Сойм Рэчы Паспалітай

Вальны сойм — агульны сойм у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім, пазьней у Рэчы Паспалітай, на якім абіраўся кіраўнік дзяржавы і вырашаліся іншыя, важныя дзяржаўныя справы.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Зьявіўся побач з Радай у 1401 годзе. Першапачаткова складаўся з усіх магнатаў (у тым ліку Паноў Рады) і шляхцічаў пагалоўна. Цяжкасьць склікаць такі сойм прывяла да патрэбы зрабіць яго прадстаўнічай установай. Ужо ў 1512 року быў выдадзены гаспадарскі загад, каб перад Вальным соймам зьбіраліся павятовыя соймікі з усіх магнатаў і шляхцічаў павету. На гэтых сойміках абіраліся два прадстаўнікі ад кожнага павету. Апроч абраных ад павету, маглі зьявіцца на сойм з пастаноўчым голасам магнаты і шляхцічы павету па асабістым запрашэньні вялікага князя.

Склад Вальнага сойму канчаткова вызначыўся толькі да пачатку другой паловы XVI ст.. Ён складаўся з Гаспадарчай рады (або Сэнату), і з павятовых паслоў дэпутатаў, што складалі Пасольскую ізбу. Пашырылася і кампэнтэнцыя сойму, які ўзяў сабе правы Гаспадарскай рады. Гэты факт сьведчыць пра ўзрастаньне значэньня сярэдняга і дробнага шляхецтва, што пачынае змагацца за ўладу зь вялікімі абшарнікамі і магнатамі.[1]

Рэч Паспалітая

рэдагаваць
 
Сойм за часамі панаваньня Жыгімонта III Вазы

У Рэспубліцы абодвух народаў Вальны сойм ажыцьцяўляў заканадаўчую ўладу. Ён складаўся з Сэнату (рады) і з дэпутацкай Пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў).

Сэнат быў вышэйшаю палатаю сойму. Сюды ўходзілі найзнатнейшыя прадстаўнікі шляхецтва, асобы з найвышэйшымі пасадамі як цэнтральнымі, так і правінцыяльнымі. Лік сэнатаў даходзіў да 150 пэрсонаў. Гэтая лічба магла павышацца й паніжацца ў залежнасьці ад велічыні тэрыторыі дзяржавы. Першае месца ў Сэнаце займаў Гнезьненскі арцыбіскуп, прымас каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. За ім сьледвалі паводле парадку і чыну звычайныя біскупы, пасьля іх ішлі сьвецкія ўраднікі — кашталяны, ваяводы і г. д. Старэйшыя сэнатары мелі свае месцы ў крэслах, а малодшыя на лавах. У ранейшыя часы сэнат быў проста прыватнай радай пры каралі і толькі потым, з пашырэньнем правоў шляхецтва, ён зрабіўся дзяржаўнай установай і ўвашоў у склад сойму як яго вышэйшая палата. Як перажытак мінулага застаўся звычай і ў даўнейшыя часы, каб сойм з сэнату абіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 рокі. Сэнатары-дараднікі караля падзяляліся на 4 групы, па 7 сэнатараў у кожнай. Асобная група сядзела ў каралеўскай радзе шэсьць месяцаў.

Ніжэйшаю палатай сойму была Пасольская ізба. Сюды ўходзілі дэпутаты — паслы ад шляхты асобных паветаў дзяржавы; уходзілі таксама ў невялікім ліку паслы ад мяшчанства найвыдатнейшых местаў. Пасольская ізба зь цягам часу зрабілася галоўнай часткай сойму, адсоўваючы назад вышэйшую палату — Сэнат. Паслы ў ізбу абіраліся шляхтай на павятовых сойміках, якія склікаліся за шэсьць тыдняў да Вальнага сойму. Выбарчая акруга ў гэтыя часы давала ад 1 да 8 паслоў, што было ў залежнасьці ад велічыні тэрыторыі. Пасьля таго, як адбываўся Вальны сойм у цэнтры, паслы склікалі па паветах г. зв. рэляцыйныя соймікі, на якіх яны апавядалі ўсю чыннасьць сэсіі Вальнага сойму і давалі справаздачу пра сваю дзейнасьць перад сваімі выбарнікамі. Лік дэпутатаў Пасольскай ізбы залежаў ад тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У XVI і XVII стагодзьдзях ён даходзіў да 200 асобаў.

Вальны сойм склікаўся каралём і вялікім князем праз кожныя 2 рокі. Два разы яго пасяджэньні адбываліся ў Каралеўстве Польскім, у Варшаве, і адзін раз у ВКЛ, у Горадні. Звычайна сойм склікаўся ўвосень «пасьля дня сьв. Мартына» па сканчэньні найпільнейшых сельскагаспадарчых працаў. Працяг звычайнага сойму быў у шэсьць тыдняў.

Пачынаўся сойм урачыстым набажэнствам, пасьля якога ішло абраньне маршалка, старшыні сойму. Калі сойм адбываўся ў Польшчы, старшынёю яго абіраўся паляк, калі ў Літве (Беларусі) — ліцьвін. Абраны старшыня абвяшчаў пачатак працы сойму. Найперш ад усяго ішла праверка правільнасьці мандатаў паслоў, пасьля чаго Сэнат з ізбою рабілі злучаныя паседжаньні, на якіх урад даваў адповедзь за сваю былую выканаўчую працу і ўносіў прапановы наконт далейшага. Выслухаўшы гэта, абедзьве палаты сойму разыходзіліся і працавалі кожная асобна. За тыдзень да канца сойму зноў пачыналіся сумесныя паседжаньні ізбы і Сэнату. Яны знаёмілі адзін другога з сваімі пастановамі. Пастановы сходныя і зацьверджаныя каралём атрымлівалі моц законаў.

Усе справы як і ў сойміках, так і ў Вальным Сойме мусілі выяўляцца як пастановы аднагалосна. Трэба зазначыць, што ў старажытныя часы гэтая аднагалоснасьць часта дасягалася даволі лёгка. Але з працягам часу прынцып аднагалоснасьці ўсё больш і больш перашкаджаў справядлівай і эфэктыўнай працы сойму. Даволі было аднаму паслу не згадзіцца з пастановай большасьці і паставіць сваё «veto», «не дазваляю», як гэтая пастанова прыпынялася. Шляхта бачыла ў скасаваньні аднагалоснасьці і лібэрум-вэта касаваньне свайго права. Ужо ў 1652 року шляхціч Сіцінскі першы раз сарваў працу сойму з дапамогай лібэрум-вэта. Такія бясплодныя соймы ў далейшыя часы здараліся ўсё часьцей і часьцей. Па падліку Кастамарава, зь пяцідзесяці апошніх соймаў Рэчы Паспалітай без усялякіх перашкодаў адбылося толькі 7 соймаў. Зрываньне сойму зрабілася крыніцаю даходу для асобных шляхцічаў і рабіла немагчымым дзяржаўны парадак.[2]

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Другі пэрыод XIII — XVI ст.(недаступная спасылка) // У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. — Вільня, 1919; — Мн.: Беларусь, 1991.
  2. ^ Трэці пэрыод XVI — XVIII ст. // У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. — Вільня, 1919; — Мн.: Беларусь, 1991.

Літаратура

рэдагаваць