Брачыслаў Ізяславіч

Брачыслаў Ізяславіч (990-я — 1044) — князь полацкі (10031044), сын Ізяслава, унук Рагнеды. Належаў да адроджанай мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў[1].

Пры Брачыславе межы Полацкага княства пашырыліся на поўдзень і на поўнач, дзе ён заснаваў горад Брачыслаўль (цяпер Браслаў)[2][3].

Біяграфія

рэдагаваць
 
Мініятура Радзівілаўскага летапісу: бітва на рацэ Судоме паміж Брачыславам і дружынай Яраслава Ўладзімеравіча

Заняў княскі пасад малалетнім. Да 1020 году пра ягоную дзейнасьць нічога невядома: відаць, яна не выходзіла за межы Полацкага княства. У 1020 годзе Яраслаў Уладзімеравіч, канчаткова ўладкаваўшыся на пасадзе вялікага князя кіеўскага, запатрабаваў ад Брачыслава пэўных памежных воласьцяў. На раду Эймунда, правадыра нарманскай дружыны, якая знаходзілася на службе ў Полацку, Брачыслаў, не чакаючы нападу Яраслава, пайшоў на Ноўгарад, разрабаваў яго і вывеў шмат палонных у Полацак.

Пра тое, што адбылося далей, крыніцы разыходзяцца. Летапісец Нестар спачатку піша, што Брачыслаў разрабаваў Ноўгарад і з палоннымі вярнуўся ў Полацак. Потым, супярэчачы сам сабе, Нестар дадае, што Яраслаў сустрэў Брачыслава на шляху з Ноўгараду на нейкай рацэ Судаміры (атаясамліваецца зь сёньняшняй Судомай), пры гэтым дабраўся датуль з Кіева за сем дзён, разьбіў у бітве і адабраў лупы, але празь нейкі час аддаў Брачыславу два гарады — Віцебск і Ўсьвят.

Згодна з «Сагай пра Эймунда» ніякай бітвы ўвогуле не было. Полацкія і кіеўскія войскі сышліся ля нейкай ракі, пры гэтым, відаць, ужо праз значны час пасьля нападу Брачыслава на Ноўгарад, і прастаялі супраць адзін аднаго сем дзён. Брачыслаў хацеў пачаць бітву, але Эймунд радзіў яму не сьпяшацца, бо задумаў хітрасьць. Эймунд з таварышам, Рагнарам, уначы стварыў засаду ў лесе на сьцежцы, па якой, паводле меркаваньня нармана, жонка Яраслава Ігігерд звычайна езьдзіла аднекуль (імаверна, зь нейкага найбліжэйшага гораду) да кіеўскага войска. Эймунду пашанцавала, ён захапіў Інгігерд ў палон[4].

Пры пасярэдніцтве Інгігерд Яраслаў і Брачыслаў склалі мір, паводле якога першы атрымліваў Наўгародзкую зямлю, а другі далучаў да Полацкага княства дадаткова столькі зямель (Віцебск, Усьвят і, як лічаць некаторыя дасьледнікі, Менск), каб ягоных уладаньняў зрабілася ўдвая больш, чым да вайны. Астатняй часткай Русі яны дамовіліся кіраваць разам, а сваім намесьнікам у астатняй частцы Русі з цэнтрам у Кіеве яны прызначалі Эймунда. Сумеснае кіраваньне Русьсю пацьвярджаецца тым, што Яраслаў з 1020 году жыў у Ноўгарадзе, а ня ў Кіеве. У гэты час у Кіеве існавалі «Брачыславаў двор» і «двор мужоў Яраслававых». Таксама цікава ў гэтым сэнсе знаходка біркі (ці інакш пайцы) у Даўгмале з выявамі двух «Трызубаў»: адзін зь іх, як мяркуюць, належаў Яраславу, а другі  — Брачыславу. Гэтая знаходка, імаверна, пацьвярджае іх сумеснае ўладараньне на Русі.

Аднак гэты двуўмвірат цягнуўся ня шмат часу, недзе да 1024/1025, калі Мсьціслаў Уладзімеравіч атрымаў землі на левым беразе Дняпра. З таго часу Яраслаў пачаў жыць у Кіеве, але імаверней за ўсё Брачыслаў атрымаў ад яго нейкую кампэнсацыю, бо яны захоўвалі хаўрус адзін з адным да канца жыцьця Брачыслава.

У час Брачыслава Полацкае княства значна пашырыла сваю тэрыторыю і ня толькі за кошт наданьняў Яраслава, але і за кошт балцкіх земляў латгалаў і літвы. Узводзілася шмат новых гарадоў. Значна пашырыўся і сам Полацак, недзе ў 1030-я гады ў ім збудавалі вялікі вакольны горад, сьцяну якога знайшлі ў часе археалягічных раскопак — Полацак дасягнуў плошчы да 40 гектараў.

Тапаніміка

рэдагаваць

Апрача беларускага Браслава на возеры Дрысьвяты, за пару дзясяткаў кілямэтраў ад Краслаўкі, на беларуска-латыскім памежжы, існуе вёска Браслаў на возеры Сівер са старажытным гарадзішчам. Таксама на тэрыторыі Латвіі, у Абрэнскім раёне, маецца яшчэ адзін Браслаў. Паселішча з такім жа назовам існуе на поўнач ад Воршы, якая разам з Копысьсю і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацку менавіта за часам Брачыслава[4].

Папярэднік
Усяслаў Ізяславіч
Князь полацкі
10031044
Наступнік
Усяслаў Чарадзей

Літаратура

рэдагаваць