Мураўёўкі — цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы[a]) на тэрыторыі анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага, масавае будаваньне якіх разгарнулася па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў. Назва паходзіць ад імя расейскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва[3][4] зь мянушкамі «вешальнік» і «людаед»[5], які распрацаваў праграму «захадаў дзеля ўвядзеньня і перавагі ў Паўночна-Заходнім краі расейскай народнасьці» (рас. «мероприятий, имевших в виду водворение и преобладание в Северо-Западном крае русской народности») і з гэтай мэтай запрасіў у маскоўскага гаспадара Аляксандра II 500 тысячаў рублёў на аднаўленьне старых і будаваньне новых цэркваў у Віленскай і Гарадзенскай губэрнях. Яшчэ раней такія ж сродкі вылучылі Віцебскай, Магілеўскай і Менскай губэрням[6].

Гарнізонная царква ў Бабруйску з асноўнымі элемэнтамі мураўёвак (купалы-цыбуліны — сымбаль расейскай культавай архітэктуры[1][2], высокія шатровыя дахі, паясы какошнікаў)

Сотні цэркваў-«мураўёвак» узводзіліся паводле тыповых праектаў[7][8] і мусілі ўвасобіць праваслаўна-расейскія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[9] Маскоўскай дзяржавы. Іхнае будаваньне мела вызначальную ідэйна-палітычную ролю[10] ў справе русіфікацыі беларусаў[11] (згодна з абвешчанай маскоўскім гаспадаром Мікалаем I тэзай «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасьць»[12]).

Тыпалёгія

рэдагаваць

Агульныя рысы

рэдагаваць

У 1865 годзе ўлады Расейскай імпэрыі выдалі адмысловыя «Правілы, якія трэба выконваць пры будаваньні праваслаўных цэркваў і прычэтніцкіх збудаваньняў у Паўночна-Заходнім краі» (рас. «Правила, которые следует соблюдать при постройке православных церквей и причетнических сооружений в Северо-Западном крае»), у якіх гісторыя беларускага народу тлумачылася з расейскіх манархічных і імпэрскіх пазыцыяў[13].

Урадавы сынод і Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі зацьвердзілі сэрыю тыповых праектаў, згодна зь якімі трэба было ўзводзіць храмы. Тым часам забаранялася індывідуальнае царкоўнае будаваньне ў зямянскіх маёнтках, а таксама праектаваньне вясковых храмаў землямерамі ў абыход чыноўнікаў губэрнскіх будаўнічых камісіяў. Такім парадкам вызначалася адносная аднароднасьць і стылёвае адзінства цэркваў, што будаваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Храмы мусілі мець аднолькавы плян і зьмяшчаць архітэктурныя элемэнты, уласьцівыя дойлідзтву Маскоўскай дзяржавы: цыбулепадобныя купалы, высокія шатровыя завяршэньні, какошнікі, дэкаратыўную ўзорыстасьць ды іншае.

Сынадальны кірунак

рэдагаваць

Асноўная адметнасьць Сынадальнага кірунку — брак адвольнай архітэктурнай творчасьці і строгая прывязка да кананізаваных Урадавым сынодам Расейскай імпэрыі разьвязкаў[14].

Маскоўска-Яраслаўскі кірунак

рэдагаваць

У часы кіраваньня Мікалая II у царкоўным будаваньні на ўзор было «найвысачэйша загадана» браць архітэктурныя помнікі Масквы і Яраслаўля XVI—XVII стагодзьдзяў, якія цаніліся паводле выказваньня Ігара Грабара(ru) за «непараўнальную казачнасьць» (рас. «несравненную сказочность»). Лічылася, што менавіта «лубочнае» маскоўска-яраслаўскае царкоўнае і церамнае дойлідзтва, у адрозьненьне ад бізантыйскага, было сапраўднай нацыянальнай расейскай архітэктурай[15].

Расейска-бізантыйскі кірунак

рэдагаваць

Расейска-бізантыйскі (новабізантыйскі) кірунак галоўным парадкам арыентаваўся на старажытныя ўзоры канстантынопальскіх цэркваў, «адкуль пайшла расейская нацыянальная архітэктура». Разам з тым адбывалася шмат пазычаньняў з архітэктурна-выразнага арсэналу ўладзімера-суздальскай і раньнемаскоўскай архітэктурных школаў[16].

