 3 лістапада 2010 г.
- 16 жніўня будзе ўсталяваны памятны знак у гонар герояў Аршанскай бітвы. Хартыя-97 (16.08.2007). Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Bitwa pod Orszą (пол.). Rzeczpospolita.pl. Праверана 3 лістапада 2010 г.
- Гісторыя пад знакам Пагоні: Канстанцін Астрожскі і бітва пад Воршаю на YouTube