Беларускі клясычны правапіс

правапіс беларускай мовы

Белару́скі клясы́чны пра́вапіс, альбо тарашкевіца — правапіс беларускае мовы (у шырэйшым сэнсе — моўны стандарт[1] або моўная норма[2][3]), заснаваны на літаратурнай норме сучаснае беларускае мовы й ейных правілах да палітычнае рэформы беларускае артаграфіі 1933 году й пэўных акадэмічных прапановах 1930, 1933 і 1993 гадоў. Першы ўнармаваны правапіс беларускае мовы[4] й традыцыйны беларускі правапіс у сучасным разуменьні.

Пятае выданьне «Беларускае граматыкі для школ» Браніслава Тарашкевіча. Вільня, 1929 г.

Упершыню кадыфікаваны Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, афіцыйна ўжываўся ў Беларусі да праведзенае савецкімі ўладамі русіфікатарскае рэформы 1933 году[5][6][7]. Па 1933 годзе працягваў выкарыстоўвацца беларускімі навуковымі, культурнымі, грамадзкімі й палітычнымі арґанізацыямі па-за межамі СССР. З аднаўленьнем незалежнасьці ў 1990 годзе вярнуўся й пашырыўся ў Беларусі.

У 2005 годзе ўкладальнікі выданьня «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў» зьдзейсьнілі сучасную нармалізацыю клясычнага правапісу[8]. У 2007 годзе IANA надала тарашкевіцы ўласны моўны падтэг «tarask» (поўнае пазначэньне: be-tarask)[9] дзеля адрозьненьня ад наркамаўкі, якая мае ўласны падтэг «1959acad».

Назва тарашкевіца[10] ўжываецца з канца 1980-х гадоў і падкрэсьлівае большую блізкасьць правапісу да працы Браніслава Тарашкевіча 1918 году. У моўны ўжытак яе ўвёў беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка паводле аналёгіі з сэрбскай «вукавіцай» — кірылічным сэрбскім альфабэтам, названым у гонар рэфарматара сэрбскае мовы Вука Караджыча[11]. Прыкладна з 1994 году як сынонім з прыярытэтным выкарыстаньнем ужываецца назва клясычны правапіс[12][7][13][14][15][16][3].

Гісторыя

рэдагаваць

Кадыфікацыя

рэдагаваць
 
Беларускі тэкст пачатку XX ст.: верш «Слуцкія ткачыхі» клясыка беларускае літаратуры Максіма Багдановіча ў арыґінальнай артаграфіі («на лад пэрсідзкі»)

У 1918 годзе, напярэдадні абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, сасьпела патрэбнасьць кадыфікацыі беларускае мовы як дзяржаўнай. Знакамітыя мовазнаўцы краіны прапанавалі некалькі праектаў:

Перамогу Тарашкевічавай кадыфікацыі абумовілі наступныя чыньнікі: яна была найбольш ґрунтоўнай; ахоплівала бальшыню артаграфічных калізіяў; у большай ступені працягвала практыку беларускага друку папярэдняга пэрыяду; зьмяшчала практыкаваньні, што было карысным для выкарыстаньня ў дыдактычных мэтах; зьявілася на заказ беларускае палітычнае эліты[4]. Нават афіцыйная савецкая мовазнаўчая навука прызнавала, што праца Тарашкевіча стала вельмі ўдалым досьведам вылучэньня асноўных заканамернасьцяў беларускае мовы й усе пазьнейшыя праекты й рэформы беларускае мовы бралі за аснову акурат гэтую кадыфікацыю[18].

Прынятая кадыфікацыя, як адзначаюць мовазнаўцы, адыграла вынятковую ролю ў стабілізацыі марфалягічных нормаў беларускае мовы. Ейнаму хуткаму й усеагульнаму прыняцьцю беларусамі спрыяла тое, што аўтар не навязваў уласнага моўнага густу й арыентаваўся на шырокую дыялектную аснову, пры якой не аддавалася перавагі толькі аднаму дыялекту[19][20].

Навукова абґрунтаванае разьвіцьцё

рэдагаваць

Акадэмічны праект 1930 году

рэдагаваць
   
Прыклад выкарыстаньня клясычнага правапісу беларускай мовы паводле нормаў пачатку XX ст. у перакладніцкай дзейнасьці Макара Краўцова (М. Лермантаў «Дэмон») і Вацлава Ластоўскага (Э. Ажэшка «У зімовы вечар»)[a]

У пэўных выпадках Тарашкевічава кадыфікацыя замацавала паралельныя граматычныя формы, што ў пачатковы пэрыяд станаўленьня літаратурнае мовы выклікалася імкненьнем адлюстраваць як мага больш чыстабеларускіх моўных асаблівасьцяў, каб у працэсе функцыянаваньня літаратурнае мовы праверыць іхную жыцьцяздольнасьць. Стваральнік беларускае граматыкі разьлічваў на тое, што той узус, які пазьней зробіцца адзінай нормаю, выкрышталізуецца ў час моўнае практыкі[21].

Пашырэньне сфэраў ужываньня беларускага пісьма прывяло да актуалізацыі пытаньняў з далейшага ўнармаваньня артаграфіі, што выявілася ў 1920-я гады ў працах найперш Язэпа Лёсіка. У 1926 годзе ў Менску адбылася прадстаўнічая міжнародная Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу й азбукі, якая выявіла неразьвязаныя пытаньні, пазначыла магчымыя шляхі іхняга разьвязаньня, але не прыняла ніякіх дакумэнтаў кадыфікацыйнага характару. Увосень 1927 году ўтварылася Правапісная Камісія ў складзе акадэмікаў Сьцяпана Некрашэвіча (старшыня), Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Яна Луцэвіча (Янкі Купалы), дацэнта БДУ Анатоля Багдановіча (сакратар), доктара навук Пятра Бузука, навуковых супрацоўнікаў Інстытуту беларускае культуры Янкі Бялькевіча й Уладзіслава Чаржынскага[22].

 
Беларуская ґазэта «Зьвязда» (цяпер «Звязда») 1928 году выданьня з назвай, запісанай клясычным правапісам

У 1929 годзе з прыходам да ўлады ў СССР Сталіна й наступным згортваньнем палітыкі беларусізацыі, Савет народных камісараў БССР звольніў Сьцяпана Некрашэвіча з пасады віцэ-прэзыдэнта Беларускае Акадэміі Навук, адначасна была спыненая праца Правапіснае камісіі. Аднак нягледзячы на неспрыяльную палітычную каньюнктуру, вынікі ейнае дзейнасьці выйшлі з друку ў 1930 годзе. Гэты праект пераважна працягваў і разьвіваў Тарашкевічаў правапіс. У прыватнасьці, у ім захоўваліся тыя напісаньні, што ў пазьнейшых кадыфікацыйных працах падлягалі зьменам: да прыкладу, аб’ежчык; парыскі, чэскі; гарадзкі, людзкі; бяз нас, ня руш і г. д.[23]

У друкаванай рэдакцыі праекту была прапанова скасаваць асыміляцыйную мяккасьць. Аднак яна зьявілася ў праекце толькі ў карэктуры — гэта значыць на мяжы 1929—1930 гадоў, калі пачала раскручвацца антынацдэмаўская кампанія. Дагэтуль Правапісная Камісія згадзілася на тым, што мяккі знак варта прыбраць выняткова ў падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц (насенне, сьмецце, суддзя альбо судздзя). Скасаваць мяккі знак у іншых пазыцыях катэгарычна не згаджаўся старшыня Камісіі Сьцяпан Некрашэвіч, які на момант рыхтаваньня дакумэнту да друку страціў свае годнасьці й дажываў апошнія месяцы на волі. Рашуча не прыняў гэтага скасаваньня й Янка Купала[24].

Праект зьмяшчаў і іншыя кардынальна новыя прапановы, адкінутыя савецкімі ўладамі. Пэўныя зь іх, урэшце, прынялі пры нармалізацыі клясычнага правапісу 2005 году — гэта:

  • пашырэньне яканьня ў лічэбніках: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць;
  • адмова ад правядзеньня яканьня ў 2-м складзе перад націскам, калі ў першым пераднаціскным няма а/я: невысокі, беспрытульны;
  • увядзеньне аканьня ў пазычаньнях: маналёг, каапэрацыя, фанэтыка.

Акадэмічны праект 1933 году

рэдагаваць
 
Шыльда БДУ (беларуская й ідыш)

У 1930 годзе група навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства пачала працу над новым, пазбаўленым «нацдэмаўскага ўплыву», праектам рэформы беларускага правапісу. У наступным годзе кіраўніком Інстытуту прызначылі Пятра Бузука — раней арыштаванага, але ў адрозьненьне ад іншых беларускіх мовазнаўцаў, вызваленага праз сваё небеларускае паходжаньне. Тым часам існуюць зьвесткі, што прафэсар лічыў існы правапіс найлепшым адлюстраваньнем жывое народнае гаворкі, таму выступаў супраць ягоных рэформаў[25][26].

Нягледзячы на тое, што праца ішла ў моцна палітызаванай атмасфэры эскаляцыі русіфікатарскіх тэндэнцыяў, змаганьня з «нацдэмаўшчынай», сталінскіх рэпрэсіяў і ґвалтоўнай калектывізацыі, праект выявіўся надзвычай супярэчлівым і рознавэктарным. Так, разам зь зьменамі, скіраванымі на відавочнае набліжэньне беларускае мовы да расейскае, у ім былі дыямэтральна супрацьлеглыя прапановы, у прыватнасьці: падпарадкаваньне лічэбнікаў яканьню (дзявяты, дзясяты, пяцьдзясят); правядзеньне аканьня ў пазычаньнях (маналёг, каапэрацыя, фанэтыка, Арджанікідзэ, Афэнбах; але нэто, інкогніто, солё, Лёкарно); сьцягненае напісаньне падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц, жж, шш, чч — н, л, з, с, дз, ц, ж, ш, а таксама ў лічэбніках цц — ц (насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё, збожа, заціша, ночу; адзінацаць, трыцаць); увядзеньне асобных літараў для гукаў [дз], [дж][27].

Такім парадкам, у галіне правапісу ўласнабеларускіх словаў дакумэнт прапаноўваў глыбокую рэвізію ранейшае практыкі, у афармленьні іншамоўнае лексыкі — захоўваў тарашкевіцкую аснову й амаль паўтараў праект 1930 году, нягледзячы на абвешчаную ягонымі стваральнікамі вайну «нацдэмаўскім устаноўкам»[28].

Прапановы акадэмічнага праекту 1933 году, прынятыя пры нармалізацыі клясычнага правапісу ў 2005 годзе:

  • пашырэньне яканьня ў лічэбніках: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць;
  • адмова ад правядзеньня яканьня ў 2-м складзе перад націскам, калі ў 1-м пераднаціскным няма а/я: невысокі, беспрытульны;
  • увядзеньне аканьня ў пазычаньнях: маналёг, каапэрацыя, фанэтыка;
  • перадача іншаземнага «f» ува ўсіх выпадках праз «ф»: форма, фабрыка, торф (замест хворма, хвабрыка, торп).

Фактычная забарона ў СССР

рэдагаваць

Палітычны праект 1933 году

рэдагаваць

Нягледзячы на заўважны русіфікатарскі ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускае мовы да расейскае[1]. Да таго ж, новы этап змаганьня зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай ґазэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску[5]:


  Размова ідзе аб актывізацыі буржуазных нацыяналістаў у Беларусі, аб палітычнай існасьці іхных выступаў, якія адлюстроўваюць супраціў захадам пралетарскае дзяржавы з боку кулацтва, якое гіне.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Речь идет об активизации буржуазных националистов в Белоруссии, о политической сущности их выступлений, отражающих сопротивление мероприятиям пролетарского государства со стороны гибнущего кулачества.
 

Адразу па гэтай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі й абмеркавалі ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, Пэдагагічным інстытуце, розных савецкіх і партыйных арґанізацыях. У выніку чаго да дакумэнту дадалі выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» й стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але нягледзячы на гэта, дакумэнт цалкам перапрацавалі[29].

5 траўня ЦК КП(б)Б стварыла адмысловую «Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка й новых правілаў правапісу беларускае мовы»[30]. Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводны лінгвіст, а ейнымі сябрамі сталі пераважна палітыкі[31].

Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы праектаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[32]. 26 жніўня дакумэнт сваёй пастановай зацьвердзіў Савет народных камісараў БССР, а 27 жніўня — беларускі ЦК. Такім парадкам, прыняцьце праекту адбылося ў загадным парадку без папярэдняе публікацыі й грамадзкага абмеркаваньня[33].

Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у запраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гады), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — па «разьвянчаньні культу асобы» (1956 год)[34].

Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Прытым тэхнічная падрыхтоўка адпаведнае часткі дакумэнту значна лепшая за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды[35].

Правапісная рэформа 1933 году закранула ня толькі фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці, але таксама й лексыку беларускае мовы. Так, напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча й М. Байкова (1928) для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то парэформавы «Руска-беларускі слоўнік» Александровіча (1937) — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася й расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад»[36]. У гэтым жа слоўніку ёсьць такія неўласьцівыя для беларускае мовы дзеепрыметнікавыя формы, як «забыўчывы», «неўстрашымы», «брадзячы». Падобную практыку працягнулі ў наступным «Руска-беларускім слоўніку» 1953 году, калі на першым месцы ставілася калька з расейскае мовы, а арыґінальнае беларускае слова, як правіла, за ёй[37].

Тым часам рукапісы раней падрыхтаваных акадэмічных слоўнікаў савецкія ўлады загадалі зьнішчыць, сярод іх — шматтомны «Слоўнік жывой беларускай мовы», двухтомныя расейска-беларускі й беларуска-расейскі слоўнікі, польска-беларускі й беларуска-польскі, эспэранцка-беларускі й беларуска-эспэранцкі, латыска-беларускі, гістарычны й артаграфічны[38].