Насаджэньне ўкосных крыжоў

рэдагаваць

Разам з будаваньнем мураўёвак, спраектаваных расейскімі архітэктарамі, у другой палове XIX стагодзьдзя замест традыцыйных высокамастацкіх сонцакрыжоў, вырабленых мясцовымі майстрамі, на купалы цэркваў на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага пачалі ставіць укосныя крыжы расейскай прамысловай вытворчасьці[17]. Упершыню на царкоўныя купалы крыжы падобнага тыпу пачалі ставіць у Маскоўскай дзяржаве з ініцыятывы Івана IV Тырана[18]. Тым часам не існуе праваслаўных канонаў, якія б рэглямэнтавалі абавязковасьць касой папярочкі на крыжы[19]. Увогуле, не існуе «каталіцкіх» або «праваслаўных» крыжоў: крыжы ёсьць адзнакай мясцовай традыцыі, і ўкосныя крыжы — гэта ўласьцівасьць Расейскай праваслаўнай царквы[20].

Беларускі мастацтвазнаўца і этноляг Яўген Сахута зьвяртае ўвагу на тое, што сярод шматлікіх крыжоў, вырабленых мясцовымі беларускімі майстрамі ў другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзя, няма ніводнага з касой папярочкай[17].

Зьнішчэньне помнікаў сакральнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага

рэдагаваць
 
Петрапаўлаўская царква ў Менску да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

 
Барысаглебская царква ў Наваградку да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

 
Спаскі манастыр у Полацку да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

 
Узьвіжанская царква ў Магілёве да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

 
Прадцечанская царква ў Віцебску да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

 
Мікольская царква ў Кобрыні да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

 
Ушэсьценская царква ў Моладаве да (налева) і па (направа) маскоўскай перабудове

У другой палове XIX ст. ўчынялася масавае зьнішчэньне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[6], а таксама эклектычная перабудова ў стылістыцы дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных (Канстантынопальскі патрыярхат) помнікаў сакральнай архітэктуры. Падобным парадкам Маскоўская царква імкнулася абазначыць «кананічную» тэрыторыю[21]. Фінансавалася гэтая справа з сродкаў, сабраных з удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцыяў[10][12].

Так, яшчэ ў 1863 годзе па аглядзе цэркваў Менскай губэрні падпалкоўнік Генэральнага штабу Расейскай імпэрыі архітэктар Зяленскі зацьвердзіў праекты на перабудову каля 100 будынкаў[22].

У выніку падобных рэканструкцыяў адбывалася зьнявечаньне кампазыцыяў і стылёвага разьвязку помнікаў архітэктуры, зьнішчаліся высокамастацкія фрэскі, алтары, амбоны ды іншае[23]. Паводле падлікаў кандыдата мастацтвазнаўства Зянона Пазьняка, расейскія ўлады агулам зьнішчылі або зьнявечылі каля 2 тысячаў помнікаў беларускай сакральнай архітэктуры[24].

Найбольш характэрныя прыклады:

Перабудаваныя расейскімі ўладамі цэрквы таксама называюць мураўёўкамі[12].

Зьнявечаныя помнікі

рэдагаваць

Зруйнаваныя помнікі

рэдагаваць

Яшчэ ў савецкі час збудаваныя на загад расейскіх уладаў аднатыпныя цэрквы ацэньваліся як матэрыяльны выраз каляніяльнай палітыкі царызму[25]. Разам з тым беларускі філёзаф і тэоляг Ірына Дубянецкая зазначае, што кладка неатынкаваных цэркваў-мураўёвак, збудаваных з бутавага каменю, ёсьць прыкладам беларускага сакральнага мастацтва (калі ня браць пад увагу мураўёўскія атрыбуты)[26].

Мастак Мікола Купава зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады СССР часьцей руйнавалі не расейскія цэрквы-мураўёўкі, а старажытныя помнікі беларускай сакральнай архітэктуры[27]. Напрыклад, у Воршы адзіная збудаваная расейскімі ўладамі царква-мураўёўка засталася некранутай, прытым савецкія ўлады зьнішчылі чатыры царквы і два касьцёлы, якія былі помнікамі архітэктуры барока часоў Вялікага Княства Літоўскага; у Шклове таксама захавалася толькі царква-мураўёўка, а пад руйнаваньне трапілі каштоўныя помнікі сакральнай архітэктуры магілёўскага барока і клясыцызму; у Магілёве захаваліся дзьве царквы-мураўёўкі, тым часам места страціла тры царквы і два касьцёлы, помнікі архітэктуры барока, а таксама тры царквы і касьцёл, помнікі архітэктуры клясыцызму. Падобная выпадкі таксама назіралася ў Лагойску, Койданаве, Дзісьне, Горадні ды іншых.

