Праўда (газэта)

(Перанакіравана з «Правда»)

«Праўда» (рас. «Правда») — газэта Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі, заснаваная ў траўні 1912 году[2] ў Санкт-Пецярбургу. Выходзіць тройчы на тыдзень.

«Праўда»
Выява лягатыпу
Тып штодзёньнік
Фармат А2
Заснавальнік Расейская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя
Уладальнік Камуністычная партыя Расейскай Фэдэрацыі
Выдавец Рэдакцыя газэты
Краіна
Галоўны рэдактар Барыс Камоцкі
Заснаваная 5 траўня 1912 (112 гадоў таму)[2]
Закрытая 6 верасьня 1991
Палітыка партыйная
Мова расейская
Штаб-кватэра Расея, Масква, Паўночная адміністрацыйная акруга, Бегавы раён, вул. Праўды, д. 24
Пэрыядычнасьць 1 содні
Наклад 100 300 (2017 г.)
ISSN 0233-4275
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі
Афіцыйны сайт gazeta-pravda.ru
«Праўда» у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

16 кастрычніка [ст. ст. 3 кастрычніка] 1908 году ў Жэнэве (Швайцарыя) выйшаў першы нумар расейскамоўнай газэты «Праўда» пад рэдакцыяй эмігранта Льва Троцкага (сапр. Лейбы Бранштэйна), які пазычыў для таго грошы. Удзельнікі Саюза чарнаморскіх маракоў падпольна даставілі яго ў Расейскую імпэрыю. 5 наступных нумароў выйшлі ў Львове (Каралеўства Галічыны і Ўладзімерыі, Перадлітавія, Аўстра-Вугоршчына; цяпер Украіна), адкуль кантрабандай праз наземную мяжу патрапілі ў Расейскую імпэрыю. Першыя 2 нумары газэты мелі падзагаловак «Орган украінскага саюза „Суполка“(uk)», які ўваходзіў у склад Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі (РСДРП). Надалей газэту выдавалі ў Вене (цяпер Аўстрыя) па Марыянскай алеі, д. 17. 16 траўня 1909 г. Цэнтральны камітэт РСДРП абвясьціў рэдакцыю газэты партыйнай групай. 6 траўня [ст. ст. 23 красавіка] 1912 г. выйшаў апошні 25-ы нумар газэты, заснаванай Троцкім.

 
Першы нумар газэты ад 5 траўня [ст. ст. 22 красавіка] 1912 году

18-30 студзеня [ст. ст. 5-17 студзеня] 1912 году ў Празе (Чэскае каралеўства, Перадлітавія, Аўстра-Вугоршчына; цяпер Чэхія) адбылася 6-я канфэрэнцыя РСДРП, якая на прапанову Ўладзімера Леніна (сапр. Ульянава) скасавала грашовую падтрымку венскай газэты «Праўда» Троцкага на карысьць стварэньня аднайменнай бальшавіцкай газэты ў якасьці штодзённай. 5 траўня [ст. ст. 22 красавіка] 1912 году ў Санкт-Пецярбургу выйшаў першы нумар штодзённай газэты «Праўда»[2]. Афіцыйным выдаўцом да сьнежня 1912 г. быў бальшавіцкі дэпутат Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі Мікалай Палятаеў. Частку наклада выраблялі ў друкарні на поўначы Нарвэгіі ў губэрні Фінмарк. Адтуль газэту перапраўлялі ў бочках зь селядцом у Архангельск. Наклад газэты складаў каля 40 000 асобнікаў. Са сьнежня 1912 г. выдаўцом стаў бальшавіцкі дэпутат Дзяржаўнай думы 4-га скліканьня Аляксей Бадаеў. Сакратаром рэдакцыі працаваў Вячаслаў Молатаў (сапр. Скрабін). 16 ліпеня [ст. ст. 3 ліпеня] 1913 г. газэту «Праўда» ўпершыню зачынілі. Сярод 356 нумароў 49 канфіскавалі і 21 аштрафавалі. Цягам 2 гадоў газэту зачынялі яшчэ 7 разоў, пасьля чаго тая працягвала выходзіць пад зьмененымі назвамі: «Рабочая праўда» (13 ліпеня — 1 жніўня 1913 г., 17 нумароў — 12 канф., 2 аштр.), «Паўночная праўда» (1 жніўня — 7 верасьня, 31 нумар — 20 канф., 3 аштр.), «Праўда працы» (11 верасьня — 9 кастрычніка, 52 нумары — 21 канф., 2 аштр.), «За праўду» (1 кастрычніка — 5 сьнежня), «Пралетарская праўда» (7 сьнежня 1913 г. — 21 траўня 1914 г., 92 нумары) і «Працоўная праўда» (23 траўня — 21 ліпеня [ст. ст. 8 ліпеня] 1914 г., 35 нумароў)[3].

18 сакавіка [ст. ст. 5 сакавіка] 1917 г. газэта аднавіла выпуск у Петраградзе ў якасьці органа ЦК РСДРП (бальшавікоў). Наклад газэты «Праўда» дасягаў 85 000 асобнікаў дзякуючы грашовай падтрымцы ўрада Нямецкай імпэрыі, якая ажыцьцяўлялася празь сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Аляксандра Парвуса (нар. 1867, Бярэзань). 3 сьнежня 1917 г. нямецкі дзярж.сакратар замежных справаў Рыхард Кюльман пісаў нямецкаму імпэратару Вільгельму II: «Толькі тады, калі бальшавікі сталі атрымліваць ад нас пастаянны прыток сродкаў праз розныя каналы і пад рознымі біркамі, яны сталі ў стане паставіць на ногі свой галоўны орган «Праўду», весьці энэргічную прапаганду і значна пашырыць першапачаткова вузкую базу сваёй партыі»[4].