Беспрынцыпнасьць рэфарматараў, а таксама іхнюю тагачасную рыторыку добра адлюстроўвае наступная цытата[39]:


  Шмат нацдэмы нашкодзілі ў пытаннях «окання» ў словах іншамоўнага паходжання. Такія словы, як «кааперацыя, калгас, трактар» і іншыя, пісалі праз «о», матывуючы гэта правіла тым, што слова «калгас, кааперацыя» і другія не прыняты беларускай мовай, не ўвашлі ў быт, што яны па сваёй прыродзе чужыя беларускай мове. Што словы «калгас» і падобныя ім чужыя і варожыя нацдэмам, гэта зразумела, як і зразумела буржуазна-класавая «апрацоўка» правапіса нацдэмаўскімі «слупамі мовазнаўства».

Улічваючы працэс асваення шырокімі працоўнымі масамі слоў іншамоўнага паходжання, мы абавязаны гэтыя словы перадаваць згодна іх вымаўлення, г. зн. праз «аканне», што ў пастанове СНК аб зменах у правапісе і праведзена.

Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз «о», і ў нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы «комуна»… [далей — фактычна цытата з Дадаткаў да Пастановы-1933, пра які гл. ніжэй] — пішуцца і ў нас праз «о», г. зн. захоўваецца ў корані іх перша­крыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма

 

Андрэй Александровіч Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы // Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. — Менск: Выд-ва БАН, 1934. — С. 21.

Праз тры месяцы па прыняцьці першае «правапіснае» пастановы 3 сьнежня 1933 году, старшыня Савету народных камісараў БССР Мікалай Галадзед падпісаў новую пастанову СНК «Дадаткі да пастановы СНК БССР „Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса“», якая выпраўляла памылкі ў жнівеньскім дакумэнце. На гэтым скончыўся першы этап правапіснае рэформы 1933 году[40].

Скрайняя непасьлядоўнасьць і русіфікацыйныя мэты рэформы прызнаваліся афіцыйным савецкім мовазнаўствам за відавочныя яшчэ за часамі г.зв. «Хрушчоўскай адлігі»:

  ...не ўрэгуляваным засталося правіла аб перадачы акання і якання. Шматлікія неабгрунтаваныя выключэнні з гэтага правіла не ўносілі жаданай палёгкі пры напісанні іншамоўнай лексікі, вельмі складаным і неўпарадкаваным было правіла напісання складаных слоў. Выклікала цяжкасці і арфаграфічны разнабой правіла аб пераходзе д і т у дз’ і ц’. Блытана і супярэчліва былі сфармуляваны правілы напісання імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў…

Тым не менш, нягледзячы на недахопы, пастанова СНК БССР увогуле выканала сваю задачу…

…наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага.[41]

 

—Яўген Камароўскі, Беларускі правапіс. — Менск, 1965. С. 31—32. С. 25

Зьмены ў беларускім правапісе
(па пераглядзе праекту 1933 году адмысловай Палітычнай камісіяй)
Акадэмічны праект 1930 году Акадэмічны праект 1933 году
(да перагляду Палітычнай камісіяй)
Зьмены ў перадачы пазычаньняў
1. Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг)   Захоўваліся існыя правілы   Аўтары праекту характаразуюць гэтыя прапановы, як «вялікадзяржаўніцкія», «уласьцівыя расейскаму вымаўленьню»[27]
2. Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка)
3. Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар)   Захоўваліся існыя правілы
4. Перадача літары «θ» у грэцызмах праз «ф» альбо «т» у залежнасьці ад правілаў расейскае мовы (міф, кафедра замест міт, катэдра)   Гэты захад мусіў адпавядаць агучанаму партыйным кіраўніцтвам патрабаваньню «па замацаваньні расейскае мовы як пасярэдніка для пазычаньняў з трэціх моваў»[42]
Зьмены ў артаграфіі ўласнабеларускіх словаў
1. Скасаваньне пазначэньня асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных [з], [с], [ц] (напрыклад: (свет, след замест сьвет, сьлед)     Гэтая прапанова зьявілася толькі ў карэктуры (г. зн. па згортваньні палітыкі беларусізацыі — і ґвалтоўнага адхіленьня ад кіраваньня праектам акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча, які выступаў катэгарычна супраць ейнага прыняцьця. Таксама супраць гэтае прапановы быў Янка Купала[24]   Аўтары абґрунтоўваюць прыняцьцё гэтае прапановы «палягчэньнем і эканоміяй для паліграфічнае справы»[27]
2. Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё)   Камісія прыняла гэтую прапанову як кампрамісны варыянт — пры ўмове захаваньня пазначэньня мяккасьці ўва ўсіх астатніх выпадках[24]   Прапаноўвалася сьцягненьне падвоеных зычных на манер заходнебеларускіх гаворак (напрыклад: насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё)
3. Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы й прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш)   Захоўваліся існыя правілы[23][43]   Захоўваліся існыя правілы

Такім парадкам, у выніку рэформы паводле палітычнага праекту 1933 году ў беларускую мову ўводзіліся больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове[44].

Русіфікацыя праз наркамаўку

рэдагаваць
 
Першая старонка Пратэсту Беларускага навуковага таварыства ў Вільні супраць дэкрэту Савету народных камісараў аб рэформе беларускага правапісу

Беларусы за межамі СССР, у першую чаргу ў Заходняй Беларусі, а таксама беларускія цэнтры ў Латвіі, Празе й Бэрліне не прынялі рэформы беларускага правапісу 1933 году[1]. У прыватнасьці, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні на сваім надзвычайным паседжаньні 31 кастрычніка 1933 году прыняло рэзалюцыю супраць рэформы, дзе зазначыла ейную русіфікацыйную скіраванасьць і кволы навуковы фундамэнт.

Сярод прычынаў непрыняцьця рэформы беларускага правапісу 1933 году былі наступныя:

  Пастанова СНК сімвалізавала для сучаснікаў неадхільную волю наблізіць беларускую мову да расійскай „любой цаной“[48].  
  • Беларускія філёлягі й гісторыкі зьвяртаюць увагу на тое, што рэформа штучна[46][49][50][51] наблізіла беларускую мову да расейскае. Зьміцер Саўка адзначае, што палітычная камісія, якая праводзіла рэформу, узяла з акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году, які быў перад ёй, усе пункты, што прадугледжвалі менавіта збліжэньне з расейскай мовай, а астатнія альбо кардынальна перапрацавала ў бок набліжэньня да нормаў расейскае мовы, альбо ўвогуле не ўзяла да разгляду[35]. Кандыдат філялягічных навук Ігар Клімаў піша:
  Бальшавіцкая дзяржава, якая ўпершыню ў гісторыі ажыцьцяўляла экспэрымэнт па стварэньні новага грамадзтва й новага чалавека, разглядала й мову як аб’ект адмысловых маніпуляцыяў, накіраваных на дасягненьне пэўных, зусім не лінгвістычных мэтаў. Важным кірункам такіх маніпуляцыяў з 1930 году было замацаваньне расейскага ўплыву ў нормах літаратурных моваў іншых народаў СССР. Гэта падвышала культурную гамагеннасьць сярод народаў савецкае імпэрыі, прыглушала іхныя памкненьні да сэпаратызму, спрыяла іхняй культурнай і моўнай асыміляцыі. Ахвярай такое палітыкі з 1930-х гадоў зрабілася й беларуская мова. Ейнае далейшае разьвіцьцё адбывалася не ў выніку ўнутранае патрэбы ці рэальнага ўжытку, а прадвызначалася палітычнай каньюнктурай савецкае дзяржавы[1].  

Сучасныя беларускія філёлягі падкрэсьліваюць той факт, што новыя правілы, уведзеныя рэформай 1933 году, перакручвалі нормы беларускае літаратурнае мовы шляхам штучнага, ненатуральнага й прымусовага накладаньня на іх правілаў расейскае мовы[46].

Галоўным наступствам рэформы стала зьяўленьне двух правапісаў (нормаў) беларускае мовы, адзін зь якіх — наркамаўка — пачаў афіцыйна выкарыстоўвацца ў Савецкім Саюзе, а другі — традыцыйны клясычны правапіс — працягваў ужывацца беларусамі па-за межамі СССР. Стварэньне наркамаўкі разглядаецца як адзін з захадаў палітыкі русіфікацыі Беларусі, якая праводзілася ў двух асноўных кірунках: па-першае, бесьперапыннае русіфікацыі дазволенае да ўжытку беларускае мовы, а па-другое, сыстэматычнага выцісканьня з ужытку гэтае русіфікаванае мовы й замены яе расейскай мовай[52].

Выкарыстаньне па-за межамі СССР

рэдагаваць
 
«Каапэратыў выдавецка-асьветнага таварыства „Сяўба”», дом № 6 на Ліпавай вуліцы ў Беластоку, 1932—1935 гг.

Па рэформе 1933 году клясычны правапіс працягваў выкарыстоўвацца, разьвівацца й удасканальвацца па-за межамі СССР, а таксама ў Беларусі падчас Другое сусьветнае вайны[8]. Як адзначае ґазэта «Беларус», аніводнае беларускамоўнае выданьне, якое зьявілася за межамі СССР, не карысталася наркамаўкай[53]. У 1942 годзе ў Менску адбылася мовазнаўчая канфэрэнцыя, вынікам якое стаў новы правапісны збор «Biełaruski pravapis» аўтарства Антона Лёсіка, выдадзены ў 1943 годзе лацінкай і крыху пазьней у тым жа годзе — кірыліцай: «Беларускі правапіс»[8].

Зь сярэдзіны 1940-х гадоў пачаўся новы этап разьвіцьця беларускага клясычнага правапісу, зьвязаны з узьнікненьнем беларускае палітычнае эміграцыі. Мовазнаўчыя дыскусіі праводзіліся ў час навуковых сустрэчаў у Беларускім інстытуце навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку й у Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Вынікі гэтых дыскусіяў друкаваліся ў пэрыядычных выданьнях (больш за 100 найменьняў). Апроч таго, вялася буйная лексыкаграфічная праца[54]. Найбольшым парадкам на працэс разьвіцьця беларускага правапісу за мяжой паўплывалі такія асобы, як Ян Станкевіч і Антон Адамовіч[8]. Разам з тым, калі адкінуць усё акадэмічнае разьвіцьцё па 1933 годзе (якое, аднак, характарызавалася нестабільнасьцю афіцыйных нормаў і непасьлядоўнасьцю ў пісьмовай практыцы[55]), беларуская эміграцыйная супольнасьць пакінула неразьвязанымі тыя пытаньні, якія выявіліся ў 1920-я гады[b].

Вяртаньне й пашырэньне ў Беларусі

рэдагаваць

У 1980-я гады з пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў СССР на новай хвалі Беларускага нацыянальнага адраджэньня пачаўся рух за вяртаньне клясычнага правапісу ў Беларусь разам зь пераглядам вынікаў рэформы 1933 году. У 1988 годзе ґазэта «Літаратура й мастацтва» апублікавала адкрыты ліст маладых беларускіх літаратараў пад назвай «Рэпрэсаваны правапіс» з заклікам да рэдактараў літаратурных выданьняў не зьмяняць правапіс у тэкстах аўтараў. Зварот падпісалі Алесь Асташонак, Адам Глёбус, Уладзімер Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяржук Сокалаў-Воюш, Анатоль Сыс і іншыя[56]. У 1990-я гады першымі клясычным правапісам пачалі пісаць Вячаслаў Адамчык і Васіль Быкаў[56].

Ужо на пачатак 1990-х гадоў адзначаецца сувымернае з наркамаўкай выкарыстаньне клясычнага правапісу[8]. З гэтага часу пэўныя пэрыядычныя выданьні пачалі выкарыстоўваць традыцыйны беларускі правапіс у той альбо іншай ступені пасьлядоўнасьці (у першую чаргу гэты тычылася пазначэньня мяккасьці на пісьме, напісаньня словаў грэцкага й лацінскага паходжаньня) — напрыклад, ґазэты «Свабода» (з заснаваньня ґазэты ў 1990 годзе), «Пагоня» й «Наша Ніва» (з адраджэньня ґазэты ў траўні 1991 году), часопісы «Спадчына» (з чэрвеня 1993? году) і «Мастацтва» (з 1992 году побач з матэрыяламі на наркамаўцы)[57]. Тым часам асноўныя выданьні беларусаў ва ўсходняй Польшчы, напрыклад, ґазэта «Ніва», не займалі вызначанае пазыцыі ў гэтым пытаньні й працягвалі карыстацца наркамаўкай. Клясычнага правапісу пры выданьні рэлігійнае літаратуры ў 1990-я гады прытрымліваўся Рымска-каталіцкі касьцёл ў Беларусі. Як адзначае прафэсар Ніна Мячкоўская, якраз тарашкевіца стала ў гэты час знакам адраджэньня беларускае мовы[58].