Мастак і этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч праводзіць паралель паміж мураўёўкамі і царкоўнай архітэктурай Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату ў Беларусі часоў прарасейскага рэжыму Лукашэнкі:

  <...> гэта, я б сказаў, усьвядомлены культурны аспэкт. Мы маем справу з тэндэнцыяй: прасоўваньнем пэўнага стылістычнага моманту як вельмі істотнага ідэалягічнага. Карані цягнуцца з Масквы. Уся Беларусь — цэнтральныя гарады, цэнтральныя дарогі — застаўленыя рускай праваслаўнай царквой у псэўдарускім стылі. Амаль у тым жа кшталце, як у ХІХ ст. рабіліся «мураўёўкі». Яны вельмі добра разумеюць палітычны патэнцыял гэтага стылістычнага моманту: «грыбы» паставяць — пазначаць сваю тэрыторыю ўплыву. Як сабака меціць дрэвы. Гэта агромністы палітычны капітал, які вымяраецца нават грашовым эквівалентам.  

Тодар КашкурэвічДрама Гародні: нацыянальны праект як гульні ўлады (Архіўная копія) // «Наше мнение», 12 чэрвеня 2007 г.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ У наш час — цэрквы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату; адзінкавыя будынкі належаць да іншых канфэсіяў або знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці
  1. ^ Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М. Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 245.
  2. ^ Block E. Garlic and Other Alliums: The Lore and the Science. — Royal Society of Chemistry, 2010. ISBN 9780854041909. — P. 47.
  3. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 186.
  4. ^ Самусік А. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі: Вучэб. дапаможнік. — Менск: БДЭУ, 2014. С. 148.
  5. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 257.
  6. ^ а б Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 54
  7. ^ Самусик А. Смоляны: славное прошлое и перспективное будущее // Отдых и путешествия. № 10, 2002 г.
  8. ^ Сільвестрава С. Сілівановіч Нікадзім Юр’евіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага р-на. — Мн., 2001.
  9. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 177.
  10. ^ а б Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 18.
  11. ^ Зорина Л. Гродненские евреи — строители православных церквей (вторая половина XIX века) // Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада. XV—XX стст.: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7-8 лістапада 2014 г.) / Пад рэд. А. Смаленчука і А. Краўцэвіча. — Менск: Зміцер Колас, 2015. С. 196.
  12. ^ а б в Чарановіч С. Ляхавіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа // Наша Вера. № 3 (21), 2002 г.
  13. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 21.
  14. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 40.
  15. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 34.
  16. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 25.
  17. ^ а б Сахута Я. Беларускае народнае кавальства. — Менск: Беларусь, 2015. С. 110.
  18. ^ Русский крест: символика православного надглавного креста. — М., 2006. С. 149.
  19. ^ Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М. Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 248.
  20. ^ Бурштын Я. Ірына Дубянецкая: Дзякуючы намаганням РПЦ пачынае мяняцца культурны ландшафт Беларусі (Фота і відэа), Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», 16 ліпеня 2016 г.
  21. ^ Архітэктар Папруга: Хочуць цыбуліны на царкве — няхай будуюць новы храм // Наша Ніва, 1 ліпеня 2010 г.
  22. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 40—41.
  23. ^ Кулагін А. Эклектыка. — Менск, 2000. С. 65.
  24. ^ Зянон Пазьняк, Фiзiчнае зьнiшчэньне беларускай нацыi, Пэрсанальны сайт Зянона Пазьняка
  25. ^ Кацер М. С. Белорусская архитектура. Исторический очерк / Ин-т литературы и искусства АН БССР. — Мн.: Гос. изд-во БССР, 1956. С. 114, 115.
  26. ^ Бартосік З. Затычка сусьветнага патопу. Сакрэтная зброя Беларусі, Радыё Свабода, 27 літапада 2014 г.
  27. ^ Купава М. Аршанская бажніца Апекі Маці Божай // Наша Вера. № 3 (9), 1999 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Кулагін А. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. — Менск: «Ураджай», 2000. — 304 с.: іл. ISBN 985-04-0350-0.
  • Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
  • Носко М. М. Виленский генерал-губернатор М. Н. Муравьев и православное храмостроительство в Беларуси // Исторический поиск Беларуси: Альм. [постоянно действующего научного семинара имени И. В. Оржеховского]. — Минск, 2006. — С. 196—202
  • Слюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи: Пересоздание наследия. ― М.: Прогресс-Традиция, 2010. ISBN 978-5-89826-326-8.