Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў (Ворша)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў
Калегіюм езуітаў
Калегіюм езуітаў
Краіна Беларусь
Места Ворша
Каардынаты 54°30′26.17″ пн. ш. 30°25′21.54″ у. д. / 54.5072694° пн. ш. 30.42265° у. д. / 54.5072694; 30.42265Каардынаты: 54°30′26.17″ пн. ш. 30°25′21.54″ у. д. / 54.5072694° пн. ш. 30.42265° у. д. / 54.5072694; 30.42265
Дата заснаваньня XVII ст.
Дата скасаваньня 1820
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў  — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Воршы. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку[a]. Касьцёл дзеяў да 1832 году, калегіюм — да 1820 году. Твор архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Аршанскага езуіцкага калегіюму складаўся з касьцёла, школы з бурсай, будынкаў калегіюму і аптэкі, гаспадарчых пабудоваў. Усе гэтыя пабудовы атачаў мур. Пляц, выдзелены пад забудову, меў форму няправільнага пяцікутніка. У другой палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі касьцёл (захаваліся падмуркі). У наш час у будынку калегіюма разьмяшчаюцца ўстановы культуры.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Плян комплексу, 1835 г.
 
У панараме места, 1840 г.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Айцы-езуіты зьявіліся ў Воршы з дазволу караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы[1], які разам з канцлерам Львом Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 годзе распрацаваў плян стварэньня езуіцкага калегіюму, а ў 1610—1611 гадох перадаў аршанскім езуітам 210 валок зямлі ў вёсках Князях, Крыніцах, Цянках, Чабаданах, Чалне, Чэрніцах; у 1616 годзе — маёнтак Фашчаўку (больш за 2000 сялянаў). Кароль і вялікі князь надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў месьце і Аршанскім павеце. У калегіюме выкладаліся рыторыка, лёгіка, філязофія. Тут стварылі «Аршанскі кодэкс» — зборнік папулярных драмаў і інтэрмэдыяў эпохі барока, якія ставіліся ў Варшаве, Віцебску, Наваградку, Полацку. У 1634 годзе адкрыліся дзьве бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі зь зьбяднелых сем’яў.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі зруйнавалі касьцёл. У 1664 годзе аднавілася дзейнасьць калегіюму, а касьцёл адрамантавалі. Пажар 1680 году зьнішчыў усе пабудовы. У 1683 годзе калегіюм адбудавалі, а ў 1686 годзе пачалося будаваньне новага касьцёла, скончанага ў 1693 годзе. 31 ліпеня 1741 году пачалося будаваньне чарговага касьцёла, якое працягвалася прынамсі да 1765 году[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Ад Аршыцы. Б. Лявэрнь, 1840 г.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Ворша апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і калегіюм працягвалі дзеяць. У 1786—1788 гадох праводзілася аднаўленьне касьцёла. Па скасаваньні ордэна езуітаў у Расейскай імпэрыі (1820 год) комплекс перадалі аршанскім дамініканам.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а езуіцкі комплекс гвалтоўна адабралі ў каталікоў і перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). Па адмове ад праекту зрабіць тут царкву Ўрадавага сыноду (1835 год), будынак касьцёла разабралі. У 1841—1842 гадох будынкі калегіюму перарабілі пад вязьніцу (працавала да 1989 году).

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1993 годзе на тэрыторыі помніка архітэктуры правялі археалягічныя раскопкі і зрабілі праект рэстаўрацыі. У 2007—2008 гадох праводзілася аднаўленьне асноўнага будынка калегіюма.

Пры рэканструкцыі Воршы напярэдадні фэсту «Дажынкі» (2004—2008 гады) прызначаныя рэжымам Лукашэнкі мескія ўлады, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці, зьнішчылі некалькі будынкаў — помнікаў гісторыі і архітэктуры. Сярод іх афіцына езуіцкага кляштару — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў[3].

Архітэктура

рэдагаваць
 
Зьнішчаная афіцына езуіцкага калегіюму (XVII—XVIII стст.)

Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая крыжова-купальная базыліка з прастакутнай апсыдай, арыентаванай на поўнач да замка. З бакоў галоўнага фасада, завершанага трыкутным франтонам, узвышаліся 4-гранныя 2-ярусныя вежы пад пакатымі шатровымі дахамі.

Інтэр’ер аздаблялі муравана-стукавыя алтары і фрэскавы росьпіс.

Калегіюм

рэдагаваць

Калегіюм — 2-павярховы будынак, які складаўся з двух крылаў, разьмешчаных пад простым кутом адно да другога. У месцы іх скрыжаваньня далучалася 1-павярховая трапезная з вокнамі ў сад[4]. У будынках месьціліся кельлі манахаў, бібліятэка, інтэрнат, склад.

Да заходняга боку касьцёла далучаўся будынак школы і бурсы. Будынкі касьцёла, школы і калегіюму злучаліся крытымі пераходамі.

Гістарычныя здымкі і графіка

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Леніна, 6
  1. ^ Грынявецкі В. Аршанскі езуіцкі калегіум // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 251.
  2. ^ Kałamajska-Saaed M. Rosyjskie plany klasztorów skasowanych w roku 1832. T. 1. — Warszawa, 2021. S. 695.
  3. ^ Аршыца Ю. Орша: чыноўнікі супраць гістарычнай спадчыны // Народныя навіны Віцебска, 28 сьнежня 2007 г.
  4. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 274.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000113