Па ўсталяваньні ў 1995 годзе кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам аўтарытарнага рэжыму й аднаўленьні палітыкі русіфікацыі пачаўся палітычны ўціск масавых пэрыядычных выданьняў, што карысталіся клясычным правапісам. У 1996 годзе на наркамаўку перайшла ґазэта «Свабода» (на момант ліквідацыі ўладамі ў 1997 годзе выданьне мела шэсьць афіцыйных папярэджаньняў), у 1997 (1998?) годзе — ґазэта «Пагоня». У 1998 годзе зьменены ўладамі Закон аб друку дазволіў спыняць выданьне ґазэтаў без пастановы суду па двух папярэджаньняў. 29 траўня таго ж году ґазэта «Наша Ніва» атрымала папярэджаньне ад Дзяржаўнага камітэту па друку за «скажэннне агульнапрытых нормаў выкарыстоўваемай мовы»[59]. У адказ на гэта рэдакцыя падала ў Вышэйшы гаспадарчы суд заяву, дзе запатрабавала скасаваць гэтае папярэджаньне. На судовым паседжаньні сябар-карэспандэнт Нацыянальнае Акадэміі Навук Аляксандар Булыка, прафэсары Браніслаў Плотнікаў, Павал Сьцяцко, Генадзь Цыхун і загаднік катэдры БДПУ імя Максіма Танка Павал Міхайлаў засьведчылі, што выкарыстаньне клясычнага правапісу не парушае агульнапрынятых нормаў беларускае мовы[60]. У выніку, 22 сьнежня 1998 году суд скасаваў выдадзенае раней папярэджаньне на падставе таго, што ў беларускім заканадаўстве ня ўтрымліваецца патрабаваньняў абавязковага ўжываньня менавіта афіцыйных правілаў беларускае артаграфіі й пунктуацыі, тым самым гэта замацавала за ґазэтай «Наша Ніва» права выдавацца клясычным правапісам[14].

Як адзначала ў 2002 годзе прафэсар Ніна Баршчэўская, многія беларусы, пераважна прадстаўнікі інтэліґенцыі, асуджаюць рэформу беларускага правапісу 1933 году й крытычна ставяцца да замацаваных ёю артаграфічных нормаў, якія нэгатыўна ўплываюць на беларускае вымаўленьне, што асабліва выразна заўважна ў час працы зь дзецьмі ў пачатковай школе[61][62].

Праца над унармаваньнем

рэдагаваць

Правапіснае пытаньне

рэдагаваць

Разьвязаньне правапіснага пытаньня ў Беларусі ўзяла за мэту Камісія па ўдасканаленьні правапісу (старшыня Генадзь Цыхун) Таварыства беларускае мовы, у якую сярод іншых увайшлі Вінцук Вячорка й Зьміцер Санько. Камісія актыўна працавала ў 1991—1992 гадох, а ў 1993 годзе апублікавала свае прапановы. Увогуле, пытаньне існаваньня двух правапісаў беларускае мовы выклікала дыскусіі ў беларускамоўным грамадзтве, з поглядамі, якія вагаліся ад поўнае падтрымкі да такога ж поўнага адмаўленьня[c].

Сьведчаньнем афіцыйнага прызнаньня пільнае патрэбы ўдакладненьняў у правапісе стала ўнясеньне адпаведнага пункту ў «Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР» і наступныя лягічныя крокі: правядзеньне ў Акадэміі навук 19—20 лістапада 1992 году Рэспубліканскае навуковае канфэрэнцыі «Праблемы беларускага правапісу», прыняцьцё ў 1993 годзе Саветам Міністраў пастановы № 556 «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» й, дзеля рэалізацыі пастановы, стварэньне Дзяржаўнае камісіі па ўдакладненьні правапісу (старшыня Ніл Гілевіч), у якую ўвайшлі пераважна прадстаўнікі афіцыйных структураў. Камісія вынесла на грамадзкае абмеркаваньне шэраг прапановаў, але кардынальная трансфармацыя агульнае сытуацыі ў краіне (сярод іншага — вяртаньне ўладаў да палітыкі русіфікацыі) зрабіла далейшую дзейнасьць камісіі немэтазгоднаю, таму яна спыніла сваё існаваньне праз год па стварэньні, такім спосабам даручыла Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі «да канца 1995 года падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю „Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі“ (з дадаткам правілаў беларускай артаэпіі)». У выніковых рэкамэндацыях, апублікаваных 13 верасьня 1994 году, адзначалася, што хоць вяртаньне пэўных дарэформавых нормаў і магло б быць пажаданым, але час для такіх зьменаў пакуль неадпаведны[63].

З другое паловы 1990-х гадоў група навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі й выкладнікаў шэрагу менскіх унівэрсытэтаў на чале з акадэмікам Аляксандрам Падлужным падрыхтавала тры варыянты праекту зьменаў у правапісе, у якіх прапаноўвалася вярнуць ў афіцыйны беларускі правапіс некаторыя нормы клясычнага. Невялікая частка гэтых прапановаў трапіла ў распрацаваны ў 2006 годзе міністэрскі праект новых правілаў беларускае мовы (прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рэжыму Лукашэнкі як Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 24 кастрычніка 2007 году[64]), што можна разглядаць як працяг павольнае эвалюцыі афіцыйнага правапісу ў бок клясычнага, якая адзначаецца з 1957 году[8]. Тым часам у кастрычніку 2007 году, напярэдадні прыняцьця закону «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» прызначаны Лукашэнкам міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў, што мэта дакумэнту — забарона «супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы» клясычнага правапісу[65].

Нармалізацыя 2005 году

рэдагаваць

У 1990-я гады сярод рэдактараў выданьняў, што выходзілі клясычным правапісам, не існавала адзінага падыходу да таго, якой менавіта злучнасьці папярэдніх правілаў граматыкі й лексыкі варта прытрымлівацца. У той жа час рабіліся заклікі да ўніфікацыі: у прыватнасьці Вінцуком Вячоркам у часопісе «Спадчына» ў 1991 і 1994 гадох. Апроч таго, з мэтай ўнармаваньня правапісу 14 чэрвеня 1992 году ў Вільні адбылася нарада журналістаў і выдаўцоў — карыстальнікаў клясычнага правапісу. У 1995 годзе Вінцук Вячорка апублікаваў праект мадэрнізацыі клясычнага правапісу. Вынікам ягонага грамадзкага абмеркаваньня стала праведзеная 5—6 сьнежня 1998 году Праская канфэрэнцыя, у якой узялі ўдзел два дзясяткі беларускіх мовазнаўцаў, пісьменьнікаў, журналістаў і іншых карыстальнікаў клясычнага правапісу беларускае мовы[66]. Канфэрэнцыя прыняла Вячоркаў праект за аснову й вызначыла кірунак далейшае працы.

Зь вясны 2000 году з удзельнікаў Праскае канфэрэнцыі ўтварылася працоўная група, канчатковы склад якое вызначыўся ўвосень 2002 году. У яе ўвайшлі людзі, якія бесьперапынна займаліся практычнымі пытаньнямі, зьвязанымі зь беларускім правапісам. На працягу некалькіх гадоў працоўная група на грамадзкіх пачатках працавала над падрыхтоўкай і ўдасканаленьнем збору правілаў беларускага клясычнага правапісу (агулам прайшло больш да 200 паседжаньняў), вынікам чаго стала падрыхтоўка выданьня «Беларускі клясычны правапіс. Сучасная нармалізацыя» (БКП-2005)[8]. Новы збор правілаў ґрунтаваўся на апублікаваным у 1995 годзе праекце ўнармаваньня клясычанага правапісу аўтарства Вінцука Вячоркі, а таксама на выніках ягонага грамадзкага абмеркаваньня на Праскай канфэрэнцыі. Апроч таго, у канцы жніўня — пачатку верасьня 2004 году праводзілася адкрытае анкетаваньне па найбольш супярэчлівых пытаньнях правапісу, вынікі якога ўлічылі ў праекце Збору правілаў. Праект Збору разаслалі 27-мі адмыслоўцам — мовазнаўцам, літаратарам, у зацікаўленыя інстытуцыі — на водгук. Зацьверджаньне канчатковае рэдакцыі адбылося на пачатку сакавіка 2005 году[8].

Нармалізацыю 2005 году прынялі ўсе асноўныя выданьні, якія на той час прытрымліваліся клясычнага правапісу — ґазэта «Наша Ніва», часопіс «ARCHE Пачатак», беларускія рэдакцыяі Радыё «Свабода» й Польскага Радыё. Разам з тым, брак дэкляратыўных зьвестак пра канкрэтны варыянт артаграфіі беларускае мовы, які выкарыстоўваецца ў пэўных мэдыях і выданьнях літаратурных твораў клясычным правапісам, звычайна не дае магчымасьці адназначна меркаваць пра прыняцьцё альбо адхіленьне варыянту сыстэматызацыі правапісу 2005 году, аднак аналіз такіх выданьняў дазваляе меркаваць пра тое, што нормы клясычнага правапісу, якія цяпер выкарыстоўваюцца, у сваёй існасьці адпавядаюць правілам нармалізацыі клясычнага правапісу 2005 году.

27 красавіка 2007 году IANA надала нармалізаванаму варыянту клясычнага правапісу ўласны моўны падтэг «tarask» (поўнае абазначэньне: be-tarask)[9].

Увосень 2012 году амэрыканскі славяназнаўца Курт Вулхайзэр правёў дасьледаваньне выкарыстаньня беларускае мовы ейными носьбітамі ў Беларусі, у ходзе якога прыйшоў да наступнае высновы: «У Беларусі я заўважыў, што асабліва сярод новых беларускамоўных ёсьць тэндэнцыя ўжываньня элемэнтаў „тарашкевіцы“». Вулхайзэр адзначыў: «аніхто з маіх інфармантаў ня кажа „долар“, але кажуць „даляр“. Празь нейкі час гэта можна будзе ўвесьці як норму. У слоўніках ёсьць слова „маладзёжны“. Але вельмі часта ўжываецца іншы варыянт — „моладзевы“»[67][d].

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Да набыткаў клясычнага правапісу фактычна належыць уся пісьмовая спадчына новае беларускае мовы да 1933 году (для аўтараў з этнічнае беларускае тэрыторыі ў міжваенных Польшчы й Латвіі — да 1939 году), у тым ліку найлепшыя творы клясыкаў беларускае літаратуры. Па 1933 годзе клясычным правапісам выдаваліся творы беларускіх аўтараў замежжа.

Па вяртаньні клясычнага правапісу ў Беларусь, на яго перайшлі шэраг вядомых беларускіх літаратараў, у тым ліку Вячаслаў Адамчык і Васіль Быкаў. У 1993 годзе ў Беластоку выйшла з друку першая частка перакладу раману Джэймза Джойса «Ўліс». Поўны пераклад раману на беларускую мову зьявіўся праз паўтара дзесяцігодзьдзя й выкарыстоўваў клясычны правапіс беларускае мовы. Як зазначае перакладнік раману Ян Максімюк, калі ён з галавой акунуўся ў пераклад «Улісу», то шукаў адэкватную «моўную прастору», якая б дазволіла выразіць лінгвістыка-стылістычныя асаблівасьці раману. Як адзначае перакладнік, тарашкевіца выявілася разьняволенай моўнай сыстэмай, якая дала шырокую прастору й моцны імпульс для перакладніцкіх пошукаў новага слова й фразы[68].

У 2002 годзе ў Менску выдалі Біблію клясычным правапісам у перакладзе Васіля Сёмухі[69]. Увогуле, поўны пераклад Старога Запавету Бібліі на сучасную беларускую мову ў 1973—2012 гадох існаваў толькі клясычным правапісам[56].

Па нармалізацыі ў 2005 годзе клясычным правапісам выдаецца мастацкая й навуковая літаратура, у тым ліку пераклады замежнае літаратуры (у прыватнасьці, твораў Курта Вонэгута, Юрыя Андруховіча й іншых.), аздабляюцца музычныя творы й пераклады на беларускую мову замежных мастацкіх фільмаў і мультфільмаў. Сярод іншага, у 2008—2009 гадох выйшла трылёгія Джона Толкіна «Ўладар Пярсьцёнкаў»[70].

Мас-мэдыя й інтэрнэт

рэдагаваць
 
Рэклямны шчыт беларускім клясычным правапісам з надпісам «Энэргія» на выхадзе з 6-й брамы лётнішча (Нацыянальны аэрапорт «Менск», 2021 год)

Клясычным правапісам выходзілі ўсе беларускамоўныя пэрыядычныя выданьні да 1933 году, а таксама ўсе[53] выданьні беларускага замежжа (больш за 100 найменьняў[54]). Па вяртаньні клясычнага правапісу ў Беларусь на яго пераходзілі такія масавыя пэрыядычныя выданьні, як ґазэты «Свабода» (наклад да 100 тыс. асобнікаў) і «Пагоня» (да 15 тыс. асобнікаў), якія праз рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, урэшце, спынілі сваё існаваньне.