 
Паштовая марка СССР, 1982 г.: 70 гадоў газэце

18 ліпеня [ст. ст. 5 ліпеня] 1917 г. газэту зачынілі пасьля здушэньня 3-дзённага паўстаньня(ru) ў Петраградзе з удзелам бальшавікоў. Надалей цягам 4 месяцаў газэту выдавалі пад іншымі назвамі: «Лісток „Праўды“», «Рабочы і салдат», «Пралетары», «Рабочы» і «Рабочы шлях». 9 лістапада [ст. ст. 27 кастрычніка] 1917 г. газэта аднавіла выпуск над назвай «Праўда» ў выніку кастрычніцкага перавароту бальшавікоў у Петраградзе. З 16 сакавіка 1918 г. пачала выдавацца ў Маскве[3]. У 1918 г. газэта «Праўда» займела найбольшы наклад у Расейскай СФСР, бо бальшавіцкі ўрад зачыніў выданьні, незалежныя ад Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). 5 траўня абвясьцілі Днём савецкага друку, бо ў той дзень выйшаў яе першы нумар у 1912 годзе. 2 сакавіка 1930 г. генэральны сакратар Усесаюзнай камуністычнай партыі Ёсіф Сталін выдаў у «Праўдзе» свой артыкул «Запамарока ад посьпехаў» пра «перагіны на месцах» у калектывізацыі сельскай гаспадаркі СССР. У траўні 1934 г. газэта займела ўласную буйную друкарню ў Маскве. У 1975 г. наклад газэты дасягнуў 10,6 млн асобнікаў, бо для сябраў КПСС падпіска была абавязковай.

 
Друкаваньне газэты (сакавік 1959 г.)

19 жніўня 1991 г. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР (ДКНС СССР) выдаў Пастанову № 2, якой загадаў: «Часова абмежаваць пералік выпусканых цэнтральных, маскоўскіх гарадзкіх і абласных грамадзка-палітычных выданьняў» 9 газэтамі, сярод якіх была «Праўда»[5]. 22 жніўня 1991 г. расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын (1991—1999) падпісаў Указ аб прыпыненьні выданьня газэты за падтрымку Жнівеньскага путчу ДКНС. У верасьні 1991 г. газэта ўзнавіла выпуск у якасьці агульнапалітычнай пад кіраўніцтвам былога сябра ЦК КПСС Генадзя Селязьнёва. Для кіраваньня выданьнем стварылі Грамадзкую раду на чале з былым старшынём Савету міністраў СССР Мікалаем Рыжковым. У 1992 г. для выданьня газэты стварылі ЗАТ «Праўда інтэрнэшнл», 55% акцыяў якога набыў грэцкі выдавец Яніс Янікас. Пасьля таго, як 4 кастрычніка 1993 г. прэзыдэнт Ельцын разагнаў Вярхоўны Савет Расеі, Міністэрства друку Расеі прыпыніла выхад газэты. Пасьля абраньня новым гал.рэдактарам Віктара Ліньніка 21 кастрычніка выданьне аднавілі. Ад красавіка 1997 г. стала органам Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі (КПРФ) пад кіраўніцтвам гал.рэдактара Аляксандра Ільліна, што зацьвердзіў пастановай 6-ы зьезд КПРФ. На 2001 г. выходзіла тройчы на тыдзень і асьвятляла гаспадарчыя, культурныя і палітычныя навіны Расеі і Садружнасьці незалежных дзяржаваў, у тым ліку Беларусі. Мела рубрыкі: «Падзеі, факты, вэрсіі», «Пульс плянэты», «Традыцыям верныя» і «Вецер падарожжаў»[3]. Да 2003 г. выходзіла некалькі аднайменных газэтаў пакуль ішоў судовы разбор за таварны знак. У чэрвені 2010 г. наклад склаў 100,3 тыс. асобнікаў. У студзені 2011 г. амэрыканскае прадпрыемства інфармацыйных паслуг «Усходні погляд» (анг. East View; Мінэапаліс, штат Мінэсота) аблічбавала архіў выпускаў газэты.

Галоўныя рэдактары

рэдагаваць
  1. ^ The ISSN portal (анг.)Paris: ISSN International Centre, 2005. — ISSN 0233-4275
  2. ^ а б в Аляксандар Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі газэты «Праўда» // Зьвязда : газэта. — 5 траўня 2012. — № 85 (27200). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в «Правда» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 528. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  4. ^ Сяргей Пушкароў. Таемны саюз Леніна зь Вільгельмам II (у 1915-1918 гг.) // Ленін і Расея = Ленин и Россия. — Франкфурт-на-Майне: Пасеў(ru), 1978.
  5. ^ Пастанова Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР ад 19 жніўня 1991 г. № 2 «Аб выпуску цэнтральных, маскоўскіх гарадзкіх і абласных газэтаў» (рас.) // Бібліятэка «Саюз.Інфо», 2002 г. Праверана 25 ліпеня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Праўда (газэта)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў