Лёгкая атлетыка
Лёгкая атлетыка — від спорту, у які ўваходзяць розныя спартовыя спаборніцтвы заснаваныя на такой дзейнасьці, як то бег, скокі й кіданьне. Кіданьні й скокі звычайна адбываюцца ў цэнтральнай плошчы стадыёна, у той час калі бег праходзіць па-за травяным пакрыцьцём пляцоўкі. Лёгкая атлетыка складаецца з такіх спартовых дысцыплінаў, як то спаборніцтвы на стадыёне, шашэйны бег, бег па перасечанай мясцовасьці й спартовая хадзьба. Самыя вядомыя спаборніцтвы па гэтаму віду спорту ёсьць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянат сьвету па лёгкай атлетыцы. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (ІААФ) зьяўляецца міжнародным органам па лёгкай атлетыцы, яна была створана ў 1912 годзе й на сёньня аб’ядноўвае 213 нацыянальных фэдэрацыяў.
Лёгкая атлетыка, як правіла, складаецца зь індывідуальных відаў спорту, дзе спартоўцы супэрнічаюць адзін з адным дзеля выяўленьня пераможцы. У спаборніцтвах на хуткасьць перамагае спартовец з хуткім часам, у той час як у скоках і кіданьнях перамагае спартовец, які дамогся найбольшай адлегласьці альбо вышыні. Спаборніцтвы па бегу падзяляюцца на спрынт, бег на сярэднія й доўгія дыстанцыі, эстафэты й бег зь перашкодамі. Спаборніцтвы па скоках уключаюць у сябе скокі ў даўжыню, патройны скок, скокі ў вышыню й скокі з шастом, у той час як найбольш распаўсюджанымі спаборніцтвамі па кідаючым відам ёсьць штурханьне ядра, кіданьне дзіды, дыску й молату. Ёсьць таксама шматбор’і, як то сямібор’і й дзесяцібор’і, у якім спартоўцы спаборнічаюць у некалькіх зь пералічаных відаў.
Лепшыя паказчыкі ў кожнай з дысцыплінаў захоўваюцца на сусьветным і нацыянальным узроўнях, і называюцца сусьветнымі й нацыянальнымі рэкордамі, таксама рэкорды захоўваюцца й на асабістым ўзроўні. Аднак, спартоўцы, якія парушылі правілы спаборніцтваў, дыскваліфікуюцца са спаборніцтваў й іхныя дасягненьні не ўлічвацца.
Пляцоўкі
рэдагавацьАдкрыты стадыён
рэдагавацьУ большасьці выпадкаў лёгкаатлетычны стадыён бывае сумешчаны з футбольным стадыёнам і полем, як то менскі стадыён «Дынама». У ЗША легкаатлетычны стадыён сумешчаны са стадыёнам для амэрыканскага футболу або лякросу. Легкаатлетычны стадыён стандартна ўключае ў сябе авальную 400-мэтровую дарожку, якая звычайна складаецца з 8 ці 9 асобных дарожак, а таксама сэктараў для спаборніцтваў у скоках і кіданьнях. Дарожка для бегу на 3000 мэтраў зь перашкодамі мае асаблівую разьметку, а перашкода з вадой вынесеная на спэцыяльны віраж.
Прынята вымяраць дыстанцыю на стадыёнах у мэтрах, як то бег на 10 000 мэтраў, а на шашы або адкрытай мясцовасьці ў кілямэтрах, як то крос 10 кілямэтраў. Дарожкі на стадыёнах маюць спэцыяльную разьметку, якая адзначае старт усіх бегавых дысцыплінаў і калідоры для перадачы эстафэты. Часам спаборніцтвы па кіданьні молату ці дзіды вылучаюць у асобную праграму ці ўвогуле выносяць за межы стадыёну, бо патэнцыйна ладунак, выпадкова які выляцеў за межы сэктару, можа нанесьці калецтва іншым удзельнікам спаборніцтваў або гледачам.
Закрыты манеж
рэдагавацьСтандартна ўключае ў сябе авальную 200-мэтровую дарожку, якая складаецца з чатырох-шасьці асобных дарожак, дарожку для бегу на 60 мэтраў і сэктараў для скачковых відаў. Адзіны від для кіданьняў, які ўваходзіць у праграму зімовага сэзону ў закрытых памяшканьнях — гэта штурханне ядра й, як правіла, ён ня мае спэцыяльнага сэктару й арганізуецца асобна на месцы іншых сэктараў. Афіцыйныя спаборніцтвы Міжнароднай арганізацыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў праводзяцца толькі на 200-мэтровай дарожцы, аднак існуюць стадыёны з нестандартнай дарожкай, як то 140 мэтраў, 300 мэтраў і іншыя.
У манежы на віражах закладваюць пэўны кут ухілу, звычайна да 18°, які палягчае бегунам праходжаньне дыстанцыі на паваротах з малым радыюсам крывізны. Пачынаючы з 2006 году, дыстанцыя 200 мэтраў была выключана з праграмы чэмпіянатаў сьвету і Эўропы паводле меркаваньняў, што ўдзельнікі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы, бо той, хто бяжыць па зьнешняй дарожцы, знаходзіцца ў самых выгадных умовах. Аднак на некаторых спаборніцтвах забегі на 200-мэтровай дыстанцыі праводзяцца да гэтага часу.