У 1998 годзе «Наша Ніва» (наклад да 8 тыс. асобнікаў) мусіла была бараніць сваё права выдавацца клясычным правапісам у Вярхоўным судзе Беларусі, які прызнаў, што на той час у беларускім заканадаўстве ня ўтрымлівалася патрабаваньняў абавязковага ўжываньня менавіта афіцыйных правілаў беларускае артаграфіі й пунктуацыі. У 2003 годзе рэжым Лукашэнкі пазбавіў рэгістрацыі часопіс «Студэнцкая Думка», які выдаваўся клясычным правапісам, а ў лістападзе 2005 году супрацоўнікі сілавых структураў канфіскавалі зь менскіх крамаў і кавярняў ўсе асобнікі часопісу, які пашыраўся дарэмна ў колькасьці да 299 асобнікаў (што не патрабавала рэгістраваньня)[71]. У 2005 годзе рэжым Лукашэнкі фактычна пазбавіў «Нашу Ніву» легальнага спосабу пашырэньня праз пошту, што выявілася значным эканамічным ударам па рэдакцыі. Вяртаньне ґазэты ў падпісныя каталёгі ў 2008 годзе супала зь пераходам выданьня на наркамаўку, што тлумачылася ў тым ліку патрабаваньнямі абавязковага выкарыстаньня афіцыйных правілаў беларускае артаграфіі з 1 верасьня 2010 году ў прынятым рэжымам Лукашэнкі Законе аб правілах беларускае артаграфіі й пунктуацыі[72]. У 2018 годзе друкаваная вэрсія «Нашай Нівы» спыніла сваё існаваньне. Пераход на наркамаўку таксама адбыўся на дзьвюх беларускамоўных радыёстанцыях Польшчы — «Беларускае радыё Рацыя» з 2007 году[73] (у тым жа годзе пры падтрымцы ўладаў Польшчы пачаліся трансьляцыі беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», які ўмовіліся ад пачатку рабіць наркамаўкай) і «Беларуская служба Польскага радыё» з 2019 году (па сыходзе ў 2018 годзе ейнае кіраўніцы прафэсаркі Ніны Баршчэўскай). Выдавецтва «ARCHE Пачатак», з наяўнасьцю інтэрфэйсу свайго парталу клясычным правапісам (у тым ліку электроннае ґазэты «ARCHE», якую запусьцілі ў верасьні 2019 году), з 2013 году выдае публікацыі паводле абранага аўтарамі правапісу. Па перапынку ў працы на 9 месяцаў у кастрычніку 2020 году наркамаўку пачаў выкарыстоўваць «Tuzin.fm». Разам з тым у 2008 годзе клясычны правапіс (з усяго відаць, празь недагляд) зьявіўся ў адной з публікацыяў расейскамоўнае ґазэты «Советская Белоруссия», органе друку Адміністрацыі прэзыдэнта, калі аўтарка пакінула ў арыґінальнай артаграфіі адказы, атрыманыя ў час інтэрвію[74][75].

Найбольшае мас-мэдыя, якое выкарыстоўвае клясычны правапіс ад моманту свайго заснаваньня — Беларуская служба Радыё Свабода, якая на 2016 год налічвала 12 журналістаў, зь іх 11 былі рэдактарамі: Сяргей Абламейка, Багдан Андрусішын, Юры Дракахруст, Сяргей Дубавец, Аляксей Знаткевіч, Ян Максімюк, Сяргей Навумчык, Алена Радкевіч, Ганна Соўсь, Алена Ціхановіч і Сяргей Шупа[76]. Сярод беларускіх палітычных партыяў сайты клясычным правапісам маюць Партыя БНФ[77] і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ[78]. Клясычным правапісам працуе праект у падтрымку беларускае мэтал-сцэны й датычных да яе падзеяў і зьяваў «ByMetal»[79].

З часоў зьяўленьня інтэрнэту ў Беларусі клясычны правапіс шырока выкарыстоўваецца ў прыватнай камунікацыі (форумы, сацыяльныя сеткі, мэсэнджэры й г. д.). На думку кандыдата філялягічных навук Сяргея Важніка, афіцыйная артаграфія беларускае мовы ўспрымаецца карыстальнікамі байнэту як старая, нягнуткая, ненатуральная сыстэма, а клясычны правапіс — наадварот: як гнуткі, адкрыты, свабодны ад «умоўнасьцяў» асяродак[80].

29 кастрычніка 2021 году Беларускі клясычны правапіс дадалі ў 40-е выданьне Агульнага рэпазыторыя моўных зьвестак (АРМЗ) пасьля адпаведнага звароту 11 чэрвеня 2021 году[81]. Амэрыканскі «Кансорцыюм Юнікоду» (Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія) абнародаваў на сваім сэрвэры моўныя зьвесткі пра тарашкевіцу ў архіве «core.zip», што зьмяшчаў у падтэчцы «/common/main/» файл «be_TARASK.xml»[82].

Граматыкі й падручнікі

рэдагаваць

Першая граматыка клясычнага правапісу — «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча, упершыню выдадзеная ў 1918 годзе ў Вільні, пазьней нааднаразова перавыдавалася (1919, 1920, 1921, 1926, 1943 гады), у тым ліку ў 1991 годзе факсымільным выданьнем ў рамках сэрыі «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дзяржаўнага выдавецтва «Народная асвета» (якое хоць і выйшла накладам 12 тысячаў асобнікаў, аднак адразу стала рарытэтам[83]).

З здабыткаў беларускага замежжа вылучаюцца «Падручнік крывіцкае (беларускае) мовы. Граматыка, правапіс, укладаньні прытарнаваныя вучыцца ў школе й дома» Яна Станкевіча (Рэґенсбурґ, 1947) і фундамэнтальны двухтомны падручнік «Беларуская мова» Валентыны Пашкевіч (Таронта, 1974) — першая практычная граматыка беларускае мовы па-анґельску[84].

У 2004 годзе зьявіўся электронны дапаможнік для навучаньня беларускай мове «Гавары са мной па-беларуску»[85] (аўтары Сяргей Аляксандраў і Галіна Мацык), які дазваляў авалодаць беларускай мовай, заснаванай на клясычным правапісе[86]. У 2008 годзе выйшла з друку ягоная дапоўненая й перапрацаваная вэрсія[87]. У 2017 годзе выйшаў з друку падручнік для самастойнага навучаньня беларускай мове[88] (аўтар Антон Сомін), дзе пры арыентацыі на афіцыйную норму паралельна падаюцца зьвесткі пра клясычны варыянт на ўсіх узроўнях мовы — фанэтыкі, марфалёгіі, сынтаксу й артаграфіі[89].

Калі браць пад увагу абавязковае вывучэньне беларускае мовы ў школах Беларусі, аўтары сучаснае нармалізацыі разглядаюць граматыкі й падручнікі афіцыйным правапісам у якасьці дапаможных крыніцаў пры вывучэньні клясычнага правапісу: у выданьні «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў» (2005 год) асьвятляюцца найперш тыя моманты, якія разыходзяцца з афіцыйным правапісам. Хоць збор засяроджваецца на правiлах артаграфіі й разглядаецца як даведнік цяжкасьцяў, аднак у ім прыводзяцца й пэўныя зьвесткі зь іншых моўных роўняў (правілы артаэпіі, граматыкі, сынтаксу, прынцыпы словаўтварэньня й інш.)[8].

У якасьці дапаможнікаў пры вывучэньні пытаньняў, якія разыходзяцца з прынятымі ў афіцыйнай моўнай норме, могуць выступаць кнігі клясычным правапісам з культуры мовы:

Слоўнікі

рэдагаваць

Да набыткаў клясычнага правапісу належаць усе слоўнікі беларускае мовы, выдадзеныя паміж 1918 і 1933 гадамі, у тым ліку першы ў беларускай лексыкаграфіі ХХ стагодзьдзя расейска-беларускі перакладны слоўнік братоў Максіма й Гаўрылы Гарэцкіх, расейска-беларускі слоўнік Вацлава Ластоўскага, акадэмічныя беларуска-расейскі й расейска-беларускі слоўнікі Сьцяпана Некрашэвіча й Міколы Байкова. У 1922—1933 гадох у Менску выйшла 23 выпускі слоўнікаў беларускае навуковае тэрміналёгіі з галінаў матэматыкі, батанікі, геаграфіі й касмаграфіі, геалёгіі й мінэралёгіі, літаратуры, лёгікі й псыхалёгіі, музычнага мастацтва, анатоміі, войска, права, грамадазнаўства, заалёгіі, мовазнаўства, глебазнаўства, бух­гальтарскае справы, хіміі, сельскае гаспадаркі, фізыкі, пэдагогікі, агульнае расьлінагадоўлі й іншыя (з 2018 году гэты збор ёсьць у лічбавым фармаце на Slounik.org). Тым часам па палітычнай рэформе беларускага правапісу 1933 году савецкія ўлады загадалі зьнішчыць рукапісы раней падрыхтаваных шматтомнага «Слоўніка жывой беларускай мовы», двухтомнага расейска-беларускага й беларуска-расейскага, польска-беларускага й беларуска-польскага, эспэранцка-беларускага й беларуска-эспэранцкага, латыска-беларускага, гістарычнага, артаграфічнага й іншых слоўнікаў[38].

Па 1933 годзе слоўнікі клясычным правапісам выдаваліся па-за межамі СССР. У 1946 годзе ў Аўстраліі выйшаў «Анґельска-беларускі слоўнік» Яна Пятроўскага, у 1983 і 1985 гадох выйшла дзьве часткі «Клясычнага грэцка-беларускага слоўніка» гэтага жа аўтара. У 1966 годзе Язэп Гладкі ў Нью-Ёрку й Мюнхэне выдаў зборнік прыказак Лагойшчыны. Апроч таго, да 1985 году зьявіліся такія слоўнікі, як «Некаторыя праўніцкія тэрміны», «Слоўнік юрыдычных беларускіх тэрмінаў», «Маленькі беларуска-расейскі размоўнік», «Слоўнік беларускае літаратурнае мовы 19-га стагодзьдзя», «Слоўнік нямецкіх запазычаньняў у беларускай мове»[94]. У 1989 годзе ў Нью-Ёрку выйшаў з друку «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Яна Станкевіча[95]. Ён зьмяшчае больш за 60 тысячаў артыкулаў і спалучае рысы перакладнога, тлумачальнага й дыялектавага слоўнікаў[96]. У 1992 годзе ў Нью-Ёрку выйшаў Беларуска-анґельскі й Анґельска-беларускі слоўнік аўтарства Аляксандра Ўшкевіча й Аляксандра Зэзуліна, які зьмяшчае каля 6,5 тысячаў словаў[97].

Па вяртаньні клясычнага правапісу ў Беларусь у 1991—1994 гадох у Менску ў рамках сэрыі «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дзяржаўнага выдавецтва «Народная асвета» выйшлі з друку факсыміле шэрагу навуковых выданьняў 1920-х гадоў, у ліку якіх быў «Беларуска-расейскі слоўнік» (1925) Байкова й Некрашэвіча[98]. З 1991 году як у выдавецтвах, так і саматужна выйшла неакрэсьленая колькасьць слоўнікаў з выкарыстаньнем клясычнага правапісу, сярод якіх «Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік»[99], «Расейска-беларускі хімічны слоўнік»[100], «Слоўнік юрыдычнай тэрміналёгіі (беларуска-расейска-польскі)»[101]. У 2001 годзе супрацоўнікі ґазэты «Наша Ніва» падрыхтавалі электронны «Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс)»[102], таксама вядомы як «Слоўнік Нашай Нівы». Аднак паводле ўкладальнікаў, гэты дакумэнт ня быў слоўнікам у звычайным сэнсе: яго згенэравалі аўтаматычным спосабам з наяўных тэкстаў ґазэты «Наша Ніва» выняткова з мэтай часова забясьпечыць сучасных карыстальнікаў тарашкевіцы даведкавым матэрыялам да ўнармаваньня правапісу й зьяўленьня слоўнікаў, укладзеных з улікам гэтага ўнармаваньня.

Укладальнікі выданьня «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя» зьмясьцілі ў ім артаграфічны слоўнік[8] (больш за 5 тысячаў словаў), электронная вэрсія якога ёсьць на слоўнікавым партале Беларускае Палічкі[103].

Слоўнікі, укладзеныя па нармалізацыі клясычнага правапісу беларускае мовы ў 2005 годзе, і выдадзеныя прыватным парадкам безь дзяржаўнага фінансаваньня:

  • «Ангельска-беларускі слоўнік» Валянтыны Пашкевіч (Менск, 2006) — першы анґельска-беларускі слоўнік сярэдняга памеру. Улучае каля 30 тысячаў словаў; у анґельскай частцы выкарыстоўваецца амэрыканскі варыянт анґельскае мовы. Як паказвае Зьміцер Саўка, той факт, што беларускія дзяржаўныя інстытуцыі не змаглі выдаць падобнага слоўніка (акадэмічны «Англійска-беларускі слоўнік», які зьмяшчае каля 60 тысячаў словаў і словазлучэньняў, пабачыў сьвет толькі ў 2013 годзе), сьведчыць пра тое, што альтэрнатыўная лінгвістычная навука мае дасягненьні, якімі можа паспабораваць з афіцыйнай навукай[104].
  • «Слоўнік для дзяцей: беларуска-польскі, польска-беларускі» Валерыі Ждановіч (Менск, 2006) — ілюстраваны слоўнік на 1000 артыкулаў. У 2007 і 2008 гадох выйшлі з друку дадатковыя наклады слоўніка.
  • «Ідыш-беларускі слоўнік» Аляксандра Астравуха (Менск, 2008) — унікальнае даведкавае выданьне на 25 тысячаў слоўнікавых артыкулаў і 50 тысячаў словаў, якое зьмяшчае слоўнікавую й жывую лексыку ідышу, а таксама фразэалягічныя матэрыялы. Другі ідыш-беларускі слоўнік у гісторыі Беларусі (першы выйшаў у 1932 годзе, таксама тарашкевіцай).
  • «ЭўраСлоўнік» Лявона Баршчэўскага (Менск, 2008) — унікальнае выданьне, якое ўлучае каля 100 тысячаў адзінак перакладу на 28 мовах. У беларускай частцы прыводзяцца як афіцыйны, так і клясычны правапісныя варыянты.
  • «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы: беларускі клясычны правапіс» Міколы Савіцкага (Менск, 2014) — слоўнік-даведнік, які зьмяшчае больш за 3000 найбольш ужывальных тэрмiнаў з iнфарматыкі й вылiчальнае тэхнiкі. Кожны тэрмiн прыводзiцца на беларускай і анґельскай мовах, даецца ягонае тлумачэньне па-беларуску.

Сродкі праверкі артаграфіі

рэдагаваць

У 2004 годдзе супрацоўнік МДЛУ Фёдар Піскуноў стварыў праґраму праверкі артаграфіі для MS Word 2000 «Літара 1.0», якая падтрымлівала як клясычны, так і афіцыйны правапісы беларускае мовы.

У 2015 годзе беларускі мовазнаўца Зьміцер Саўка разам з моўнай службай тэлеканалу Белсату й з чыннай дапамогай валянтэраў стварыў шматфункцыйны моўны сэрвіс Добрапіс, які падтрымлівае праверку беларускіх тэкстаў клясычным правапісам.

Энцыкляпэдыі

рэдагаваць

З 2004 году працуе Беларуская Вікіпэдыя — энцыкляпэдыя агульнае тэматыкі, укладзеная клясычнай нормай беларускае мовы. На 2019 год яна была 41-м паводле якасьці артыкулаў разьдзелам Вікіпэдыі. У 2020 годзе колькасьць артыкулаў перавысіла 70 тысячаў.

Таксама існуе электронная энцыкляпэдыя Slounik.org, якая мае інтэрфэйс клясычным правапісам і зьмяшчае энцыкляпэдычныя артыкулы як афіцыйным, так і клясычным правапісам — у залежнасьці ад правапісу друкаванае крыніцы.

У пачатку XX ст. Яўхім Карскі выказваў думку, што тагачасная графіка беларускае мовы, на якой базуецца як клясычны (тарашкевіца), так і афіцыйны (наркамаўка) правапісы, сфармавалася пад уплывам польскае мовы. Гэты ўплыў ён бачыў найперш ва ўжываньні «і» і «шч» замест літараў «и» і «щ» адпаведна (як у старабеларускай мове), а таксама ў «празьмерным» выкарыстаньні мяккага знаку між зычнымі[105]. На думку Аляксандра Падлужнага (які ў 1998 годзе ў адной з сваіх публікацыяў[106] заклікаў рэжым Лукашэнкі да рэпрэсіяў у дачыненьні да карыстальнікаў клясычнага правапісу[107]), практыка абазначэньня на пісьме мяккасьці зычных, якая мела месца ў беларускай мове сярэдзіны XIX — пачатку XX стагодзьдзя, склалася пад уплывам графікі польскае мовы[108]. Яўхім Карскі (які ў адпаведнасьці з устаноўкамі навукі Расейскае імпэрыі трымаўся меркаваньня, што беларуская мова была адрознай часткай «трыадзінай» расейскае мовы й мусіў нэгатыўна ацэньваць усякі нерасейскі «польскі» ўплыў[109]) і Аляксандар Падлужны[e][110] лічылі, што мяккае «л», цьвёрдыя губныя, адмова ад дзеканьня й цеканьня (наяўная як у клясычным, так і ў афіцыйным правапісе) у запазычаньнях узьніклі пад уплывам польскае мовы[111][112]. Разам з тым такі ўплыў рашуча запярэчвае Вінцук Вячорка[113]. У выпадку мяккага «л» ён зьвяртае ўвагу на тое, што шмат адпаведных запазычаньняў фіксуецца ня толькі ў кніжнай, але й у беларускай народна-дыялектнай мове: пляшка, хлёрка, шлях, шляхта, сьлёсар, глязура, дpyшляк, шкарлятына, лёк, лёх і іншыя. Хоць падобныя словы бытуюць і ў польскай мове, але яны ня ёсьць уласна польскімі й маюць раманскае альбо германскае паходжаньне. У польскую мову яны трапілі з лацінскае, нямецкае й галяндзкайе моваў (часам праз чэскую). Вінцук Вячорка мяркуе, што з прычыны гістарычнае далучанасьці да эўрапейскае культурна-цывілізацыйнае прасторы (лацінская мова выкарыстоўвалася на дзяржаўным узроўні й была абавязковай у навучальных установах Вялікага Княства Літоўскага, а беспасярэднія кантакты зь немцамі пачаліся яшчэ ў часы Полацкага княства, прытым мова жыдоў ідыш, увогуле, была вельмі пашыранай у беларускіх местах і мястэчках), а таксама мяккасьці арыґінальнага эўрапейскага «l» з пункту гледжаньня беларускае фанэтыкі продкі беларусаў маглі запазычваць словы зь мяккім «л» з арыґінальных эўрапейскіх моваў бяз польскага пасярэдніцтва. Увогуле, запазычаньне шэрагу словаў зь нямецкае й ідыш бяз польскага пасярэдніцтва дапускаў яшчэ Яўхім Карскі[114]. Тым часам у расейскай мове, куды падобныя словы трапілі значна пазьней, назіраецца брак сыстэмнасьці пры іхным засваеньні (напрыклад, рас. Финляндия, Курляндия — Голландия, Исландия), а з прычыны арыентацыі на расейскую мову яшчэ большы разнабой назіраецца ў наркамаўцы: хлёрка, але «хлор»; пляц, але «плацдарм»; шлягер, але «шлагбаўм»; лямпа, але «лампада» й іншае[115]. Тое ж самае тычыцца цьвёрдай перадачы шэрагу зычных у запазычаньняў, што таксама фіксуецца ў народна-дыялектнай мове: вэлюм, сэнс, сакрэт, сакратар, мэта, лямант, момант (у гаворках мамэнт) і іншыя. Арыґінальнай лацінскай мове, адкуль паходзіць большасьць такіх словаў, адпавядае якраз цьвёрдае вымаўленьне. У наркамаўцы з прычыны мэханічнага пераносу бессыстэмнага расейскага вымаўленьня ў гэтым выпадку таксама (як і зь перадачай «л») назіраецца разнабой: экзэмпляр і экзэма, але «экзекуцыя»; сэптыма, але «секста»; сэнс, але «сенсуалізм» і «сенсацыя»; сэпсіс, але «антысептык» і іншае[110]. Тым часам Ігар Клімаў выказвае меркаваньне, што ва ўмовах татальнае русіфікацыі набліжэньне да польскае мовы, якая для большасьці жыхароў Беларусі фактычна стала замежнай, ёсьць менш небясьпечным для лёсу беларускае мовы, чым захаваньне расейскага ўплыву[116].

У 1996 годзе Аляксандар Падлужны выказваў меркаваньне, што аднаўленьне дарэформавых нормаў магло б прывесьці да ператварэньня ў непісьменных вялікае масы беларускамоўных і да ўтварэньня своеасаблівае «элітарнае» пісьменнасьці, якой валодала б невялікая колькасьць людзей. Таксама ён сьцьвярджаў, што вяртаньне дарэформавых артаэпічных нормаў у запазычаных словах прывяло б да ненатуральнага, неадпаведнага народнаму, маўленьня, і таксама рэальна служыла б адзнакай групавое прыналежнасьці[112]. Тым часам Ігар Клімаў зазначае, што тарашкевіцу крытыкуюць найперш тыя навукоўцы, якія валодаюць расейскай мовай нашмат лепей за беларускую, прытым у сваіх высновах яны арыентуюцца на досьвед і практыку ўнармаваньня менавіта расейскае мовы[117]. На ягоную думку, існаваньне дзьвюх сыстэмаў нормаў (стандартаў), урэшце, можа ўзмацніць самабытнасьць беларускае мовы, умацаваць ейныя пазыцыі ў сучаснай моўнай сытуацыі[116]. Апроч таго, разьвіцьцё літаратурнае мовы аб’ектыўна вымагае пэўнай варыянтавасьці, і канкурэцыя нормаў можа быць карыснай дзеля ўзбагачэньня літаратурнае мовы. Гэта можа прывесьці да аб’яднаньня нормаў-канкурэнтаў дзеля ўтварэньня новага стандарту[118]. У 2008 годзе ў сваім камэнтары да новага Законапраекту аб беларускай артаграфіі дырэктар Інстытуту мовы й літаратуры імя Якуба Коласа й Янкі Купалы Нацыянальнае Акадэміі навук Аляксандар Лукашанец адзначыў, што тарашкевіца — гэта беларуская культурная й духоўная традыцыя[119]. Паводле меркаваньня дасьледніка жыцьцяпісу Браніслава Тарашкевіча Арсеня Ліса, у аснове афіцыйнага правапісу ляжыць якраз Тарашкевічава граматыка. Усе асноўныя лініі разьвіцьця беларускае мовы, усе ідэі (ад лінгва-граматычных тэрмінаў да фармулёвак правілаў) належаць менавіта Тарашкевічу[120].

У 1998 годзе рэдакцыя ґазэты «Наша Ніва» па перамозе ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, дзе за ейнае права друкавацца беларускім клясычным правапісам выступілі ўсе аўтарытэтныя экспэрты-мовазнаўцы, адзначала ў рэдакцыйным артыкуле: «Адзіным знакам абароны беларускае мовы й яе жывога жыцьця на сёньня застаецца наш несавецкі правапіс. Справа нават стаіць шырэй. Правапіс Б. Тарашкевіча — гэта ўсё, што засталося ў беларускай апазыцыі пасьля страты ўлады[f] і нацыянальнай сымболікі». Тады ж беларускі паэт і філёзаф Ігар Бабкоў зьвяртаў увагу на «энэргетычную крыніцу» мовы й падставы адрознасьці несавецкага стандарту беларускае культуры — ад «культуры» дажынак, славянскага базару й амону[121].

У 2007 годзе Сяргей Дубавец на старонках «Нашай Нівы» адзначыў, што канфлікт двух правапісаў, на ягоную думку, акрэсьліўся галоўным парадкам як маральна-этычны (у 2005 годзе Сяргей Запрудзкі заявіў, што лічыць правапіс справай грамадзкае згоды, а не навуковае дыскусіі[122]). Гэты канфлікт выявіўся ў фактычным прызнаньні альбо непрызнаньні права ўладаў СССР — ініцыятараў і праваднікоў палітыкі ґвалтоўнае русіфікацыі Беларусі — зьмяняць беларускую мову паводле сваіх густаў і мэтаў. Сяргей Дубавец выказаў меркаваньне, што прыняты ў 2008 годзе рэжымам Лукашэнкі правапіс беларускае мовы ня мае таго адмоўнага напаўненьня, якое мела рэформа 1933 году. Сваю думку ён паспрабаваў падмацаваць сьцьверджаньнем (вынесеным у назоў артыкула ў выглядзе параўнаньня з сытуацыяй вакол грамадзянаў Нацысцкае Нямеччыны й іхных дзяцей), што рэжым Лукашэнкі як нашчадак не нясе адказнасьці за сваіх гістарычных папярэднікаў — савецкія злачынствы ў Беларусі. З гэтае прычыны Дубавец выступіў за адыход ад прынцыпаў прыхільнасьці клясычнаму правапісу на карысьць супрацы з рэжымам у мовазнаўчых пытаньняў (выказвалася прапанова ў тым ліку «адчуць сябе часткай» аўтарытарнае Беларусі), што на ягоную думку, дыктуецца патрэбамі выжываньня беларускае мовы[123]. Адной з рэакцыяў на заяву Дубаўца (і далейшы пераход «Нашай Нівы» на наркамаўку) стала ацэнка гэтага кроку як памылкі й здрады маральным прынцыпам[124]. Тым часам па непрацяглым і даволі супярэчлівым пэрыядзе, які часам называюць «мяккай беларусізацыяй», у час здушэньньня масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году рэжым Лукашэнкі выявіўся забойствамі й масавымі катаваньнямі беларусаў, цынічнай зьнявагай беларускіх нацыянальных сымбаляў, маштабнымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да прыхільнікаў беларускае мовы, гісторыі й культуры — пры фінансавай, вайсковай і інфармацыйнай падтрымцы ўладаў Расеі.

Па расейскім уварваньні ва Ўкраіну 2 красавіка 2022 году Сяргей Дубавец фактычна вызнаў уласную памылку: «…гэта спаўзаньне з носа ружовых акуляраў ва ўсіх, хто здольны мысьліць самастойна й крытычна. Хто яшчэ ўчора мог дапусьціць сваё зрастаньне з акупацыяй і падманваўся магчымасьцю мяняць яе ў лепшы бок. Цяпер раптам стала відавочна, што гэта немагчыма. Наадварот, гэта слабіна, якая дазваляе акупацыі прасоўвацца ўсё глыбей у тваю краіну»[125]. А 21 красавіка ён падкрэсьліў, што пераход на клясычны правапіс — гэта «й маральны выбар, і вяртаньне гістарычнае справядлівасьці, а галоўнае — узмацненьне пазыцыяў самое мовы, вызваленае ад калецтва»[121].

Адрозьненьні ад наркамаўкі

рэдагаваць
Наркамаўка Клясычная беларуская
Альфабэт
Кірылічны ў варыянце 1918 году. Таксама дзеля трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту існуе асобная інструкцыя, першы варыянт якое афіцыйна зацьвердзілі ў 2000 годзе.

  хоць на пэўным этапе (2003 год) афіцыйная інструкцыя трансьлітарацыі цалкам супадала з клясычнай нацыянальнай лацінкай, аднак пазьней у яе патаемна ўнесьлі зьмены — без тлумачэньняў прычынаў зьмянілі перадачу мяккага l[126]. Увогуле жа, паводле сусьветнае практыкі, пры наяўнасьці ў пэўнай мове традыцыйнага лацінскага альфабэту ўсе ўласныя назвы (ня толькі геаграфічныя), якія належаць гэтай мове, мусяць нязьменна перадавацца ў лацінапісьмовай прасторы іншых моваў. Асобныя сыстэмы трасьлітарацыі ствараюцца толькі для тых моваў, якія гістарычна ня маюць лацінскага альфабэту[127].

Кірылічны ў варыянце 1918 году, нармалізацыя клясычнага правапісу 2005 году зьмяшчае факультатыўную літару ґ, якая абазначае выбухны гук [г]. Таксама выкарыстоўваецца лацінка ў варыянце 1918 году (з улікам мадыфікацыі 1926 году).

