Бацькаўшчына (1947)
«Ба́цькаўшчына» — газэта беларускай эміграцыі, палітычны тыднёвік (з 1955). Лічыла сябе органам «беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі». Выдавалася на беларускай мове, у Мюнхэне (31.10.1947 — сьнежань 1966). Выдавец У. Бортнік (з 1955).[1] У «Бацькаўшчыне» зьмяшчаліся публікацыі па гісторыі Беларусі. Шмат увагі адводзілася праблемам нацыянальна-дзяржаўнага і культурнага адраджэньня Беларусі ў 20-я гады XX ст., крытыцы кірунку нацыянальнай палітыкі ў БССР. Шматлікія матэрыялы прысьвячаліся гісторыі рэлігіі, рэлігійных адносінаў, супярэчлівасьцям у нацыянальна-канфэсійным разьвіцьці Беларусі. Таксама на старонках газэты прыводзілася ідэя абароны беларускай мовы. «Бацькаўшчына» пасьлядоўна публікавала на сваіх старонках артыкулы пра рэфармаваньне беларускага правапісу, русыфікацыю беларускае мовы, прыгадвала час ейнага росквіту[2].
Бацькаўшчына | |
Тып | газэта |
---|---|
Выдавец | У. Бортнік |
Заснаваная | 1947 |
Закрытая | сьнежань 1966 |
Мова | беларуская |
Штаб-кватэра | Мюнхэн |
«Бацькаўшчына» і беларуская мова
рэдагаваць«Бацькаўшчына» прысьвяціла шмат увагі гісторыі русыфікацыі беларускае мовы, старалася не абмяжоўвацца толькі XX ст., але зазірнуць глыбей у мінуўшчыну. У ёй быў зьмешчаны цыкл публікацыяў праф. Яна Станкевіча "Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі". Аўтар абапёрся на дзьве працы: А. Пушкарэвіча («Эпизод из истории русификации Белоруссии») і А. Цьвікевіча («Западно-руссизм»). На пачатку аўтар сьцьвярджае, што формула Пушкіна «Славянскія ручаі сальюцца ў расійскім моры» сталася баявым лёзунгам рэакцыйных колаў расійскага грамадзтва ў славянскім пытаньні. Згодна з шматлікімі праектамі рэфарматараў Беларусі, трэба было зьмяніць у ёй народны дух. Дзеля гэтага мелі служыць рэформы асьветы, увядзеньне расійскае мовы, цывільнае й крымінальнае расійскае судовае працэдуры, скасаваньне царкоўнае вуніі, залучэньне шляхам ільготаў і прывілеяў у Беларусь чыноўнікаў з расійскіх губэрняў ды, напрыканцы, калянізацыя беларускіх губэрняў расійцамі. Узаконеньне расійскае мовы ў якасьці службовай ва ўсіх галоўных галінах эканамічнага, палітычнага і дзяржаўнага жыцьця СССР узносіць расійскую мову ў выразна прывілеяванае становішча і робіць яе фактычнай дзяржаўнай мовай усяго Савецкага Саюзу, а гэта вядзе да адміраньня іншых нацыянальных моваў. Выходзячы з гэтага, змаганьне нерасійскіх народаў за чысьціню сваіх нацыянальных моваў практычнага значэньня ня мае. Пры такім разьвязаньні пытаньня лёс іх трагічны. Зусім натуральна, што ў такіх умовах сярод нерасійскіх народаў штораз больш людзей вывучае расійскую мову[2].
Цытата з артыкула «Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі»:
Працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна і наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай. | ||
Таксама Станіслаў Станкевіч на старонках гэтай газэты пісаў пра русіфікацыю беларускае мовы і абмеркаваў прычыны, па якіх была зроблена рэформа беларускага правапісу 1933 году:
Калі ў 1933 годзе адбыўся першы афіцыйна узаконены акт русыфікацыі беларускае мовы прыняцьце пастановы Саўнаркому БССР аб гэтак званай "рэформе беларускага правапісу", былі пададзены тады тры наступныя матывы, што гэтую "рэформу" рабілі неабходнай: 1. Ачышчэньне беларускае мовы ад тых натуральных, паўсталых у працэсе гістарычнага разьвіцьця мовы, элемэнтаў, якія яе, як самастойную і апрычоную, розьняць ад мовы расійскай. 2. Ачышчэньне беларускае мовы ад мясцовых правінцыяналізмаў, якія розьняць беларускую мову ад расійскай. Пад правінцыяналізмамі тут разумеліся такія моўныя зьявішчы, якія для мовы беларускай ня бьші правінцыяналізмамі, будучы ў ёй агульна пашыранымі на ўсёй моўнай тэрыторыі Беларусі зьявамі, але былі "правінцыяналізмамі" для мовы расійскай, калі разглядаць апошнюю як агульную мову для ўсіх нацыянальнасьцяў Савецкага Саюзу. Ачышчэньне ж беларускае мовы ад "штучных нэалягізмаў" адбывалася згодна агульнаабавязваючага прынцыпу, што кажная нерасійская мова ў Савецкім Саюзе ня мае права тварыць новых словаў для абазначэньня новых прадметаў і паняцьцяў на асабістай моўнай аснове, але словы гэтыя мусяць браць ужо гатовымі непасрэдна з мовы расійскай. 3. Ачышчэньне беларускае мовы ад "незразумелых архаізмаў" мела фактычна на мэце "ачышчэньне" яе ад тых незразумелых толькі для расійцаў "архаізмаў", г. зн. ад словаў, што паўсталі ў нашай мове ў працэсе ейнага гістарычнага разьвіцьця незалежна ад падобных працэсаў у мове расійскай. У суме — уся гэтая "рэформа" мела на мэце штучнае збліжэньне нашае мовы да мовы расійскай шляхам узаконенага гвалту і ламаньня моўных асаблівасьцяў, іншымі словамі — русыфікацыю беларускай мовы.[2] | ||
Газэта стаяла на тым, што ўсе беларусы замежжа павінны размаўляць па-беларуску, каб «не распусьціцца ў чужым моры», каб «горда й годна рэпрэзэнтаваць Беларусь перад чужымі народамі». На яе старонках зьяўляліся заклікі да беларусаў, што жылі ў лягеры Віндышбэргэрдорф, каб тыя не пераставалі размаўляць на беларускай мове. У выніку ў Віндышбэргэрдорфе былі адкрытыя беларускія школы, утвораны зьвяз беларускіх скаўтаў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ ЭнГістБел, Т.1 с.333 Лямец А., Пранчак Л. І.
- ^ а б в «Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына“ Ў абароне беларускай мовы».
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Архіў газэты «Бацькаўшчына»: Орган беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі ў Беларускай Інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат