Зьміцер Саўка

беларускі мовазнавец
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Саўка (неадназначнасьць).

Зьмі́цер Са́ўка (26 ліпеня 1965, Менск — 9 красавіка 2016[1]) — беларускі філёляг. Адзін з аўтараў сучаснай нармалізацыі беларускага клясычнага правапісу (2005).

Зьміцер Саўка

лац. Źmicier Saŭka
2015 г.
Дата нараджэньня 26 ліпеня 1965(1965-07-26)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 9 красавіка 2016(2016-04-09) (50 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1988)
Занятак мовазнавец, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы Тэлеканал «Белсат»
Вядомы як Суаўтар сучаснай нармалізацыі беларускага клясычнага правапісу 2005 году
Сябра ў Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня
Дзеці Юстына Саўка[d], Уладзь Саўка[d], Караліна Саўка[d] і Стэфан Саўка[d]

Паходжаньне

рэдагаваць

Дзед па бацьку Іван Маркавіч Саўка паходзіў зь мястэчка Сьвіслач (Бабруйскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя; цяпер Асіпавіцкі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь), зь сям’і плытагона. Падчас першай сусьветнай вайны быў ад’ютантам лётчыка. Пасьля вайны, у Бабруйску ўступіў у Камуністычны саюз моладзі. Тамсама ажаніўся з дачкой рабіна Яўгеніяй Абэлеўнай Рывай (паводле пасьведчаньня асобы — Адольфаўнай), сям’я якой паходзіла зь места Сянно (Магілёўская губэрня; цяпер Віцебская вобласьць). Бацька нарадзіўся ў Менску (Беларуская ССР, СССР) у 1931 годзе. Скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт, па сканчэньні якога вярнуўся ў Менск. Маці прыехала ў Менск на будоўлю ў 1957 годзе зь вёскі Сенькавічы (Івацэвіцкі раён, Берасьцейская вобласьць) бязь веданьня расейскай мовы[2].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

З 4-й клясы (з 1976 г.) прыяжджаў на лета да бабулі па маці ў вёску Сенькавічы (Івацэвіцкі раён, Берасьцейская вобласьць), што паспрыяла захаваньню беларускамоўнасьці насуперак расейскамоўнаму школьніцтву ў Менску. У 1982 г., пасьля ўдзелу ў Гуканьні вясны ў Заслаўі (Менскі раён), пачаў друкаваць на фотапаперы гістарычныя кнігі з нэгатываў ад Вінцука Вячоркі, які ачольваў грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская сьпеўна-драматычная майстроўня» (1979—1984). У чэрвені 1982 году скончыў сярэднюю школу № 61 Менску (цяпер гімназія № 3). Улетку 1983 г. паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[2], які скончыў у 1988 годзе. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе №48 Менска (1986), школе №66 Менска (1988-1989), на курсах павышэньня кваліфікацыі Дзяржтэлерадыё БССР(1989-1990), МДЛУ (1990-1998).

З 2001 году працаваў на радыё «Рацыя» (Беласток, Падляскае ваяводзтва)[3]. У 2010—2016 гадах працаваў на тэлеканале «Белсат»[4]. Быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале. У 2015 годзе разам з моўнаю службаю «Белсату» й пры дапамозе валянцёраў стварыў моўны анлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Меў чатырох дзяцей. Двое першых (Уладзь (1988 г.н.) і Юстына (1995 г.н.)) народжаныя ад першай жонкі. Першынец сын Уладзіслаў нарадзіўся 30 кастрычніка 1988 году на Дзяды[5]. З другой жонкай Ілонай Ўрбановіч-Саўкай меў 2 дзяцей: дачку Караліну (1996 г.н.) і сына Стэфана (2004 г.н.)[6].

Адзін з асноўных удзельнікаў Суполкі сыстэматызацыі беларускай кампутарнай тэрміналёгіі (2010—2012)[7].

  • Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія. Складальнікі Вітаўт Кіпель і Зьміцер Саўка. Нью-Ёрк — Менск: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002. ХХХVIII, — 568 с. (Рэц.: Сяргей Запрудзкі // Беларускі гістарычны агляд. 2002. Сьнежань. Т. 9. Сш. 1-2 (16-17). С. 323—331.) https://slounik.org/biblio
  • Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. Вільня — Менск, 2005. — 160 с. http://knihi.com/storage/pravapis2005.html
  • Моўны мануал: Практычны даведнік для працаўнікоў тэлеканалу «Белсат»: Прээдыцыя (папярэдняе выданне) / Складальнік Зміцер Саўка; пры ўдзеле Настассі Мацяш. Варшава: [Тэлеканал «Белсат»], 2008, травень. 130 с.
  • Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы : Пяцьдзясят гадоў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (1949—1999). Падзеі. Дакумэнты. Успаміны. Персаналіі. = Źmicier Saŭka Belarusan Civilization in America : Fifty years of Belarusan American Association (1949—1999) / Зьміцер Саўка; рэдактар Наталля Гардзiенка; прадмова Лявон Юрэвiч. — Мiнск : Кнігазбор, 2019. — 604 с : [12] с. іл. (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кніга 38).

Пераклады

рэдагаваць
  • Вольскі, Марцін. Людзі-рыбы: Апавяданне // Крыніца. 1989. №8. (з польскай)
  • Каратынскі, Вінцэсь. Наваградак і Наваградчына // Вінцэсь Каратынскі. Творы. Мн.: Маст. літ., 1994. С. 183—212. (з польскай)
  • Піскозуб, Анджэй. Ці стане Беларусь дзесятай балтыйскай дзяржавай // Свабода (Мн.). 1992. Ліпень. №6. (з польскай)
  • Радзік, Рышар. Палякі — беларусы: узаемныя стэрэатыпы ў XІX і XX стст. (да 1939 г.) // Беларускі гістарычны агляд (Мн.). 1998. (Супольна з І. Урбановіч) (з польскай)
  • Сьвяты Андрэй Баболя. Мн.: Бел. Каталіцкая Грамада (на вокладцы: Беларускае Коопэрацыйна-Выдавецкае Таварыства «Адраджэньне»), 1994. 77 с (з польскай)
  • Бэз-Карніловіч, Міхал. Забойства расіянаў у Магілёве. Вызваленьне магілёўскіх купцоў. Пер. з рас. // Свабода. 1991. Люты. №1. (Бяз подпісу.) (з расейскай)
  • Каліноўскі, Язэп. Споведзь // Хрысьціянская думка. 1994. №1(215). С. 14-21. (з расейскай)
  • Хроніка Быхаўца. Пер. са старабел., публікацыя, уступн. слова; Часопісны варыянт: Полымя. 1993. №10. С. 160—182; №11. С. 197—218; №12. С. 192—213. Кніжныя выданьні: Беларускія летапісы і хронікі. Мн.: Бел. кнігазбор, 1998. Старажытныя беларуская літаратура. Мн.: Юнацтва. Выд. 1. 2001; Выд. 2. 2003. Публікацыі фрагмэнтаў у: Сведкі беларускай мінуўшчыны (зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі VI—XV стст.). Мн., 1996. С. 135—144, 151—164. (са старабеларускай)
  • Фільмы: Лэдзі й валацуга-2. Мультфільм. 2001; Шрэк. Мультфільм. 2002; Шрэк-2. Мультфільм. 2005; Глядыятар. Кінафільм. 2001; Плянэта скарбаў. 2008.

Літаратура

рэдагаваць
  • Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога. — [Б. м.]: Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012. — 457 с.
  1. ^ Памёр выбітны мовазнаўца Зьміцер Саўка, Радыё Свабода 9-04-2016
  2. ^ а б Сяргей Дубавец. Гісторыя аднаго цуду: Клінаў і Саўка // Радыё «Свабода», 12 лістапада 2010 г. Праверана 30 кастрычніка 2015 г.
  3. ^ Юрася Бушлякова згадваюць сябры, калегі, настаўнікі, вучні // Радыё «Свабода», 5 чэрвеня 2013 г. Праверана 30 кастрычніка 2015 г.
  4. ^ Тацяна Бублікава на свабодзе // Тэлеканал «Белсат», 30 сьнежня 2010 г. Праверана 30 кастрычніка 2015 г.
  5. ^ Марына Загорская. 1991-2006. Вынікі ад Зьмітра Саўкі // Газэта «Салідарнасьць», 14 красавіка 2007 г. Праверана 30 кастрычніка 2015 г.
  6. ^ Аляксандра Дынько. Я лепш за настаўніка ведаю мову // Радыё «Свабода», 10 красавіка 2012 г. Праверана 30 кастрычніка 2015 г.
  7. ^ https://sites.google.com/site/belcompterm