  літара ґ упершыню фіксуецца ў Перасопніцкім эванґельлі, створаным на Валыні ў сярэдзіне XVI ст., а ўжо ў XVII ст. яна масава ўжывалася ў беларускіх рукапісах і друках (раней, яшчэ ў XIV ст. звонкі выбухны [г] у старабеларускай мове меў асобнае пазначэньне на пісьме — дзьвюма літарамі к і г). У кірылічнай вэрсіі «Беларускае граматыкі для школ» (1918 год) Браніслава Тарашкевіча лацінскай літары g адпавядала г'. Літару ґ папулярызаваў Ян Станкевіч, яе ўжывалі некаторыя выданьні, найперш віленскія. Урэшце, ґ як літара беларускага альфабэту падаецца ў анґельскамоўным падручніку «Беларуская мова» (Таронта, 1974 год) Валянтыны Пашкевіч — адзіным сыстэматычным і найбольш поўным курсе беларускае мовы за межамі Беларусі[128].

Пазначэньне асыміляцыйнае мяккасьці зычных
Артаэпічная норма, дадаткова не вызначаецца.
Напрыклад: снег, з’ява, дзве

  ужо ў 1960-я гады адзначалася, што спадзяваньні на асыміляцыйнае зьмякчэньне ня спраўдзіліся й адбылася зьмена беларускага вымаўленьня (найперш у вучнёўскай моладзі Беларусі) пад уплывам новага напісаньня[129]. У 1983 годзе Інстытут мовазнаўства фактычна пацьвердзіў гэтыя тэндэнцыі ў выданьні «Фанэтыка слова ў беларускай мове», дзе праводзіўся аналіз вымаўленьня носьбітаў беларускае літаратурнае мовы — пісьменьнікаў, фальклярыстаў, дыктараў радыё[130].

  напісаньне прыставак праз апостраф (з’езд) зьявілася ў афіцыйным правапісе на ўзор адпаведнага расейскага напісаньня (с’езд), якое выкарыстоўвалася ў савецкім правапісе расейскай мовы з 1918 да канца 1930-х гадоў[131]

Вызначаецца з дапамогай мяккага знака.
Напрыклад: сьнег, зьява, дзьве

  фіксуецца ў старабеларускай мове з XVI ст., сярод іншага ў перакладзе Эванґельля з царкоўнаславянскае мовы на беларускую, зробленым асьветнікам Васілём Цяпінскім каля 1580 году[130][132]

Правапісны фанэтычны прынцып
У асноўным абмяжоўваецца ненаціскнымі галоснымі.
Напрыклад: стагоддзе, не толькі, тэатр
Пашыраны, у тым ліку на зычныя й на сутыку марфэмаў.
Напрыклад: стагодзьдзе, ня толькі, тэатар
Трансьлітарацыя пазычаных словаў
Склады [ла], [ло], [лу]
Трансьлітаруюцца ў асноўным цьвёрдым [л].
Напрыклад: план, логіка, Платон, клон

  супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі ў 1933 годзе азначалі гэта як уласьцівасьць расейскага вымаўленьня[133].

  Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на парушэньне еднасьці беларускае мовы празь бессыстэмнасьць і непасьлядоўнасьць, што стала вынікам мэханічнага пераносу расейскае моўнае практыкі: хлёрка, але «хлор»; пляц, але «плацдарм»; шлягер, але «шлагбаўм»; лямпа, але «лампада» і іншае. Тым часам у беларускай лацінцы чужаземныя словы з [л'] пішуцца пазнавальна: plan, dyplom. Зьмена характару мяккага [л'] на цьвёрды [л] у пазычаньнях парушае ўзаемную канвэртацыю двух альфабэтаў[115].

Трансьлітаруюцца зь мяккім [л'] у словах заходнеэўрапейскага паходжаньня, апроч большасьці анґліцызмаў. Зь цьвёрдым [л] у большасьці анґліцызмаў. У запазычаньнях зь іншых моваў трансьлітаруецца ў залежнасьці ад цьвёрдасьці альбо мяккасьці гука ў выточнай мове-крыніцы.
Напрыклад: плян, лёгіка, Плятон, клон

  фанэтычная традыцыя асяродзьдзя, якая склалася вакол ґазэты «Наша Ніва»[134].

  аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[135]

  мяккая перадача сярэднеэўрапейскага [л] фіксуецца ў формах старабеларускае мовы XVII—XVIII стагодзьдзяў (люнатык, лабиринт [л'а], капаланъ [л'а], каппеллѧ [л'а]), а таксама ў беларускіх формах XIX стагодзьдзя (ляўр(ы), кляс(а))[136][8]. Мяккая перадача арабскага [л] фіксуецца ў старабеларускай мове XVII стагодзьдзя (корабеля < горад Kerbela)[136][8].

  паводле меркаваньня А. Пацехінай, цяпер складана з упэўненасьцю сьцьвярджаць, ці было такое вымаўленьне пашыраным альбо мела «характар своеасаблівага інтэлігенцкага арго»[137].

Зубныя зычныя [д], [т], [з], [с] перад пярэднімі галоснымі [е], [і]
У асноўным, захоўваецца цьвёрдасьць [д], [т], а [з], [с] вымаўляецца мякка.
Напрыклад: дыван, тыгр, сігнал, фізіка, казіно, апельсін

  як і ў выпадку [л']/[л], з прычыны мэханічнага пераносу расейскага вымаўленьня адзначаецца бессыстэмнасьць і непасьлядоўнасьць з [з]/[з'] і [с]/[с'] у запазычаных словах: экзэмпляр і экзэма, але «экзекуцыя»; сэптыма, але «секста»; сэнс, але «сенсуалізм» і «сенсацыя»; сэпсіс, але «антысептык» і іншае[110].

  у 1957 годзе ў афіцыйную моўную норму ўвялі мяккае вымаўленьне [д], [т] перад суфіксамі -ін, -ёр, -ейскі: каранцін, акцёр, іўдзейскі, якія ў беларускай мове вымаўляюцца толькі цьвёрда[138]

У асноўным, захоўваецца цьвёрдасьць [д], [т]. Гукі [з], [с] застаюцца цьвёрдымі, калі знаходзяцца ў пачатку, а часам і ў сярэдзіне слова; у астатніх выпадках [з], [с] перадаюцца пераважна мякка.
Напрыклад: дыван, тыгр, сыгнал, фізыка, казіно, апэльсін

  аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[135].

  захаваньне цьвёрдасьці зычных перад [е] фіксуецца ў старабеларускай мове XVI—XVII стагодзьдзяў (сэнат, сындикъ, сындыкъ, сынодъ, визытовати, дыспозыцы(я)), а таксама ў беларускіх формах словаў у XIX стагодзьдзі (сэнат, сындыкат(ъ), сынод, дыспазыцы(я))[136][8].

  наогул сама зьява ацьвярдзеньня [д] і [т] перад пярэднімі галоснымі ў словах іншамоўнага паходжаньня разглядаецца як вынік польскага ўплыву на беларускую пісьмовую мову, часам вельмі даўняга (XIV стагодзьдзе)[139].
[б], [в], [м], [н], [п], [ф] перад пярэднімі галоснымі [е]
У асноўным мяккія варыянты.
Напрыклад: абанент, універсітэт, метрапалітэн, дэбет

  супрацоўнікі Інстытуту мовазнаўства ў 1933 годзе азначалі гэта як уласьцівасьць расейскага вымаўленьня[133].

  Алесь Жлутка зьвяртае ўвагу на існаваньне праблемы пры перадачы ўласных імёнаў, калі ўзьнікае разнабой праз ужываньне аканьня/яканьня: Вергілій і Вяргілій, Непт і Пелід, але Няптун і іншыя[110].

У асноўным цьвёрдыя варыянты.
Напрыклад: абанэнт, унівэрсытэт, мэтрапалітэн, дэбэт

  аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[135].

  захаваньне цьвёрдасьці зычных перад [е] фіксуецца ў старабеларускай мове XVI—XVII стагодзьдзяў (фэстъ, апэляцыя, вэтоваті, комэта, пэрсуна, Нэаполь), а таксама ў беларускіх формах словаў у XIX стагодзьдзі (маніфэст, пэнсія, камэдны)[136][110].

  хоць вядома, што ў асноўным у дыялектах у запазычаных словах цьвёрдыя зубныя перад пярэднімі галоснымі зьмякчаюцца, дастатковае колькасьці дыялекталягічных зьвестак пра вымаўленьне ў такіх палажэньнях [с], [з], [н] няма, што ўскладняе выпрацоўку нарматыўных правілаў, якія не супярэчаць моўнае сыстэме[140].
Спалучэньні [j]/[й] з галоснымі
У асноўным перадаюцца з устаўным [j], у той жа час існуе мноства абмежаваньняў.
Напрыклад: маёр, Нью-Йорк, езуіт, маянэз, майя

Правілы беларускае артаграфіі й пунктуацыі 2008 году замацавалі больш пасьлядоўную перадачу ўстаўнога [j].
Напрыклад: Нью-Ёрк, мая, аднак трыа, радыус, іон

  абмежаваньні зьявіліся праз навязваньне канвэнцыяў расейскае мовы[1].

Пасьлядоўна перадаюцца з устаўным [j].
Напрыклад: маёр, Нью-Ёрк, езуіт, маянэз, мая, трыё, радыюс, іён
Трансьлітарацыя літараў β («бэта») і θ («фіта») у грэцызмах
Часткова паводле бізантыйскае традыцыі — «бэта» як [в], «фіта» як [ф] (г. зв. «ройхлінаўскае чытаньне»), — часткова як у лацінскай традыцыі — «бэта» як [б], «фіта» як [т] (г. зв. «эразмаўскае чытаньне»).
Напрыклад: абат, араб, сімвал, Візантыя; арфаграфія, міф, матэматыка, рытм
Пасьлядоўна перадаюцца паводле лацінскае традыцыі, «бэта» як [б], «фіта» як [т].
Напрыклад: абат, араб, сымбаль, Бізантыя; артаграфія, міт, матэматыка, рытм

  аўтары абодвух акадэмічных праектаў 1930 і 1933 гадоў прапаноўвалі захаваць гэтую норму[135].

  перадача «бэты» як [б], а «фіты» як [т] фіксуецца ў старабеларускай мове XV—XVII стагодзьдзяў (дьѧбл-, д'ѧбл-, барбар(ъ); аритметыка, ωртокграθеѧ), а таксама ў беларускіх формах словаў у XIX стагодзьдзі (дьябал(ъ), сымболь)[136][8].

  з аднаго боку, гук [ф] у беларускай мове зьявіўся хоць і з запазычанымі словамі, але даўно, і ўжо мае значнае пашырэньне ў дыялектах; зь іншага боку, нельга ўпэўнена казаць пра тое альбо іншае вымаўленьне ў старажытных мёртвых мовах, а існасьць праблемы наогул крыецца не ў канкрэтным чытаньні, а ў выбары агульнае традыцыі пісьменства, якое на Беларусі складалася як пад уплывам бізантыйска-грэцкае (пашыранае ўва ўсіх усходніх славянаў), так і лацінскае (праз пасярэдніцтва польскае мовы) моўных традыцыяў[141].

  у выдавецкай дзейнасьці заснавальніка ўсходнеэўрапейскага першадрукарства Францішка Скарыны «ройхлінаўскае чытаньне» й «эразмаўскае чытаньне» чаргуюцца[142] пры дамінаваньні «ройхлінаўскага».
Напрыклад: Ѳедосий, Ѳемианъ, МатѲеи, ЕсѲеръ, ІѲдиѲъ, РуѲь належыць чытаць з гукам [ф], але трапляюцца й напісаньні аритметика, темианъ, Їюдитъ, якія належыць чытаць з гукам [т].

Трансьлітарацыя грэцкага спалучэньня ευ і лацінскага спалучэньня eu
Часткова праз [эў], часткова праз [ей]:
Напрыклад: Еўрыпід і Эўрыпід, але толькі Еўропа; эўкарыёт, эўфанія, але эйфарыя; ляўконія, але лейкацыт

  цалкам паўтарае практыку расейскае мовы[8].

Пасьлядоўна праз [эў]:
Напрыклад: Эўрыпід, Эўропа, эўкарыёт, эўфанія, эўфарыя, ляўконія, леўкацыт
Наркамаўка Клясычная беларуская
Выкарыстаньне словаўтваральнага фарманта -ір-/-ыр- у дзеясловах з запазычанымі асновамі
Захоўваецца ў запазычаных праз расейскую мову словах.

Напрыклад: фарміраваць, санкцыяніраваць, замаскіраваць, буксіраваць, камандзіраваць, суміраваць

  старабеларуская мова, мова беларускіх гаворак і беларускія слоўнікі 1920-х гадоў ня ведаюць дзеясловаў на -іраваць, упершыню гэтая канструкцыя зьявіліся ў выдадзеным у 1937 годзе падкрэсьлена русіфікатарскім слоўніку Александровіча[143].

  як адзначае Мікалай Васілеўскі, у беларускай літаратурнай мове няма ніводнага прыкладу, каб пры дапамозе -ірава- дзеяслоў утвараўся ад уласна беларускае асновы[143].

Пераважная большасьць запазычаных дзеясловаў выкарыстоўваецца без фарманта -ір-/-ыр-, нехарактэрнага для беларускае мовы й які выкарыстоўваецца ў першую чаргу ў тых выпадках, калі трэба пазьбегнуць аманіміі[8].

Напрыклад: фармаваць, санкцыянаваць, замаскаваць; шпацыраваць (ад слова шпацыр), буксаваць — буксіраваць (ад буксір), камандаваць — выпраўляць альбо дэлегаваць, сумаваць — падсумоўваць

  старажытныя агульнаславянская мадэль, пашыраная яшчэ ў старабеларускай мове ў тым ліку пры ўтварэньні дзеясловаў ад запазычаных словаў[143].

Пашырэньне безафікснае мадэлі ўтварэньня назоўнікаў.

