Лёгкая прамысловасьць

галіна прамысловасьці

Лё́гкая прамысло́васьць — сукупнасьць галінаў прамысловасьці, што вырабляюць прадметы шырокага ўжытку.

Такімі прадметамі ёсьць абутак, адзеньне, вопратка, дыван, тканіна, трыкатаж і футра. Выкарыстоўвае сыравіну 3-х відаў паходжаньня: 1) жывёльную — воўну, скуру, футра і шоўк; 2) расьлінную — бавоўну, джут, лён, каноплі і кенаф; 3) хімічную — сынтэтычнае і штучнае валакно, штучную скуру. Спалучае 30 спосабаў вытворчасьці і ўлучае 19 галінаў прамысловасьці: абутковую, гарбарную, скурна-галянтарэйную, тэкстыльную (баваўняную, ільняную, трыкатажную, шарсьцяную і шаўковую), футравую і швейную[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Ручны выраб тканіны, апрацоўка жывёльнай скуры і пашыў абутку ўзьніклі ў Старажытным Эгіпце, Індыі і Кітаі. У 1750-х гадах лёгкая прамысловасьць склалася ў якасьці фабрычнай галіны. У ХХ стагодзьдзі стала адной з важнейшых галінаў гаспадаркі большасьці краінаў. У 1996 годзе ва ўсім сьвеце вырабілі 53 893 км² баваўнянай і 1182 км² суконнай тканіны, а таксама пашылі 2672 млн параў абутку. Найбольшая вытворчасьць баваўнянай тканіны знаходзілася ў Кітаі, Індыі, ЗША, Японіі і Італіі. Найбольшая вытворчасьць суконнай тканіны — у Італіі, Кітаі, Японіі, Індыі і ЗША; шаўковай тканіны — у ЗША, Паўднёвай Карэі, Японіі, Індыі і Кітаі; абутку — у Кітаі, Індыі, ЗША, Францыі і Італіі. Каля 50% бавоўны вырабілі ў краінах Азіі — Кітаі, Індыі і Пакістане. Звыш 25% бавоўны выпусьцілі ў Паўночнай Амэрыцы — ЗША і Мэксыцы. Траціна паставак воўны прыпала на долю Аўстраліі і Новай Зэляндыі. Каля 25% воўны прыпала на долю краінаў Азіі — Кітай, Індыю, Пакістан і Турэччыну[1].

Беларусь

рэдагаваць

У Беларусі са старажытнасьці вядомыя ручное ткацтва, выраб сукна і скуры, пашыў абутку і шыцьцё вопраткі. У 1730-я гады зьявіліся прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці, якія выраблялі панчохі, паясы і сукно. У 1890-я гады лёгкая прамысловасьць стала фабрычна-заводзкай. У 1997 годзе на яе долю прыпала 9,7% прамысловай вытворчасьці Беларусі і 14,9% занятых у прамысловасьці. Найбольшымі галінамі былі абутковая, гарбарная, тэкстыльная, швейная і футравая. У 1997 годзе дзейнічала 463 прадпрыемствы. Вытворчасьць тканіны склала 259 млн м², зь іх шаўковай — 67 млн м² (26%), баваўнянай — 47 млн м² (18%), ільняной — 45 млн м² (17%) і суконнай — 9 млн м². Выпусьцілі 67 млн параў панчохаў і шкарпэтак, 44 млн трыкатажных вырабаў. Пашылі 15,6 млн параў абутку. Найбольшымі прадпрыемствамі былі: Менскі камвольны камбінат, Менская гарбарная фабрыка, Менская скургалянтарэйная фабрыка, Менскае абутковае аб’яднаньне «Прамень», швейная фабрыка «Мілавіца», Аршанскі льнокамбінат, Гарадзенскае тонкасуконнае аб'яднаньне, Віцебскі камбінат шаўковых тканінаў, Віцебскае пачошна-трыкатажнае прадпрыемствам «КІМ», камбінат «Віцебскія дываны», Віцебскае прадпрыемства «Футра», віцебскае абутковае прадпрыемства «Белвэст», Берасьцейскі панчошны камбінат, камбінат «Дываны Берасьця», Баранавіцкае баваўнянае аб'яднаньне, Пінскае прадпрыемства «Дынама», Бабруйскі скураны камбінат, Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Калінка» і Жлобінская фабрыка штучнага футра[1].

У 2019 годзе лёгкая прамысловасьць Беларусі забясьпечыла звыш 3% прамысловай вытворчасьці ў памеры 4 млрд рублёў. Пераважна выпускалі баваўняную, льняную і хімічную тканіну, дываны, гарбарныя вырабы, абутак, адзеньне гарсэты, панчохі і шкарпэткі. Найбольшымі вытворцамі былі «Контэ Спа» (Горадня), «Мілавіца», «Магатэкс» (Магілёў), «Сьвітанак» (Жодзін), «Сьветлагорск Хімвалакно», «Элема», Аршанскі льнокамбінат (Віцебская вобласьць), «Марк Фармэль» (Узда), «Віцебскія дываны», Менскае гарбарнае аб'яднаньне, «Белвэст», «Камінтэрн» (Гомель), «Марко» (Віцебск), Баранавіцкае баваўнянае аб’яднаньне, «Камволь» і «Дываны Берасьця». Удзельная вага Віцебскай вобласьці ў вытворчасьці склала 24%, Гарадзенскай — 16%, Магілёўскай — 13%, Берасьцейскай вобласьці і Менску — па 12%, Менскай вобласьці — 10% і Гомельскай — 9%. За 2019 год вырабілі 67,9 млн м² баваўнянай тканіны, 6,8 млн адзінак сталовай і 6,4 млн адзінак ложкавай бялізны, 168,1 млн параў панчохаў і шкарпэтак, 51,2 млн трыкатажных вырабаў, 9,1 млн адзінак вопраткі, 622 000 сумак і 625,5 млн м² нятканых матэрыялаў. Продажы вырабаў лёгкай прамысловасьці за мяжу вырасьлі на 0,7% да 1,357 млрд $[2].