Напрыклад: выступленне → выступ, наступленне → наступ, спадзяванне → спадзеў

Выкарыстаньне суфіксаў -нік/-шчык у прафэсійных назвах асобы
Пашырэньне суфіксаў -чык/-шчык:

Напрыклад: закупшчык, перавозчык

  як адзначае Юры Пацюпа, суфікс -шчык масава пашырыўся за савецкім часам і наблізіў беларускую мову да расейскае[144].

Пашырэньне суфіксу -нік:

Напрыклад: закупнік, перавозьнік

  яшчэ ў XIX ст. суфікс -нік (-льнік) бясспрэчна панаваў пры ўтварэньні прафэсійных назваў асобы[144].

Сыстэма словазьмяненьня
Для назоўнікаў мужчынскага й ніякага роду меснага склону множнага ліку дапускаюцца толькі флексіі -ах, -ях.

Напрыклад: у лясах, у палях

  паводле меркаваньня Станіслава Станкевіча, флексіі -ах, -ях як уласьцівыя расейскай мове штучна ўвялі ў 1933 годзе замест характэрных беларускай мове флексіяў -ох, -ёх[145][44].

Флексіі -ах, -ях назоўнікаў мужчынскага й ніякага роду меснага склону множнага ліку могуць зьмяняцца на -ох, -ёх, аднак, дапушчальныя абодва варыянты.

Напрыклад: у лясах — у лясох, у палях — у палёх

У родным склоне множнага ліку назоўнікі 3-га скланеньня звычайна маюць канчатак -ей.

Напрыклад: магчымасцей, цяжкасцей, сувязей

Але назоўнікі з націскам на аснове могуць ужывацца й з канчаткам -яў:
Напрыклад: сенажацей і сенажацяў, скроней і скроняў.

  паводле меркаваньня Станіслава Станкевіча, канчатак -ей — характэрная асаблівасьць расейскае мовы ў адрозьненьне ад уласьцівага беларускай мове канчатку -яў[145][44].

У родным склоне множнага ліку назоўнікі 3-га скланеньня звычайна маюць канчатак -яў.

Напрыклад: магчымасьцяў, цяжкасьцяў, сувязяў

Пашыранае выкарыстаньне флексіі роднага склону адзіночнага ліку 2-га скланеньня (у назвах адушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду).
Напрыклад: вожыка, вужа.

Неадушаўлёныя назоўнікі ў залежнасьці ад значэньня маюць канчатак () ці ():
Напрыклад: завода, інстытута, сацыялізму, абеду.

Геаграфічныя й астранамічныя назвы ўжываюцца з канчаткам ():
Напрыклад: Мінска, Полацка.

  як заўважае Павал Сьцяцко, імкненьне расшчапіць словаформу на дзьве, надаўшы адной зь іх «канкрэтызаванае» адценьне й замацаваўшы за ёю канчатак , разбурае моўную норму[146].

Абмежаванае выкарыстаньне флексіі роднага склону адзіночнага ліку 2-га скланеньня на карысьць .

Напрыклад: заводу, інстытуту, сацыялізму, абеду, Менску, Полацку

  шырокае ўжываньне канчатку сярод розных тыпаў назоўнікаў мужчынскага роду (рэчыўных, зборных, аддзеяслоўных, з часавым і прасторавым значэньнем, назваў арґанізацыяў і установаў, геаграфічных назваў і інш.) фіксуецца ў беларускіх гаворках[146].

Выкарыстаньне толькі складанага будучага часу.

Напрыклад: буду рабіць, будзем рабіць

  форму простага будучага часу прыбралі зь беларускай мовы ў 1933 годзе[147].

Дапушчальна пашырэньне формы будучага часу формай простага будучага часу, характэрнай для паўднёва-заходніх дыялектаў[45].

Напрыклад: буду рабіць — рабіцьму, будзем рабіць — рабіцьмем

У родным склоне множнага ліку назоўнікі 1-га скланеньня маюць канчаткі -аў, — яў — з асновай на зьбег зычных альбо з падаўжэньнем зычных у аснове:

Напрыклад: адозва — адозв-аў, ванна — ванн-аў.

Некаторыя назоўнікі 2-га скланеньня ў множным ліку ўжываюцца з варыянтнымі канчаткамі:
Напрыклад: туфель — туфляў, валёнак — валёнкаў, азёр — азёраў, дрэў — дрэваў.

Пашырэньне флексіі -аў роднага склону множнага ліку.

Напрыклад: словы — слоў → словаў, мовы — моў → моваў

Магчыма выкарыстаньне ў творным склоне адзіночнага ліку ў парадыгме 3-га скланеньня флексіі 2-га скланеньня.

Напрыклад: Беларусьсю — Беларусяй, з маці — з мацерай

Адрозьненьні пераважна існуюць у кіраваньні прыназоўнікаў.

Наркамаўка Клясычная беларуская
Зьмена кіраваньня ў канструкцыях з прыназоўнікам па
Варыянтнае (па + давальны альбо месны склон).

Прыклады: па футболу — па футболе, па вызваленню — па вызваленні

Уніфікаванае (па + месны склон).

Прыклады: па футболе, па вызваленьні

Выбар прыназоўнікаў пры кіраваньні
Арыентацыя на сынтаксіс расейскае мовы, у тым ліку празьмерна частае ўжываньне прыназоўніка па

Прыклады: па мясцоваму часу, па запрашэнню[145][148], камітэт па справах, па прычыне, але пасля вайны

Выкарыстаньне ўласнабеларускіх мадэляў:

Прыклады: паводле мясцовага часу, на запросіны, камітэт у справах, з прычыны, але па вайне

  увогуле, у беларускай мове адзначаецца вялікая сынанімічнасьць прыназоўнікавых канструкцыяў, выкліканая істотнымі адрозьненьнямі паміж усходнімі й заходнімі беларускімі гаворкамі[149].

Адрозьненьні ў галіне лексыкалёгіі маюць характар ацэнак канкрэтных варыянтаў выкарыстаньня ў прыватных выпадках, але ў агульным выпадку залежаць ад выбару лексыкі самімі носьбітамі мовы. Выбар артаграфіі грае тут дастаткова нязначную ролю й асаблівасьці, прыведзеныя ніжэй, у шырокім разуменьні, могуць выкарыстоўвацца носьбітамі мовы незалежна ад ужыванае артаграфіі.

Наркамаўка Клясычная беларуская
Лексэмы іншамоўнага паходжаньня
З прычыны русіфікацыі Беларусі ва ўжываную ў БССР беларускую мову ўводзілася значная колькасьць неўласьцівай ёй расейскае лексыкі[145][150].

Прыклады: асцерагацца → апасацца, гераізм → доблесць, угода → здзелка, цягнік → поезд

А. Пацехіна сьцьвярджае, што ў мэтах пазбаўленьня беларускае мовы ад русізмаў актывізуецца пазычаньне з польскае мовы, прычым неабавязкова польскіх лексэмаў[45].

Прыклады: пасол → амбасадар, фактар → чыньнік, карта → мапа, вадзіцель → кіроўца[g][151]

Лексэмы гістарычна беларускага паходжаньня
Увядзеньне ва ўжываную ў БССР беларускую мову словаў зь беларускімі каранямі, але структурай расейскае мовы, а таксама замена значэньняў беларускіх словаў на значэньні аналягічных паводле гучаньня словаў расейскае мовы[145][152].

Прыклады: скасаваць → адмяніць, скласьці → саставіць, рабунак → грабеж, вайсковы → воінскі

  з выдадзеных па рэформе 1933 году слоўнікаў зьнік значны пласт беларускае лексыкі; у варыятыўных выпадках пакідалі словы, наяўныя ў расейскай мове[1][36].

Паводле меркаваньня А. Пацехінай, часам адбываецца замена пэўных спрадвечна беларускіх лексэмаў[45].

Прыклады: адбывацца → тачыцца, умова → варунак, намаганьні → высілкі, іменна → менавіта[h]

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  • Візуальным напамінам пра афіцыйнае выкарыстаньне клясычнага правапісу да 1933 году ёсьць надпіс на гарэльефе помніка Леніну на пляцы Незалежнасьці ў Менску. Гэты помнік паставілі да рэформы беларускага правапісу 1933 году, таму ў надпісе выкарыстоўваецца адпаведны варыянт артаграфіі: «Уперад пад сьцягам Леніна да перамогі коммунізму».

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ З гэтых прыкладаў можна заўважыць такую асаблівасьць першай кадыфікацыі клясычнага правапісу, як не пашырэньне аканьня на запазычаныя словы («Дэмон», «Эліза Ожэшко»)
  2. ^ Напрыклад, дыскусія Яна Станкевіча й Масея Сяднёва ў пачатку 1950-х гадоў, палітыка выдавецтва «Бацькаўшчына» й інш.
  3. ^ Падобныя дыскусіі мелі месца, напрыклад, на старонках газэты «Наша слова», якая тады выдавалася Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1992—1993) або ў анкеце часопіса «ARCHE Пачатак» (2003)
  4. ^ Слова «моладзевы» зьявілася ў выдадзеным у чэрвені 2012 году акадэмічным «Слоўніку беларускае мовы», аднак яго няма ў расейска-беларускім слоўніку, якім дзяржаўныя арґанізацыі Беларусі кіруюцца на практыцы
  5. ^ Усьлед за паваенным савецкім мовазнаўствам
  6. ^ Пад уладай мелася на ўвазе наяўнасьць дэпутатаў у парлямэнце Беларусі
  7. ^ Мовазнаўца Юры Бабіч паказвае, што слова «кіроўца» ўласнабеларускае
  8. ^ У гэтым выпадку абедзьве лексэмы — калькі зь ням. nämlich
  1. ^ а б в г д е ё ж Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). — Магілёў: ГА МТ «Брама», 2004.
  2. ^ Плотнікаў Б., Антанюк Л. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Менск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003.
  3. ^ а б Сомин А. Языковая рефлексия в современной Беларуси сквозь призму комментариев в интернет-СМИ // Вестник РГГУ. Т. 17, 2015. С. 76.
  4. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 14.
  5. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15.
  6. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 400.
  7. ^ а б Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 22.
  8. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. — 160 с.
  9. ^ а б IANA registry of language subtags
  10. ^ БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 2. С. 496.
  11. ^ Шакун Л. Гісторыя беларускага мовазнаўства. — Менск: Універсітэцкае, 1995. — С. 150.
  12. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 11—12, 197.
  13. ^ Cychun H. Weißrussisch // Lexikon der Sprachen des europäischen Ostens / hrsg. von Miloš Okuka. Unter Mitw. von Gerald Krenn, 2002. S. 565.
  14. ^ а б Решение Высшего Хозяйственного Суда Республики Беларусь от 22.12.98 г № 2—1/98 по иску редакции газеты «Наша Нива» (г. Минск) к ответчику — Государственному комитету Республики Беларусь по печати — о признании недействительным предупреждения от 29 мая 1998 г. № 26 Архіўная копія
  15. ^ Садоўскі П. Інавацыі 90-х гадоў у мове беларускіх недзяржаўных выданняў // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Матэрыялы ІІІ Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый». — Менск: Беларускі Кнігазбор, 2001. — С. 224. — ISBN 985-6638-33-Х
  16. ^ Мусорин А. Ю. Вариативность названий стран в современном белорусском языке // Иностранные языки в научном и учебно-методическом аспектах. — Новосибирск: 2008. — В. 7. — С. 31—35.
  17. ^ Varłyha A. [Язэп Гладкі] Praktyčnyja nazirańni nad našaj žyvoj movaj. — New York: 1966. — P. 26.
  18. ^ Крамко, І. І., Юрэвіч, А. К., Яновіч, А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. У 2 т. / Акадэмія навук БССР, інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. — Мн.: Навука і тэхніка, 1968. — Т. 2. — С. 162—163. — 342 с.
  19. ^ Запрудзкі С. Беларускае мовазнаўства і развіццё беларускай літаратурнай мовы: 1920—1930 гады. — Менск: БДУ, 2013. С. 87—88.
  20. ^ Рамза Т. Тарашкевіца і наркамаўка: ці ёсць граматычнае процістаянне // Rozprawy Komisji Językowej ŁTN. Tom 66, 2018. S. 414.
  21. ^ Рамза Т. Тарашкевіца і наркамаўка: ці ёсць граматычнае процістаянне // Rozprawy Komisji Językowej ŁTN. Tom 66, 2018. S. 412—413.
  22. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 15.
  23. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 16.
  24. ^ а б в Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 17.
  25. ^ Гладкі Я. Чутае — перажытае — бачанае. Машынапіс. Архіў БІНІМу (Нью-Ёрк).
  26. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 19.
  27. ^ а б в Прадмова // Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
  28. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 20.
  29. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15—16.
  30. ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 156. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  31. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16.
  32. ^ а б Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 168. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  33. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 16—17.
  34. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17—18.
  35. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 18—19.
  36. ^ а б Шыманскі Д. Хто знішчыў беларускую мову? // Дзедзіч. — 2003. — № 5 (24).
  37. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 176.
  38. ^ а б Войніч Я. 85. Як бальшавікі рэфармавалі беларускую мову? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 68.
  39. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 20.
  40. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 22.
  41. ^ Камароўскі Я. М. Беларускі правапіс. — Мінск: 1965. — С. 31—32.
  42. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 21.
  43. ^ Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. — Менск: 1930. — С. 12.
  44. ^ а б в Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 169.
  45. ^ а б в г Потехина Е. А. Обучение белорусскому языку в условиях белорусско-белорусского двуязычия (проблемы обучения белорусскому языку как иностранному) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М.: Филологический факультет МГУ им. М. В. Ломоносова, 2003. — С. 170—173.
  46. ^ а б в Плотнікаў Б., Антанюк Л. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Менск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. С. 88.
  47. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 17.
  48. ^ Запрудскі С. Беларуская мова ў яе кантактах з расійскай: у цісках аднімальнага білінгвізму // Lětopis. — 2003. — Т. 50. — № 1. — С. 81.
  49. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 254.
  50. ^ Лыч Л. Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — ISBN 5-343-01453-4
  51. ^ Мова мяняецца, бо жывая! // Звязда. 8 верасьня 2009 г.
  52. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 167—168.
  53. ^ а б Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 198.
  54. ^ а б Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 12.
  55. ^ Клімаў І. Да асэнсавання нарматыўнага плюралізму ў беларускай літаратурнай мове // Беларуская арфаграфія: здабыткі і перспектывы. — Менск, 2011. С. 22.
  56. ^ а б в Наркамаўка і тарашкевіца: два правапісы, як два сьцягі, Радыё Свабода, 31 кастрычніка 2005 г.
  57. ^ Налівайка Л. Гарыць цяпельца паўночнага сябра // Мастацтва. — 1992. — № 1. — С. 27.
  58. ^ Мечковская Н. Языковая ситуация в Беларуси начала ХХІ в. Новые черты. Момент истины о белорусском суверенитете летом 2002 г. // Specimina Philologiae Slavicae. Bd. 138. S. 131.
  59. ^ Вячорка В. Як 20 гадоў таму тарашкевіца перамагла дзяржаву ў судзе, Радыё Свабода, 21 траўня 2018 г.
  60. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 197.
  61. ^ Баршчэўская Н. Рэформа 1933 году і стан нацыянальнае мовы ў Беларусі (на падставе лістоў у Беларускую Рэдакцыю Польскага Радыё) // Innowacje w językach wschodniosłowiańskich. II, 2002. С. 19—26.
  62. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 199.
  63. ^ Сучасная беларуская мова: вучэб. дапам. — Менск: Выш.школа, 2006. — С. 100, 101.
  64. ^ Саўка З. Правілы левапісу // Arche. — 2007. — № 1—2 (53).
  65. ^ Кары за «няправільны» правапіс вызначыць Савет міністраў, Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 25 чэрвеня 2008 г.
  66. ^ Упарадкавалі тарашкевіцу // Ніва. № 1 (2225), 3 студзеня 1999 г.
  67. ^ Ларыса Цімошык. «Найцікавейшыя размовы ў Менску — на беларускай мове» // Зьвязда : газэта. — 27 жніўня 2013. — № 159 (27524). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  68. ^ Апытаньне часапіса Arche: Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х, зрабіўшы выбар на карысьць «тарашкевіцы»? // ARCHE Пачатак. — 2003. — № 3 (26).
  69. ^ Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя ў беларускім перакладзе / Пер. Васіль Сёмуха. — Duncanville, USA: World Wide Printing, 2002. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
  70. ^ «Уладар Пярсьцёнкаў» па-беларуску. Наша Ніва (11 лістапада 2008). Праверана 6 траўня 2017 г.
  71. ^ Зь менскіх крамаў і інтэрнэт-кавярняў канфіскуюць часопіс «Студэнцкая думка», Радыё Свабода, 17 лістапада 2005 г.
  72. ^ Саўка З. Заканадаўчая гара супраць мякказначнай мышы // Наша Ніва. № 8 (558), 28 лютага 2008. С. 27.
  73. ^ Пазьняк перавёў Радыё Рацыя на «наркамаўку», Наша Ніва, 20 чэрвеня 2007 г.
  74. ^ Попова В. (2 лютага 2008) Наследный принц богемы
  75. ^ Доўнар В. (4 лютага 2008) «Тарашкевіца» ў «СБ»: Вольскі здзіўлены. Здановіч дазваляе
  76. ^ Кантакты з рэдакцыяй // Радыё «Свабода», 2016 г. Праверана 29 сакавіка 2016 г.
  77. ^ Партыя БНФ
  78. ^ Народная Партыя
  79. ^ ByMetal
  80. ^ Важнік С. Беларуская мова ў Інтэрнэце // Acta Neophilologica VIII. — Olsztyn: 2006.
  81. ^ Беларуская клясычная артаграфія для Лінуксу і вікіпраектаў (анг.) // Праекты «Кансорцыюму Юнікоду» на «Атласіяне», 2 ліпеня 2021 г. Праверана 6 красавіка 2022 г.
  82. ^ Агульны рэпазыторый моўных зьвестак 40 (анг.) // «Кансорцыюм Юнікоду» (ЗША), 29 кастрычніка 2021 г. Праверана 30 сакавіка 2022 г.
  83. ^ Рамза Т. Тарашкевіца і наркамаўка: ці ёсць граматычнае процістаянне // Rozprawy Komisji Językowej ŁTN. Tom 66, 2018. S. 424.
  84. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 281.
  85. ^ Гавары са мной па-беларуску, Беларуская Палічка
  86. ^ Рамза Т. Тарашкевіца і наркамаўка: ці ёсць граматычнае процістаянне // Rozprawy Komisji Językowej ŁTN. Tom 66, 2018. S. 425.
  87. ^ Аляксандраў С., Мыцык Г. Гавары са мной па-беларуску: Гутарковая мова ў штодзённым ужытку. — Масква: «Вариант», 2008. — 280 с. — ISBN 978-5-903360-13-0.
  88. ^ Сомин А. А. Белорусский язык. Самоучитель. — М.: Живой язык, 2017. — 224 с. — ISBN 978-5-8033-2373-0.
  89. ^ Сомін А. Новы падручнік «Белорусский язык. Самоучитель»: праблемы і рашэнні // Мова — Літаратура — Культура: матэрыялы VIII Міжнар. навук. канф., Мінск 15-16 вер., у 2 ч. Ч. 2. — Менск, 2006. С. 189—193.
  90. ^ Бушлякоў Ю. Жывая мова. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2013. — 294 с.: іл. — ISBN 978-0-929849-62-1.
  91. ^ Вячорка В. Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2016. — 352 с — (Бібліятэка Свабоды, XXI стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-79-9.
  92. ^ Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам, Радыё Свабода
  93. ^ Вячорка В. Не сьмяшыце мае прыназоўнікі. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2017. — 316 с — (Бібліятэка Свабоды, XXI стагодзьдзе). — ISBN 978-0-929849-84-3.
  94. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 283.
  95. ^ Белорусско-русский (Великолитовско-русский) словарь / Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік / Byelorussian-russian (Greatlitvan-Russian) Dictionary. — New York: Lew Sapieha Greatlitvan (Byelorussian) Foundation, 1989. — Library of Congress catalog card No. 89-092248.
  96. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 286.
  97. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 287.
  98. ^ Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
  99. ^ Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік. — Менск: Тэхналогія, 1993.
  100. ^ Расейска-беларускі хімічны слоўнік / Укл. А. Глушко, А. Стасевіч, А. Бокун (Менск։ Нац. выд. кампанія «Беларусь-Тэхналёгія», 1993.
  101. ^ Слоўнік юрыдычнай тэрміналёгіі (А. Галяк, 1994)
  102. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  103. ^ Слоўнік «Клясычны правапіс» (2005), Slounik.org
  104. ^ 1991-2006. Вынікі ад Зьмітра Саўкі, Беларуская Палічка
  105. ^ Карскі Я. Беларусы. — Менск: БелЭн, 2006. — Т. 1. — С. 379.
  106. ^ Падлужны А. Праблемы варыянтнасці беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя. — Менск, 1998. С. 31.
  107. ^ Bazhutkina A. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. Dissertation. — LMU München, 2020. S. 100.
  108. ^ Падлужны А. Абазначэнне на пісьме мяккасці зычных па прыпадабненню // Беларуская лінгвістыка. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — В. 41. — С. 79—84.
  109. ^ Запрудзкі С. Яўхім Карскі як даследчык польскага ўплыву на беларускую мову (на матэрыяле першага тома «Беларусаў» // Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі. 2018. С. 236, 237.
  110. ^ а б в г д Вячорка В. «Мне чарку акавіты!», або Чаму Скарына ня меў моўнага бар’еру ў Эўропе, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2015 г.
  111. ^ Карскі Я. Беларусы. Т. 1. — Менск: БелЭн, 2006. С. 409.
  112. ^ а б Падлужны А. Мяккія зычныя ў беларускай мове // Беларуская лінгвістыка. Вып. 45. — Менск: Навука і тэхніка, 1996. С. 3—9.
  113. ^ Вячорка В. Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. № 5, 1995. С. 248.
  114. ^ Запрудзкі С. Яўхім Карскі як даследчык польскага ўплыву на беларускую мову (на матэрыяле першага тома «Беларусаў» // Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі. 2018. С. 233.
  115. ^ а б Вячорка В. Чаму Тарашкевіч пісаў «пляны» і «лёзунгі»? Пра важную рысу клясычнага правапісу, Радыё Свабода, 31 студзеня 2019 г.
  116. ^ а б Клімаў І. Да асэнсавання нарматыўнага плюралізму ў беларускай літаратурнай мове // Беларуская арфаграфія: здабыткі і перспектывы. — Менск, 2011. С. 24.
  117. ^ Клімаў І. Да асэнсавання нарматыўнага плюралізму ў беларускай літаратурнай мове // Беларуская арфаграфія: здабыткі і перспектывы. — Менск, 2011. С. 21, 23.
  118. ^ Клімаў І. Да асэнсавання нарматыўнага плюралізму ў беларускай літаратурнай мове // Беларуская арфаграфія: здабыткі і перспектывы. — Менск, 2011. С. 25.
  119. ^ Законопроект о белорусской орфографии сохраняет принцип преемственности с существующими правилами — А. Лукашанец, БЕЛТА, 28 чэрвеня 2008 г.
  120. ^ Шчаблоўскі Я. (21 студзеня 2009) Тарашкевіч forever Культура. Тут і цяпер. Праверана 9 лютага 2011 г.
  121. ^ а б Дубавец С. «Застаюся камуністам»… Чаму незалежныя СМІ захоўваюць вернасьць «наркамаўцы», Радыё Свабода, 21 красавіка 2022 г.
  122. ^ Запрудскі С. Мова ўтвараецца ўжываннем // Дзеяслоў. № 15, 2015. С. 221—229.
  123. ^ Дубавец С. Ганс вялікі і Ганс малы // Наша Ніва. № 33, 6 верасьня 2007. С. 5.
  124. ^ Bazhutkina A. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. Dissertation. — LMU München, 2020. S. 169—171, 189.
  125. ^ Сяргей Дубавец, Жыцьцё ў зрушаным часе. Чаму важна прызнаць «беларускія ўлады» расейскімі акупацыйнымі, Радыё Свабода, 2 красавіка 2022 г.
  126. ^ Вячорка В. SŁUCAK. Ці Slutsk? Беларуская лацінка, трансьліт і рэпутацыя слаўнага гораду, Радыё Свабода, 28 траўня 2020 г.
  127. ^ Вячорка В. І кірыліца, і лацінка нам не чужыя, Радыё Свабода, 27 кастрычніка 2017 г.
  128. ^ Вячорка В. Часам трэба крычаць ґвалтам, Радыё Свабода, 10 жніўня 2014 г.
  129. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 23—24.
  130. ^ а б Вячорка В. За што рэпрэсавалі мяккі знак, або Ці фашыст Васіль Цяпінскі?, Радыё Свабода, 22 красавіка 2015 г.
  131. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 19.
  132. ^ Жураўскі А. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. І. — Менск, 1967. С. 204.
  133. ^ а б Прадмова да акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 году
  134. ^ Гапоненка І. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове пачатку XX ст. і асаблівасці іх фармальнай адаптацыі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 49 / НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: І. Падлужны (адк. рэд.) і інш. — Менск: Беларуская навука, 2000. — 95 с. ISBN 985-08-0311-8.
  135. ^ а б в г С. 16—17, 21—22.
  136. ^ а б в г д Булыка А. М. Даўнія запазычанні беларускай мовы. — Менск, 1972; Булыка А. М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XVI—XVIII стст. — Менск, 1980.
  137. ^ Кіклевіч А., Пацехіна А. Беларуская літаратурная норма: дынаміка і інавацыі (па матэрыялах сучаснага беларускага друку) // Slavia Orientalis. XLIX, Nr 1. S. 93—105.
  138. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 170.
  139. ^ Арашонкава Г., Булыка А., Люшцік У., Падлужны А. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: Беларуская навука, 1999. С. 134—136.
  140. ^ Арашонкава Г., Булыка А., Люшцік У., Падлужны А. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: Беларуская навука, 1999. С. 137—139.
  141. ^ Арашонкава Г., Булыка А., Люшцік У., Падлужны А. Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: Беларуская навука, 1999. С. 132—134.
  142. ^ Жураўскі А. Графіка-арфаграфічныя асаблівасці тэкстаў «Бібліі» Ф. Скарыны // Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517-1519 гадах: у 3 тамах. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1990. — С. 15.
  143. ^ а б в Вячорка В. Каго люстраваць, а каго і лягчаць, Радыё Свабода, 8 верасьня 2015 г.
  144. ^ а б Крофта Г. Канкурэнцыя словаўтваральных сродкаў пры ўтварэнні агентываў і яе адлюстраванне на старонках беларускамоўнага інтэрнэту // MediaLex-2015. — Менск, 2015.
  145. ^ а б в г д Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Менск, 1994.
  146. ^ а б Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 30.
  147. ^ Будучы час (Futur Imperfect) у беларускай мове, Pravapis.org
  148. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 170.
  149. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 33.
  150. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 167, 173.
  151. ^ Бабіч Ю. Лексіка з нацыянальна-культурным кампанентам у сучасным публіцыстычным дыскурсе // Роднае слова. № 6, 2016. С. 13.
  152. ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004. С. 171—172.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць